Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
20 сакавіка 2001 г. № Р-109/2001
Аб прававым рэгуляванні размяшчэння вонкавай рэкламы ў горадзе Мінску
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40, часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі зварот Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта па пытанню прававога рэгулявання размяшчэння вонкавай рэкламы і платы за яе, устанавіў наступнае.
 
Адносіны, якія ўзнікаюць у працэсе размяшчэння вонкавай рэкламы, рэгулююцца Законам “Аб рэкламе”, пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 красавіка 1999 г. № 572 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку размяшчэння вонкавай рэкламы” (у далейшым — Палажэнне) і іншымі актамі заканадаўства.
 
У адпаведнасці з артыкулам 2 Закона “Аб рэкламе” пад вонкавай рэкламай разумеюцца плакаты, стэнды, светлавыя табло і іншыя тэхнічныя сродкі яе стабільнага размяшчэння на пэўнай тэрыторыі.
 
Згодна з артыкулам 11 гэтага Закона распаўсюджванне вонкавай рэкламы дапускаецца пры наяўнасці дазволу адпаведнага органа мясцовага кіравання. За выдачу дазволаў на распаўсюджванне вонкавай рэкламы з улікам патрабаванняў, прадугледжаных часткай першай указанага артыкула, бярэцца плата ў парадку і памерах, якія ўстанаўліваюцца адпаведным органам мясцовага кіравання. Размяшчэнне рэкламы на тэрыторыі любых аб’ектаў, у тым ліку і на тэрыторыі гісторычна-культурных, рытуальных і асабліва ахоўваемых прыродных комплексаў, а таксама вызначэнне памеру і парадку ўнясення платы за распаўсюджванне гэтай рэкламы ажыццяўляюцца на падставе дагавора з уласнікам або асобай, упаўнаважанай на тое ўласнікам (калі законам або дагаворам не прадугледжана іншае ў адносінах да гэтай асобы), і пры наяўнасці дазволу, прадугледжанага часткай другой дадзенага артыкула.
 
Пунктам 2 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 красавіка 1999 г. № 572 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку размяшчэння вонкавай рэкламы” устаноўлена, што не дапускаецца ўмяшанне рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, а таксама іншых юрыдычных і фізічных асоб у змест рэкламнай інфармацыі, што размешчаецца ў якасці вонкавай рэкламы, акрамя выпадкаў, прадугледжаных Законам “Аб рэкламе” у частцы недапушчэння распаўсюджвання неналежнай або іншай рэкламы, у якой маюцца парушэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб рэкламе.
 
У сваім звароце Мінгарвыканком адзначыў, што недапушчэнне ўмяшання мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у змест рэкламнай інфармацыі, якая размяшчаецца ў якасці вонкавай рэкламы, не адпавядае артыкулу 120 Канстытуцыі, а таксама артыкулу 11 Закона “Аб рэкламе”, які прадугледжвае размяшчэнне вонкавай рэкламы толькі пры наяўнасці дазволу адпаведнага органа мясцовага кіравання. Па меркаванню Мінгарвыканкама, прадпісанні Канстытуцыі і Закона дазваляюць органам мясцовага кіравання вызначаць і змест рэкламнай інфармацыі пры выдачы (або адмове) рэкламадаўцу дазволу на размяшчэнне вонкавай рэкламы.
 
Прааналізаваўшы законы “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб статусе сталіцы Рэспублікі Беларусь — горада Мінска” і іншыя нарматыўныя акты, што вызначаюць кампетэнцыю рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання, якія вырашаюць у межах сваіх паўнамоцтваў пытанні размяшчэння вонкавай рэкламы, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да наступных вывадаў.
 
1. У адпаведнасці з артыкулам 120 Канстытуцыі мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы ў межах кампетэнцыі вырашаюць пытанні мясцовага значэння зыходзячы з агульнадзяржаўных інтарэсаў і інтарэсаў насельніцтва, якое пражывае на адпаведнай тэрыторыі.
 
Згодна з артыкулам 5 Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” мясцовае кіраванне і самакіраванне ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з прынцыпам самастойнасці і незалежнасці Саветаў, іншых органаў самакіравання ў межах сваіх паўнамоцтваў у вырашэнні пытанняў мясцовага жыцця.
 
У сілу прадпісанняў часткі першай артыкула 48 указанага Закона стварэнне, размяшчэнне, будаўніцтва або пераўтварэнне эканамічных і сацыяльных аб’ектаў, выкарыстанне прыродных рэсурсаў на адпаведнай тэрыторыі, вырашэнне іншых пытанняў гаспадарчай, сацыяльнай і культурнай дзейнасці, якія закранаюць інтарэсы насельніцтва, ажыццяўляюцца са згоды выканаўчага камітэта (мясцовай адміністрацыі).
 
Асаблівасці кампетэнцыі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта вызначаюцца Законам “Аб статусе сталіцы Рэспублікі Беларусь — горада Мінска”. У адпаведнасці з артыкулам 2 дадзенага Закона статус горада Мінска як сталіцы Рэспублікі Беларусь абумоўлівае спецыфіку стварэння аб’ектаў інфраструктуры міжнароднага значэння, прадастаўленне дзяржавай дадатковых гарантый, звязаных з ажыццяўленнем горадам Мінскам функцый сталіцы Рэспублікі Беларусь.
 
Мінгарвыканком у мэтах забеспячэння ўказаных функцый разам з ажыццяўленнем іншых функцый распрацоўвае і зацвярджае праекты дэтальных планаў, планаў рэгулявання забудовы, горадабудаўнічыя, будаўнічыя і эксплуатацыйныя нормы і правілы горада Мінска (артыкул 9 Закона). Мінгарсавет у гэтых жа мэтах зацвярджае Статут горада Мінска, у якім у тым ліку вызначаюцца асаблівасці горадабудаўнічага ўладкавання, Правілы добраўпарадкавання і ўтрымання горада Мінска (артыкул 10 Закона).
 
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 красавіка 1999 г. № 572 абмежаваны магчымасці ўплыву мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў на змест рэкламнай інфармацыі, якая размяшчаецца ў якасці вонкавай рэкламы. На практыцы гэта зведзена да права мясцовага выканаўчага і распарадчага органа адмовіць у размяшчэнні рэкламы, калі распаўсюджвальнік раней неаднаразова размяшчаў неналежную і іншую рэкламу, у якой меліся парушэнні заканадаўства (пункт 28 Палажэння). Узгадненне рэкламнай інфармацыі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пунктам 3 Палажэння з тэрытарыяльным органам Міністэрства прадпрымальніцтва і інвестыцый.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, такі падыход не ўлічвае належным чынам палажэнні Канстытуцыі і законаў, якія вызначаюць паўнамоцтвы мясцовых органаў кіравання і самакіравання і адказнасць за развіццё сацыяльнай інфраструктуры на падведамнай ім тэрыторыі. Аб’екты вонкавай рэкламы з’яўляюцца актыўнымі элементамі, якія фарміруюць тэхнічныя і эстэтычныя якасці асяроддзя прабывання, уздзейнічаюць на псіхалогію насельніцтва, тэндэнцыі паводзін, лад жыцця, вызначаюць прыярытэтныя напрамкі эканамічнага развіцця, у тым ліку развіцця мясцовай вытворчасці тавараў і сферы паслуг. Канстытуцыйны Суд лічыць, што гэтым абумоўліваецца неабходнасць удзелу мясцовых органаў кіравання і самакіравання ў вызначэнні рэкламнай палітыкі, змястоўнай накіраванасці рэкламнай інфармыцыі на стадыі яе ўзгаднення тэрытарыяльным органам Міністэрства прадпрымальніцтва і інвестыцый.
 
2. Артыкулам 11 Закона “Аб рэкламе”, а таксама пунктам 6 Палажэння не выключаецца магчымасць устаноўкі тэхнічных сродкаў вонкавай рэкламы на паверхі будынкаў, пабудоў (даху, фасадах, сценах), якія ўяўляюць сабой гісторычна-культурную каштоўнасць, а таксама на тэрыторыі зон аховы, рэгулюемай забудовы, аховы наваколля або аховы культурнага пласту. Указаным Палажэннем прадугледжана, што ўстаноўка вонкавай рэкламы павінна быць узгоднена з адпаведным органам архітэктурнай і гарадабудаўнічай дзейнасці мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, а таксама органам, у аператыўным кіраванні якога знаходзіцца дадзеная маёмасць, тады як у адпаведнасці з Законам “Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны” вырашэнне гэтых пытанняў знаходзіцца ў кампетэнцыі Камітэта па ахове гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь (артыкулы 8 і 70).
 
Паколькі згодна з пунктам 13 Палажэння правядзенне іншых, не прадугледжаных ім узгадненняў, звязаных з размяшчэннем вонкавай рэкламы, не дапускаецца, размяшчэнне вонкавай рэкламы на паверхні будынкаў, пабудоў (даху, фасадах, сценах), якія адносяцца да гістарычна-культурнай спадчыны, або ў зонах іх аховы, іншых зонах з асобым рэжымам іх аховы і выкарыстання, фактычна ажыццяўляецца без згоды спецыяльна ўпаўнаважанага на тое органа (мясцовыя камітэты архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасці такімі органамі не з’яўляюцца). Гэта з’яўляецца парушэннем патрабаванняў Закона “Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны” (артыкулы 8, 50, 51 і 70).
 
У сувязі з выкладзеным Канстытуцыйны Суд лічыць, што пытанні ўзгаднення размяшчэння вонкавай рэкламы на матэрыяльных гістарычна-культурных каштоўнасцях (сценах, дахах, фасадах, будынках і пабудовах) або ў зонах іх аховы павінны быць вырашаны ў Палажэнні ў дакладнай адпаведнасці з патрабаваннямі Закона “Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны”.
 
3. Згодна з часткай трэцяй артыкула 11 Закона “Аб рэкламе” за выдачу дазволаў на распаўсюджванне вонкавай рэкламы бярэцца плата ў парадку і памерах, якія ўстанаўліваюцца адпаведным органам мясцовага кіравання.
 
Часткай чацвёртай артыкула 11 дадзенага Закона прадугледжана таксама магчымасць спагнання платы за распаўсюджванне вонкавай рэкламы. Вызначэнне памеру гэтай платы і парадку яе ўнясення ажыццяўляецца на падставе дагавора з уласнікам або іншай упаўнаважанай ім асобай. Пры гэтым у адносінах да аб’ектаў камунальнай уласнасці ад імя ўласніка выступае выканаўчы і распарадчы орган, правамоцны распараджацца камунальнай уласнасцю ў межах прадастаўленых яму паўнамоцтваў (пункт 5 артыкула 9 Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”).
 
Такім чынам, калі зыходзіць з прадпісанняў Закона “Аб рэкламе”, неабходна размяжоўваць пытанні платы за выдачу дазволаў на размяшчэнне вонкавай рэкламы і за выкарастанне месц размяшчэння рэкламы.
 
У гэтай сувязі змяненне парадку ўнясення платы за распаўсюджванне вонкавай рэкламы, нягледзячы на абгрунтаванасць прапаноў Мінгарвыканкома, магчыма толькі на заканадаўчым узроўні.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 7, 36, 38, 40 і 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫPАШЫЎ:
 
1. Адзначыць , што палажэнні законаў “Аб статусе сталіцы Рэспублікі Беларусь — горада Мінска”, “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” маюць непасрэдны характар дзеяння і валодаюць прыярытэтам у адносінах да падзаконных актаў у частцы вызначэння паўнамоцтваў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і іх адказнасці за развіццё сацыяльнай інфраструктуры на тэрыторыі горада Мінска, уключаючы вырашэнне пытанняў, якія датычацца вонкавай рэкламы.
 
2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:
 
унесці ў пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 красавіка 1999 г. № 572 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку размяшчэння вонкавай рэкламы” змяненні і дапаўненні, накіраваныя на забеспячэнне ў адпаведнасці з законамі належнага ўдзелу мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, у прыватнасці Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, пры ўзгадненні рэкламнай інфармацыі;
 
вырашыць пытанне, якое датычыцца ўзгаднення размяшчэння вонкавай рэкламы на аб’ектах, што з’яўляюцца гістарычна-культурнымі каштоўнасцямі, і ў зонах іх аховы, у адпаведнасці з Законам “Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны”, шляхам унясення адпаведных змяненняў і дапаўненняў ва ўказанае Палажэнне;
 
разгледзець прапанову Мінгарвыканкома адносна спагнання платы за размяшчэнне вонкавай рэкламы з улікам таго, што асяроддзе прабывання (у прыватнасці, гарадская прастора), якое фарміруецца комплексам састаўляючых і з’яўляецца аб’ектам агульнага карыстання насельніцтва, уяўляе сабой камерцыйную каштоўнасць пры выбары месца і спосабу размяшчэння вонкавай рэкламы, з мэтай магчымага ўнясення ў Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь законапраекта аб адпаведных змяненнях і дапаўненнях Закона “Аб рэкламе”, арыентаваных на ўлік інтарэсаў не толькі ўласнікаў месц размяшчэння рэкламы, але і інтарэсаў горада Мінска ў цэлым у развіцці інфраструктуры, што адпавядае яго статусу сталіцы.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня яго прыняцця.
 
4. Гэта рашэнне падлягае апублікаванню ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                       Р.А. Васілевіч