Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
17 красавіка 2001 г. № Р-114/2001
Аб парадку фарміравання складу народных засядацеляў
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі зварот Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб парадку фарміравання складу народных засядацеляў, устанавіў наступнае.
 
Згодна з артыкулам 113 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь справы ў судах разглядаюцца калегіяльна, а ў прадугледжаных законам выпадках — асабіста суддзямі. У адпаведнасці з артыкулам 10 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (які ўведзены ў дзеянне з 1 красавіка 1961 г. і дзейнічаў да 1 студзеня 2001 г.) ва ўсіх судах справы аб злачынствах, за ўчыненне якіх прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін звыш дзесяці гадоў або смяротная кара, разглядаліся па першай інстанцыі калегіянальна ў складзе суддзі і двух народных засядацеляў.
 
Законам ад 13 студзеня 1995 г. “Аб судовым ладзе і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь” замест інстытута народных засядацеляў быў уведзены інстытут прысяжных засядацеляў. У адпаведнасці з артыкулам 8 указанага Закона суд павінен быў разглядаць справы па першай інстанцыі ў складзе аднаго суддзі і калегіі з сямі прысяжных засядацеляў аб злачынствах, за ўчыненне якіх прадугледжана пакаранне ў выглядзе смяротнай кары, калі абвінавачваемы не прызнаваў сябе вінаватым і патрабаваў назначэння суда прысяжных. У астатніх выпадках крымінальныя справы павінны былі разглядацца асабіста суддзёй або калегіянальна ў складзе трох суддзяў. Палажэнні ўказанага Закона ў частцы разгляду крымінальных спраў судом з удзелам прысяжных засядацеляў павінны былі быць уведзены ў дзеянне з 1 студзеня 2000 года.
 
У сувязі з прыняццем Закона “Аб судовым ладзе і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь” трэба было ўнесці змяненні ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, аднак змяненні і дапаўненні ў працэсуальнае заканадаўства па дадзенаму пытанню не ўносіліся. У мэтах устаранення калізіі паміж Крымінальна-працэсуальным кодэксам і названым законам Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 лютага 2000 г. № 4 “Аб калегіянальным разглядзе крымінальных спраў у судах” устаноўлена, што калегіянальны разгляд крымінальных спраў ва ўсіх судах па першай інстанцыі ажыццяўляецца ў складзе суддзі і двух народных засядацеляў у адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам. Дэкрэт уступіў у сілу з 1 студзеня 2000 г.
 
Артыкулам 32 новага КПК, які ўступіў у сілу з 1 студзеня 2001 г., устаноўлены калегіяльны разгляд па першай інстанцыі ў складзе суддзі і двух народных засядацеляў спраў аб злачынствах, за якія крымінальным законам прадугледжваюцца пакаранні звыш дзесяці гадоў пазбаўлення волі або смяротная кара, а таксама аб злачынствах непаўналетніх.
 
Такім чынам, у судовай сістэме Беларусі захаваны інстытут народных засядацеляў. Разам з тым адпаведныя змяненні і дапаўненні ў Закон “Аб судовым ладзе і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь” да гэтага часу не ўнесены.
 
Парадак фарміравання складу народных засядацеляў вызначаецца ў цяперашні час Часовым палажэннем аб парадку зацвярджэння спісаў народных засядацеляў, зацверджаным Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 1996 г. (у далейшым — Часовае палажэнне).
 
У Часовым палажэнні, у прыватнасці, прадугледжана, што народнымі засядацелямі могуць быць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі ўзросту 25 гадоў, а народнымі засядацелямі ваенных судоў — грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца на абавязковай ваеннай службе. Пры ажыццяўленні правасуддзя народныя засядацел
і карыстаюцца ўсімі правамі суддзі і выконваюць абавязкі, прадугледжаныя КПК. Падбор кандыдатаў і складанне спісаў народных засядацеляў ажыццяўляецца ўпраўленнямі юстыцыі абласных, Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў тэрмінам на пяць гадоў на падставе спісаў выбаршчыкаў па выбарах у мясцовыя або вышэйшыя органы ўлады з ліку грамадзян, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі раёна, горада, вобласці. Спісы народных засядацеляў раённых (гарадскіх), абласных, Мінскага гарадскога судоў зацвярджаюцца адпаведнымі раённымі (гарадскімі), абласнымі, Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі. Спісы народных засядацеляў ваенных судоў складаюцца тэрмінам на пяць гадоў і зацвярджаюцца камандзірамі воінскіх часцей. Спісы народных засядацеляў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь зацвярджаюцца Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь па прадстаўленню Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь. Складанне і зацвярджэнне спісаў народных засядацеляў замест выбыўшых ажыццяўляецца ў такім жа парадку.
 
Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, заканадаўчых актаў, што рэгулююць пытанні ажыццяўлення правасуддзя, практыку ўдзелу
ў гэтым народных засядацеляў, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што суд, якому давяраецца разглядаць і вырашаць грамадзянскія і крымінальныя справы, здольны вяршыць сапраўднае правасуддзе, калі ён законны, кампетэнтны, незалежны і непрадузяты (артыкулы 60, 110, 111, 112 Канстытуцыі). Такое палажэнне асноўваецца і на міжнародных дакументах. У адпаведнасці з часткай першай артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах кожны мае права пры разглядзе любога крымінальнага абвінавачвання, прад’яўленага яму, або пры вызначэнні яго правоў і абавязкаў у якім-небудзь грамадзянскім працэсе на справядлівы і публічны разбор справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом, створаным на падставе закона.
 
У адпаведнасці з артыкуламі 59, 60 Закона “Аб судовым ладзе і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь” суддзямі з’яўляюцца асобы, надзеленыя ва ўстаноўленым законам парадку паўнамоцтвамі па ажыццяўленню правасуддзя. Суддзі ўсіх судоў у Рэспубліцы Беларусь валодаюць адзіным статусам. Асаблівасці статусу асобных катэгорый суддзяў могуць вызначацца заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь. У пункце 46 артыкула 6 КПК да суддзяў адносяцца прафесіянальны суддзя любога суда і народны засядацель. Такім чынам, КПК вылучае сярод суддзяў прафесіянальных суддзяў і народных засядацеляў, якія не з’яўляюцца прафесіянальнымі суддзямі.
 
Прафесіянальны суддзя — гэта той суддзя, які ажыццяўляе правасуддзе на пастаяннай аснове і ў гэтай сувязі можа назначацца на пасаду ў адпаведнасці з пунктамі 9 і 10 артыкула 84 Канстытуцыі толькі Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Народныя засядацелі надзяляюцца правамі суддзі толькі тады, калі яны на вызначаны тэрмін прыцягваюцца да разгляду канкрэтнай крымінальнай справы. Удзел грамадзян Рэспублікі Беларусь у якасці народных засядацеляў пры ажыццяўленні правасуддзя па крымінальных справах з’яўляецца адной з форм рэалізацыі ўлады народам (артыкул 3 Канстытуцыі), важнейшым элементам дэмакратычнай прававой дзяржавы, дадатковай гарантыяй абароны правоў і законных інтарэсаў удзельнікаў крымінальнага працэсу.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што народныя засядацелі пры ажыццяўленні правасуддзя карыстаюцца ўсімі правамі і нясуць абавязкі суддзі (выконваць абавязкі суддзі, старшынстваваць па справе, мець асобную думку, удзельнічаць ва ўсіх стадыях працэсу, складаць працэсуальныя дакументы і г.д.), таму для забеспячэння канстытуцыйных прынцыпаў правасуддзя пытанне аб прававой аснове фарміравання складу народных засядацеляў мае вызначальнае значэнне.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што пытанне аб прававым становішчы народных засядацеляў павінна быць вызначана законам. Гэты вывад вынікае з палажэнняў артыкулаў 109—112 Канстытуцыі, якія прадугледжваюць, у прыватнасці, што судовы лад у Рэспубліцы Беларусь вызначаецца законам; суддзі пры ажыццяўленні правасуддзя незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону; падставы для выбрання (назначэння) суддзяў на пасады і іх вызвалення прадугледжваюцца законам.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што, зыходзячы з дзеючага парадку зацвярджэння спісаў народных засядацеляў і патрабаванняў Канстытуцыі, выкананне абавязкаў прафесіянальнага суддзі народнымі засядацелямі магчыма толькі пры захаванні канстытуцыйных норм аб назначэнні суддзяў Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Адзначыць, што ў мэтах захавання канстытуцыйных прынцыпаў правасуддзя і рэалізацыі артыкула 60, пунктаў 9 і 10 артыкула 84, артыкулаў 109—115 Канстытуцыі пытанні фарміравання складу народных засядацеляў, замацавання іх прававога становішча пры ажыццяўленні правасуддзя павінны вызначацца законам.
 
Дапушчэнне народнага засядацеля да выканання абавязкаў прафесіянальнага суддзі магчыма толькі па рашэнню Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з улікам патрабаванняў Канстытуцыі і законаў.
 
2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь унесці змяненні і дапаўненні ў Закон “Аб судовым ладзе і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь” і іншыя нарматыўныя акты з мэтай належнага заканадаўчага рэгулявання парадку фарміравання складу народных засядацеляў і ўстаранення існуючых калізій у дзеючым заканадаўстве.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                       Р.А. Васілевіч