Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
12 чэрвеня 2001 г. № Р-118/2001
Аб парадку вяртання паявых узносаў грамадзянам, якія выбылі з жыллёва-будаўнічых кааператываў, што ажыццяўляюць будаўніцтва жылых дамоў
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь звароты жылллёва-будаўнічых кааператываў адносна канстытуцыйнасці дзеючага парадку індэксацыі і вяртання паявых узносаў, устаноўленага Часовым палажэннем аб парадку індэксацыі паявых узносаў, якія вяртаюцца грамадзянам у выпадку іх выхаду з жыллёва-будаўнічых кааператываў.
 
Так, у Канстытуцыйны Суд звярнуўся маладзёжны жылллёва-будаўнічы кааператыў "Добрыя суседзі", які з лістапада 1999 г. вядзе будаўніцтва жылога дома ў г. Мінску ў мікрараёне Малінаўка-6. У сувязі з падаражэннем будаўніцтва ў 2000 г. частка членаў кааператыва выйшлі з яго складу. Выплата паявых узносаў тым, хто выйшаў, ажыццяўлялася ў адпаведнасці са Статутам МЖБК, гэта значыць пасля прыняцця новых членаў кааператыва.
 
Аднак у сувязі з высокім коштам будаўніцтва ўступанне новых членаў у кааператыў ажыццяўлялася марудна. У выніку некалькі былых членаў МЖБК звярнуліся ў суд з іскам да кааператыва аб спагнанні з яго паявых узносаў, абгрунтаваўшы свае патрабаванні спасылкай на Часовае палажэнне аб парадку індэксацыі паявых узносаў, якія вяртаюцца грамадзянам у выпадку іх выхаду з жыллёва-будаўнічых кааператываў, зацверджанае пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 1996 г. № 375 (далей — Часовае палажэнне). Згодна з Часовым палажэннем у выпадку добраахвотнага выхаду або выключэння грамадзян з ЖБК, што ажыццяўляюць будаўніцтва жылых дамоў, іх паявыя ўзносы індэксуюцца ў залежнасці ад змянення кошту будаўніча-мантажных работ (пункт 4) і вяртаюцца ў тэрміны, вызначаныя праўленнем ЖБК, але не пазней 2 месяцаў з дня выхаду (выключэння) грамадзяніна з кааператыва (пункт 5).
 
Суд Цэнтральнага раёна г. Мінска іскавыя патрабаванні задаволіў. Для забеспячэння выканання рашэння судом накладзены арышт на рахунак МЖБК, на які паступілі бюджэтныя мэтавыя сродкі (субсідыі) на будаўніцтва і сродкі мэтавай пазыкі, выдзеленай Мінскім трактарным заводам на будаўніцтва жылля сваім рабочым.
 
МЖБК лічыць, што дадзенае рашэнне суда ўшчамляе канстытуцыйныя правы грамадзян, якія засталіся ў МЖБК і вядуць будаўніцтва, паколькі: па-першае, кааператыў не мае магчымасці зрабіць выплату паявых узносаў былым членам раней, чым уступіць новы член, таму што адсутнічае крыніца гэтых выплат; па-другое, праіндэксаваны кошт паяў усіх былых членаў МЖБК ва ўстаноўленым Часовым палажэннем парадку перавысіць балансавы кошт усяго незавершанага будаўніцтва, што прывядзе да парушэння правоў грамадзян, якія засталіся ў кааператыве.
 
Канстытуцыйны Суд, прааналізаваўшы артыкулы 2, 7, 13, 21, 22 і 48 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулы 44, 46, 116, 214 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, артыкулы 107, 109 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь, адпаведныя палажэнні Прыкладнага статута жыллёва-будаўнічага кааператыва, зацверджанага пастановай Савета Міністраў БССР ад 15 лістапада 1984 г. № 400 (з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі), устанавіў наступнае.
 
Жыллёва-будаўнічы кааператыў — арганізацыя грамадзян-забудоўшчыкаў, якая ствараецца ў мэтах будаўніцтва жылога дома (дамоў) і далейшай эксплуатацыі і кіравання ім (імі) (артыкул 107 Жыллёвага кодэкса).
 
Маёмасць жыллёва-будаўнічага кааператыва, як і іншых спажывецкіх кааператываў, у адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 116 Грамадзянскага кодэкса фарміруецца ў выніку аб’яднання яго членамі паявых узносаў. Маёмасць, перададзеная жыллёва-будаўнічаму кааператыву яго членамі, а таксама маёмасць, набытая жыллёва-будаўнічым кааператывам, знаходзіцца ў яго ўласнасці (пункт 3 артыкула 214 Грамадзянскага кодэкса).
 
Члены жыллёва-будаўнічага кааператыва маюць абавязацельныя правы ў адносінах да такога кааператыва (пункт 2 артыкула 44 Грамадзянскага кодэкса). У адпаведнасці з артыкулам 109 Жыллёвага кодэкса член жыллёва-будаўнічага кааператыва, іншай арганізацыі грамадзян-забудоўшчыкаў мае права выйсці з арганізацыі ў любы час, атрымаўшы кошт сваёй долі.
 
Прыкладным статутам жыллёва-будаўнічага кааператыва прадугледжваецца, што член кааператыва мае права добраахвотна выйсці з кааператыва ў любы час яго існавання (падпункт 34.3). Асобе, якая выбыла з кааператыва, вяртаецца сума ўнесеных паявых узносаў, зменшаная адпаведна зносу кватэры, што вызначаецца па норме амартызацыі на поўнае аднаўленне кватэры з улікам часу карыстання ёю. Указаная сума вяртаецца пасля ўнясення адпаведных узносаў новапрынятым членам кааператыва (пункт 57). Такім чынам, Прыкладным статутам урэгуляваны пытанні разлікаў у адносінах да кватэр, якія ўжо знаходзяцца ў эксплуатацыі.
 
У выпадку выхаду (выключэння) грамадзян з ЖБК, што ажыццяўляюць будаўніцтва жылых дамоў, Часовым палажэннем устаноўлены іншы парадак выплаты паявых узносаў, якія вяртаюцца грамадзянам. Гэтыя ўзносы індэксуюцца ў залежнасці ад змянення кошту будаўніча-мантажных работ і вяртаюцца ў тэрміны, вызначаныя праўленнем ЖБК, але не пазней 2 месяцаў з дня выхаду (выключэння) грамадзяніна з кааператыва.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што такі парадак выплаты паявых узносаў грамадзянам у выпадку іх выхаду (выключэння) з жыллёва-будаўнічых кааператываў, што ажыццяўляюць будаўніцтва жылых дамоў, не ўлічвае асаблівасці фарміравання і расходавання фінансавых сродкаў ЖБК. У выніку ўшчамляюцца правы і законныя інтарэсы грамадзян, якія захоўваюць сваё членства ў кааператыве, а таксама ЖБК у цэлым як юрыдычнай асобы. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.
 
Пай, унесены членам ЖБК, што ажыццяўляе будаўніцтва жылога дома, набывае арэчаўлены характар: гэта не грашовыя сродкі, сканцэнтраваныя на асабовым рахунку пайшчыка, а будуемая (пабудаваная) кватэра і дапаможныя памяшканні і абсталяванне жылога дома (вестыбюлі, калідоры, галерэі, лесвічныя маршы, пляцоўкі, ліфтавыя холы, унутрыдамавое інжынернае абсталяванне і да т.п.), якія адпавядаюць долі кожнага члена ЖБК у фінансаванні ўказанага будаўніцтва. У гэтай сувязі зварот грашовых сродкаў, што належаць да выплаты члену, які выбыў або выключаны з кааператыва, магчымы, як правіла, толькі пры ўмове прыняцця ў ЖБК новага члена і ўнясення апошнім грашовага кошту паю, роўнага кошту паю, што падлягае выплаце.
 
Асноўным прызначэннем паявых узносаў, якія ўносяць члены ЖБК, з’яўляецца будаўніцтва жылога дома. Унесеныя членамі ЖБК грашовыя сродкі складаюць тую суму, якая неабходна для будаўніцтва не канкрэтнай кватэры кожнага члена, а дома ў цэлым як адзінага комплексу. У гэтай сувязі паміж членамі ЖБК, што ажыццяўляе будаўніцтва жылога дому, узнікае ўзаемная адказнасць па належным выкананні сваіх членскіх абавязкаў у мэтах своечасовага будаўніцтва жылога дома і ўводу яго ў эксплуатацыю.
 
Паколькі Часовым палажэннем прадугледжаны абавязак жыллёва-будаўнічага кааператыва выплаціць паявыя ўзносы выбыўшым членам у двухмесячны тэрмін незалежна ад прыняцця на месца выбыўшага новага члена, то ў выніку ў ЖБК да прыняцця новага члена канфіскуюцца грашовыя сродкі, унесеныя іншымі ўдзельнікамі для ажыццяўлення (завяршэння) будаўніцтва дома. Такі парадак не адпавядае падыходам заканадаўца да рэгулявання падобных адносін. Так, напрыклад, выплата кошту долі ўдзельніку, які выходзіць (выключаецца) з гаспадарчага таварыства або таварыства, ажыццяўляецца ў тэрмін да 12 месяцаў з дня падачы заявы аб выхадзе або прыняцці рашэння аб выключэнні, калі іншае не прадугледжана ва ўстаноўчых дакументах (пункт 2 артыкула 64 Грамадзянскага кодэкса); выплата кошту паю або выдача іншай маёмасці члену, які выходзіць з вытворчага кааператыва, ажыццяўляецца па заканчэнні фінансавага года і пасля зацвярджэння бухгалтарскага балансу кааператыва, калі іншае не прадугледжана статутам кааператыва (пункт 1 артыкула 111 Грамадзянскага кодэкса). Прыведзеныя нормы ГК носяць дыспазітыўны характар. З гэтага вынікае, што ва ўстаноўчых дакументах могуць быць прадугледжаны іншыя тэрміны, у тым ліку, якія перавышаюць устаноўленыя заканадаўцам.
 
У гэтай сувязі, на думку Канстытуцыйнага Суда, для вяртання паявых узносаў грамадзянам, якія выбылі або выключаны з ЖБК, што ажыццяўляе жыллёвае будаўніцтва, упаўнаважанымі органамі можа быць устаноўлены іншы, больш працяглы ў параўнанні з існуючым, тэрмін выплаты паявых узносаў (напрыклад, да 6 месяцаў).
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што тэрміны выплаты праіндэксаваных сум паявых узносаў членам ЖБК, якія выбылі па асабістаму жаданню або выключаны, могуць не ўвязвацца з уступаннем у ЖБК новых членаў замест выбыўшых толькі ў тым выпадку, калі кааператыў будзе мець для гэтага спецыяльныя сродкі. Парадак і ўмовы фарміравання крыніцы для падобнага роду выплат павінны быць прадугледжаны заканадаўствам аб жыллёва-будаўнічых кааператывах, іншых арганізацыях грамадзян-забудоўшчыкаў, а таксама ўстаноўчымі дакументамі ЖБК, ЖК і інш.
 
На думку Канстытуцыйнага Суда, пры наяўнасці асаблівых уважлівых прычын гарантамі такіх выплат маглі б стаць дзяржаўныя органы, суб’екты гаспадарання і інш. У падобных выпадках магло б таксама мець месца страхаванне рызыкі страт, панесеных ЖБК у сувязі са змяненнем умоў дзейнасці па не залежных ад яго прычынах (пры належным прававым рэгуляванні дадзеных адносін).
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 1, 7, 11, 36, 38, 40, 401 Закона "Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь", Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Адзначыць, што прадугледжаныя Часовым палажэннем аб парадку індэксацыі паявых узносаў, якія вяртаюцца грамадзянам у выпадку іх выхаду з жыллёва-будаўнічых кааператываў, зацверджаным пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 1996 г. № 375, тэрміны вяртання ўказаных узносаў не ўлічваюць асаблівасці фарміравання і расходавання фінансавых сродкаў жыллёва-будаўнічых кааператываў, што ўшчамляе правы і законныя інтарэсы членаў кааператываў, пагаршае функцыянаванне жыллёва-будаўнічых кааператываў як юрыдычных асоб, затрымлівае завяршэнне будаўніцтва жылых дамоў і ўвод іх у эксплуатацыю.
 
2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:
 
вызначыць такі парадак вяртання паявых узносаў, які б забяспечваў прававую абарону членаў жыллёва-будаўнічых кааператываў, іншых арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў, не толькі якія выбываюць, але і застаюцца;
 
прадугледзець магчымыя механізмы аказання садзейнічання жыллёва-будаўнічым кааператывам, іншым арганізацыям грамадзян-забудоўшчыкаў у вырашэнні пытанняў, што датычацца вяртання паявых узносаў грамадзянам, якія выбылі з членаў кааператыва (іншых арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў), з улікам уважлівасці прычын выбыцця, іншых абставін, што заслугоўваюць увагі.
 
Пры неабходнасці падрыхтаваць і ўнесці адпаведныя прапановы заканадаўцу.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                                                             Р.А. Васілевіч