Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
27 лютага 2001 г. № Р-108/2001
Аб некаторых пытаннях, якія датычацца прававога статуса садаводчых таварыстваў
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 і часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі звароты Савета Асацыяцыі садаводчых таварыстваў (кааператываў) “Сад” Мінскай вобласці, асобных садаводчых таварыстваў адносна прававога рэгулявання арганізацыі і дзейнасці садаводчых таварыстваў, а таксама іх дзяржаўнай рэгістрацыі і перарэгістрацыі, устанавіў наступнае.
 
У зваротах указвалася, што некаторыя выканаўчыя камітэты рэкамендавалі садаводчым таварыствам правесці іх рэарганізацыю ў форме пераўтварэння ў спажывецкія кааператывы, спасылаючыся пры гэтым на патрабаванні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 сакавіка 1999 г. № 11 “Аб упарадкаванні дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спынення дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання” (са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі Дэкрэтам ад 16 лістапада 2000 г. № 22), згодна з якім некамерцыйныя арганізацыі абавязаны да 1 ліпеня 2001 г. прывесці свае ўстаноўчыя дакументы ў адпаведнасць з гэтым Дэкрэтам, Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь і іншым заканадаўствам.
 
Заяўнікі ў сувязі з гэтым адзначылі, што: 1) для пераўтварэння садаводчых таварыстваў у спажывецкія кааператывы няма неабходнай прававой асновы, паколькі такое пераўтварэнне з Грамадзянскага кодэкса і Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 сакавіка 1999 г. № 11 не вынікае, а некамерцыйныя арганізацыі могуць існаваць і ў іншых формах, не ўказаных непасрэдна ў ГК; 2) нават калі такое пераўтварэнне будзе ажыццяўляцца, за рэгістрацыю не павінна брацца плата; 3) функцыяніраванне садаводчых таварыстваў у многім ускладняецца недасканаласцю і супярэчлівасцю дзеючага заканадаўства аб садаводчых таварыствах.
 
Садаводчыя таварыствы, створаныя да афіцыйнага апублікавання новага Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, дзейнічаюць на падставе статутаў садаводчых таварыстваў, прынятых у адпаведнасці з Тыпавым статутам садаводчага таварыства (у далейшым — Тыпавы статут), зацверджаным пастановай Савета Міністраў БССР і Белсаўпрофа ад 30 студзеня 1989 г. № 55 (са змяненнямі, унесенымі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13 ліпеня 1992 г. № 428). Гэтыя статуты прымаліся агульнымі сходамі членаў таварыстваў, узгадняліся з прадпрыемствамі, пры якіх арганізоўваліся таварыствы, і рэгістраваліся раённымі, гарадскімі выканаўчымі камітэтамі па месцы знаходжання таварыства.
 
Згодна з Тыпавым статутам садаводчае таварыства набывае правы юрыдычнай асобы з моманту рэгістрацыі яго статута.
 
Члены садаводчага таварыства на выдзеленых ім зямельных участках ажыццяўляюць будаўніцтва садовых домікаў і іншых пабудоў, робяць неабходныя пасадкі, выконваюць агратэхнічныя мерапрыемствы і да т.п. Садовыя домікі, гаспадарчыя пабудовы на садовых участках, пладова-ягадныя насаджэнні першапачаткова належаць членам таварыства на праве ўласнасці.
 
Члены садаводчага таварыства ўплачваюць уступны, членскія і мэтавыя ўзносы, памеры і парадак уплаты якіх устанаўлівае агульны сход таварыства.
 
Уступныя ўзносы, якія ўносяцца членамі садаводчых таварыстваў, згодна з пунктам 39 Тыпавога статута расходуюцца пры вырашэнні арганізацыйных пытанняў таварыства, а членскія і мэтавыя — у адпаведнасці з прыходна-расходнымі каштарысамі таварыства, у прыватнасці, на асваенне (планіраванне) тэрыторыі, узвядзенне гаспадарчых пабудоў і збудаванняў агульнага карыстання, на водазабеспячэнне, электрыфікацыю, будаўніцтва дарог, мастоў, агароджаў тэрыторыі таварыства і інш.
 
Асобе, якая выбыла (выключана) з членаў садаводчага таварыства, вяртаюцца мэтавыя ўзносы, унесеныя ў касу таварыства на ўзвядзенне гаспадарчых пабудоў і збудаванняў агульнага карыстання (за вылікам зносу), на водазабеспячэнне, электрыфікацыю, будаўніцтва дарог, мастоў, агароджаў тэрыторыі таварыства, правядзенне мерапрыемстваў па асваенню ўчастка. Не вяртаюцца ўказанай асобе ўступны і членскі ўзносы, унесеныя на ўтрыманне рабочых і служачых таварыства, на культурныя мерапрыемствы, узносы на рамонт грамадскіх гаспадарчых пабудоў і збудаванняў, а таксама плацяжы за карыстанне вадой, электраэнергіяй і аўтатранспартам.
 
Асоба, прынятая ў члены садаводчага таварыства замест выбыўшай (выключанай) з членаў таварыства, абавязана ўнесці таварыству ўступны ўзнос, а таксама падлягаючыя выплаце асобе, якая выбыла (выключана) з таварыства, сумы мэтавых узносаў (з улікам зносу пабудоў і збудаванняў), кошт садовага доміка і іншых пабудоў, пладова-ягадных насаджэнняў і аплаціць іншыя затраты па асваенню зямельнага ўчастка.
 
Прааналізаваўшы нормы грамадзянскага і зямельнага заканадаўства, якія адносяцца да пытанняў арганізацыі і дзейнасці садаводчых таварыстваў, правоў і абавязкаў іх членаў, Тыпавы статут садаводчага таварыства, правапрымяняльную практыку, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да наступных вывадаў.
 
У новым Грамадзянскім кодэксе юрыдычным асобам прысвечана асобная глава (артыкулы 44 — 123). Пры гэтым адметныя асаблівасці розных відаў юрыдычных асоб, іх прававы статус залежаць ад таго, якія правы ў адносінах да юрыдычнай асобы маюць іх заснавальнікі (удзельнікі), а таксама ў якіх арганізацыйна-прававых формах яны створаны (артыкулы 44 і 46 ГК).
 
Па сваёй прававой прыродзе, характару і мэтах дзейнасці садаводчыя таварыствы адносяцца да некамерцыйных арганізацый, таму што яны не маюць на сваёй мэце атрыманне прыбытку. Садаводчыя некамерцыйныя таварыствы могуць займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю толькі пастолькі, паколькі гэта служыць дасягненню мэт, дзеля якіх яны створаны, і адпавядае гэтым мэтам.
 
Згодна з абзацам першым пункта 3 артыкула 46 Грамадзянскага кодэкса юрыдычныя асобы, якія з’яўляюцца некамерцыйнымі арганізацыямі, могуць стварацца як у форме спажывеціх кааператываў, грамадскіх або рэлігійных арганізацый (аб’яднанняў), што фінансуюцца ўласнікам устаноў, дабрачынных і іншых фондаў, так і ў іншых формах, прадугледжаных заканадаўствам.
 
Даследаваўшы прававую прыроду некамерцыйных арганізацый з улікам палажэнняў артыкулаў 46 і 116—123 Грамадзянскага кодэкса, Канстытуцыйны Суд лічыць, што нягледзячы на пэўную сходнасць у прававым рэгуляванні некаторых пытанняў арганізацыі і дзейнасці садаводчых таварыстваў і спажывецкіх кааператываў, садаводчыя таварыствы могуць выступаць у якасці самастойнай арганізацыйна-прававой формы некамерцыйных арганізацый, існаванне якой дапускаецца Грамадзянскім кодэксам (артыкул 46) і Кодэксам аб зямлі (артыкулы 75—77 і інш.).
 
Прававы статус дзеючых садаводчых таварыстваў і статус спажывецкіх кааператываў, вызначаны ў адпаведнасці з Грамадзянскім кодэксам, маюць пэўныя адрозненні, якія заключаюцца ў наступным:
 
1) сродкі садаводчага таварыства ўтвараюцца з уступных, членскіх і мэтавых узносаў членаў таварыства і іншых паступленняў у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам (пункт 39 Тыпавога статута), тады як сродкі садаводчага кааператыва ўтвараюцца за кошт уступных, членскіх і паявых узносаў, а таксама іншых паступленняў;
 
2) садаводчае некамерцыйнае таварыства адказвае па сваіх абавязацельствах усёй прыналежнай яму маёмасцю. Таварыства не адказвае па абавязацельствах сваіх членаў, хаця б і звязаных з вядзеннем калектыўнага садаводства, а яго члены — па абавязацельствах таварыства (пункт 14 Тыпавога статута). Садоводчы спажывецкі кааператыў таксама адказвае па сваіх абавязацельствах усёй прыналежнай яму маёмасцю. Кааператыў не адказвае па абавязацельствах сваіх членаў, хаця б і звязаных з вядзеннем калектыўнага садаводства, а яго члены — па абавязацельствах кааператыва, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам. Гэта датычыцца абавязку членаў кааператыва на працягу трох месяцаў пасля зацвярджэння штогадовага каштарыса пакрыць панесеныя страты шляхам дадатковых узносаў. Пры невыкананні гэтага абавязку кааператыў можа быць ліквідаваны ў судовым парадку па патрабаванню крэдытораў. Члены спажывецкага кааператыва нясуць субсідыярную адказнасць па абавязках кааператыва ў межах няўнесенай часткі дадатковага ўзносу кожнага з членаў кааператыва (пункт 4 артыкула 116 ГК);
 
3) найменне спажывецкага кааператыва павінна змяшчаць указанне на асноўную мэту яго дзейнасці, а таксама слова “кааператыў” (пункт 3 артыкул 116 ГК).
 
Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што Грамадзянскі кодэкс, прадугледзеўшы ў артыкуле 46 магчымасць стварэння некамерцыйных арганізацый у іншых формах, акрамя пералічаных у гэтым артыкуле, у артыкуле 1088, які вызначае асаблівасці наследавання долі (паю) укладчыка камандытнага таварыства, удзельніка (акцыянера) гаспадарчага таварыства і члена спажывецкага кааператыва, указаў толькі на дачны і садаводчы спажывецкі кааператывы. Супастаўленне дадзеных артыкулаў дае падставу зрабіць вывад аб пэўнай недасканаласці ў гэтай частцы рэдакцыі артыкула 1088 ГК. Паколькі дапускаецца магчымасць існавання некамерцыйных арганізацый, у тым ліку ў сферы калектыўнага садаводства і агародніцтва ў іншых (акрамя спажывецкіх кааператываў) арганізацыйна-прававых формах, што вынікае са зместу пункта 3 артыкула 46 ГК, то і ў артыкуле 1088 ГК гэты пералік не павінен вычэрпвацца толькі дачнымі і садаводчымі кааператывамі. Тым больш, што ў Кодэксе аб зямлі, прынятым пазней Грамадзянскага кодэкса (адпаведна 4 студзеня 1999 г. і 7 снежня 1998 г.), садаводчыя таварыствы вызначаны ў якасці аднаго з суб’ектаў зямельных адносін (артыкулы 75—77).
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, зямельнае заканадањўства ў дадзеным выпадку не супярэчыць палажэнням артыкула 46 ГК. Вызначаючы прававое рэгуляванне зямельных адносін з удзелам садаводчых таварыстваў, заканадавец тым самым прадугледзеў наяўнасць адной з магчымых форм некамерцыйных арганізацый, якія не пералічаны у артыкуле 46 ГК, але дапускаюцца ім. Права выбару арганізацыйна-прававой формы належыць садаводчым таварыствам, калі іншае не ўстанаўліваецца заканадаўствам.
 
Разам з тым Канстытуцыйны Суд адзначае, што Тыпавы статут не адпавядае новаму грамадзянскаму і зямельнаму заканадаўству. Так, пунктам 1 Тыпавога статута прадугледжваецца, што зямельны ўчастак пад садаводчае таварыства прадастаўляецца ў бястэрміновае карыстанне прадпрыемству, установе, арганізацыі, з улікам работнікаў якіх арганізавалася садоводчае таварыства. Згодна ж з артыкулам 75 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі грамадзяне, жадаючыя атрымаць зямельны ўчастак для вядзення калектыўнага садаводства, падаюць заявы ў выканаўчы і распарадчы орган па месцы жыхарства або па месцы работы (юрыдычнай асобе), які забяспечвае ўтварэнне садаводчага таварыства ў парадку, што вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з артыкулам 76 Кодэкса аб зямлі землі, якія прадастаўляюцца для вядзення калектыўнага садаводства, складаюцца з зямель агульнага карыстання і зямельных участкаў, якія знаходзяцца ў пажыццёвым спадчынным уладанні ці ў асабістай уласнасці членаў садаводчага таварыства. Выкуп членам садаводчага таварыста зямельнага ўчастка ў асабістую ўласнасць не з’яўляецца падставай для спынення членства ў садаводчым таварыстве (частка першая артыкула 77 Кодэкса аб зямлі).
 
Маюць патрэбу ў пераглядзе і многія іншыя нормы Тыпавога статута, якія адносяцца да пытанняў арганізацыі садаводчых таварыстваў, прыняцця і рэгістрацыі іх статутаў, правоў і абавязкаў членаў садаводчых таварыставах, падстаў выключэння з таварыства і да т.п.
 
У сваім рашэнні ад 26 красавіка 2000 г. “Аб неабходнасці ўдасканалення зямельнага заканадаўства, што датычыцца правоў членаў садаводчых таварыстваў, якія з’яўляюцца ўласнікамі зямельных участкаў” Канстытуцыйны Суд прапанаваў Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь паскорыць прыняцце новага Тыпавога статута садаводчага таварыства, які б засноўваўся на новым грамадзянскім і зямельным заканадаўстве, і пры неабходнасці ўнесці кампетэнтным органам дзяржаўнай улады прапановы, прадугледжваючыя больш поўную заканадаўчую абарону правоў членаў садаводчых таварыстваў, якія з’яўляюцца ўласнікамі зямельных участкаў. Аднак новы Тыпавы статут да цяперашняга часу не прыняты, што прыводзіць на практыцы да дадатковых праблем у дзейнасці садаводчых таварыстваў.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, пытанні, якія датычацца дзейнасці садаводчых таварыстваў, могуць быць вырашаны і шляхам падрыхтоўкі праекта закона аб некамерцыйных аб’яднаннях грамадзян у галіне калектыўнага садаводства і агародніцтва, што вызначае прававую прыроду і статус такіх аб’яднанняў, іх асаблівасці і адрозненні. Пры гэтым могуць быць скарыстаны падыходы расійскага заканадаўства, у якім прадугледжана права грамадзян ствараць садаводчыя, агародніцкія ці дачныя некамерцыйныя таварыствы, садаводчыя, агародніцкія ці дачныя спажывецкія кааператывы або садаводчыя, агародніцкія ці дачныя некамерцыйныя партнёрствы (пункт 1 артыкула 4 Закона Расійскай Федэрацыі ад 15 красавіка 1998 г. “Аб садаводчых, агародніцкіх і дачных некамерцыйных аб’яднаннях грамадзян”).
 
З прыняццем новага Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь юрыдычныя асобы, якія існавалі ў арганізацыйна-прававых формах, прадугледжаных гэтым Кодэксам, абавязаны былі ў сілу патрабаванняў артыкула 1141 ГК унесці змяненні ў свае статуты ў мэтах прывядзення іх у адпаведнасць з нормамі Кодэкса. Пры гэтым заканадаўча было замацавана правіла, што юрыдычныя асобы, абавязаныя прывесці свае ўстаноўчыя дакументы ў адпаведнасць з Кодэксам, вызваляюцца ад уплаты рэгістрацыйнага збору пры рэгістрацыі такіх змяненняў.
 
Пунктам 17 Палажэння аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання, зацверджанага Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 сакавіка 1999 г. № 11 (у рэдакцыі Дэкрэта ад 16 лістапада 2000 г. № 22), прадугледжана, што не бярэцца плата за дзяржаўную рэгістрацыю змяненняў і дапаўненняў, што ўносяцца ва ўстаноўчыя дакументы камерцыйных і некамерцыйных арганізацый у выпадку змянення заканадаўства, у адпаведнасці з якім патрабуецца змяненне або дапаўненне ўстаноўчых дакументаў.
 
У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць, што пры рэгістрацыі змяненняў і дапаўненняў у статуты садаводчых таварыстваў у мэтах іх прывядзення ў адпаведнасць з новым грамадзянскім і зямельным заканадаўствам (без пераўтварэння ў садаводчыя кааператывы) плата за дзяржаўную рэгістрацыю не бярэцца.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 і часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40 , 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫPАШЫЎ:
 
1. Прызнаць, што не супярэчыць нормам Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь існаванне садаводчых таварыстваў у якасці самастойнай арганізацыйна-прававой формы некамерцыйных арганізацый. Разам з гэтым не выключаецца права садаводчых таварыстваў пераўтварацца ў садаводчыя кааператывы.
 
2. Садаводчыя таварыствы абавязаны ўнесці ў свае статуты змяненні і дапаўненні, якія вынікаюць з новага грамадзянскага і зямельнага заканадаўства. Пры гэтым неабходна мець на ўвазе, што спагнанне платы за рэгістрацыю змяненняў і дапаўненняў у іх устаноўчыя дакументы ў сувязі са змяненнем заканадаўства, у адпаведнасці з якім патрабуецца ўнясенне такіх змяненняў або дапаўненняў (калі садаводчыя таварыствы не пераўтвараюцца ў садаводчыя кааператывы), не мае прававой асновы.
 
3. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з патрабаваннямі Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь і Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі (артыкул 75) забяспечыць у рамках сваёй кампетэнцыі належнае рэгуляванне пытанняў, звязаных з арганізацыяй і дзейнасцю садаводчых таварыстваў, і пры неабходнасці ўнесці адпаведным органам дзяржаўнай улады прапановы, якія прадугледжваюць больш поўную заканадаўчую абарону правоў членаў садаводчых таварыстваў.
 
4. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
5. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                      Р.А. Васілевіч