Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
21 лютага 2001 г. № Р-107/2001
Аб парадку ўплаты членскіх прафсаюзных узносаў
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі звароты грамадзян аб парадку ўплаты прафсаюзных узносаў.
 
У зваротах ставілася пытанне аб канстытуцыйнасці спагнання прафсаюзных узносаў праз бухгалтэрыю арганізацыі без пісьмовай згоды работніка.
 
Прааналізаваўшы нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, міжнародна-прававых актаў, заканадаўства аб працы, нормы калектыўных дагавораў і пагадненняў, а таксама практыку іх прымянення, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
У адпаведнасці з артыкулам 36 Канстытуцыі кожны мае права на свабоду аб’яднанняў. Артыкулам 41 Канстытуцыі грамадзянам гарантавана права на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, уключаючы права на аб’яднанне ў прафесіянальныя саюзы, заключэнне калектыўных дагавораў (пагадненняў) і права на забастоўку.
 
Згодна з артыкулам 2 Закона “Аб прафесіянальных саюзах” грамадзяне маюць права добраахвотна ствараць па свайму выбару прафсаюзы, а таксама ўступаць у прафсаюзы пры ўмове выканання іх статутаў (палажэнняў). Часткай другой артыкула 3 названага Закона прадугледжана, што прафсаюзы самастойна распрацоўваюць і зацвярджаюць свае статуты (палажэнні), вызначаюць структуру, выбіраюць кіруючыя органы, арганізуюць сваю дзейнасць, праводзяць сходы, канферэнцыі, пленумы, з’езды. Арыкулам 27 Закона “Аб прафесіянальных саюзах” устаноўлена, што крыніцы, парадак фарміравання
і выкарыстання сродкаў прафсаюзнага бюджэту вызначаюцца статутамі (палажэннямі) прафсаюзаў. Статутамі прафесіянальных саюзаў прадугледжана, што членам прафесіянальнага саюза можа быць грамадзянін, які выявіў жаданне быць у прафсаюзе, прызнае статут прафесіянальнага саюза, своечасова выплачвае членскія ўзносы і не з’яўляецца членам іншага прафсаюза. Статутамі прадугледжаны абавязак члена прафсаюза штомесячна ва ўстаноўленым парадку і памеры ўплачваць членскія ўзносы.
 
Безнаяўны парадак уплаты членскіх прафсаюзных узносаў быў устаноўлены пастановай Прэзідыума Усесаюзнага Цэнтральнага Савета прафесіянальных саюзаў ад 26 чэрвеня 1982 г. &hellіp; № 9-3 “Аб парадку ўвядзення безнаяўнай уплаты членскіх прафсаюзных узносаў”. Такі парадак ўплаты членскіх узносаў мог уводзіцца па рашэнню савета прафсаюзаў і толькі са згоды члена прафсаюза пры абавязковай наяўнасці яго пісьмовай заявы.
 
Генеральным пагадненнем ад 24 снежня 1997 г. (са змяненнямі і дапаўненнямі ад 12 лютага 1999 г. і 24 снежня 1999 г.) паміж Урадам Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў на 1998—2000 гг. бакі дамовіліся ўключаць у галіновыя і мясцовыя тарыфныя пагадненні, а таксама ў калектыўныя дагаворы палажэнні аб пералічэнні ва ўстаноўлены тэрмін членскіх прафсаюзных узносаў на банкаўскія рахункі прафсаюзных арганізацый у адпаведнасці з пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 14 лістапада 1996 г. № 726/14 “Аб пералічэнні прафсаюзных членскіх узносаў”. Гэтай пастановай прадугледжана забяспечыць у адпаведнасці з калектыўнымі дагаворамі (пагадненнямі) пералічэнне ў першачарговым парадку прафсаюзных членскіх узносаў на бягучыя рахункі прафсаюзных органаў, выкарыстоўваючы для гэтых мэт сродкі суб’ектаў гаспадарання, прызначаныя на неадкладныя патрэбы.
 
Палажэнні аб пералічэнні ў безнаяўнай форме членскіх прафсаюзных узносаў змяшчаюцца і ў пагадненнях, заключаных на галіновым узроўні адпаведнымі рэспубліканскімі прафсаюзамі і органамі дзяржаўнага кіравання, а таксама ў калектыўных дагаворах арганізацый.
 
Парадак уплаты штомесячных членскіх узносаў, у прыватнасці для прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларускую, прадугледжаны Тыпавой інструкцыяй аб парадку ўплаты і ўліку ўступных і штомесячных членскіх прафсаюзных узносаў, зацверджанай Прэзідыумам Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай 23 верасня 1999 г. (пратакол № 50). Згодна з пунктам 3.2 названай інструкцыі штомесячныя членскія прафсаюзныя ўзносы, налічаныя з заработку па асноўнаму месцу работы, могуць па пісьмовай заяве члена прафсаюза ўплачвацца ў безнаяўным парадку праз бухгалтэрыю прадпрыемства, арганізацыі, установы розных форм уласнасці. Члены прафсаюза, якія не выявілі жадання ўплачваць штомесячныя членскія прафсаюзныя ўзносы ў безнаяўным парадку, уплачваюць іх з заработку за мінулы перыяд па асноўнаму месцу работы наяўнымі грашыма па ведамасці ўстаноўленай формы прафгрупоргу або казначэю прафсаюзнага (цэхавага) камітэта (п. 3.3 Інструкцыі).
 
Прааналізаваўшы ўказаныя нарматыўныя акты, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду, што дзеючым заканадаўствам дапускаецца ўплата членскіх прафсаюзных узносаў шляхам безнаяўных разлікаў праз бухгалтэрыю прадпрыемства. Такі парадак не супярэчыць Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам і законам Рэспублікі Беларусь. У той жа час Канстытуцыйны Суд адзначае, што хаця безнаяўны парадак пералічэння членскіх прафсаюзных узносаў дапушчальны і спрашчае іх уплату, аднак выбар парадку ўплаты належыць работніку — члену прафсаюза.
 
Работнік можа падаць наймальніку заяву аб пералічэнні членскіх прафсаюзных узносаў на рахункі прафсаюзных органаў шляхам безнаяўнага пералічэння бухгалтэрыі прадпрыемства ці ўплачваць іх наяўнымі грашыма па ведамасці ўстаноўленай формы прафгрупоргу або казначэю прафсаюзнага камітэта.
 
Пры вывучэнні пастаўленага ў зваротах пытання Канстытуцыйным Судом устаноўлена, што ў асноўным членамі прафсаюза падаюцца заявы аб безнаяўным пералічэнні членскіх прафсаюзных узносаў. Аднак на практыцы ўтрыманні з заработнай платы для аплаты членскіх прафсаюзных узносаў ажыццяўляюцца і ў работнікаў, якія не падавалі такой заявы. Маюць месца выпадкі прафсаюзных узносаў з заработнай платы работнікаў, якія не з’яўляюцца членамі прафсаюза.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што наймальнік мае права рабіць утрыманні з заработнай платы работніка для пералічэння ў безнаяўным парадку членскіх прафсаюзных узносаў толькі пры наяўнасці дакладных звестак аб тым, што работнік з’яўляецца членам прафсаюза і прадставіў пісьмовую заяву на ўплату членскіх ўзносаў шляхам безнаяўнага пералічэння. Дадзены вывад грунтуецца на нормах Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававых актаў.
 
У адпаведнасці з артыкулам 107 Працоўнага кодэкса ўтрыманні з заработнай платы могуць рабіцца толькі ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам. Аналіз дадзенай нормы працоўнага заканадаўства паказвае, што недапушчальна ажыццяўленне ўтрыманняў з заработнай платы работнікаў у выглядзе вылікаў, якія робяцца наймальнікам па ўласнаму меркаванню, і іншых утрыманняў, акрамя прадугледжаных законам. Гэтая норма заснавана на палажэннях Канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы № 95 “Аб ахове заработнай платы”, згодна з якімі вылікі з заработнай платы дазваляюцца толькі пры захаванні ўмоў і ў памерах, што вызначаюцца заканадаўствам дадзенай краіны або ўстанаўліваюцца калектыўнымі дагаворамі ці арбітражнымі рашэннямі (арт. 8 ).
 
Частка чацвёртая артыкула 107 Працоўнага кодэкса прадугледжвае, што наймальнік абавязаны рабіць утрыманні з заработнай платы работніка па яго пісьмовай заяве для ажыццяўлення безнаяўных разлікаў. Гэта палажэнне адпавядае артыкулу 6 указанай Канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы № 95, у адпаведнасці з якім прадпрымальнікам забараняецца ў якой бы то ні было меры ўшчамляць працоўных у свабодным распараджэнні сваёй заработнай платы.
 
Такім чынам, як нормамі міжнародна-прававых актаў, так і нормамі нацыянальнага заканадаўства ўстаноўлена, што ўтрыманні з заработнай платы могуць ажыццяўляцца толькі ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, або па пісьмовай заяве работніка.
 
Практыка прымянення нарматыўных актаў, якія датычацца ўплаты прафсаюзных узносаў, сведчыць аб неналежным кантролі прафсаюзаў за захаваннем заканадаўства аб працы, абавязак ажыццяўлення якога ўскладзены на іх артыкулам 463 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і Парадкам ажыццяўлення прафсаюзамі грамадскага кантролю за захаваннем заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб працы, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 2000 г. № 1630.
 
У мэтах недапушчэння ўтрыманняў з заработнай платы асоб, якія не з’яўляюцца членамі прафсаюзаў або якія не прадставілі пісьмовай заявы аб пералічэнні ў безнаяўным парадку на рахункі прафсаюзных органаў членскіх прафсаюзных узносаў, прафсаюзы павінны прадстаўляць наймальніку дакладныя звесткі аб работніках, якія з’яўляюцца членамі прафсаюза, весці ўлік уплачваемых членскіх прафсаюзных узносаў і ажыццяўляць кантроль за правільнасцю іх уплаты.
 
Наймальнікі, якія робяць утрыманні з заработнай платы работніка для пералічэння членскіх прафсаюзных узносаў, таксама абавязаны кіравацца нормамі заканадаўства, што прадугледжвае магчымасць утрымання толькі на падставе пісьмовай заявы работніка.
 
Любыя ўтрыманні з заработнай платы, у тым ліку для аплаты членскіх прафсаюзных узносаў, павінны ажыццяўляцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і нормамі міжнароднага права.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 11, 36, 38, 40 , 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫPАШЫЎ:
 
1. Прызнаць, што ўтрыманне членскіх прафсаюзных узносаў з заработнай платы работніка шляхам безнаяўнага пералічэння на рахункі прафсаюзных органаў адпавядае Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, законам Рэспублікі Беларусь.
 
2. Звярнуць увагу прафесіянальных саюзаў і наймальнікаў на парушэнне з іх боку заканадаўства, якое рэгулюе парадак уплаты прафсаюзных узносаў работнікамі — членамі прафсаюза.
 
3. Адзначыць, што наймальнікі маюць права рабіць утрыманні шляхам безнаяўнага пераліку членскіх прафсаюзных узносаў на рахункі прафсаюзных органаў толькі пры наяўнасці пісьмовай заявы работніка на такое пералічэнне. Пры адсутнасці такой заявы ажыццяўленне ўтрыманняў з заработнай платы з’яўляецца неправамерным. Лічыць, што работнікі — члены прафсаюза, якія не падавалі такіх заяў і не ставілі пытанне аб незаконнасці склаўшайся практыкі ажыццяўлення такіх утрыманняў з іх заработнай платы шляхам безнаяўнага пералічэння, тым самым фактычна давалі згоду на такія ўтрыманні пры ўмове, што яны валодалі інфармацыяй аб гэтым (указанне ў разліковых лістках работніка і да т.п.). Зыходзячы з патрабаванняў артыкула 107 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і гэтага рашэння Канстытуцыйнага Суда, такая практыка ў далейшым недапушчальная.
 
4. Прызнаць парушэннем канстытуцыйных правоў работнікаў, якія не з’яўляюцца членамі прафесіянальных саюзаў, ажыццяўленне ўтрыманняў з іх заработнай платы грашовых сум у лік уплаты членскіх прафсаюзных узносаў. Узнікаючыя ў гэтай сувязі спрэчкі могуць быць вырашаны ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.
 
5. Звярнуць увагу прафесіянальных саюзаў на адсутнасць належнага кантролю з іх боку за захаваннем устаноўленага парадку членскіх прафсаюзных узносаў, якія паступаюць на іх рахункі.
 
6. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
7. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                         Р.А. Васілевіч