Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
12 ліпеня 2001 г. № Р-124/2001
Аб неадпаведнасці падпункта 7.4 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і Пленума Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь ад 22 чэрвеня 2000 г. № 4/3 “Аб размежаванні падведамаснасці спраў паміж агульнымі і гаспадарчымі судамі” законам Рэспублікі Беларусь
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь калектыўны зварот грамадзян аб неадпаведнасці падпункта 7.4 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і Пленума Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь ад 22 чэрвеня 2000 г. № 4/3 “Аб размежаванні падведамаснасці спраў паміж агульнымі і гаспадарчымі судамі” Грамадзянскаму працэсуальнаму кодэксу і іншым законам Рэспублікі Беларусь, устанавіў наступнае.
 
Падпунктам 7.4 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і Пленума Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь ад 22 чэрвеня 2000 г. № 4/3 прадугледжваецца, што спрэчкі па заявах грамадзян да ліквідуемых юрыдычных асоб, калі іх маёмасныя патрабаванні не прызнаны ліквідацыйнай камісіяй, кіраўніком або ліквідатарам, назначанымі гаспадарчым судом, падведамасны гаспадарчым судам.
 
Згодна з артыкулам 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.
 
У адпаведнасці з артыкулам 109 Канстытуцыі сістэма судоў у Рэспубліцы Беларусь будуецца на прынцыпах тэрытарыяльнасці і спецыялізацыі; судовы лад вызначаецца законам.
 
Часткай другой артыкула 1 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб судовым ладзе і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь” прадугледжваецца, што судовая ўлада ажыццяўляецца агульнымі, гаспадарчымі і іншымі судамі, прадугледжанымі законамі Рэспублікі Беларусь. Размежаванне падведамаснасці спраў паміж рознымі судамі вызначаецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
 
Гаспадарчыя суды ажыццяўляюць правасуддзе шляхам вырашэння гаспадарчых (эканамічных) спрэчак (артыкул 1 Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Гаспадарчаму суду падведамасны справы па гаспадарчых (эканамічных) спрэчках паміж юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, а ў выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі, таксама арганізацыямі, якія не з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, і грамадзянамі (пункт 1 часткі першай артыкула 27 Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса).
 
Згодна з пунктам 1 часткі першай артыкула 37 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса (далей — ГПК) агульным судам падведамасны справы па спрэчках, якія ўзнікаюць з грамадзянскіх, сямейных, працоўных, жыллёвых, зямельных адносін, адносін па выкарыстанню прыродных рэсурсаў, а таксама навакольнага асяроддзя, калі хаця б адным з бакоў у спрэчцы выступае грамадзянін, за выключэннем выпадкаў, калі актамі заканадаўства вырашэнне такіх спрэчак аднесена да кампетэнцыі іншых судоў або да распараджэння іншых дзяржаўных органаў, а таксама іншых арганізацый.
 
Указанае выключэнне прадугледжваецца артыкулам 84 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)”. Дадзеным артыкулам устаноўлена, што крэдытор або даўжнік мае права падаць скаргу на дзеянні кіраўніка ў сход крэдытораў, калі іншае не прадугледжана названым Законам.
 
Рашэнне сходу крэдытораў, якім скарга на дзеянні кіраўніка пакінута без задавальнення, можа быць на працягу дзесяці дзён абскарджана ў гаспадарчы суд. Аднак названая норма распаўсюджваецца толькі на выпадкі ліквідацыі юрыдычнай асобы ў сілу яе эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва).
 
Падпункт 7.4 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда і Пленума Вышэйшага Гаспадарчага Суда ад 22 чэрвеня 2000 г. № 4/3 прадугледжвае аднясенне да падведамаснасці гаспадарчых судоў разгляду заяў грамадзян да ліквідуемых юрыдычных асоб, калі іх патрабаванні не прызнаны ліквідацыйнай камісіяй, кіраўніком або ліквідатарам, ва ўсіх выпадках, калі ўказаныя органы і асобы назначаюцца гаспадарчым судом. Тым самым пашыраецца кола спраў, падведамасных гаспадарчым судам, і адпаведна звужаецца прадугледжаная артыкулам 37 ГПК падведамаснасць спраў агульным судам.
 
Разам з тым сумесная пастанова Пленума Вярхоўнага Суда і Пленума Вышэйшага Гаспадарчага Суда не можа быць аднесена да ліку ўказаных у артыкуле 37 ГПК нарматыўна-прававых актаў, якімі можа змяняцца падведамаснасць спрэчак, таму што: судаводства па грамадзянскіх справах у адпаведнасці з артыкулам 2 ГПК рэгулюецца толькі заканадаўчымі актамі; Пленум Вышэйшага Гаспадарчага Суда мае права толькі даваць у парадку судовага тлумачэння растлумачэнні па пытаннях прымянення заканадаўства ў сферы прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай (эканамічнай) дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (артыкул 15 Закона “Аб гаспадарчых судах у Рэспубліцы Беларусь”), Пленум Вярхоўнага Суда дае растлумачэнні па пытаннях прымянення заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якія ўзнікаюць пры разглядзе судовых спраў (артыкул 49 Закона “Аб судовым ладзе і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь”).   
 
Акрамя таго, змяненне падведамаснасці ўказанай у падпункце 7.4 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і Пленума Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь ад 22 чэрвеня 2000 г. № 4/3 катэгорыі спраў, аднясенне іх да вядзення гаспадарчых судоў абмяжоўваюць права грамадзян на судовую абарону. Сістэма гаспадарчых судоў мае іншую структуру, чым сістэма агульных судоў. У адрозненне ад гаспадарчых у сістэму агульных судоў уваходзяць суды не толькі агульнарэспубліканскага і абласнога, але і раённага (гарадскога) узроўню, што мае на ўвазе большую даступнасць правасуддзя.
 
Судаводства ў гаспадарчых судах ажыццяўляецца на падставе спецыяльных норм, якія змяшчаюцца ў Гаспадарчым працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь і іншых актах, указаных у артыкуле 3 дадзенага Кодэкса. Згодна з артыкулам 204 Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса скарга ў парадку нагляду можа быць пададзена на працягу года з дня ўступлення ў законную сілу судовага акта. У адрозненне ад гэтага артыкул 437 ГПК устанаўлівае трохгадовы тэрмін для падачы такой скаргі.
 
Кіруючыся артыкуламі 40, 60 і часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулам 7Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прапанаваць Пленуму Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і Пленуму Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь прывесці падпункт 7.4 іх сумеснай пастановы ад 22 чэрвеня 2000 г. № 4/3 “Аб размежаванні падведамаснасці спраў паміж агульнымі і гаспадарчымі судамі” ў адпаведнасць з артыкулам 37 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і артыкулам 84 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)” і кіравацца ў сваёй дзейнасці ўказанымі нормамі законаў.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                   Р.А.Васілевіч