Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
15 чэрвеня 2001 г. № Р-120/2001
Аб прававой пазіцыі Канстытуцыйнага Суда адносна выкарыстоўваемага ў артыкуле 80 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь паняцця “грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь”
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шышко Г.Б. на падставе артыкулаў 7, 8, 40, 59, 116 і 137 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь разгледзеў запыт Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў аб пазіцыі Канстытуцыйнага Суда адносна вызначэння паняцця “грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь”, што выкарыстоўваецца ў артыкуле 80 Канстытуцыі.
 
У запыце ўказана, што ў Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў паступілі дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзян па вылучэнню кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Пазьняка З.С., які знаходзіцца ў цяперашні час за межамі Рэспублікі Беларусь.
 
Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, нормы міжнародна-прававых актаў, Выбарчага кодэкса, іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд адзначае наступнае.
 
Пры вызначэнні месца пастаяннага пражывання трэба ўлічваць не толькі месца фактычнага знаходжання асобы ў той ці іншы перыяд часу (у Рэспубліцы Беларусь або за яе межамі), але і яе намер мець дадзенае месца ў якасці месца свайго пастаяннага пражывання. Змест гэтага паняцця прадвызначаецца мэтамі выезду (выбыцця) за межы Рэспублікі Беларусь: ці з’яўляецца выезд часовым або гэта выбыццё на пастаяннае месца жыхарства ў іншую дзяржаву.
 
У якасці часовага выезду можа разглядацца выезд у службовую камандзіроўку, на вучобу, адпачынак, для лячэння і па іншых уважлівых прычынах, якія сведчаць аб часовым знаходжанні за межамі Рэспублікі Беларусь і захаванні Рэспублікі Беларусь ў якасці месца пастаяннага пражывання.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што Пазьняк З.С. захоўвае грамадзянства Рэспублікі Беларусь, свой выезд разглядае як часовы з прычыны палітычнай, на яго думку, сітуацыі. Iм не афармляўся выезд на пастаяннае месца жыхарства ў іншую дзяржаву. Ён з’яўляецца Старшынёй Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ, афіцыйна зарэгістраванай Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь (пасведчанне № 18), што пацвярджае яго ўдзел у палітычным жыцці Рэспублікі Беларусь.
 
Трэба таксама ўлічваць, што яму прадастаўлена прыстанішча ў замежнай дзяржаве.
 
Артыкулам 14 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека прадугледжана права кожнага шукаць прыстанішча ад праследавання ў іншых краінах і карыстацца гэтым прыстанішчам. У адпаведнасці з Дэкларацыяй аб тэрытарыяльным прыстанішчы, прынятай рэзалюцыяй 2312 (XXII) Генеральнай Асамблеі ААН 14 снежня 1967 г., прыстанішча, прадастаўляемае якой-небудзь дзяржавай ва ажыццяўленне свайго суверэнітэту асобам, якія маюць падставу спасылацца на артыкул 14 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, павінна паважацца ўсімі іншымі дзяржавамі. Ацэнка падстаў для прадастаўлення прыстанішча ляжыць на дзяржаве, якая прадастаўляе гэта прыстанішча (артыкул 1).
 
У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд, грунтуючыся на замацаваным у артыкуле 8 Канстытуцыі прыярытэце агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і не ацэньваючы наяўнасць сапраўдных ці ўяўных падстаў для звароту Пазьняка З.С. з просьбай аб атрыманні прыстанішча ў іншай краіне, зыходзіць з самога факта прадастаўлення яму прыстанішча і мяркуе, што рэгістрацыя ініцыятыўнай групы па яго вылучэнню кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь будзе сведчыць аб добрай волі нашай дзяржавы як прававой і дэмакратычнай, яе імкненні ўмацоўваць асновы народаўладдзя і жаданні правесці свабодныя і справядлівыя выбары, вырашаць пытанні, кіруючыся нормамі міжнароднага права, накіраванымі на забеспячэнне і абарону асноватворных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што з улікам выкладзеных акалічнасцей Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў мае прававыя падставы для рэгістрацыі ўказанай ініцыятыўнай групы.
 
У сілу прадпісанняў артыкула 3 Канстытуцыі вярхоўнай суверэннай уладай валодае народ, які можа свабодна і непасрэдна выказаць свае адносіны да кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь як пры зборы подпісаў для яго вылучэння, так і пры галасаванні ў дзень выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
 
Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня яго прыняцця і падлягае апублікаванню ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                                                            Р.А. Васілевіч