Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
13 ліпеня 2001 г. № Р-125/2001
Аб парадку афармлення права ўласнасці на кватэру ў доме жыллёва-будаўнічага кааператыва

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь звароты адносна канстытуцыйнасці дзеючага парадку афармлення права ўласнасці на кватэру ў доме жыллёва-будаўнічага кааператыва, устанавіў наступнае.

У адпаведнасці з артыкулам 102 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь грамадзяне набываюць права ўласнасці на жылое памяшканне на падставе:

будаўніцтва жылога дома, часткі жылога дома, кватэры;

прыватызацыі займаемага жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду;

прыняцця жылога памяшкання ў спадчыну;

афармлення права ўласнасці на жылое памяшканне членам арганізацыі грамадзян-забудоўшчыкоў;

перадачы ім жылога дома, кватэры ва ўласнасць замест знесенага дома ў сувязі з адабраннем зямельнага ўчастка для дзяржаўных патрэб;

перадачы ім жылога памяшкання ва ўласнасць замест страчанага ў сувязі з капітальным рамонтам або рэканструкцыяй жылога дома;

учынення грамадзянска-прававых здзелак;

на іншых падставах, прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Права ўласнасці грамадзян і юрыдычных асоб недзяржаўнай формы ўласнасці на жылое памяшканне пацвярджаецца праваўстанаўліваючым дакументам (адпаведным дагаворам, рэгістрацыйным пасведчаннем, пасведчаннем аб праве на спадчыну і г.д.).

У пункце 4 артыкула 219 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжана, што члены жыллёвага, жыллёва-будаўнічага, дачнага, гаражнага або іншага спажывецкага кааператыва, іншыя асобы, якія маюць права на паеназапашванні і поўнасцю ўнеслі свой паявы ўзнос за кватэру, дачу, гараж, іншае памяшканне, прадастаўленае гэтым асобам кааператывам у карыстанне, набываюць права ўласнасці на ўказаную маёмасць з моманту афармлення гэтага права ва ўстаноўленым парадку.

У артыкуле 103 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжана, што член жыллёва-будаўнічага, жыллёвага кааператыва, які поўнасцю ўнёс паявы ўзнос за кватэру, прадастаўленую яму ў карыстанне, набывае права ўласнасці на кватэру з моманту афармлення гэтага права ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадку. Члены сям’і члена жыллёва-будаўнічага, жыллёвага кааператыва, якія ўклалі пры выплаце паявога ўзносу за кватэру сваю жыллёвую квоту або грашовыя сродкі з мэтай стварэння агульнай уласнасці, маюць права патрабаваць пры афармленні яе ва ўласнасць прызнання за імі права ўласнасці на долю ў гэтай кватэры або на адпаведную грашовую кампенсацыю.

Аналіз праведзеных норм сведчыць аб тым, што парадак афармлення права ўласнасці на кватэру ў доме жыллёва-будаўнічага кааператыва павінен быць больш дакладна вызначаны заканадаўствам.

У прынятым 24 верасня 1990 г. Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь Растлумачэнні аб парадку афармлення права ўласнасці на кватэру ў доме жыллёва-будаўнічага кааператыва (у далейшым — Растлумачэнне) указана, што для афармлення права ўласнасці на кватэру член ЖБК, які поўнасцю ўнёс паявы ўнос, павінен падаць заяву праўленню жыллёва-будаўнічага кааператыва, якому належыць жылы дом. Да заявы прыкладаецца згода ўсіх паўналетніх членаў сям’і, у тым ліку і тых, якія часова адсутнічаюць, але захоўваюць права на жылую плошчу.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўказанае Растлумачэнне давалася ў сувязі з увядзеннем у дзеянне з 1 ліпеня 1990 г. Закона СССР “Аб уласнасці ў СССР”. Нягледзячы на тое, што ў Рэспубліцы Беларусь з 1990 года істотна змянілася заканадаўства, якое рэгулюе права ўласнасці, прыняты новыя Грамадзянскі і Жыллёвы кодэксы, на практыцы пры афармленні права ўласнасці на кватэру ў доме ЖБК органы, што ажыццяўляюць рэгістрацыю права ўласнасці, кіруюцца ўказаным Растлумачэннем. Аднак існуючы падыход ускладняе афармленне права ўласнасці на кватэру ў доме ЖБК, калі не ўсе паўналетнія члены сям’і члена ЖБК, у тым ліку і тыя, што не ўдзельнічалі ў стварэнні агульнай уласнасці, даюць згоду на афармленне права ўласнасці.

Вывучыўшы дадзеную праблему, Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што, для таго каб асобы, якія ўклалі пры выплаце паявога ўзносу за кватэру сваю жыллёвую квоту або грашовыя сродкі з мэтай стварэння агульнай уласнасці, маглі рэалізаваць сваё права на афармленне права ўласнасці на долю ў гэтай кватэры або на адпаведную грашовую кампенсацыю, у заканадаўстве павінен быць вызначаны парадак афармлення права ўласнасці ў такіх выпадках.

У выкананне пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 3 верасня 1999 г. № 1372 “Аб парадку дзяржаўнага ўліку жыллёвага фонду” загадам Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь ад 3 снежня 1999 г. № 176/119/379/262 зацверджана Інструкцыя аб парадку дзяржаўнай рэгістрацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь, у якой прадугледжаны агульныя правілы афармлення права ўласнасці на жылыя памяшканні.

Аднак ва ўказанай Інструкцыі не знайшлі адлюстравання пытанні афармлення права ўласнасці на кватэры ў доме ЖБК. 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 11, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд  

ВЫРАШЫЎ: 

1. Прапанаваць Міністэрству жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і іншым кампетэнтным дзяржаўным органам вызначыць парадак афармлення права ўласнасці на кватэру ў доме ЖБК у адпаведнасці з гэтым рашэннем і дзеючым заканадаўствам.

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.  

Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                     Р.А. Васілевіч