Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
11 чэрвеня 2001 г. № Р-116/2001
Аб выплаце падаходнага падатку з даходаў у выглядзе спадчыны
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь звароты грамадзян па пытаннях падаткаабкладання падаходным падаткам даходаў у выглядзе спадчыны.
 
У адным са зваротаў у Канстытуцыйны Суд указваецца, што ў кастрычніку 2000 г. грамадзянка атрымала ад бабулі ў спадчыну па завяшчанню дом у вёсцы, ацэнены бюро тэхнічнай інвентарызацыі ў 3200 тыс. рублёў. У красавіку 2001 г. інспекцыяй Дзяржаўнага падатковага камітэта ёй было прапанавана прадставіць дэкларацыю і выплаціць падаходны падатак з пеняй у агульнай суме 826 тыс. рублёў. У звароце ставіцца пытанне аб адпаведнасці парадку вылічэння і выплаты падаходнага падатку і пені, якія патрабуюць да выплаты падатковыя органы, Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь. Аналагічныя пытанні ставяцца і ў іншых зваротах.
 
Канстытуцыйны Суд, вывучыўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, законаў Рэспублікі Беларусь "Аб падаходным падатку з фізічных асоб", "Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь", іншых нарматыўных прававых актаў, практыку вылічэння падатковымі органамі падаходнага падатку з даходаў у выглядзе спадчыны, устанавіў наступнае.
 
Падаткаабкладанне даходаў, атрыманых у выніку права на спадчыну, праводзіцца ў адпаведнасці з палажэннямі артыкула 16 Закона "Аб падаходным падатку з фізічных асоб" (далей — Закон), які прадугледжвае падаткаабкладанне іншых даходаў, не пералічаных у артыкулах 7, 10, 13, 14 і 17 Закона. Згодна з пунктам 2 названага артыкула пры атрыманні даходу на працягу года фізічныя асобы ў 30-дзённы тэрмін з дня атрымання даходу прадстаўляюць у падатковы орган па месцы рэгістрацыі ў якасці падаткаплацельшчыка Рэспублікі Беларусь дэкларацыю, у якой указваюць памер фактычна атрыманага даходу і памер магчымага даходу да канца календарнага года. На працягу года фізічныя асобы ўносяць у бюджэт авансавыя плацяжы па адной трэцяй гадавой сумы падатку, вылічанай падатковым органам па магчымаму даходу па стаўках, указаных у пункце 1 артыкула 6 Закона, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Для выплаты авансавых плацяжоў устаноўлены наступныя тэрміны: 15 мая, 15 жніўня, 15 лістапада.
 
Вылічаныя на працягу года сумы авансавых плацяжоў па сканчэнні хаця бы аднаго тэрміну выплаты выплачваюцца роўнымі долямі па тэрмінах выплаты, якія не надышлі. Па сканчэнні тэрмінаў выплаты авансавых плацяжоў выплата падатку праводзіцца роўнымі долямі ў два тэрміны: праз месяц пасля ўручэння плацежнага паведамлення на выплату падатку і праз месяц пасля першага тэрміну выплаты падатку (пункт 3 артыкула 16 Закона).
 
Згодна з артыкулам 2 Закона аб’ектам падаткаабкладання з’яўляецца сукупны даход фізічных асоб у грашовай і натуральнай форме, атрыманы на працягу календарнага года. Сукупны гадавы даход вызначаецца пасля заканчэння календарнага года як агульная сума ўсіх даходаў (акрамя даходаў, указаных у главе 8 Закона) фізічнай асобы, атрыманых ад усіх крыніц за календарны год.
 
У адпаведнасці з артыкулам 19 Закона па сканчэнні календарнага года падатковымі органамі праводзіцца пераразлік падатку зыходзячы з сукупнага гадавога даходу. Розніца паміж вылічанай сумай падатку і сумамі падатку, выплачанымі (утрыманымі) на працягу года, падлягае выплаце фізічнымі асобамі ці па іх заяве звароту або заліку ім падатковымі органамі не пазней 15 мая года, што ідзе следам за справаздачным.
 
За парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якое рэгулюе парадак вылічэння, утрымання, пералічэння (выплаты) падаходнага падатку з фізічных асоб, прадстаўлення дэкларацый для мэт падаткаабкладання, юрыдычныя асобы, прадпрымальнікі і фізічныя асобы нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (артыкул 22 Закона).
 
Пунктам 2 артыкула 10 Закона "Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь" устаноўлена, што своечасова не выплачаныя ў бюджэт сумы падаткаў спаганяюцца з плацельшчыкаў з налічэннем за кожны дзень пратэрміноўкі (уключаючы дзень выплаты) пені ў памеры ўліковай стаўкі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, якая дзейнічае на момант спагнання сродкаў. Паколькі ва ўказаным Законе не прадугледжваецца налічэнне пені за несвоечасова выплачаныя авансавыя плацяжы і, акрамя таго, па сканчэнні календарнага года падатковымі органамі праводзіцца пераразлік падаходнага падатку зыходзячы з сукупнага гадавога даходу, Канстытуцыйны Суд лічыць, што незахаванне тэрмінаў выплаты авансавых плацяжоў па падаходным падатку з даходаў у выглядзе спадчыны не з’яўляецца падставай для прымянення адказнасці, устаноўленай заканадаўствам за несвоечасовую выплату падаходнага падатку.
 
У Метадычных указаннях па вылічэнню і выплаце падаходнага падатку з фізічных асоб, зацверджаных загадам Дзяржаўнага падатковага камітэта Рэспублікі Беларусь ад 6 красавіка 1999 г. № 62 (зарэгістраваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь 27 красавіка 1999 г., № 8/289), з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі, вызначаны некалькі іншыя, адрозныя ад прадугледжаных у Законе, парадак і тэрміны выплаты падаходнага падатку з даходаў у выглядзе спадчыны.
 
Вывучэнне практыкі паказала, што пры вылічэнні сум падаходнага падатку з даходаў у выглядзе спадчыны і вызначэнні тэрмінаў іх выплаты падатковыя органы прымяняюць палажэнні абзаца пятага падпункта 16.2 названых Метадычных указанняў, у адпаведнасці з якімі ў выпадку, калі да канца года атрыманне даходу не прадугледжваецца (спынілася крыніца даходу ці атрыманне даходу насіла разавы характар), у дэкларацыі ўказваецца нулявы магчымы даход і вылічэнне падатку праводзіцца з фактычнага даходу згодна з прадстаўленай дэкларацыяй. Выплата падатку праводзіцца ў тэрміны, указаныя ў падпункце 16.6 названых Метадычных указанняў (пункт 6 артыкула 16 Закона).
 
На падставе пункта 6 артыкула 16 Закона "Аб падаходным падатку з фізічных асоб" пераразлік падатку, спагнанне або зварот вылічаных сум праводзіцца ў 15-дзённы тэрмін з дня прадстаўлення дэкларацыі ў падатковы орган. Такім чынам, падатковыя органы патрабуюць выплаціць падаходны падатак з даходаў у выглядзе спадчыны ў 15-дзённы тэрмін з дня прадстаўлення дэкларацыі, выпускаючы з-пад увагі, што гэты пункт Закона прадугледжвае спыненне атрымання даходу на працягу года і што для фізічнай асобы прадстаўленне дэкларацыі ў дадзеным выпадку з’яўляецца яе правам, а не абавязкам.
 
Прадстаўленне ж дэкларацыі пры атрыманні даходаў у выглядзе спадчыны згодна з пунктам 2 артыкула 16 Закона абавязковае. Такі ж падыход вызначаны і ў абзацы другім падпункта 16.2 Метадычных указанняў па вылічэнню і выплаце падаходнага падатку з фізічных асоб. Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў выпадку непрадстаўлення ва ўстаноўленыя тэрміны дэкларацыі аб даходах у выглядзе спадчыны да плацельшчыкаў падаходнага падатку прымяняецца адказнасць, устаноўленая пунктам 4 артыкула 9 Закона "Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь". У адпаведнасці з указаным пунктам пры непрадстаўленні, несвоечасовым прадстаўленні падатковым органам справаздач, разлікаў і іншых дакументаў, неабходных для вылічэння і выплаты падаткаў у бюджэт, плацельшчыкі падаткаў уносяць у выглядзе санкцый 10 працэнтаў належных сум падаткаў.
 
У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд лічыць, што прадугледжаны ў пункце 6 артыкула 16 Закона "Аб падаходным падатку з фізічных асоб" 15-дзённы тэрмін для пераразліку падатку, спагнання або звароту вылічаных сум не можа прымяняцца да выплаты сум падаходнага падатку з даходаў, атрыманых у выглядзе спадчыны.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што вылічэнне падаходнага падатку з даходаў у выглядзе спадчыны і ўручэнне падаткаплацельшчыку плацежнага паведамлення, у якім павінна быць указана сума падатку і тэрміны яго выплаты, ускладзены заканадаўствам на падатковыя органы. Пры гэтым у плацежным паведамленні тэрміны выплаты для авансавых плацяжоў павінны вызначацца з улікам палажэнняў пунктаў 2 і 3 артыкула 16 Закона "Аб падаходным падатку з фізічных асоб", а пры пераразліку падатку зыходзячы з сукупнага гадавога даходу — пункта 4 артыкула 19 названага Закона.
 
Згодна з артыкулам 58 Канстытуцыі ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, не прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе законамі, ці да адмовы ад сваіх правоў.
 
У адпаведнасці з артыкулам 56 Канстытуцыі грамадзяне Рэспублікі Беларусь абавязаны прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў. Дадзены канстытуцыйны абавязак мае асаблівы, а іменна публічна-прававы, характар, што абумоўлена публічна-прававой прыродай дзяржавы і дзяржаўнай улады. Падатак - неабходная ўмова існавання любой дзяржавы, таму абавязак плаціць падаткі распаўсюджваецца на ўсіх падаткаплацельшчыкаў у якасці безумоўнага патрабавання дзяржавы.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што асаблівы характар указанага канстытуцыйнага абавязку не можа быць падставай для прымушэння грамадзян да адмовы ад сваіх правоў, у прыватнасці права выплаціць падаходны падатак з даходаў у выглядзе спадчыны па частках, ва ўстаноўленыя законам парадку і тэрміны.
 
Згодна з артыкулам 137 Асноўнага Закона падзаконныя акты павінны адпавядаць Канстытуцыі і прынятым у адпаведнасці з ёй законам.
 
У сувязі з выкладзеным Канстытуцыйны Суд лічыць, што адсылачная норма, якая датычыцца тэрмінаў выплаты падаходнага падатку, у абзацы пятым падпункта 16.2 Метадычных указанняў па вылічэнню і выплаце падаходнага падатку з фізічных асоб не ўзгадняецца з адпаведнымі палажэннямі Закона "Аб падаходным падатку з фізічных асоб" і ўшчамляе канстытуцыйныя правы і законныя інтарэсы грамадзян, якія атрымліваюць даходы ў выглядзе спадчыны.
 
Акрамя таго, скаргі грамадзян на неабгрунтаванае, на іх думку, завышэнне вартасці будынкаў і збудаванняў пры іх ацэнцы бюро тэхнічнай інвентарызацыі, што паступаюць у Канстытуцыйны Суд, сведчаць аб неабходнасці перагляду існуючай методыкі ацэнкі будынкаў і збудаванняў у мэтах знаходжання аптымальнага балансу інтарэсаў дзяржавы і грамадзян, якія атрымліваюць спадчыну.
 
Кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116, артыкулам 137 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 11, 36, 38, 40, 401 Закона "Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь", Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прапанаваць:
 
Дзяржаўнаму падатковаму камітэту Рэспублікі Беларусь прывесці Метадычныя ўказанні па вылічэнню і выплаце падаходнага падатку з фізічных асоб у адпаведнасць з гэтым рашэннем;
 
падатковым органам у сілу вяршэнства закона ў адносінах да ведамасных нарматыўных прававых актаў пры спагнанні падаходнага падатку з даходаў у выглядзе спадчыны зыходзіць з тэрмінаў выплаты, устаноўленых Законам Рэспублікі Беларусь "Аб падаходным падатку з фізічных асоб";
 
упаўнаважаным органам прааналізаваць методыку ацэнкі будынкаў і збудаванняў, што належаць фізічным асобам, з мэтай знаходжання магчымасці яе перагляду для больш поўнай абароны канстытуцыйных правоў і законных інтарэсаў грамадзян, якія атрымліваюць у спадчыну маёмасць.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                       Р.А. Васілевіч