Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
4 красавіка 2001 г. № Р-113/2001
Аб падаткаабкладанні суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці ў сферы транспартнага абслугоўвання грамадзян
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40, часткі першай артыкула 116, часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь калектыўны зварот кіраўнікоў таксаматорных паркаў Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай абласцей і горада Мінска, устанавіў наступнае.
 
У звароце ўказваецца, што ў цяперашні час многія грамадзяне незаконна займаюцца возніцтвам у Рэспубліцы Беларусь. Акрамя таго, звяртаецца ўвага на тое, што некаторыя дзяржаўныя органы не ажыццяўляюць належны кантроль як за асобамі, якія не маюць ліцэнзій на заняцце прадпрымальніцкай дзейнасцю, так і за тымі, хто мае ліцэнзіі, але ўтойвае свае даходы ад падаткаабкладання. Такая сітуацыя вядзе да таго, што дзяржаве наносіцца ўрон у выглядзе недаатрыманых падаткаў. Гэтаму садзейнічаюць, на думку заяўнікаў, і мясцовыя органы ўлады, якія ўстанаўліваюць фіксаваныя стаўкі падаткаў для гэтых катэгорый падаткаплацельшчыкаў у 5—10 разоў меншыя, чым для юрыдычных асоб. Усе іх звароты ў адпаведныя органы не далі станоўчага адказу на пастаўленыя пытанні.
 
Суб’ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці згодна з артыкуламі 22, 46 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца камерцыйныя арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі. Пры гэтым прадпрымальнік мае права займацца любой гаспадарчай дзейнасцю, якая не забаронена заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Прадпрымальнік абавязаны атрымліваць ва ўстаноўленым парадку спецыяльны дазвол (ліцэнзію) на дзейнасць у сферах, якія падлягаюць ліцэнзаванню ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (артыкулы 6, 7 Закона “Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь”). Перавозка пасажыраў уключана ў Пералік відаў дзейнасці, на ажыццяўленне якіх патрабуецца спецыяльны дазвол (ліцэнзія), і органаў, якія выдаюць гэтыя дазволы (ліцэнзіі), зацверджаны пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 жніўня 1995 г. № 456.
 
Падаткаабкладанне суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці рэгулюецца падатковым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у залежнасці ад выбранай імі арганізацыйна-прававой формы.
 
Падаткаабкладанне даходаў індывідуальных прадпрымальнікаў ажыццяўляецца на падставе Закона Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 1991 г. “Аб падаходным падатку з фізічных асоб” (у рэдакцыі Закона ад 9 сакавіка 1999 г., з наступнымі дапаўненнямі). Згодна з пунктам 2 артыкула 6 названага Закона па вызначаемых Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і (або) Урадам Рэспублікі Беларусь асобных відах дзейнасці Урад або ўпаўнаважаныя ім органы па кожнаму віду дзейнасці ў залежнасці ад тавараабароту, асартыменту тавараў (работ, паслуг), колькасці прыцягнутых работнікаў і іншых асаблівасцей дзейнасці ўстанаўліваюць фіксаваныя (цвёрдыя) сумы падаходнага падатку і парадак іх спагнання. Транспартнае абслугоўванне грамадзян у адпаведнасці з пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 красавіка 1995 г. № 228 “Аб зацвярджэнні пераліку відаў прадпрымальніцкай дзейнасці, што ажыццяўляецца грамадзянамі без утварэння юрыдычнай асобы, па якіх абласныя і Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў могуць устанаўліваць стаўкі падаходнага падатку з грамадзян у цвёрдых сумах, і парадку спагнання падаходнага падатку з грамадзян у цвёрдых сумах”, з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі, адносіцца да такіх відаў дзейнасці.
 
Дзеючыя ў цяперашні час стаўкі падаходнага падатку ўстаноўлены абласнымі і Мінскім гарадскім Саветамі дэпутатаў, як правіла, у 1996—1998 гады. Параўнальны аналіз ставак паказвае іх значнае адрозненне па рэгіёнах: ад 3 мінімальных заработных плат у месяц у Мінскай вобласці да 12 мінімальных заработных плат — у Брэсцкай вобласці. Штомесячна выплачваемы індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія ажыццяўляюць пасажырскія перавозкі, падаходны падатак, зыходзячы з мінімальнай заработнай платы 5700 руб., складае ад 17 100 руб да 68 400 руб.
 
Падаткаабкладанне юрыдычных асоб (у тым ліку таксаматорных паркаў) ажыццяўляецца ў адпаведнасці з іншымі актамі падатковага заканадаўства, якія нараўне з падаткамі на даходы і прыбытак выплачваюць іншыя падаткі (ПДВ, зямельны падатак, падатак на нерухомасць і іншыя).
 
Па сцвярджэнню прадстаўнікоў таксапаркаў, памер фіксаванай стаўкі падаходнага падатку, што бярэцца з індывідуальных прадпрымальнікаў, якія аказваюць транспартныя паслугі, складае каля 65 працэнтаў падатковай нагрузкі на таксаматорныя прадпрыемствы ў разліку на аднаго работніка.
 
Мэтай устанаўлення ставак падаходнага падатку ў цвёрдых сумах з’яўляецца, з аднаго боку, спрашчэнне ўліку для індывідуальных прадпрымальнікаў, з другога — забеспячэнне збірання падаткаў. Пры выплаце падатку ў цвёрдых сумах даходы і расходы ад гэтай дзейнасці не ўлічваюцца пры вылічэнні сукупнага гадавога даходу. Аднак у адпаведнасці з пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 красавіка 1995 г. № 228 і на падставе пункта 15.2.4 Метадычных указанняў па вылічэнню і выплаце падаходнага падатку з фізічных асоб, зацверджаных загадам Дзяржаўнага падатковага камітэта Рэспублікі Беларусь ад 6 красавіка 1999 г. № 62, калі фактычна атрыманы даход за справаздачны квартал перавысіць у 1,5 раза суму даходу, які адпавядае ўстаноўленай стаўцы падатку, падаходны падатак выплачваецца ў агульнаўстаноўленым парадку.
 
Неабходна ўлічваць, што юрыдычныя асобы — таксаматорныя паркі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія аказваюць транспартныя паслугі насельніцтву, знаходзяцца ў розных умовах гаспадарання. Так, вадзіцель — індывідуальны прадпрымальнік ажыццяўляе дзейнасць на свой страх і рызыку, праводзіць тэхнічнае абслугоўванне і набывае гаруча-змазачныя матэрыялы за свой кошт. У той жа час вадзіцелі таксаматорных паркаў маюць службу тэхнічнага абслугоўвання, апарат кіравання, не нясуць непасрэднай адказнасці як уладальнікі крыніцы павышанай небяспекі. Iснуюць і іншыя адрозненні ў іх дзейнасці.
 
Згодна з артыкулам 13 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржава павінна прадастаўляць усім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантаваць роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, а таксама ўсім роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці. Пры гэтым дзяржава ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства, забяспечвае напрамак і каардынацыю дзяржаўнай і эканамічнай дзейнасці ў сацыяльных мэтах.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, гарантыя роўных правоў для ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці не выключае неабходнасці ўліку аб’ектыўна розных умоў гаспадарання. Аднак рознае падаткаабкладанне не павінна абмяжоўваць магчымасці добрасумленнай канкурэнцыі суб’ектаў прадпрымальніцтва, якія дзейнічаюць у розных гаспадарча-прававых умовах, паколькі гэта можа нанесці шкоду правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзян — спажыўцоў транспартных паслуг таксі.
 
У звароце таксама ўказваецца на недастатковы кантроль з боку падатковых органаў, ДАI, Камітэта фінансавых расследаванняў і іншых дзяржаўных органаў за ажыццяўленнем індывідуальнымі прадпрымальнікамі перавозак пасажыраў і захаваннем заканадаўства.
 
Па выніках вывучэння практыкі аказання транспартных паслуг насельніцтву Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу кантралюючых органаў на неабходнасць узмацнення кантролю за правільным вылічэннем і спагнаннем падаткаў з падаткаплацельшчыкаў, якія займаюцца перавозкай пасажыраў.
 
Кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 11, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прааналізаваць эканамічную абгрунтаванасць устаноўленых абласнымі і Мінскім гарадскім Саветамі дэпутатаў фіксаваных ставак падаходнага падатку, што бярэцца з індывідуальных прадпрымальнікаў, якія аказваюць транспартныя паслугі насельніцтву ў адпаведнасці з пастановай Кабінета Міністраў ад 27 красавіка 1995 г. № 228, і пры неабходнасці рэкамендаваць абласным і Мінскаму гарадскому Саветам удакладніць гэтыя стаўкі з улікам супастаўнасці падатковай нагрузкі індывідуальнага прадпрымальніка і падатковай нагрузкі на аднаго работніка таксаматорнага прадпрыемства, з тым каб рэжым падаткаабкладання не падаўляў эканамічную актыўнасць розных суб’ектаў гаспадарання.
 
2. Прапанаваць падатковым органам, органам ДАI, Камітэту фінансавых расследаванняў і іншым кантралюючым органам узмацніць кантроль за дзейнасцю па аказанню транспартных паслуг насельніцтву і належным прымяненнем мер адказнасці за незахаванне заканадаўства ў прадпрымальніцтве і падаткаабкладанні.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                                                            Р.А. Васілевіч