Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
1 лютага 2001 г. № Р-106/2001
Аб выхадной дапамозе, якая выплачваецца ў адпаведнасці з заканадаўствам на падставе калектыўнага дагавора пры звальненні работніка ў сувязі з заканчэннем тэрміну дзеяння кантракта
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі зварот прафсаюзнага камітэта ВА “Беларуськалій” па пытанню аб падаткаабкладанні выхадных дапамог, што прадугледжваюцца калектыўным дагаворам і выплачваюцца пры звальненні ў сувязі з заканчэннем тэрміну дзеяння кантракта з работнікам, які атрымаў права на пенсію па ўзросту або інваліднасці, устанавіў наступнае.
 
Часткай першай артыкула 48 Працоўнага кодэкса ўстаноўлена, што выхадная дапамога выплачваецца ў выпадках, прадугледжаных Працоўным кодэксам і іншымі актамі заканадаўства, калектыўным дагаворам, пагадненнем. Акрамя выпадкаў выплаты выхадной дапамогі, устаноўленых Працоўным кодэксам і іншымі актамі заканадаўства, заканадаўствам, такім чынам, прадастаўлена права вырашаць гэта пытанне на лакальным узроўні — у калектыўных дагаворах і пагадненнях бакоў. У паступіўшых у Канстытуцыйны Суд зваротах указваецца, што калектыўным дагаворам, які дзейнічае ў ВА “Беларуськалій”, прадугледжана выплата выхадной дапамогі ў залежнасці ад бесперапыннага стажу работы ў аб’яднанні пры звальненні ў сувязі з заканчэннем тэрміну дзеяння кантракта работнікам (акрамя сумяшчальнікаў), якія атрымалі права на пенсію па ўзросту. На практыцы ўзнікла пытанне аб правамернасці падаткаабкладання выхадных дапамог, якія прадугледжваюцца дадаткова калектыўнымі дагаворамі.
 
У адпаведнасці з падпунктам 1.36 пункта 1 артыкула 3 Закона ад 21 снежня 1991 г. “Аб падаходным падатку з фізічных асоб” (у рэдакцыі Закона ад 9 сакавіка 1999 г.) не абкладаюцца падаходным падаткам выхадныя дапамогі, якія выплачваюцца ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. У падпункце 3.1.36 Метадычных указанняў па вылічэнню і выплаце падаходнага падатку з фізічных асоб, зацверджаных загадам Дзяржаўнага падатковага камітэта Рэспублікі Беларусь ад 6 красавіка 1999 г. № 62 (са змяненнямі і дапаўненнямі ад 23 кастрычніка 2000 г. № 95), дадзен вычарпальны пералік выпадкаў, пры наступленні якіх выплачваемыя выхадныя дапамогі не падлягаюць падаткаабкладанню. Вызначана таксама, што выхадная дапамога не падлягае падаткаабкладанню і ў памеры, які перавышае мінімальную велічыню, устаноўленую актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, пры ўмове, што лакальнымі нарматыўнымі актамі (калектыўны дагавор, пагадненне і іншыя — артыкул 7 Працоўнага кодэкса) такое перавышэнне прадугледжана. Аднак у дадзены пералік не ўключаны выплаты выхадных дапамог, якія прадугледжваюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам (артыкул 48 Працоўнага кодэкса) калектыўнымі дагаворамі.
 
Выхадной дапамогай лічыцца гарантыйная грашовая сума, што выплачваецца работніку ў выпадку звальнення па ініцыятыве наймальніка за невінаватыя яго дзеянні па прычынах, якія не залежаць ад работніка, а таксама па акалічнасцях, якія не залежаць ад волі бакоў. Мэта выхадной дапамогі заключаецца ў змякчэнні вынікаў, што наступаюць для работніка ў сувязі са стратай ім работы.
 
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь адзначае супярэчлівасць дзеючага заканадаўства ў сферы рэгулявання адносін у сувязі з устанаўленнем і выплатай выхадных дапамог, а таксама іх падаткаабкладаннем. Згодна з артыкулам 48 Працоўнага кодэкса памер выхадной дапамогі можа павялічвацца без абмежаванняў, у тым ліку і ў выпадках звальнення па падставах, прама ўказаных у артыкуле 48 Працоўнага кодэкса.
 
З аднаго боку, выхадныя дапамогі згодна з Метадычнымі ўказаннямі не падлягаюць падаткаабкладанню і ў памеры, які перавышае велічыню, устаноўленую непасрэдна актамі заканадаўства, пры ўмове, што лакальнымі нарматыўнымі актамі такое перавышэнне прадугледжана, а з другога боку, пры ўстанаўленні выхадных дапамог у іншых выпадках на падставе лакальных нарматыўных актаў у адпаведнасці з заканадаўствам (артыкул 48 Працоўнага кодэкса) падаткаабкладанне ажыццяўляецца.
 
У артыкуле 3 Закона ад 20 снежня 1991 г. “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь” (са змяненнямі ад 22 снежня 1992 г.) прадугледжана, што ўключэнне палажэнняў, якія рэгулююць пытанні падаткаабкладання, у іншыя акты заканадаўства не дапускаецца. У той жа час у адпаведнасці з артыкулам 109 Працоўнага кодэкса не дапускаюцца ўтрыманні з выхадной дапамогі, кампенсацыйных і іншых выплат, на якія згодна з заканадаўствам не накіроўваецца спагнанне. Пры гэтым можна зрабіць вывад, што гаворка ідзе аб усіх выхадных дапамогах, у тым ліку як павялічаных на лакальным узроўні ў памерах у параўнанні з мінімальнымі памерамі, вызначанымі Працоўным кодэксам, так і ўстаноўленых калектыўным дагаворам, пагадненнем бакоў.
 
У адпаведнасці з артыкулам 10 “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” кодэкс валодае больш высокай юрыдычнай сілай, чым закон. Новы нарматыўны прававы акт мае большую юрыдычную сілу ў адносінах да раней прынятага па таму ж пытанню нарматыўнаму прававому акту таго ж дзяржаўнага органа. Згодна з артыкулам 71 названага закона ў выпадку калізіі паміж нарматыўнымі прававымі актамі суб’екты праваадносін павінны кіравацца нормай акта, які валодае больш высокай юрыдычнай сілай. У гэтай сувязі прыярытэт павінны мець палажэнні Працоўнага кодэкса.
 
Канстытуцыйны Суд у гэтай сувязі лічыць, што няма прававых падстаў для ўстанаўлення падзаконнымі актамі парадку, калі з аднаго віду (памеру) выхадных дапамог рабіліся б налогавыя ўтрыманні, а з іншых — не. Гэта права належыць заканадаўцу і яно можа быць рэалізавана з улікам неабходнасці забеспячэння суадносін нарматыўных актаў з улікам іх юрыдычнай сілы.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, не выключаецца права заканадаўца прадугледзець падаткаабкладанне з тых выплат, якія значна перавышаюць агульнаўстаноўленыя памеры або з выхадных дапамог, якія ўводзяцца на лакальным узроўні. Аднак вырашэнне дадзенага пытання павінна ажыццяўляцца з улікам патрабаванняў артыкула 137 і іншых артыкулаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, арыентаваных на станаўленне ў Рэспубліцы Беларусь сацыяльнай дзяржавы.
 
Акрамя таго, Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на супярэчлівасць тэрмінаў і паняццяў, якія выкарыстоўваюцца ў нарматыўных актах, адносна гарантыйных і кампенсацыйных выплат.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40 і часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 7, 36, 38, 40 і 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць правамерным устанаўленне ў калектыўных дагаворах выхадных дапамог, якія прадугледжваюцца на падставе артыкула 48 Працоўнага кодэкса (акрамя выхадных дапамог, прама пералічаных у ім).
 
2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнаму падатковаму камітэту Рэспублікі Беларусь прыняць неадкладныя меры па ўстараненню існуючых калізій ў заканадаўстве. Пры гэтым у сілу відавочнай супярэчлівасці норм, што змяшчаюцца ў розных прававых актах, не павінна, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, наступаць адказнасць наймальніка, матэрыяльная адказнасць службовых асоб, якія не рабілі ўтрыманні з выхадных дапамог, прадугледжаных калектыўным дагаворам, пагадненнем бакоў, а таксама не павінна ажыццяўляцца спагнанне з работнікаў сум, не ўтрыманых з такіх выхадных дапамог для мэт падаткаабладання.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда   
Рэспублікі Беларусь                                                                                                       Р.А. Васілевіч