Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
22 студзеня 2001 г. № P-105/2001
Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2000 годзе
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Суда Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.I., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы пытанне аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь, кіруючыся артыкулам 44 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкулам 80 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда,
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прыняць Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Прэзідэнту і палатам Парламента Рэспублікі Беларусь “Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2000 годзе” (тэкст дадаецца).
 
2. Апублікаваць Пасланне “Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2000 годзе” ў газетах “Звязда” і “Народная газета” у дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця, а таксама ў часопісе “Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                  Р.А. Васілевіч

 

                                                                                                                                                                        
                                                                                                                                  Прэзідэнту
                                                                                                                                  Рэспублікі Беларусь
 
                                                                                                                                  Палаце прадстаўнікоў
                                                                                                                                  Нацыянальнага сходу
                                                                                                                                  Рэспублікі Беларусь
 
                                                                                                                                  Савету Рэспублікі
                                                                                                                                  Нацыянальнага сходу
                                                                                                                                  Рэспублікі Беларусь
 
 
ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
 
АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦI
Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 2000 ГОДЗЕ
 
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь вызначае нашу дзяржаву як дэмакратычную сацыяльную прававую (артыкул 1). Гэта канстытуцыйная норма абавязвае дзяржаўныя органы праводзіць актыўную палітыку па стабілізацыі эканомікі, рэгуляванню эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства, прыцягненню грамадзян да кіравання справамі грамадства і дзяржавы, рэалізацыі прынцыпу ўзаемнай адказнасці дзяржавы і грамадзяніна. Такая дзейнасць накіравана на гарантаванне правоў і свабод чалавека, які з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (артыкул 2 Канстытуцыі).
 
Асноўнай і пастаяннай задачай беларускай дзяржавы, як і любой іншай дэмакратычнай сацыяльнай і прававой дзяржавы, з’яўляецца забеспячэнне канстытуцыйных правоў і свабод кожнага чалавека і грамадзяніна. Вырашэнню ўказанай задачы садзейнічае своечасовае прыняцце і абнаўленне актаў заканадаўства, фарміраванне правапрымяняльнай практыкі, якая адпавядае духу і літары Канстытуцыі, патрабаванням сучаснага развіцця дзяржавы і грамадства. Толькі за апошнія чатыры гады ў рэспубліцы істотна абноўлена бягучае заканадаўства, прынята 18 кодэксаў і больш 400 законаў, накіраваных на рэгуляванне найбольш важных грамадскіх адносін і рэалізацыю канстытуцыйных правоў і свабод.
 
У гэтай сувязі роля канстытуцыйнага кантролю ў наступіўшым XXI стагоддзі значна павышаецца, паколькі пастаянна ўзнікаючыя ўсё новыя патрэбнасці і тэндэнцыі грамадскага развіцця абумоўліваюць неабходнасць адэкватнага і своечасовага ўдасканальвання прававой сістэмы, прад’яўляюць дадатковыя патрабаванні да дзяржаўных інстытутаў, прызваных ствараць умовы для поўнага забеспячэння правоў і свабод кожнага чалавека і грамадзяніна і належнага выканання ўскладзеных на іх абавязкаў.
 
У дэмакратычнай прававой дзяржаве дзейнасць Канстытуцыйнага Суда дазваляе цывілізаваным шляхам устараняць недахопы заканадаўства, вырашаць выключна прававымі сродкамі канфліктныя сітуацыі, якія ўзнікаюць паміж дзяржаўнымі органамі, грамадскімі аб’яднаннямі, службовымі асобамі і грамадзянамі, аднаўляць вяршэнства права і справядлівасць. Гэта адпавядае інтарэсам як грамадзян, так і дзяржавы і грамадства ў цэлым.
 
I
 
У адпаведнасці з часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве ўскладзены на Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь. Ажыццяўленне Канстытуцыйным Судом функцыі канстытуцыйнага кантролю з‘яўляецца неад’емнай умовай фарміравання беларускай дзяржавы як дэмакратычнай сацыяльнай і прававой. Выкананне Канстытуцыйным Судом гэтага абавязку ажыццяўлялася перш за ўсё шляхам разгляду паступіўшых матэрыялаў, у тым ліку асабістых і калектыўных зваротаў грамадзян, на падставе артыкулаў 40, 116, 122 і іншых артыкулаў Канстытуцыі. Гэтыя матэрыялы ў адпаведнасці з артыкулам 44 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” з’явіліся асновай для ацэнкі стану канстытуцыйнай законнасці ў 2000 годзе.
 
Разгляд спраў у Канстытуцыйным Судзе абумоўлены супярэчнасцямі ў заканадаўстве, у тым ліку ўзнікаючымі па аб’ектыўных прычынах, немагчымасцю ў многіх выпадках правапрымяняльнікамі адназначна вызначыць, ці адпавядаюць нарматыўныя акты Канстытуцыі. Канстытуцыйныя правы і гарантыі іх забеспячэння не заўсёды атрымліваюць у бягучым заканадаўстве неабходнае развіццё і рэалізацыю на практыцы. Нярэдка нарматыўныя акты, якія прымаюцца ў выкананне акта больш высокага ўзроўню, не толькі не адпавядаюць зместу яго норм, але і выходзяць за межы прадмета дапушчальнага рэгулявання. Канстытуцыйны Суд адзначае, што па справах, разгледжаных за мінулы перыяд, неканстытуцыйнымі прызнаваліся нарматыўныя акты, прынятыя не толькі да ўвядзення ў дзеянне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, але і пасля яе прыняцця.
 
Толькі старанны і ўсебаковы аналіз нарматыўных актаў і практыкі іх прымянення, што праводзіцца ў Канстытуцыйным Судзе, дазваляе правільна вырашаць канстытуцыйную спрэчку з улікам патрабаванняў Канстытуцыі і агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, прыярытэт якіх прызнае Рэспубліка Беларусь (артыкул 8 Канстытуцыі). Вызначаючы адпаведнасць правяраемых нарматыўных актаў Канстытуцыі, Канстытуцыйны Суд выкладаў свую прававую пазіцыю па спрэчных пытаннях і тым самым усталёўваў канстытуцыйна-прававыя прынцыпы, якія маюць асноватворнае значэнне для праватворчай дзейнасці і правапрымяняльнай практыкі.
 
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у 2000 годзе прыняў 28 рашэнняў, якія былі накіраваны на абарону інтарэсаў як многіх тысяч грамадзян і суб’ектаў гаспадарання, так і дзяржавы і грамадства.
 
Пры вынясенні рашэнняў Канстытуцыйны Суд зыходзіў з неабходнасці забеспячэння замацаванага ў артыкуле 137 Канстытуцыі вяршэнства яе норм і іх прамога дзеяння. Вопыт сведчыць аб тым, што не ўсе дзяржаўныя органы і службовыя асобы правільна ўспрымаюць канстытуцыйныя патрабаванні аб найвышэйшай юрыдычнай сіле Асноўнага Закона, што адмоўна адбіваецца на фарміраванні адпаведнай правапрымяняльнай практыкі.
 
Прадметам штогадовага разгляду Канстытуцыйнага Суда становяцца акты падатковага заканадаўства. Важнасць разгляду гэтай катэгорыі спраў абумоўлена тым, што, з аднаго боку, нормамі падатковага заканадаўства закранаюцца канстытуцыйныя правы і абавязкі грамадзян, з другога — інтарэсы дзяржавы як уласніка цэнтралізаваных грашовых фондаў (бюджэту, дзяржаўных пазабюджэтных фондаў). Асноўнай крыніцай фарміравання дзяржаўных цэнтралізаваных грашовых фондаў з’яўляюцца падаткі, зборы і іншыя абавязковыя плацяжы. Спагнанне ўказаных абавязковых плацяжоў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з падатковым заканадаўствам, якое да гэтага часу не кадыфікавана. У сістэме актаў падатковага заканадаўства значнае месца працягваюць займаць ведамасныя нарматыўныя акты, якімі нярэдка парушаюцца канстытуцыйныя правы, законныя інтарэсы грамадзян і суб’ектаў гаспадарання.
 
Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 16 сакавіка 2000 года былі прызнаны неканстытуцыйнымі асобныя палажэнні пункта 8 Метадычных указанняў “Аб парадку вылічэння падатку на дабаўленую вартасць”, зацверджаных загадам Дзяржаўнага падатковага камітэта ад 26 красавіка 1999 года, са змяненнямі і дапаўненнямі ад 20 ліпеня 1999 года, якія ўстанаўлівалі спагнанне падатку на дабаўленую вартасць са страт ад аперацый па куплі-продажу замежнай валюты. Канстытуцыйны Суд прызнаў гэтыя нормы не маючымі юрыдычнай сілы з дня прыняцця названых Метадычных указанняў.
 
У сваім Заключэнні Канстытуцыйны Суд указаў, што ўключэнне палажэнняў, у адпаведнасці з якімі ажыццяўлялася спагнанне падатку на дабаўленую вартасць са страт ад аперацый па куплі-продажу замежнай валюты, у пункт 8 Метадычных указанняў Дзяржаўнага падатковага камітэта супярэчыць Канстытуцыі, не засноўваецца на нормах Закона “Аб падатку на дабаўленую вартасць” і не ўваходзіць у кампетэнцыю Дзяржаўнага падатковага камітэта.
 
Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда грунтавалася на тым, што аб’ект падатку, падаткаабкладаемая база (абкладаемы абарот) з’яўляюцца асноўнымі элементамі падатку і іх вызначэнне адносіцца да паўнамоцтваў дзяржаўных органаў, якія валодаюць правам на ўстанаўленне падаткаў. Згодна з Канстытуцыяй устанаўленне рэспубліканскіх падаткаў адносіцца да кампетэнцыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (артыкулы 97 і 98).
 
Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 16 сакавіка 2000 года былі абаронены канстытуцыйныя правы падаткаплацельшчыкаў. Яно было выканана Дзяржаўным падатковым камітэтам Рэспублікі Беларусь шляхам вяртання з бюджэту незаконна ўтрыманых (спагнаных) сум у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
На абарону канстытуцыйных правоў і абавязкаў грамадзян у сферы падатковых праваадносін было накіравана таксама рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 5 мая 2000 года, у якім быў праведзены аналіз рашэння Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 18 лютага 2000 года “Аб спагнанні пошліны з юрыдчыных асоб за выкарыстанне ў найменні назвы “Магілёў” (і яе вытворных)” на адпаведнасць Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь.
 
Згодна з артыкулам 121 Канстытуцыі да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў адносіцца ўстанаўленне ў адпаведнасці з законам мясцовых падаткаў і збораў. Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў змест выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў па ўстанаўленню мясцовых падаткаў і збораў уключаецца не толькі іх права, але і абавязак дзейнічаць у дакладнай адпаведнасці з законам. На падставе аналізу ўсяго комплексу заканадаўчых актаў па дадзенаму пытанню Канстытуцыйны Суд устанавіў, што ўзгадненне з органамі мясцовага кіравання найменняў прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый з абавязковым адлюстраваннем у іх свайго месцазнаходжання не мае на ўвазе спагнанне якой-небудзь платы і што заканадаўчымі актамі не прадугледжана спагнанне пошліны за выкарыстанне юрыдычнымі асобамі ў сваіх найменнях назвы той адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, дзе яны размешчаны.
 
Канстытуцыйны Суд прапанаваў Магілёўскаму гарадскому Савету дэпутатаў прывесці сваё рашэнне ў адпаведнасць з дзеючым заканадаўствам. У пэўнай меры яно было ім скарэкціравана рашэннем ад 8 чэрвеня 2000 года.
 
Рашэннямі мясцовых органаў кіравання і самакіравання і раней парушаліся правы падаткаплацельшчыкаў, аб чым сведчаць вынікі іх разгляду ў Канстытуцыйным Судзе. Адна з прычын такога становішча заключаецца ў тым, што адносіны ў галіне мясцовага падаткаабкладання ў Рэспубліцы Беларусь недастаткова поўна ўрэгуляваны ў заканадаўстве. Канстытуцыйны Суд мяркуе, што існуючыя прабелы ў прававым рэгуляванні мясцовага падаткаабкладання могуць быць ліквідаваны ў Падатковым кодэксе, прыняцце якога плануецца ажыццявіць у 2001 годзе.
 
Iстотным недахопам падатковага заканадаўства з’яўляецца яго няўстойлівасць і супярэчлівасць. У мэтах абароны інтарэсаў суб’ектаў гаспадарання, іншых падаткаабкладальшчыкаў, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, неабходна дабіцца такой сітуацыі, каб падатковае заканадаўства заставалася стабільным па меншай меры на працягу фінансавага (бюджэтнага) года. Змяненні ў падатковае заканадаўства на працягу ўказанага перыяду, якія пагаршаюць прававое становішча падаткаплацельшчыкаў, неабходна ўносіць толькі ў выключных выпадках. Аптымальным з’яўляецца падыход, пры якім аб такіх змяненнях даводзілася б да ведама падаткаплацельшчыкаў загадзя — у тэрмін, што дазваляе звесці да мінімуму магчымыя страты ў сувязі з новым рашэннем заканадаўца.
 
Прадметам разгляду Канстытуцыйнага Суда была пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 ліпеня 2000 года № 1154, якой зацверджаны Парадак прадастаўлення і суміравання працоўных водпускаў. Указаным актам прадугледжана, што дадатковыя водпускі далучаюцца да асноўнага мінімальнага водпуску (пункт 8). Пры гэтым працягласць працоўнага водпуску не можа перавышаць 35 каляндарных дзён. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 22 верасня 2000 года “Аб парадку прадастаўлення і суміравання працоўных водпускаў” адзначана, што палажэнні пункта 8 указанага Парадку не адпавядаюць Закону “Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце”, Дэкрэту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 верасня 1997 года № 16 і Дэкрэту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 года № 29 і не могуць у гэтай сувязі абмяжоўваць сумарную працягласць асноўнага водпуску і дадатковых водпускаў, якія прадугледжаны названымі законам і дэкрэтамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у сілу таго, што яны валодаюць вяршэнствам і дзейнічаюць непасрэдна.
 
Канстытуцыйны Суд у сваім рашэнні зыходзіў таксама з таго, што дадатковы водпуск за работу ў шкодных умовах працы ўстаноўленай заканадаўствам працягласці павінен прадастаўляцца поўнасцю. Такая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда абумоўлена тым, што сярод усіх відаў дадатковых водпускаў водпуск за работу ў шкодных умовах працы займае асобае месца. Яго прадастаўленне накіравана на рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян не толькі на адпачынак (артыкул 43 Канстытуцыі), але і на ахову здароў’я (артыкул 45 Канстытуцыі). Пры суміраванні такога водпуску з асноўным водпускам іх агульная працягласць у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі і іншымі нарматыўнымі актамі, можа складаць і больш 35 дзён. У мэтах забеспячэння правоў работнікаў на атрыманне дадатковых водпускаў за ненарміраваны рабочы дзень Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прапанавана разгледзець пытанне аб дапаўненні пункта 6 Парадку прадастаўлення і суміравання працоўных водпускаў, з тым каб работнікі, занятыя на рабоце няпоўны рабочы тыдзень, але поўны рабочы дзень і вымушаныя ў асобных выпадках выконваць работу звыш нармальнай працягласці рабочага часу, мелі права на дадатковы водпуск за ненарміраваны рабочы дзень прапарцыянальна адпрацаванаму часу. Адзначана супярэчлівасць і неадназначнасць асобных палажэнняў Парадку прадастаўлення і суміравання працоўных водпускаў (пункты 8, 10, 13 і інш.) і прапанавана Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прывесці пастанову ад 27 ліпеня 2000 года № 1154 у адпаведнасць з актамі, якія валодаюць больш высокай юрыдычнай сілай, і рашэннем Канстытуцыйнага Суда ад 22 верасня 2000 года. У выкананне рашэння Канстытуцыйнага Суда Урадам 5 студзеня 2001 года прынята пастанова № 10.
 
У сувязі са шматлікімі зваротамі у Канстытуцыйны Суд грамадзян, якія патрабавалі праверыць канстытуцыйнасць пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 жніўня 1999 года № 1332 “Аб упарадкаванні разлікаў насельніцтва за карыстанне жылымі памяшканнямі і камунальнымі паслугамі” (са змяненнем, унесеным пастановай Савета Міністраў ад 28 красавіка 2000 года № 606), Канстытуцыйны Суд на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі ў сваім рашэнні ад 5 верасня 2000 года “Аб плаце за карыстанне жылымі памяшканнямі і тэхнічнае абслугоўванне жылога фонду” прыйшоў да вываду, што ва ўказанай пастанове не ўлічаны ў поўнай меры патрабаванні часткі трэцяй артыкула 51 Жыллёвага кодэкса і артыкула 11 Закона “Аб сумесным домаўладанні”. У пастанове Урада насуперак закону быў устаноўлены памер платы ў залежнасці не толькі ад плошчы жылога памяшкання, але і колькасці пражываючых у ім асоб, што прывяло да пэўнай дыспрапорцыі ў аплаце паслуг, якія прадастаўляюцца ўласнікам жылля і наймальнікам жылых памяшканняў.
 
Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ў пастанове Урада не вырашана пытанне аб аплаце дадатковай жылой плошчы, якой карыстаюцца грамадзяне ў адпаведнасці з заканадаўствам, што на практыцы ў шэрагу выпадкаў прывяло да неапраўданага спагнання платы за яе ў павышаным памеры. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, справядлівым быў бы падыход, пры якім грамадзяне, якія маюць права на дадатковую жылую плошчу, аплачвалі б яе ў тым жа памеры, як і за нарматыўную плошчу жылога памяшкання. Пры ўстанаўленні нарматываў платы за карыстанне жылымі памяшканнямі наймальнікамі і за тэхнічнае абслугоўванне жылых памяшканняў уласнікамі павінен улічвацца прынцып сацыяльнай справядлівасці, перш за ўсё ў адносінах да сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян (пенсіянераў, малазабяспечаных). Такі падыход адпавядаў бы палажэнням артыкула 7 Канстытуцыі, што ўстанаўлівае вяршэнства права, у аснове якога ляжыць прынцып справядлівасці, і артыкула 1 Канстытуцыі, што замацоўвае сацыяльны прававы характар нашай дзяржавы.
 
Канстытуцыйны Суд адзначыў неправамернасць выкарыстання тэрміну “лішкі жылой плошчы” для ўласнікаў, паколькі заканадаўства прадугледжвае права грамадзян мець ва ўласнасці жылыя памяшканні без абмежавання іх памераў (артыкул 101 Жыллёвага кодэкса).
 
Зыходзячы з гэтага, Канстытуцыйны Суд рашэннем ад 5 верасня 2000 года прапанаваў адпаведна Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь, Ураду Рэспублікі Беларусь: забяспечыць рэалізацыю артыкула 11 Закона “Аб сумесным домаўладанні”, які прадугледжвае, што ўласнікі нерухомай маёмасці сумеснага домаўладання нясуць расходы па ўтрыманню і рамонту агульнай маёмасці прапарцыянальна іх долі ў праве агульнай уласнасці на гэтую маёмасць, выключыўшы пры гэтым існуючыя дыспрапорцыі, выкліканыя ўстаноўленым парадкам павелічэння платы за “залішнюю жылую плошчу”; улічыць канстытуцыйныя палажэнні аб роўнай абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзян, у сувязі з чым памер платы ўласнікамі жылых памяшканняў за тэхнічнае абслугоўванне не павінен перавышаць аналагічнай платы наймальнікаў жылых памяшканняў; у пытанні аплаты за карыстанне жылымі памяшканнямі і тэхнічнае абслугоўванне жыллёвага фонду зыходзіць з неабходнасці больш поўнага ўліку прынцыпу сацыяльнай справядлівасці, асабліва ў адносінах да сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян (пенсіянераў, малазабяспечаных); вызначыць парадак і ўмовы больш шырокага давядзення да грамадзян звестак, якія датычацца расходвання сродкаў, атрыманых ад насельніцтва за карыстанне жылымі памяшканнямі і іх тэхнічнае абслугоўванне. Адпаведны праект пастановы Урада дапрацоўваецца.
 
Прадметам неаднаразовага разгляду ў Канстытуцыйным Судзе былі пытанні, звязаныя з рэалізацыяй канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне юрыдычнай дапамогі, замацаванага ў артыкуле 62 Канстытуцыі.
 
У рашэнні ад 4 ліпеня 2000 года “Аб некаторых пытаннях, звязаных з аказаннем юрыдычнай дапамогі асуджаным” Канстытуцыйны Суд указаў, што згодна з крымінальна-працэсуальным заканадаўствам юрыдычную дапамогу ў крымінальным працэсе могуць аказваць, акрамя адвакатаў, іншыя асобы (блізкія родныя, законныя прадстаўнікі), на якіх распаўсюджваюцца нормы КПК, што вызначаюць правы і абавязкі абаронцы. Таму асоба, дапушчаная судом у якасці абаронцы падсуднага, мела права аказваць яму юрыдычную дапамогу і ў тым выпадку, калі ён ужо асуджаны па дадзенай справе і адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі. У гэтых мэтах абаронца можа мець спатканні з асуджаным з захаваннем Правіл унутранага распарадку папраўчых устаноў, якія рэгулююць парадак прадастаўлення асуджаным сустрэч з адвакатамі.
 
Паколькі ў Канстытуцыйны Суд працягвалі паступаць звароты і па іншых пытаннях, звязаных з рэалізацыяй права грамадзян на юрыдычную дапамогу, Канстытуцыйны Суд 5 кастрычніка 2000 года прыняў рашэнне “Аб практыцы прымянення рашэнняў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 2 ліпеня 1999 г. “Аб некаторых пытаннях прадстаўніцтва ў судзе па грамадзянскіх справах”, ад 13 снежня 1999 г. “Аб некаторых пытаннях забеспячэння грамадзянам канстытуцыйнага права на атрыманне юрыдычнай дапамогі ў крымінальным працэсе”, ад 4 ліпеня 2000 г. “Аб некаторых пытаннях, звязаных з аказаннем юрыдычнай дапамогі асуджаным” у частцы рэалізацыі палажэнняў артыкула 62 Канстытуцыі”.
 
У дадзеным рашэнні Канстытуцыйны Суд зрабіў вывад, што права на юрыдычную дапамогу, прадугледжанае артыкулам 62 Канстытуцыі, якое базіруецца на агульнапрызнаных прынцыпах міжнароднага права, для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод грамадзян гарантуецца дзяржавай і забяспечваецца перш за ўсё шляхам аказання кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі на прафесіянальнай аснове (адвакатамі або іншымі асобамі, якія маюць права на аказанне юрыдычнай дапамогі).
 
Разам з тым, грунтуючыся на палажэнні артыкула 62 Канстытуцыі, Канстытуцыйны Суд прызнаў права грамадзян на атрыманне ў любы момант юрыдычнай дапамогі і ад іншых асоб, якія не з’яўляюцца адвакатамі або не маюць ліцэнзій на ажыццяўленне дзейнасці па аказанню юрыдычных паслуг. Такое права грамадзяне могуць скарыстаць у любы момант як у крымінальным і грамадзянскім судаводстве, так і пры абароне сваіх правоў у працоўных, жыллёвых, адміністрацыйных, падатковых і іншых праваадносінах. Аднак у гэтых выпадках павінны быць захаваны неабходныя патрабаванні, якія выключаюць сістэматычную дзейнасць па аказанню юрыдычных паслуг і атрыманне ад яе даходаў, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам. Такая ж умова павінна быць захавана і пры аказанні юрыдычнай дапамогі па грамадзянска-прававых пытаннях па даверанасці асуджаных, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі.
 
Ва ўказаным рашэнні Канстытуцыйны Суд пацвердзіў і канкрэтызаваў сваю пазіцыю, выражаную ў раней прынятых рашэннях, што права на атрыманне ў любы момант юрыдычнай дапамогі абаронцы павінна быць забяспечана не толькі абвінавачванаму, падсуднаму, але і падазронаму, у адносінах да якіх выбрана мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту; юрыдычную дапамогу ў крымінальным судаводстве могуць аказваць блізкія родныя і законныя прадстаўнікі не толькі абвінавачванага, падсуднага, але і падазронага, выступаючы ў ролі іх абаронцаў. Яны маюць права аказваць юрыдычную дапамогу па дадзенай справе і пасля вынясення прыгавору, у сувязі з чым мець спатканні з асуджанымі, якія адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі.
 
Зыходзячы з неабходнасці больш поўнага забеспячэння права на юрыдычную дапамогу, прадугледжанага ў артыкуле 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававых актах, Канстытуцыйны Суд прапанаваў дзяржаўным органам у межах іх кампетэнцыі ўнесці неабходныя змяненні ў дзеючае заканадаўства, якія датычацца парадку аказання юрыдычнай дапамогі грамадзянам, у тым ліку шляхам прадстаўніцтва, уключаючы і юрыдычную дапамогу асуджаным, якія адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі.
 
Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 13 мая 1999 года частка шостая артыкула 209 КПК Рэспублікі Беларусь прызнана не адпавядаючай Канстытуцыі і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах у той меры, у якой яна не прадугледжвала права на абскарджанне ў суд пастановы аб спыненні крымінальнай справы. З улікам таго, што Канстытуцыйны Суд у раней прынятых заключэннях, пасланнях аб стане канстытуцыйнай законнасці, прапановах праватворчым і правапрымяняючым органам неаднаразова ўказваў на непасрэдны характар дзеяння норм аб праве на судовую абарону, што змяшчаюцца ў артыкуле 60 Канстытуцыі, у дадзеным Заключэнні Канстытуцыйны Суд не вызначаў момант, з якога палажэнні часткі шостай артыкула 209 КПК страчваюць сілу. Паколькі на практыцы сталі ўзнікаць пытанні аб праве абскарджання ў суд пастаноў аб спыненні вядзення па крымінальных справах, якія былі вынесены да прыняцця ўказанага Заключэння, Канстытуцыйны Суд даў тлумачэнне свайму Заключэнню.
 
У Заключэнні ад 17 красавіка 2000 года “Аб тлумачэнні Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 13 мая 1999 года “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававым актам часткі шостай артыкула 209 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь” Канстытуцыйны Суд растлумачыў, што ў суд могуць быць абскарджаны пастановы аб спыненні вядзення па крымінальнай справе, калі яны былі вынесены пасля ўступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, гэта значыць з 30 сакавіка 1994 года.
 
Неабходнасцю забеспячэння і далейшага развіцця канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці ўсіх грамадзян перад законам абумоўлена прыняцце Канстытуцыйным Судом рашэння ад 17 лістапада 2000 года “Аб праве на амністыю асуджаных, у адносінах да якіх прыгаворы не ўступілі ў законную сілу ў сувязі з іх касацыйным абскарджаннем (апратэставаннем)”.
 
Звярнуўшы ўвагу на існуючыя ў судовай практыцы факты, калі касацыйныя скаргі асуджаных не разглядаюцца на працягу доўгага часу па акалічнасцях, якія ад іх не залежаць, і з прычыны гэтага прыгаворы ў адносінах да гэтых асоб не ўступаюць у законную сілу на дзень уступлення ў сілу законаў аб амністыі, Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ў такіх выпадках указаныя асобы пры вырашэнні пытання аб прымяненні да іх амністыі аказваюцца ў няроўным становішчы ў параўнанні з асобамі, прыгаворы ў адносінах да якіх уступілі ў законную сілу. Пры гэтым парушаецца таксама канстытуцыйнае права грамадзян на касацыйнае абскарджанне прыгавораў, паколькі асобныя асуджаныя не звяртаюцца з касацыйнымі скаргамі толькі дзеля таго, каб скарыстаць права на амністыю.
 
У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд указаў, што ёсць падставы для пошуку справядлівага рашэння па пытанню прымянення амністыі да асуджаных, у адносінах да якіх прыгаворы не ўступілі ў законную сілу. Пры прыняцці законаў аб амністыі ў будучым не выключаюцца і іншыя варыянты справядлівага вырашэння дадзенага пытання.
 
Канстытуцыйны Суд прапанаваў Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь разгледзець пытанне (у тым ліку шляхам тлумачэння) аб распаўсюджанні дзеяння законаў ад 18 студзеня 1999 года “Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы” і ад 14 ліпеня 2000 года “Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы” на асуджаных, у адносінах да якіх прыгаворы не ўступілі ў законную сілу з прычыны таго, што касацыйныя скаргі (пратэсты) па іх справах не разглядаліся на працягу доўгага часу па акалічнасцях, якія не залежаць ад асуджаных. У адказе, які паступіў з Палаты прадстаўнікоў, паведамлена, што пазіцыя Канстытуцыйнага Суда будзе ўлічвацца пры падрыхтоўцы адпаведных законапраектаў. Разумеючы цяжкасці, з якімі прыйшлося б сутыкнуцца, калі б дзеянне названых законаў пасля заканчэння такога працяглага часу пасля іх прыняцця было распаўсюджана на асуджаных, у адносінах да якіх прыгаворы не ўступілі ў законную сілу па акалічнасцях, якія ад іх не залежаць, Канстытуцыйны Суд лічыць, што гэта праблема магла б быць своечасова вырашана пры звароце ў Канстытуцыйны Суд упаўнаважаных органаў і службовых асоб.
 
Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 26 мая 2000 года “Аб некаторых пытаннях рэалізацыі артыкула 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь” прызнаў, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці не толькі з Канстытуцыяй, але і з Законам “Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе” (артыкулы 1 і 14) маюць права, у прыватнасці па рэлігійных перакананнях, на замену воінскай службы альтэрнатыўнай.
 
У адпаведнасці з артыкулам 57 Канстытуцыі парадак праходжання воінскай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад воінскай службы або замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам. Такім чынам, Асноўны Закон не разглядае воінскую службу ў якасці адзінай і безумоўнай, дапускае магчымасць вызвалення ад воінскай службы або замену яе альтэрнатыўнай.
 
Згодна з артыкулам 31 Канстытуцыі кожны мае права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам.
 
Вышэйпрыведзеныя нормы нацыянальнага заканадаўства суадносяцца з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права, прыярытэт якіх прызнаецца Рэспублікай Беларусь.
 
Разгледзеўшы паступіўшыя запыты і матэрыялы з Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама ад грамадскага аб’яднання, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь з прычыны рэлігійных перакананняў часта не маюць магчымасці на практыцы выканаць свой абавязак па абароне Рэспублікі Беларусь, у тым ліку шляхам праходжання альтэрнатыўнай службы. Немагчымасць забеспячэння права на альтэрнатыўную службу тлумачылася некаторымі службовымі асобамі адсутнасцю спецыяльнага закона, што прыводзіла да ўзнікнення канфліктаў паміж грамадзянамі і дзяржавай, паколькі не забяспечваліся ў поўнай меры правы грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, гарантаваныя Канстытуцыяй. Пры гэтым выпускаецца з-пад увагі, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь валодае вяршэнствам і прамым дзеяннем.
 
Канстытуцыйны Суд указаў, што ў адпаведнасці з артыкулам 142 Канстытуцыі законы, указы і іншыя акты, якія дзейнічалі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь да ўвядзення ў дзеянне Канстытуцыі, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У сілу гэтага прыцягненне грамадзян да адказнасці па артыкулу 77 Крымінальнага кодэкса 1960 года за ўхіленне ад чарговага прызыву на ваенную службу было дапушчальна толькі пры выкананні патрабаванняў вышэйпрыведзеных норм Канстытуцыі па стварэнню дзяржавай умоў для праходжання грамадзянамі Рэспублікі Беларусь як воінскай, так і альтэрнатыўнай службы. Канстытуцыйны Суд лічыць, што пры наяўнасці права прызыўніка на альтэрнатыўную службу прыцягненне яго да крымінальнай адказнасці магчыма толькі за ўхіленне ад праходжання альтэрнатыўнай службы.
 
Узмацненню канстытуцыйных гарантый грамадзян будзе служыць хутчэйшае прыняцце закона аб альтэрнатыўнай службе, праект якога распрацоўваецца.
 
У сувязі з неадназначным разуменнем дзяржаўнымі органамі прававога статусу прыватных натарыусаў Канстытуцыйны Суд зноў разгледзеў пытанні, звязаныя з іх дзейнасцю. Яшчэ Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 23 студзеня 1998 года было прадугледжана, што аднясенне прыватнай натарыяльнай дзейнасці пры вырашэнні пытанняў падаткаабкладання да прадпрымальніцкай дзейнасці не заснавана на пастановах Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 26 лістапада 1992 года і ад 18 студзеня 1994 года, іншых заканадаўчых актах. Аднак і пасля прыняцця Канстытуцыйным Судом указанага Заключэння прыватная натарыяльная дзейнасць, якая ажыццяўляецца прыватнымі натарыусамі, працягвала прыраўноўвацца да прадпрымальніцкай. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 15 чэрвеня 2000 года “Аб некаторых пытаннях, звязаных з прававым становішчам прыватных натарыусаў” Суд пацвердзіў сваю пазіцыю аб тым, што натарыяльная дзейнасць, ажыццяўляемая натарыусамі, якія займаюцца прыватнай практыкай, не з’яўляецца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Заканадавец прадаставіў натарыусам пры ўчыненні натарыяльных дзеянняў роўныя правы і аднолькавыя абавязкі незалежна ад таго, працуюць яны ў дзяржаўнай натарыяльнай канторы ці займаюцца прыватнай натарыяльнай практыкай. Прыватны натарыус, аказваючы паслугі, не ўступае ў грамадзянскія праваадносіны з асобамі, якія звярнуліся за ўчыненнем натарыяльных дзеянняў. Пры ажыццяўленні натарыяльнай дзейнасці ён не мае права займацца іншай дзейнасцю, акрамя вызначанай пунктам 22 Палажэння аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Прыватны натарыус дзейнічае ад імя дзяржавы, у той час як прыватны прадпрымальнік дзейнічае ад свайго імя. У гэтай сувязі рэгістрацыя прыватных натарыусаў у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў не мае законных падстаў. Канстытуцыйным Судом устаноўлена, што прыватныя натарыусы неправамерна зарэгістраваны ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў.
 
У выкананне Заключэння Канстытуцыйнага Суда ад 23 студзеня 1998 года і рашэння Канстытуцыйнага Суда ад 15 чэрвеня 2000 года рашэннямі Брэсцкага, Віцебскага, Гродзенскага, Мінскага абласнога і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў прыватныя натарыусы, зарэгістраваныя ў якасці прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць без утварэння юрыдычнай асобы, выключаны з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Аналагічная работа, завяршыць якую мяркуецца ў бліжэйшы час, праводзіцца і ў іншых рэгіёнах.
 
Вывучыўшы змест пункта 2 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 1999 года № 30 “Аб тлумачэнні Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52”, Канстытуцыйны Суд у Заключэнні ад 18 лютага 2000 года прызнаў адпавядаючай Канстытуцыі норму пункта 2 названага Указа як выдадзенага ў межах кампетэнцыі Прэзідэнта, якая прадугледжвае яго права на афіцыйнае нарматыўнае тлумачэнне прынятых ім нарматыўных прававых актаў у мэтах растлумачэння не толькі зместу растлумачваемых норм, але і парадку, і ўмоў іх прымянення да існуючых адносін.
 
Абзацам чацвёртым часткі другой пункта 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 1995 года № 52 было прадугледжана, што суб’ект гаспадарання павінен забяспечыць паступленне тавару па імпарту згодна з бартэрным кантрактам не пазней 60 каляндарных дзён з даты выканання экспартнай часткі гэтага кантракта.
 
Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь прыцягваў суб’ектаў гаспадарання да адказнасці за парушэнне тэрмінаў атрымання тавараў пры кожнай экспартнай адгрузцы прадукцыі, аформленай асобнымі таварасуправаджальнымі дакументамі. Прымяняемыя ім эканамічныя санкцыі суб’ектамі гаспадарання, як правіла, не аспрэчваліся.
 
Неадназначнае на практыцы разуменне палажэнняў абзаца чацвёртага часткі другой пункта 1 Указа ад 8 лютага 1995 года № 52 у пэўнай меры было абумоўлена недакладнасцю яго тэрмінаў і фармулёвак, нявызначанасцю паняцця “экспартная частка бартэрнага кантракта”, што і выклікала неабходнасць афіцыйнага тлумачэння дадзенага Указа.
 
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства (артыкул 7). Пры ажыццяўленні сваіх канстытуцыйных паўнамоцтваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь мае права выдаваць нарматыўныя прававыя акты і даваць іх афіцыйнае тлумачэнне. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 1999 года № 30 было растлумачана, што пад экспартнай часткай бартэрнага кантракта, аб якой ідзе гаворка ў абзацы чацвёртым часткі другой пункта 1 Указа ад 8 лютага 1995 года № 52, разумеецца кожная экспартная адгрузка прадукцыі, аформленая асобным таварасуправаджальным дакументам (мытная дэкларацыя, накладная і г.д.), або кожны этап выканання работ (аказання паслуг), аформлены асобным актам аб прыёмцы-здачы выкананых работ (аказаных паслуг). (Неабходна адзначыць, што аналагічныя растлумачэнні даваліся спецыялістамі ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў у сродках масавай інфармацыі яшчэ ў 1995 годзе пасля прыняцця Указа № 52 (Нацыянальная эканамічная газета, 1995 г., № 8, 15, 24).
 
У сувязі з увядзеннем у дзеянне новых Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі і Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь узнік шэраг пытанняў, звязаных з валоданнем, карыстаннем і распараджэннем зямельнымі ўчасткамі, якія знаходзяцца ва ўласнасці грамадзян — членаў садаводчых таварыстваў. У сваіх зваротах грамадзяне ставілі пытанні аб парадку здачы ў арэнду зямельных участкаў, якія знаходзяцца на праве ўласнасці ў членаў садаводчых таварыстваў, у тым ліку ў выпадку іх часовага выезду за межы Рэспублікі Беларусь.
 
Канстытуцыйны Суд адзначыў, што зямельнае заканадаўства не ў поўнай меры рэгулюе адносіны, звязаныя з ажыццяўленнем членамі садаводчых таварыстваў правамоцтваў уласніка на прыналежныя ім зямельныя ўчасткі. У прыватнасці, не вызначаны парадак здачы дадзенага зямельнага ўчастка іншым спосабам у арэнду, а таксама распараджэння зямельным участкам не толькі пры часовым выездзе члена садаводчага таварыства за межы Рэспублікі Беларусь, як гэта прадугледжана Тыпавым статутам, але і ў іншых выпадках.
 
Рашэннем Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2000 года “Аб неабходнасці ўдасканалення зямельнага заканадаўства, што датычыцца правоў членаў садаводчых таварыстваў, якія з’яўляюцца ўласнікамі зямельных участкаў” Савету Міністраў было прапанавана паскорыць прыняцце новага Тыпавога статута садаводчага таварыства, які б засноўваўся на грамадзянскім і зямельным заканадаўстве, і пры неабходнасці ўнесці кампетэнтным органам дзяржаўнай улады прапановы, якія прадугледжвалі б больш поўную заканадаўчую абарону правоў членаў садаводчых таварыстваў, якія з’яўляюцца ўласнікамі зямельных участкаў.
 
Прааналізаваўшы Палажэнне аб ліцэнзаванні ахоўнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 лютага 1999 года № 262, Канстытуцыйны Суд у сваім рашэнні ад 28 лютага 2000 года прыйшоў да вываду, што ўказанае Палажэнне, якое вызначыла фактычна вычарпальны пералік асоб, якім суб’ектамі гаспадарання, ажыццяўляючымі ахоўную дзейнасць, павінен быць забяспечаны бесперашкодны праход на аб’екты (тэрыторыю), не адпавядае нормам Канстытуцыі, законаў аб пракуратуры, аб органах дзяржаўнай бяспекі, аб Камітэце дзяржаўнага кантролю, КПК, Мытнага кодэкса, што стварала на практыцы насуперак патрабаванням гэтых законаў пэўныя цяжкасці ў рэалізацыі ўпаўнаважанымі службовымі асобамі некаторых дзяржаўных органаў сваіх функцый. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што нормы законаў, якія вызначаюць правамоцтвы на доступ упаўнаважаных службовых асоб дзяржаўных органаў на аб’екты (тэрыторыю) прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый незалежна ад форм уласнасці і падведамаснасці для ажыццяўлення імі ва ўстаноўленым парадку сваіх службовых функцый, маюць непасрэднае дзеянне і не могуць быць абмежаваны падзаконнымі актамі. Ураду Рэспублікі Беларусь было прапанавана ўнесці ва ўказанае Палажэнне неабходныя ўдакладненні, якія выключаюць неадназначнасць яго разумення і прымянення на практыцы.
 
Прапановы Канстытуцыйнага Суда рэалізаваны Урадам у пастанове ад 31 мая 2000 года № 781.
 
Аналіз скарг, якія паступаюць у Канстытуцыйны Суд, паказвае, што адной з прычын іх узнікнення з’яўляецца неадназначнае разуменне і прымяненне норм дзеючага заканадаўства. Так, у скарзе грамадзяніна, які звольніўся з органаў унутраных спраў і мае спецыяльнае афіцэрскае званне, было ўказана, што пры яго прызыве на тэрміновую ваенную службу на агульных падставах ў адпаведнасці з артыкулам 15 Закона “Аб ўсеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе” не была ўлічана наяўнасць у яго афіцэрскага звання і не прыняты да ўвагі тэрмін службы ў органах міліцыі.
 
Вывучыўшы дзеючае заканадаўства і практыку яго прымянення, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 9 лістапада 2000 года адзначыў, што ў адпаведнасці з артыкулам 39 указанага Закона асобы вышэйшага, старшага і сярэдняга начальніцкага складу, якія маюць спецыяльныя званні, звольненыя з органаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, прымаюцца на воінскі ўлік у прысвоеных ім адпаведных званнях. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, у дачыненні да асоб афіцэрскага складу, якія звольнены з органаў унутраных спраў у запас і прызываюцца на тэрміновую ваенную службу, мог бы быць выкарыстаны дыферэнцыраваны падыход, аналагічны ўжо ўстаноўленаму для ваеннай службы курсантаў, у тым ліку і курсантаў навучальных устаноў Міністэрства ўнутраных спраў, тэрмін ваеннай службы якіх змяншаецца ў залежнасці ад тэрміну навучання. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд у парадку артыкула 7 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” звярнуўся ў кампетэнтныя органы з прапановай аб упарадкаванні дадзеных адносін у адпаведнасці з указаным Законам. Дзяржаўны Сакратарыят Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь падтрымаў вывады Канстытуцыйнага Суда аб тым, што прававое рэгуляванне некаторых пытанняў воінскага ўліку і прызыву на службу вызначаецца супярэчлівасцю і неадназначнасцю, і звярнуўся ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь з прапановай аб унясенні адпаведных змяненняў і дапаўненняў у нарматыўныя акты Урада, а таксама належным вырашэнні ўказаных пытанняў у новым законапраекце аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе.
 
У Канстытуцыйны Суд звярталіся грамадзяне, якія ўдзельнічалі ў складзе спецыяльных фарміраванняў у работах па размініраванню вызваленых ад нямецка-фашысцкай акупацыі тэрыторый у 1943—1945 гадах, па пытанню павелічэння іх пенсіённага забеспячэння з улікам часу іх службы ва ўказаных фарміраваннях. Канстытуцыйны Суд, прыняўшы 17 сакавіка 2000 года адпаведнае рашэнне, накіраваў са сваімі абгрунтаваннямі прапанову Савету Міністраў аб уключэнні ў працоўны стаж указаных асоб перыяду іх удзелу ў складзе спецыяльных фарміраванняў па размініраванню вызваленых тэрыторый. Гэтая прапанова была ўлічана Урадам пры падрыхтоўцы праекта адпаведнага закона, які ўнесены ў Нацыянальны сход.
 
Прадметам разгляду Канстытуцыйнага Суда быў таксама зварот членаў Савета Беларускага камітэта ветэранаў падраздзяленняў асобай рызыкі з пытаннем аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых запасу і ў адстаўцы з ліку такіх ветэранаў. Прааналізаваўшы дзеючае заканадаўства па дадзенаму пытанню, Канстытуцыйны Суд 7 сакавіка 2000 года звярнуўся ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь з прапановай аб унясенні ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу законапраекта, які прадугледжвае павелічэнне памераў пенсій за выслугу гадоў асобам з падраздзяленняў асобай рызыкі, іх больш поўнай сацыяльнай абароне. Публікацыі ў перыядычным друку па дадзенаму пытанню сведчаць аб грамадскай значнасці гэтай праблемы і неабходнасці яе вырашэння.
 
Зыходзячы з неабходнасці забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і прамога дзеяння яе норм, Канстытуцыйны Суд у мінулым годзе прымаў рашэнні і па іншых пытаннях, якія датычацца правоў і свабод грамадзян.
 
Вырашаючы кожную справу, Канстытуцыйны Суд аналізуе не толькі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, але і міжнародна-прававыя акты (Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, міжнародныя пакты аб грамадзянскіх і палітычных правах, аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, дакументы ААН і інш.) У сілу таго, што Беларусь, як гэта замацавана ў Канстытуцыі (артыкул 8), прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, яны для Беларусі абавязковыя. Канстытуцыйны Суд таксама ўлічвае, што згодна з артыкулам 15 Закона “Аб міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь” агульнапрызнаныя прынцыпы міжнароднага права і нормы міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, якія ўступілі ў сілу, з’яўляюцца часткай дзейнічаючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь права. Нормы права, якія змяшчаюцца ў міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь, якія ўступілі ў сілу, з’яўляюцца часткай дзейнічаючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь заканадаўства, падлягаюць непасрэднаму прымяненню, акрамя выпадкаў, калі з міжнароднага дагавора вынікае, што для прымянення такіх норм патрабуецца выданне ўнутрыдзяржаўнага акта, і маюць сілу таго прававога акта, якімі выражана згода Рэспублікі Беларусь на абавязковасць адпаведнага міжнароднага дагавора. Разам з гэтым Канстытуцыйны Суд часта звяртаецца і да Еўрапейскай Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, якой кіруецца ў сваёй дзейнасці Еўрапейскі Суд на правах чалавека. Аналіз названай Канвенцыі, якая не з’яўляецца абавязковай для Рэспублікі Беларусь, а таксама рашэнняў Еўрапейскага Суда садзейнічае вызначэнню Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь сваёй пазіцыі па канкрэтных пытаннях. Рашэнні, якія Канстытуцыйны Суд прымаў у апошні час, грунтаваліся выключна на нормах Канстытуцыі і міжнароднага права.
 
Ацэньваючы ў цэлым выкананне прынятых у 2000 годзе рашэнняў, Канстытуцыйны Суд адзначае, што рашэнні Суда былі выкананы або знаходзяцца ў стадыі выканання. У 2000 годзе выкананы таксама шэраг рашэнняў, прынятых Канстытуцыйным Судом у 1999 годзе, у тым ліку рэалізаваны прапановы, якія Суд уноcіў у дзяржаўныя органы ў мэтах удасканалення заканадаўства. Так, былі адноўлены льготы ўдзельнікам Вялікай Айчыннай Вайны па ўплаце зямельнага падатку за ўчасткі, што адводзяцца пад індывідуальныя гаражы.
 
Вялікую ўвагу выкананню прынятых Канстытуцыйным Судом рашэнняў удзяляе Кіраўнік дзяржавы як гарант Канстытуцыі, правоў і свабод грамадзян.
 
Дастаткова актыўна і плённа ў 2000 годзе ў галіне ўмацавання канстытуцыйнай законнасці і ўдасканалення бягучага заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з Асноўным Законам Канстытуцыйны Суд узаемадзейнічаў з Саветам Міністраў. Некалькі складаных пытанняў вырашана Канстытуцыйным Судом у сувязі са зваротамі Вышэйшага Гаспадарчага Суда.
 
Больш цесным і актыўным ў галіне канстытуцыйнага кантролю, а значыць фарміравання нашай дзяржавы як дэмакратычнай сацыяльнай прававой, магло б быць супрацоўніцтва з палатамі Парламента, куды звяртаецца са скаргамі вялікая колькасць грамадзян. У 2000 годзе зваротаў у Канстытуцыйны Суд ад палат Парламента з прапановай аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў не было. Больш трох з паловай гадоў не паступала зваротаў ад Вярхоўнага Суда, хаця, як сведчыць замежная практыка, запыты агульных судоў складаюць значную колькасць зваротаў у канстытуцыйныя суды, што дазваляе вырашаць спрэчкі з удзелам грамадзян у строгай адпаведнасці з канстытуцыйнымі прадпісаннямі, аператыўна забяспечваць аднастайную судовую практыку і прызнаваць не маючымі юрыдычнай сілы нарматыўныя акты, якія супярэчаць Канстытуцыі.
 
У адпаведнасці з Канстытуцыяй пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда праводзіліся на беларускай і рускай мовах, яго рашэнні публікаваліся на абедзвюх дзяржаўных мовах у “Весніку Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”, у газетах “Звязда”, “Народная газета” і іншых афіцыяльных выданнях, што садзейнічала забеспячэнню права грамадзян на інфармацыю, прадугледжанага артыкулам 34 Канстытуцыі, і больш эфектыўнай прававой абароне канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян.
 
II
 
Канстытуцыя, Закон “Аб зваротах грамадзян”, распараджэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб мерах па паляпшэнню работы са зваротамі грамадзян” разглядаюць прапановы, заявы і скаргі як адзін з важных інструментаў у арганізацыі і дзейнасці дзяржаўных органаў і службовых асоб па захаванню правоў і законных інтарэсаў грамадзян, які садзейнічае ўдасканаленню грамадскіх адносін.
 
Разгляд у Канстытуцыйным Судзе у 2000 годзе асабістых і калектыўных зваротаў грамадзян, у тым ліку паступіўшых на асабістым прыёме ў кіраўніцтва і суддзяў Канстытуцыйнага Суда, сведчыць аб тым, што звароты грамадзян у адпаведнасці з артыкулам 40 Канстытуцыі ў дзяржаўныя органы і іх належнае вырашэнне з’яўляюцца эфектыўнай формай уплыву на ўдасканаленне заканадаўства, практыкі яго прымянення, забеспячэнне канстытуцыйнай законнасці ў грамадстве і дзяржаве. У мінулым годзе ў Канстытуцыйны Суд паступіла больш 700 зваротаў грамадзян, у тым ліку 58 ад грамадскіх аб’яднанняў і праваабарончых арганізацый, 133 грамадзяніны прыняты на асабістым прыёме. Па скаргах даваліся неабходныя растлумачэнні, многія з іх былі накіраваны для разгляду ў кампетэнтныя дзяржаўныя органы. Па зваротах, якія маюць грамадскую значнасць, Канстытуцыйны Суд, прымаючы рашэнні ў адпаведнасці са сваёй кампетэнцыяй, выказваў прававую пазіцыю па пастаўленых пытаннях і ўносіў адпаведныя прапановы дзяржаўным органам.
 
Як і ў мінулыя гады, найбольшая колькасць скарг грамадзян у 2000 годзе датычылася парушэння іх правоў і свабод у галіне жыллёвых, працоўных, адміністрацыйных, крымінальных, падатковых і іншых праваадносін. У гэтых зваротах указвалася, што мясцовыя органы, суды, праваахоўныя органы, а таксама некаторыя службовыя асобы не прымаюць усе неабходныя меры па абароне законных інтарэсаў грамадзян, а таксама прымяняюць нарматыўныя акты, якія, па меркаванню грамадзян, не адпавядаюць актам, што валодаюць больш высокай юрыдычнай сілай. У выпадку ўстанаўлення такіх фактаў службовыя асобы не заўсёды нясуць за гэта адпаведную адказнасць.
 
Практыка сведчыць аб тым, што грамадзяне звяртаюцца ў Канстытуцыйны Суд, вычарпаўшы, як правіла, усе іншыя сродкі правовой абароны ў іншых дзяржаўных органах. Адной з прычын звароту ў Канстытуцыйны Суд яны называюць таксама неабходнасць праверкі канстытуцыйнасці нарматыўных актаў, на падставе якіх вырашаліся канкрэтныя спрэчкі, паколькі такі кантроль у дзяржаве ўскладзены на Канстытуцыйны Суд. У сваіх пісьмах грамадзяне паведамляюць, што іх звароты да асоб, якія маюць права на ўнясенне прапаноў у Канстытуцыйны Суд, застаюцца без задавальнення. Адмаўляюць ім у задавальненні такіх хадайніцтваў насуперак патрабаванням артыкула 112 Канстытуцыі і агульныя суды пры разглядзе канкрэтных спраў.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў 2000 годзе палатамі Парламента разгледжана некалькі тысяч зваротаў грамадзян, у тым ліку меліся скаргі на неканстытуцыйнасць палажэнняў асобных законаў, рашэнняў мясцовых Саветаў дэпутатаў, іншых нарматыўных актаў. Аднак адпаведныя прапановы ў Канстытуцыйны Суд імі не накіроўваліся, хаця Асноўны Закон ускладае на дзяржаву і яе органы абавязак прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян. Дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (артыкул 59).
 
Дзейнічаючы ў межах сваіх паўнамоцтваў, Канстытуцыйны Суд не вырашае спрэчкі, якія ўзнікаюць у правапрымяняльнай практыцы па канкрэтных справах, што адносіцца да кампетэнцыі іншых судоў (агульных, гаспадарчых). Аднак яго выключным правам і прамым абавязкам з’яўляецца ажыццяўленне кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў, у тым ліку і тых, якія прымяняюцца пры разглядзе канкрэтных судовых спраў. Iменна такім чынам неабходна разумець палажэнні часткі другой артыкула 112, часткі першай артыкула 116, часткі чацвёртай артыкула 122, артыкула 137 і іншых артыкулаў Канстытуцыі. Палажэнні Канстытуцыі ў значнай меры атрымалі сваё развіццё ў Законе “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”. У прыватнасці, у артыкуле 6 указанага Закона вызначаны механізм рэалізацыі артыкула 112 Канстытуцыі. У гэтай сувязі сцвярджэнні аб адсутнасці ўрэгуляванага законам механізма звароту судоў у Канстытуцыйны Суд на прадмет праверкі адпаведнасці Канстытуцыі прававых норм, якія прымяняюцца імі пры вырашэнні канкрэтных спраў, з’яўляюцца беспадстаўнымі. Акрамя таго, неабходна мець на ўвазе, што канстытуцыйныя нормы валодаюць вяршэнствам і павінны прымяняцца непасрэдна.
 
Разглядаючы скаргі і звароты грамадзян, у тым ліку і калектыўныя, Канстытуцыйны Суд не мог пакідаць без увагі факты працяглага прымянення неканстытуцыйных прававых актаў, нягледзячы на тое, што органы, упаўнаважаныя Канстытуцыяй ставіць перад Канстытуцыйным Судом пытанні аб праверцы такіх актаў, не выконвалі свайго канстытуцыйнага абавязку, тым самым не садзейнічалі безумоўнаму і абавязковаму для ўсіх органаў і службовых асоб спыненню іх прымянення.
 
Працягваюць паступаць пісьмы грамадзян, якія датычацца невыканання патрабаванняў заканадаўства аб афіцыйным апублікаванні нарматыўных актаў. У сувязі з гэтым у зацікаўленых асоб узнікаюць сумненні ў законнасці дзеянняў, якія прымаюцца ў адносінах да іх.
 
У Канстытуцыйным Судзе у 2000 годзе разглядаліся і іншыя звароты грамадзян, якія датычацца неканстытуцыйнасці некаторых нарматыўных актаў або іх асобных палажэнняў, у прыватнасці па пытаннях статусу вязняў фашызму, пакрыцця шкоды, прычыненай жыццю і здароўю грамадзян, абароны асоб, якія пакутаюць на туберкулёз і ўтрымліваюцца ў папраўчых установах, умоўна-датэрміновага вызвалення ад пакарання непаўналетніх, у адносінах да якіх раней прымянялася амністыя, абароны правоў аўтараў вынаходніцтваў, размеркавання маладых спецыялістаў, кампенсацыі абясцэньвання грашовых укладаў насельніцтва і каштоўных папер, крэдытавання будаўніцтва жылля, аплаты камунальных паслуг і электраэнергіі (пры наяўнасці адпаведных ільгот) асобамі, якія часова адсутнічаюць у жылым памяшканні, і іншыя.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, паляпшэнню стану канстытуцыйнай законнасці ў дзяржаве, стварэнню дзейснага механізма абароны правоў і свабод асобы садзейнічала б прыняцце Закона “Аб Упаўнаважаным па правах чалавека” і надзяленне гэтай службовай асобы правам звароту ў Канстытуцыйны Суд у мэтах ініцыіравання канстытуцыйнага судаводства. Прадастаўленне такога ж права Генеральнаму пракурору як органу, які ажыццяўляе нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў і іншых нарматыўных актаў, будзе служыць умацаванню канстытуцыйнасці ў дзяржаве. Акрамя таго, грамадзянам павінна быць забяспечана магчымасць рэалізоўваць заснаванае, у прыватнасці, на артыкулах 61, 116 і 122 Канстытуцыі права на абскарджанне ў Канстытуцыйны Суд рашэнняў нарматыўнага характару мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў, якія абмяжоўваюць або парушаюць іх правы, свабоды і законныя інтарэсы. Рэалізацыя гэтых прапаноў не патрабуе карэкціроўкі Канстытуцыі.
 
III
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў выніку стварэння адпаведнай нарматыўнай базы і кадыфікацыі заканадаўства ў рэспубліцы сфарміраваны ўмовы для забеспячэння прынцыпу канстытуцыйнай стабільнасці, устанаўлення ўстойлівага правапарадку, фарміравання якасна новай прававой сістэмы. У шэрагу новых кодэксаў і законаў атрымалі канкрэтызацыю і развіццё палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававых актаў, улічаны многія прапановы Канстытуцыйнага Суда па ўдасканальванню дзеючага заканадаўства, якія вынікаюць з яго рашэнняў.
 
Разам з гэтым існуючая заканадаўчая аснова, асабліва ў частцы рэалізацыі і абароны правоў і свабод грамадзян, не пазбаўлена недахопаў, што не садзейнічае станаўленню прававой дзяржавы, стварэнню адкрытага цывільнага грамадства.
 
Для заканадаўчай практыкі апошніх гадоў характэрна адcутнасць сістэмнасці, на што Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу і ў папярэдніх пасланнях аб стане канстытуцыйнай законнасці. Да гэтага часу не прыняты законы і іншыя нарматыўныя акты, якія прама агавораны ў Канстытуцыі або вынікаюць з яе палажэнняў (праграмныя законы аб асноўных напрамках унутранай і знешняй палітыкі, аб ваеннай дактрыне Рэспублікі Беларусь і інш.).
 
У якасці негатыўнага фактару ў законатворчасці патрэбна разглядаць тэндэнцыю да жорстага ўрэгулявання некаторых відањў грамадскіх адносін, што перашкаджае свабоднаму, творчаму развіццю асобы, дзелавой актыўнасці грамадзян і суб’ектаў гаспадарання. У цяперашні час важным з’яўляецца пераход да рэальнага ўмацавання прэзумпцыі правамернасці незабароненых паводзін грамадзян у грамадскай свядомасці і правапрымяняльнай практыцы, у дзейнасці праваахоўных органаў.
 
Асобным нарматыўным актам у парушэнне канстытуцыйнага прынцыпу — “закон не мае зваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян”(частка шостая артыкула 104 Канстытуцыі) прыдаецца зваротная сіла, што абмяжоўвае правы грамадзян, пагаршае іх прававое становішча. У такіх выпадках дзяржавай павінен быць забяспечаны дзейсны кампенсацыйны механізм абароны.
 
У законатворчай дзейнасці неапраўдана мала ўдзяляецца ўвагі пытанням прагназіравання вынікаў прымаемых актаў, вывучэння эфектыўнасці існуючых у іх механізмањў рэалізацыі нарматыўных прадпісанняў, аднаўленчай (кампенсацыйнай) сістэмы абароны парушаных правоў і свабод грамадзяніна, фарміравання грамадскай свядомасці да ўспрыняцця асобных сацыяльна значных законапраектаў. Усё гэта прыводзіць у шэрагу выпадкаў або да нізкай эфектыўнасці нарматыўных актаў, або нават да адмоўных вынікаў прымянення такіх актаў на практыцы.
 
Правотворчымі органамі не практыкуецца прыняцце нарматыўных актаў, якія прадугледжваюць перыяд адаптацыі суб’ектаў гаспадарання да змененых умоў іх дзейнасці. Асобным заканадаўчым актам уласцівы разбалансаванасць, супярэчлівасць, прабельнасць, дэкларатыўнасць, механічнае аднаўленне і неапраўданае дубліраванне нарматыўных прадпісанняў іншых нарматыўных актаў, калізійнасць прававых прадпісанняў.
 
У некаторых новых заканадаўчых актах, напрыклад у Працоўным кодэксе, ёсць яўна неўзгодненыя або супярэчлівыя адна адной нормы (артыкулы 43, 46, пункт 1 часткі трэцяй артыкула 115, артыкулы 120 і 210, артыкул 148 і частка першая артыкула 69, артыкулы 247 і 249, частка трэцяя артыкула 268 і пункт 1 артыкула 44 і інш.). Важная роля ва ўстараненні недахопаў у заканадаўстве належыць агульным судам, якія вырашаюць канкрэтныя спрэчкі. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, прымяняючы нормы актаў заканадаўства, суды, іншыя правапрымяняючыя органы і службовыя асобы абавязаны няўхільна іх выконваць або, пры наяўнасці супярэчнасцей у іх, а таксама абгрунтаваных прапаноў аб іх неканстытуцыйнасці, прымаць меры, у тым ліку і выкарыстоўваючы магчымасці канстытуцыйнага кантролю, па прывядзенню ва ўстаноўленым парадку гэтых актаў у адпаведнасць з Канстытуцыяй (напрыклад, артыкул 245, частка пятая артыкула 400 Працоўнага кодэкса і інш.).
 
Маюць месца выпадкі, калі замацаваныя Канстытуцыяй і законамі правы і свабоды грамадзяніна нярэдка абмяжоўваюцца або ігнаруюцца ў падзаконных актах, а яшчэ часцей — у правапрымяняльнай дзейнасці. Тым самым парушаюцца як палажэнні артыкула 23 Канстытуцыі, які змяшчае вычарпальны пералік абмежаванняў правоў і свабод асобы, так і патрабаванні артыкула 142 Асноўнага Закона, які прадугледжвае, што законы, указы і іншыя акты, што дзейнічалі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь да ўвядзення яго ў дзеянне, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыі.
 
Шэраг артыкулаў Канстытуцыі, якія вызначаюць правы чалавека і змяшчаюць нормы прамога дзеяння, не маюць патрэбы ў іх канкрэтызацыі законам або іншым нарматыўным актам. Гэта азначае, што паводзіны чалавека, які кіруецца такімі артыкуламі Канстытуцыі, з’яўляюцца правамернымі. Не выключана, што для вызначэння правамернасці асобных дзеянняў грамадзяніна і дзяржавы неабходна канкрэтызацыя некаторых канстытуцыйных норм у законах і іншых нарматыўных актах. На практыцы, аднак, маюць месца выпадкі, калі грамадзяніну адмаўляюць у рэалізацыі яго права або яго абароне са спасылкай на адсутнасць неабходнага нарматыўнага акта. Але ў такім выпадку адсутнасць актаў, што канкрэтызуюць канстытуцыйную норму, або звужэнне, абмежаванне яе дзеяння на практыцы патрэбна разглядаць як парушэнне Канстытуцыі, якое з’яўляецца падставай для аднаўлення і абароны парушанага права.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, сёння на першы план у пытаннях гаспадарання, забеспячэння правоў і свабод грамадзян павінна быць вылучана стабільнасць рэгулявання адпаведных грамадскіх адносін. У той жа час гэта не азначае, што нормы, якія перашкаджаюць развіццю дэмакратычных працэсаў, рэалізацыі правоў і свабод грамадзян або не забяспечваюць іх належную абарону, могуць працягваць дзейнічаць. Такія нормы падлягаюць неадкладнаму перагляду. Гэтаму павінна садзейнічаць паўсядзённая, карпатлівая работа кампетэнтных дзяржаўных органаў па перагляду актаў дзеючага заканадаўства, своечасоваму выяўленню ўстарэлых норм у мэтах прызнання іх страціўшымі сілу. Асабліва гэта датычыцца норм актаў, лёс якіх у сувязі з прыняццем новых актаў не вызначаецца, што негатыўным чынам адбіваецца на правапрымяняльнай практыцы.
 
IV
 
Міжнародныя адносіны Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь заснаваны на пазіцыі адкрытасці і гатоўнасці да дыялогу з любымі міжнароднымі арганізацыямі, мэтамі якіх з’яўляюцца развіццё канстытуцыяналізму і абарона правоў і свабод грамадзян. Адкрытая дзейнасць Канстытуцыйнага Суда дазваляе любым асобам, у тым ліку міжнародным і замежным арганізацыям, якія цікавяцца праблемамі канстытуцыйнага кантролю, атрымаць аператыўную інфармацыю аб Канстытуцыйным Судзе. Зборнікі заключэнняў і рашэнняў Канстытуцыйнага Суда рассылаюцца зацікаўленым органам і асобам.
 
Цікавасць да дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь выразілася ў прывядзенні шматлікіх сустрэч Старшыні, суддзяў і работнікаў Сакратарыята са спецыялістамі міжнародных арганізацый. У іх ліку прадстаўнікі ААН, АБСЕ, Бюро по дэмакратычных інстытутах і правах чалавека, Амерыканскай асацыяцыі юрыстаў, розных праваабарончых арганізацый, замежныя назіральнікі за ходам парламенцкіх выбараў і іншыя.
 
Прытрымліваючыся пазіцыі аб разнастайным характары міжнародных сувязей, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у мінулым годзе сканцэнтраваў свае намаганні ў двух асноўных напрамках — развіццё супрацоўніцтва ў рамках Канферэнцыі органаў канстытуцыйнага кантролю краін маладой дэмакратыі і Канферэнцыі канстытуцыйных судоў Еўропы.
 
Вышэйуказаныя напрамкі развіваліся дастаткова дынамічна, што выразілася ва ўдзеле прадстаўнікоў Канстытуцыйнага Суда ў замежных міжнародных канферэнцыях, а таксама пры падтрымцы Кіраўніка дзяржавы ў арганізацыі і правядзенні 5—6 чэрвеня 2000 года ў Мінску другой Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Канстытуцыйнае судаводства”. У рабоце дадзенага форуму прынялі ўдзел прадстаўнікі шэрага канстытуцыйных судоў, міжнародных арганізацый, вучоныя і практычныя работнікі з розных устаноў нашай краіны. Удзельнікамі канферэнцыі была прызнана вялікая карысць падобных сустрэч для развіцця канстытуцыяналізму ў краінах СНД, адзначана важная роля Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ва ўмацаванні дэмакратыі і прасоўванні ідэй прававой дзяржавы шляхам абмену ідэямі і прававымі распрацоўкамі паміж органамі канстытуцыйнага кантролю краін маладой дэмакратыі.
 
Важнае значэнне ў мінулым годзе меў удзел дэлегацыі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 19 — 22 кастрычніка ў падрыхтоўчым пасяджэнні старшынь канстытуцыйных судоў Еўропы, якое адбылося ў Бруселі, да правядзення XII Канферэнцыі канстытуцыйных судоў Еўропы. У выніковым дакуменце падрыхтоўчага пасяджэння былі прызнаны вялікія намаганні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь па станаўленню прававой дзяржавы, абароне канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, выказана падтрымка Канстытуцыйнаму Суду Беларусі ў яго дзейнасці.
 
*   *   *
 
У 2000 годзе дзейнасць Канстытуцыйнага Суда грунтавалася, як і раней, на нормах Канстытуцыі (артыкулы 7, 8, 40, 59, 116), якія абавязваюць дзяржаву прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй, а дзяржаўныя органы, службовых і іншых асоб, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, — меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы.
 
Практыка ажыццяўлення канстытуцыйнага кантролю сведчыць аб асобай значнасці гэтага віду дзейнасці ў мэтах фарміравання дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, умацавання канстытуцыйнага ладу, рэалізацыі і абароны правоў і свабод кожнага чалавека і грамадзяніна. Канстытуцыйны Суд забяспечвае вяршэнства Канстытуцыі, умацоўвае канстытуцыйную законнасць, усталёўваючы дзеянне ў прававой сістэме прынцыпаў права, якія выступаюць у якасці асноватворных пачаткаў, арыенціраў норматворчага працэсу, накіроўваючых ідэй для правапрымяняльнай дзейнасці, распаўсюджваюцца на ўсе суб’екты гаспадарання. У сваёй дзейнасці Канстытуцыйны Суд замацоўваў перш за ўсё такія прынцыпы, як вяршэнства права, прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, прамое дзеянне канстытуцыйных норм, захаванне іерархіі нарматыўных актаў, даступнасць правасуддзя, у тым ліку і канстытуцыйнага правасуддзя, недапушчальнасць прыдання зваротнай сілы нарматыўным актам, якія пагаршаюць становішча ўдзельнікаў праваадносін, сацыяльная справядлівасць, раўнапраўе, гуманізм, узаемная адказнасць дзяржавы і асобы, прэзумпцыя правамерных паводзін грамадзяніна і іншыя. Указаныя прынцыпы права носяць універсальны характар і аказваюць рэгулюючае ўздзеянне на ўсе сферы грамадскіх адносін. Агульнаабавязковасць такіх прынцыпаў заключаецца як у прыярытэтнасці іх перад іншымі прававымі ўстанаўленнямі, так і ў распаўсюджанні іх дзеяння на ўсе суб’екты права.
 
Канстытуцыйны Суд разлічвае, што гэта Пасланне паслужыць далейшаму ўмацаванню канстытуцыйнай законнасці ў дзяржаве, удасканаленню прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь.
 
Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 22 студзеня 2001 года.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                        Р.А. Васілевіч