Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
3 красавіка 2001 г. № Р-112/2001
Аб праве грамадзян на зварот у суд па пытаннях, якія ўзнікаюць у сувязі з ажыццяўленнем крымінальна-працэсуальных адносін
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот па пытанню ажыццяўлення права на судовую абарону, устанавіў наступнае.
 
У адпаведнасці з часткай першай артыкула 139 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (у далейшым — КПК) скаргі на дзеянні і рашэнні органа дазнання, дазнавальніка і следчага падаюцца пракурору, які ажыццяўляе нагляд за выкананнем законаў пры вядзенні папярэдняга расследавання. Скаргі на дзеянні і рашэнні пракурора падаюцца вышэйстаячаму пракурору, а на дзеянні і рашэнні суда — у вышэйстаячы суд.
 
Згодна з часткай другой указанага артыкула скаргі на рашэнні органа крымінальнага праследавання аб спыненні папярэдняга расследавання справы, крымінальнага праследавання падаюцца адпаведнаму пракурору або ў суд па месцы расследавання крымінальнай справы. У дадзенай норме ўзноўлена рэдакцыя часткі шостай артыкула 209 КПК, што дзейнічаў да 1 студзеня 2001 г., якая была прыведзена ў адпаведнасць з Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 13 мая 1999 г., прызнаўшым права грамадзяніна на судовае абскарджанне пастановы аб спыненні крымінальнай справы.
 
Артыкулам 143 дзеючага КПК прадугледжаны таксама парадак абскарджання ў суд затрымання, узяцця пад варту, дамашняга арышту або падаўжэння тэрміну ўтрымання пад вартай, дамашняга арышту.
 
Такім чынам, КПК дапускае магчымасць абскарджання ў суд дзеянняў асобы, якая праводзіць дазнанне, або следчага толькі ў выпадках спынення папярэдняга расследавання справы, крымінальнага праследавання ці прымянення мер стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту, дамашняга арышту або падаўжэння тэрмінаў прымянення такіх мер.
 
Ва ўсіх іншых выпадках КПК прадугледжвае абскарджанне дзеянняў і рашэнняў органа дазнання, дазнавальніка і следчага толькі пракурору.
 
Аналагічны падыход прадугледжваўся і ў КПК, што дзейнічаў да 1 студзеня 2001 г., у адпаведнасці з якім складалася і правапрымяняльная практыка.
 
Зварот, які паступіў у Канстытуцыйны Суд, а таксама аналіз існуючай практыкі прымянення норм крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, у тым ліку і раней дзеючага, што прадугледжваюць парадак абскарджання дзеянняў асобы, якая праводзіць дазнанне, і следчага, сведчаць аб тым, што асобныя грамадзяне не маюць рэальнай магчымасці рэалізаваць сваё права на судовую абарону па пытаннях, якія ўзнікаюць у сувязі з ажыццяўленнем крымінальна-працэсуальных адносін, але не датычацца спынення папярэдняга расследавання справы або прымянення меры стрымання.
 
На практыцы ў адных выпадках суды адмаўляюць у разглядзе скарг на дзеянні асобы, якая праводзіць дазнанне, або следчага па той прычыне, што крымінальна-працэсуальным заканадаўствам прадугледжана абскарджанне такіх дзеянняў толькі пракурору, у іншых выпадках яны матывуюць свае адмовы незахаваннем працэдуры прынясення скарг у суд, прадугледжанай артыкулам 354 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса (у далейшым — ГПК).
 
Такім чынам, адсутнічае адзіная судовая практыка па дадзенаму пытанню.
 
Вывучыўшы палажэнні Канстытуцыі, міжнародна-прававых актаў, нормы крымінальна-працэсуальнага і грамадзянска-працэсуальнага заканадаўства, а таксама практыку іх прымянення, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да наступных вывадаў.
 
Канстытуцыяй прадугледжана, што кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (артыкул 60).
 
Артыкулам 8 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека абвешчана права кожнага на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, прадастаўленых яму канстытуцыяй або законам.
 
Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах замацаваны абавязак дзяржавы, што ўдзельнічае ў гэтым Пакце, забяспечыць любой асобе, правы і свабоды якой парушаны, эфектыўны сродак прававой абароны, нават калі гэта парушэнне было ўчынена асобамі, якія дзейнічалі ў афіцыйнай якасці, развіваючы пры гэтым магчымасці судовай абароны (пункты “а”, “b” артыкула 3).
 
У рэзалюцыі (78) 8 Камітэта міністраў аб юрыдычнай дапамозе і кансультацыях, прынятай Камітэтам міністраў Савета Еўропы 2 сакавіка 1978 г., указваецца, што права на доступ да правасуддзя і справядлівага разбору, гарантаванае артыкулам 6 Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека, з‘яўляецца адной з асноўных прымет любой дэмакратычнай дзяржавы.
 
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, звяртаючы ўвагу ў сваіх заключэннях на замацаванае ў артыкуле 137 Канстытуцыі вяршэнства Асноўнага Закона, неаднаразова падкрэсліваў, што права грамадзян на судовую абарону адносіцца да агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, прыярытэт якіх Рэспубліка Беларусь згодна з артыкулам 8 Канстытуцыі прызнае і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. Прадугледжанае ў артыкуле 60 Канстытуцыі палажэнне з‘яўляецца важнай гарантыяй абароны правоў і свабод грамадзян ад любых дзеянняў і рашэнняў, якія іх парушаюць. Права на судовую абарону адносіцца да такіх правоў, якія не могуць быць абмежаваны.
 
Як відаць са звароту, які паступіў у Канстытуцыйны Суд, следчым пракуратуры было адмоўлена ў просьбе асобы аб допуску да ўдзелу ў крымінальнай справе ў якасці абаронцы яго блізкага роднага. Асобе, якая звярнулася са скаргай па гэтаму пытанню, было адмоўлена ў разглядзе справы на той падставе, што не была захавана працэдура абскарджання дзеянняў службовай асобы, прадугледжаная артыкулам 354 ГПК.
 
Міністэрствам юстыцыі па дадзенаму пытанню зроблены вывад, што ў такіх выпадках дзеянні следчага павінны абскарджвацца пракурору і ў выпадку адмовы ў задавальненні скаргі неабходна звярнуцца да вышэйстаячага пракурора.
 
У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд лічыць, што неадназначныя падыходы да вырашэння пытання аб рэалізацыі ў крымінальным працэсе права грамадзян на судовую абарону абумоўлены тым, што ў нормах крымінальна-працэсуальнага заканадаўства мае месца прабел, паколькі імі, насуперак Канстытуцыі, не замацоўваецца права на абскарджанне ў суд дзеянняў і рашэнняў органа дазнання, дазнавальніка і следчага.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што на практыцы пры прымяненні ўказаных норм КПК не прымаецца да ўвагі прынцып вяршэнства Канстытуцыі, замацаваны ў артыкуле 137 Асноўнага Закона, і не ўлічваецца прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда аб непасрэдным характары дзеяння артыкула 60 Канстытуцыі, якая была адлюстравана ў раней прынятых заключэннях (ад 27 чэрвеня 1998 г., ад 13 мая 1999 г. і іншых).
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстанаўленне ў КПК парадку, згодна з якім дзеянні і рашэнні органа, які вядзе крымінальны працэс, можна абскардзіць пракурору, мае падставы, паколькі ім забяспечваецца найбольш хуткае (аператыўнае) вырашэнне прынесенай скаргі ў межах аднаго ведамства і ўстараненне дапушчаных парушэнняў правоў грамадзян, якія звярнуліся са скаргай. Гэта абумоўлена таксама кампетэнцыяй органаў пракуратуры, у абавязкі якіх згодна з Канстытуцыяй (артыкул 125) і Законам “Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь” (артыкул 2) уваходзіць ажыццяўленне нагляду за органамі дазнання і папярэдняга следства. Аднак такі парадак не павінен успрымацца як парадак, што выключае магчымасць шляхам звароту за судовай абаронай аднавіць парушаныя асноўныя правы грамадзян, прадастаўленыя ім Канстытуцыяй і законамі. Таму заканадаўства павінна быць узгоднена такім чынам, каб не выключалася права грамадзян на судовую абарону.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40 і часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Улічваючы непасрэдны характар дзеяння норм Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, лічыць, што, нягледзячы на існуючы прабел у Крымінальна-працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь, грамадзяне маюць права на падставе артыкулаў 60 і 137 Канстытуцыі ў сілу яе вяршэнства звяртацца са скаргамі на дзеянні і рашэнні органа дазнання, дазнавальніка або следчага не толькі да пракурора, але і ў суд у мэтах абароны іх асноўных правоў і свабод, гарантаваных Канстытуцыяй.
 
2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь унесці змяненні і дапаўненні ў крымінальна-працэсуальнае заканадаўства, замацаваўшы ў ім права на абскарджанне дзеянняў і рашэнняў органа дазнання, дазнавальніка або следчага не толькі пракурору, але і ў суд, а таксама вызначыўшы ў такіх выпадках працэдуру звароту грамадзян за судовай абаронай.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                                                               Р.А. Васілевіч