Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
19 чэрвеня 2001 г. № Р-121/2001
Аб прававой пазіцыі Канстытуцыйнага Суда адносна выкарыстоўваемага ў артыкуле 80 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь паняцця “грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнню”
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шышко Г.Б. на падставе артыкулаў 7, 40, 116, 137, 142 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь разгледзеў запыт Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў аб прававой пазіцыі Канстытуцыйнага Суда адносна вызначэння паняцця “грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнню”, што выкарыстоўваецца ў артыкуле 80 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
 
У запыце ўказана, што ў Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў паступілі дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзян па вылучэнню кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Ляшко А.А., які нарадзіўся ў 1949 г. у Комі АССР Расійскай Федэрацыі. З 1958 г. Ляшко А.А. пражывае ў Рэспубліцы Беларусь. Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў просіць Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь выказаць прававую пазіцыю аб тым, ці з’яўляецца пры ўказаных абставінах Ляшко А.А. грамадзянінам Рэспублікі Беларусь па нараджэнню.
 
Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцый БССР 1937, 1978 гг. і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г., Канстытуцый СССР 1936, 1977 гг., законаў аб грамадзянстве СССР 1938, 1978 і 1990 гг., Закона “Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь” 1991 г., Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь і іншых нарматыўных актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
У адпаведнасці з артыкулам 80 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнню. Аналагічная норма змяшчаецца і ў артыкуле 57 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Падобныя патрабаванні да займання пасады Прэзідэнта прадугледжаны і ў канстытуцыях некаторых іншых дзяржаў.
 
У адпаведнасці з Канстытуцыямі БССР 1937, 1978 гг. Беларусь, уваходзячы ў склад СССР, захоўвала свой суверэнітэт. Адной з важнейшых прымет дзяржаўнага суверэнітэту з’яўляецца наяўнасць уласнага грамадзянства.
 
У артыкуле 18 Канстытуцыі БССР 1937 г. было ўстаноўлена, што кожны грамадзянін БССР з’яўляецца грамадзянінам СССР. Такая ж норма змяшчалася і ў артыкуле 31 Канстытуцыі БССР 1978 г. Артыкулам 21 Канстытуцыі СССР 1936 г. для грамадзян СССР было ўстаноўлена адзінае саюзнае грамадзянства. Кожны грамадзянін саюзнай рэспублікі з’яўляўся грамадзянінам СССР. Аналагічная норма змяшчалася ў артыкуле 33 Канстытуцыі СССР 1977 г.
 
Падставы і парадак набыцця і страты савецкага грамадзянства вызначаліся законамі аб грамадзянстве СССР. У сілу палажэнняў артыкула 2 Закона “Аб грамадзянстве Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік” ад 19 жніўня 1938 г. грамадзянамі СССР з’яўляліся: а) усе, хто былі да 7 лістапада 1917 г. падданымі былой Расійскай імперыі і не страцілі савецкага грамадзянства; б) асобы, якія набылі савецкае грамадзянства ва ўстаноўленым законам парадку.
 
Згодна з артыкулам 3 Закона “Аб грамадзянстве СССР” ад 1 снежня 1978 г. грамадзянамі СССР з’яўляліся: асобы, якія былі ў грамадзянстве СССР на дзень уступлення ў сілу гэтага Закона; асобы, якія набылі грамадзянства СССР у адпаведнасці з указаным Законам. У адпаведнасці з артыкулам 10 гэтага ж Закона грамадзянства СССР набывалася па нараджэнню, а таксама і па іншых падставах. Такія ж нормы былі ўзноўлены ў артыкулах 4 і 13 Закона “Аб грамадзянстве СССР” ад 23 мая 1990 г.
 
Саюзным заканадаўствам устанаўлівалася адзінае саюзнае грамадзянства. Яго наяўнасць азначала, што грамадзянін, які пражывае ў адной з саюзных рэспублік, з’яўляўся яе грамадзянінам і грамадзянінам СССР, але не з’яўляўся адначасова грамадзянінам іншай саюзнай рэспублікі.
 
Агульнапрызнана лічыць грамадзянінам па нараджэнню асобу, якая нарадзілася на тэрыторыі дадзенай дзяржавы (прынцып “права глебы”) і (ці) бацькі (адзін з бацькоў) якой з’яўляюцца грамадзянамі гэтай дзяржавы (прынцып “права крыві”). Канкрэтныя ўмовы прымянення і спалучэння гэтых прынцыпаў вызначаюцца заканадаўствам.
 
Дадзены падыход быў замацаваны як у раней дзеючым саюзным і рэспубліканскім заканадаўстве аб грамадзянстве, так і ў Законе “Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь” ад 18 кастрычніка 1991 г. (артыкулы 9, 10, 11, 12 і інш.). Разам з тым заканадавец, вызначаючы ў названым Законе падставы набыцця грамадзянства, прызнаў асоб, якія пастаянна пражывалі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь на дзень уступлення ў сілу ўказанага Закона, грамадзянамі Рэспублікі Беларусь (артыкулы 2, 8). Аднак гэта не азначала, што ўсе гэтыя асобы прызнаны заканадаўцам грамадзянамі Рэспублікі Беларусь па нараджэнню. Вырашэнне дадзенага пытання залежыць ад канкрэтных абставін (месца нараджэння, грамадзянства бацькоў і інш.). (Некаторыя растлумачэнні па прымяненню норм названага Закона былі дадзены ў пастанове Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 18 кастрычніка 1991 г. “Аб увядзенні ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь”.)
 
На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд адзначае, што Ляшко А.А., які нарадзіўся ў 1949 г. у Комі АССР Расійскай Федэрацыі, бацькі якога, па наяўных звестках, грамадзянамі БССР на момант яго нараджэння не з’яўляліся, набыў грамадзянства БССР (грамадзянства Рэспублікі Беларусь) не па нараджэнню, а толькі ў сувязі з пераездам у 1958 г. на тэрыторыю БССР.
 
Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня яго прыняцця і падлягае апублікаванню ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                                                          Р.А.Васілевіч