Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
2 красавіка 2001 г. № Р-111/2001
Аб праве асуджаных да пазбаўлення волі на судовае абскарджанне прымененых да іх мер спагнання
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот адносна магчымасці судовага абскарджання мер спагнання, прымененых адміністрацыяй папраўчай установы ў адносінах да асуджаных да пазбаўлення волі, устанавіў наступнае.
 
Артыкулам 112 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у далейшым — КВК) прадугледжаны меры спагнання, якія могуць быць прыменены да асуджаных за парушэнне імі ўстаноўленага парадку адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі. Парадак прымянення мер спагнання да асуджаных да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі ўстаноўлены артыкулам 113 КВК. Згодна з часткай чацвёртай гэтага артыкула спагнанні на асуджаных накладваюцца пастановамі службовых асоб папраўчых устаноў, якія маюць права накладаць спагнанні. Пры наяўнасці падстаў спагнанне можа быць адменена або заменена службовай асобай, якая прымяніла яго, або вышэйстаячай асобай, якая мае на гэта права (частка адзінаццатая артыкула 113 КВК).
 
У звароце, які паступіў у Канстытуцыйны Суд, ставіцца пытанне аб магчымасці судовага абскарджання неправамернага прымянення да асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, мер спагнання.
 
Вывучыўшы палажэнні Канстытуцыі, міжнародна-прававых актаў, нормы крымінальна-выканаўчага, крымінальна-працэсуальнага і іншага заканадаўства, а таксама практыку іх выкарыстання, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да наступных вывадаў.
 
Канстытуцыяй устаноўлена, што кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (артыкул 60).
 
У артыкуле 3 КВК прадугледжана, што крымінальна-выканаўчае заканадаўства Рэспублікі Беларусь грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, агульнапрызнаных прынцыпах і нормах міжнароднага права, міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь, якія адносяцца да выканання пакарання і абыходжання з асуджанымі.
 
Калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя правілы выканання пакарання і абыходжання з асуджанымі, чым тыя, якія прадугледжаны крымінальна-выканаўчым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, то прымяняюцца непасрэдна правілы міжнароднага дагавора, акрамя выпадкаў, калі з міжнароднага дагавора вынікае, што для прымянення такіх норм патрабуецца выданне ўнутрыдзяржаўнага акта.
 
Артыкулам 8 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека абвешчана права кожнага на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, прадастаўленых яму Канстытуцыяй або законам.
 
Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах замацаваны абавязак дзяржавы, якая ўдзельнічае ў гэтым пакце, забяспечыць любой асобе, правы і свабоды якой парушаны, эфектыўны сродак прававой абароны, нават калі гэта парушэнне было здзейснена асобамі, якія дзейнічалі ў афіцыйнай якасці, развіваючы пры гэтым магчымасці судовай абароны (пункты “а”, “b” артыкула 3).
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што аналагічныя падыходы змяшчаюцца і ў дакументах Савета Еўропы, якія абавязковыя для яго членаў і могуць служыць арыенцірам для дзяржаў, што праяўляюць імкненне да ўступлення ў Савет Еўропы.
 
У рэзалюцыі (78) 8 Камітэта міністраў аб юрыдычнай дапамозе і кансультацыях, прынятай Камітэтам міністраў Савета Еўропы 2 сакавіка 1978 г., указваецца, што права на доступ да правасуддзя і справядлівага разбору, гарантаванае артыкулам 6 Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, з’яўляецца адной з асноўных прымет любой дэмакратычнай дзяржавы.
 
Еўрапейскімі пенітэнцыярнымі правіламі, рэкамендаванымі Камітэтам міністраў 12 лютага 1987 г., прадугледжваецца, што абарона асабістых правоў зняволеных і, у асаблівасці, законнасць прымянення дысцыплінарных спагнанняў забяспечваюцца пры дапамозе кантролю, які ажыццяўляецца, у адпаведнасці з нацыяльнальным правам, прадстаўнікамі судовых або іншых органаў, упаўнаважанымі наведваць зняволеных, якія не належаць да пенітэнцыярнай адміністрацыі.
 
У Крымінальна-выканаўчым кодэксе Рэспублікі Беларусь замацавана права асуджаных звяртацца з прапановамі, заявамі і скаргамі ў адміністрацыю органа або ўстановы, якія выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, суд, пракуратуру і іншыя дзяржаўныя органы, грамадскія аб’яднанні па абароне правоў і свабод чалавека (частка чацвёртая артыкула 10).
 
Артыкулам 18 КВК вызначаны межы судовага кантролю за дзейнасцю органаў, якія выконваюць пакаранне. У пераліку пытанняў, якія з’яўляюцца прадметам судовага кантролю, прадугледжваюцца толькі два пытанні, звязаныя з судовым кантролем за выкананнем пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі:
1) умоўна-датэрміновае вызваленне ад пакарання ці замена пакарання больш мяккім;
2) змяненне віду папраўчай установы асуджанаму, які адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.
 
У частцы пятай артыкула 18 КВК устаноўлена, што скаргі на дзеянні адміністрацыі органаў і ўстаноў, якія выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, суд разглядае ў выпадках і парадку, прадугледжаных заканадаўствам.
 
Аднак у Крымінальна-выканаўчым кодэксе судовае абскарджанне прымененых да асуджанага мер спагнання не прадугледжваецца. Не замацаваны такі парадак і ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе, які рэгулюе пытанні выканання прыгавору (глава 41), а таксама ў іншым заканадаўстве.
 
У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд адзначае, што абмежаванні права асуджаных на судовае абскарджанне прымененых да іх мер спагнання, якія ёсць на практыцы, абумоўлены тым, што нормы крымінальна-выканаўчага заканадаўства не прадугледжваюць выпадкі магчымага абскарджання ў суд дзеянняў адміністрацыі папраўчых устаноў у частцы прымянення да асуджаных мер спагнання, што не ў поўнай меры адпавядае Канстытуцыі.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстанаўленне ў артыкуле 113 КВК парадку, згодна з якім накладзенае на асуджанага спагнанне можа быць адменена або заменена службовай асобай, якая прымяніла яго, ці вышэйстаячай службовай асобай, якая валодае такім правам, накіравана на забеспячэнне аператыўнага вырашэння пададзенай скаргі ў межах аднаго ведамства і ўстаранення дапушчаных адміністрацыяй папраўчай установы парушэнняў. Аднак парадак, які не прадугледжвае працэдуру далейшага абскарджання такіх дзеянняў у суд, успрымаецца на практыцы як парадак, выключаючы магчымасць судовай абароны законных правоў асуджаных, што супярэчыць артыкулу 60 Канстытуцыі.
 
Канстытуцыйны Суд у сваіх заключэннях і штогадовых пасланнях аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь неаднаразова звяртаў увагу на прамое дзеянне артыкула 60 Канстытуцыі ў сілу патрабаванняў, замацаваных у артыкулах 137 і 142 Асноўнага Закона, адзначаючы пры гэтым, што права грамадзян на судовую абарону адносіцца да агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, прыярытэт якіх Рэспубліка Беларусь згодна з артыкулам 8 Канстытуцыі прызнае і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. Прадугледжанае ў артыкуле 60 Канстытуцыі палажэнне з’яўляецца важнай гарантыяй абароны правоў і свабод грамадзян ад любых дзеянняў і рашэнняў, якія парушаюць іх. Права на судовую абарону адносіцца да такіх правоў, якія не могуць быць абмежаваны, у тым ліку і ў адносінах да асоб, асуджаных да пазбаўлення волі за ўчыненне злачынства.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40 і часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Улічваючы непасрэдны характар дзеяння норм Канстытуцыі, лічыць, што да ўнясення змяненняў і дапаўненняў у дзеючае заканадаўства Рэспублікі Беларусь асуджаныя да пазбаўлення волі, якія абскардзілі накладзенае на іх спагнанне і не згодны з прынятым у адносінах да іх рашэннем, маюць права на падставе артыкулаў 60 і 137 Канстытуцыі звяртацца са скаргамі ў суд.
 
2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь унесці змяненні і дапаўненні ў дзеючае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, замацаваўшы ў ім парадак судовага абскарджання прымянення да асуджаных адміністрацыяй папраўчай установы мер спагнання.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                       Р.А. Васілевіч