Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
23 сакавіка 2001 г. № Р-110/2001
Аб тэрмінах абскарджання ў суд ваеннаслужачым дысцыплінарнага спагнання
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I, Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот ваеннаслужачых аб тэрмінах абскарджання ў суд дысцыплінарнага спагнання аб паніжэнні ў пасадзе, устанавіў наступнае.
 
У адпаведнасці з артыкулам 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.
 
У артыкуле 8 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека прадугледжана, што кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, прадастаўленых яму Канстытуцыяй або законам.
 
Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы (артыкул 41 Канстытуцыі).
 
Ваеннаслужачыя рэалізуюць права на працу шляхам праходжання імі ваеннай службы.
 
Дзяржава гарантуе ваеннаслужачым захаванне іх правоў і свабод, устаноўленых заканадаўствам для грамадзян Рэспублікі Беларусь, з абмежаваннямі ў іх выкарыстанні, абумоўленымі асаблівасцямі ваеннай службы (артыкул 1 Закона “Аб статусе ваеннаслужачых”).
 
На ваеннаслужачага, які парушыў воінскую дысцыпліну або грамадскі парадак, могуць накладацца дысцыплінарныя спагнанні, якія прадугледжаны Часовым дысцыплінарным статутам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 1997 г. № 318. Паніжэнне ў пасадзе афіцэраў — адзін з відаў дысцыплінарных спагнанняў (пункт 68 указанага Статута).
 
У адпаведнасці з артыкулам 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.
 
Згодна з часткай чацвёртай артыкула 5 Закона “Аб статусе ваеннаслужачых” пры неабгрунтаваным абмежаванні правоў і свабод ваеннаслужачыя маюць права на судовую абарону.
 
У пункце 10 артыкула 23 указанага Закона прадугледжана, што ваеннаслужачыя могуць абскардзіць у суды неправамерныя дзеянні службовых асоб і органаў ваеннага кіравання, якія ўшчамляюць іх правы і асабістую годнасць, а таксама звярнуцца са скаргай у суд на неправамерныя дзеянні органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх аб’яднанняў і службовых асоб. Аналагічная норма змяшчаецца і ў Часовым дысцыплінарным статуце Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь (пункт 103).
 
Тэрмін для звароту ваеннаслужачых у суд са скаргай аб зняцці дысцыплінаргана спагнання, за выключэннем звальнення, ні ў Законе “Аб статусе ваеннаслужачых”, ні ў Часовым дысцыплінарным статуце Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь не ўстаноўлены.
 
У пункце 3 артыкула 9 Закона “Аб статусе ваеннаслужачых” прадугледжана, што пры нязгодзе ваеннаслужачых з падставамі іх звальнення з ваеннай службы яны маюць права на абскарджанне вышэйстаячаму камандаванню і ў судовым парадку на працягу трох месяцаў пасля выключэння са спісаў воінскай часці. Такім чынам, заканадаўствам устаноўлены трохмесячны тэрмін для звароту ў суд са скаргай аб аспрэчванні незаконнасці толькі звальнення са службы.
 
У сілу часткі пятай артыкула 11 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” пры праверцы нарматыўнага акта Канстытуцыйны Суд мае на ўвазе як літаральны яго сэнс, так і сэнс, які надаецца яму практыкай прымянення.
 
Ацаніўшы палажэнні нарматыўных прававых актаў, якія датычацца права ваеннаслужачых на зварот у суд са скаргай аб зняцці дысцыплінарнага спагнання, а таксама вывучыўшы практыку разгляду ваеннымі судамі скарг, заяў на неправамерныя дзеянні (рашэнні) службовых асоб і органаў ваеннага кіравання, што парушаюць правы і законныя інтарэсы ваеннаслужачых, Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на адсутнасць аднастайнай практыкі прымянення працэсуальных норм пры разглядзе скарг і заяў ваеннаслужачых. У прыватнасці, скаргі (заявы) ваеннаслужачых аб аспрэчванні звальнення разглядаюцца ў іскавым парадку, а скаргі аб зняцці дысцыплінарных спагнанняў — па правілах, якія ўзнікаюць з адміністрацыйна-прававых адносін, што прыводзіць да абмежавання працэсуальных правоў ваеннаслужачых, у тым ліку да прымянення норм, якія ўстанаўліваюць меншыя тэрміны да звароту ў суд са скаргай.
 
У частцы трэцяй артыкула 353 ГПК прадугледжана, што ваеннаслужачыя маюць права абскарджваць у ваенны суд дзеянні (бяздзеянне) службовых асоб і органаў ваеннага кіравання. У адпаведнасці з артыкуламі 354, 355 ГПК скарга падаецца ў суд пасля абскарджання дзеяння службовай асобы, органа ваеннага кіравання вышэйстаячым ў парадку падпарадкаванасці службовай асобе, органу ваеннага кіравання, якія абавязаны разгледзець яе і аб выніках паведаміць грамадзяніну ў месячны тэрмін. Скарга можа быць пададзена ў суд у месячны тэрмін, які вылічваецца з дня атрымання грамадзянінам адмовы вышэйстаячай службовай асобы або арганізацыі ў задавальненні скаргі ці са дня заканчэння месячнага тэрміну пасля падачы скаргі, калі заяўнікам не быў атрыманы на яе адказ. Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўказаныя нормы прымяняюцца, калі патрабаванні ваеннаслужачых, у тым ліку маёмаснага характару, непасрэдна вынікаюць з адміністрацыйна-прававых адносін, заснаваных на ўладных паўнамоцтвах аднаго боку ў дачыненні да другога.
 
У тых выпадках, калі дзеянні, якія абскарджваюцца, учынены службовымі асобамі або органамі ваеннага кіравання не ў парадку ажыццяўлення адміністрацыйна-уладных паўнамоцтваў, а ў працэсе іншай дзейнасці, заснаванай на роўнасці ўдзельнікаў праваадносін, справа падлягае разгляду ў парадку іскавага вядзення па справе.
 
Канстытуцыйны Суд пры гэтым таксама адзначае, што аналагічныя скаргі аб зняцці дысцыплінарных спагнанняў работнікаў органаў унутраных спраў разглядаюцца судамі ў парадку іскавага вядзення па справе.
 
У Законе “Аб статусе ваеннаслужачых” прадугледжана права ваеннаслужачых на абскарджанне дысцыплінарных спагнанняў, аднак у ім адсутнічаюць палажэнні, якія рэгулююць тэрміны звароту са скаргай у суд, што з’яўляецца прабелам у законе і перашкаджае ваеннаслужачаму рэалізаваць у поўнай меры канстытуцыйнае права на судовую абарону. Такі прабел можа быць дапоўнены шляхам унясення дапаўненняў і змяненняў у закон, а таксама шляхам прымянення аналогіі закона, а пры немагчымасці выкарыстання аналогіі закона прымяняецца аналогія права. Не дапускаецца прымяненне па аналогіі норм, якія абмяжоўваюць грамадзянскія правы і ўстанаўліваюць адказнасць (артыкул 5 Грамадзянскага кодэкса).
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што скаргі ваеннаслужачых аб зняцці дысцыплінарнага спагнання і аб аспрэчванні падстаў звальнення са службы павінны разглядацца ў парадку іскавага вядзення па справе ў сілу падобнасці іх прававой прыроды, паколькі ў тым і другім выпадку ўзнікае спрэчка аб праве.
 
Акрамя таго, скаргі ваеннаслужачых аб зняцці дысцыплінарных спагнанняў па сваёй прававой прыродзе найбольш блізкія да скарг і заяў работнікаў, якія аспрэчваюць абгрунтаванасць накладання дысцыплінарных спагнанняў наймальнікам. Справа аб заявах работнікаў да наймальніка аб зняцці дысцыплінарнага спагнання разглядаюцца ў іскавым парадку. Артыкулам 242 Працоўнага кодэкса ўстаноўлена, што работнікі па працоўных спрэчках (акрамя звальнення), у тым ліку і аб абскарджанні дысцыплінарнага спагнання, могуць звяртацца ў КПС і ў суд на працягу трох месяцаў з дня, калі яны даведаліся або павінны былі даведацца аб парушэнні свайго права.
 
Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, міжнародных дакументаў, нарматыўных прававых актаў, а таксама судовую практыку, Канстытуцыйны Суд лічыць, што ваеннаслужачыя маюць права звярнуцца ў суд з заявай аб аспрэчванні дысцыплінарнага спагнання на працягу трох месяцаў з дня, калі яны даведаліся або павінны былі даведацца аб парушэнні свайго права, гэта значыць у той жа тэрмін, які ўстаноўлены для абскарджання падстаў звальнення са службы.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Лічыць, што ваеннаслужачыя маюць права на зварот у суд па пытанню абскарджання дысцыплінарнага спагнання ў трохмесячны тэрмін з дня, калі яны даведаліся або павінны былі даведацца аб парушэнні свайго права.
 
Разгляд такіх заяў павінен ажыццяўляцца па правілах іскавага судаводства.
 
2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь унесці змяненні і дапаўненні ў Закон “Аб статусе ваеннаслужачых” у мэтах яго далейшага ўдасканальвання.
 
3. Звярнуць увагу судовых органаў на неабходнасць выканання артыкула 112 Канстытуцыі і артыкула 4 Закона “Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь”, якія прадугледжваюць у сілу артыкула 59 Канстытуцыі іх абавязак ставіць пытанні перад Канстытуцыйным Судом аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага акта, калі пры разглядзе канкрэтнай справы суд прыйдзе да вываду аб неадпаведнасці нарматыўнага акта, які падлягае прымяненню, Канстытуцыі.
 
4. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
5. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                      Р.А. Васілевіч