Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
16 ліпеня 2001 г. № Р-126/2001
Аб сацыяльнай абароне грамадзян у выпадку страты карміцеля
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот членаў сем’яў афіцэраў, загінуўшых (памёршых) пры выкананні воінскіх абавязкаў, аб тым, што гэтым грамадзянам, у адрозненне ад бацькоў ваеннаслужачых тэрміновай службы, бацькоў і жонак ваеннаслужачых, загінуўшых (памёршых) пры выкананні воінскага абавязку ў краінах, дзе вяліся баявыя дзеянні, не назначаецца штомесячная дапамога. Разгледжаны таксама зварот Рэспубліканскай асацыяцыі членаў сем’яў ваеннаслужачых, загінуўшых у Афганістане, — “Памяць і доўг” наконт больш нізкіх норм вылічэння пенсіі з выпадку страты карміцеля членам сем’яў ваеннаслужачых у параўнанні з вылічэннем пенсій членам сем’яў цывільных асоб.
 
Прааналізаваўшы дзеючае ў разглядаемай сферы заканадаўства Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
1. Сацыяльнае забеспячэнне асоб, чые карміцелі загінулі (памёрлі) пры выкананні абавязкаў воінскай службы або службовых абавязкаў, адрозніваецца па колу асоб і памерах матэрыяльнай падтрымкі.
 
Так, згодна з артыкулам 36 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў” назначаецца штомесячная дапамога ў памеры трох мінімальных заработных плат: па-першае, маці і бацьку ваеннаслужачага тэрміновай службы, загінуўшага або памёршага ў мірны час пры выкананні абавязкаў воінскай службы; па-другое, маці, бацьку і не ўступіўшай у новы шлюб жонцы ваеннаслужачага з ліку афіцэраў, прапаршчыкаў, ваеннаслужачых звыштэрміновай службы, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў і органаў фінансавых расследаванняў, рабочых і служачых, загінуўшых (памёршых) пры выкананні воінскага або службовага абавязку ў Афганістане або ў іншых краінах, дзе вяліся баявыя дзеянні, згодна з пералікам, што вызначаецца Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь. Указаная дапамога выплачваецца незалежна ад заработнай платы (грашовага забеспячэння), якая атрымліваецца па месцы работы (службы).
 
У той жа час Законам не прадугледжана назначэнне штомесячнай дапамогі членам сем’яў загінуўшых (памёршых) ваеннаслужачых з ліку афіцэраў, прапаршчыкаў, ваеннаслужачых звыштэрміновай службы, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў і органаў фінансавых расследаванняў, смерць якіх звязана з выкананнем абавязкаў воінскай службы (службовых абавязкаў) у мірны час, а таксама жонкам загінуўшых (памёршых) пры выкананні абавязкаў воінскай службы ваеннаслужачых тэрміновай службы.
 
У адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 красавіка 2000 г. № 11 “Аб дадатковых мерах па паляпшэнню пенсіённага забеспячэння інвалідаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і некаторых іншых катэгорый грамадзян” і аналагічнымі нормамі Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў”, з улікам змяненняў і дапаўненняў, унесеных Законам ад 22 чэрвеня 2001 г., бацькам, дзецям-інвалідам з дзяцінства і жонкам (не ўступіўшым у новы шлюб) ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў і органаў фінансавых расследаванняў, смерць якіх звязана з выкананнем абавязкаў ваеннай службы (службовых абавязкаў), а таксама асобам, якія атрымліваюць пенсію з выпадку страты карміцеля, загінуўшага (памёршага) пры выкананні абавязкаў ваеннай службы (службовых абавязкаў), назначаемыя пенсіі павышаюцца на 100 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросту. Указанае павелічэнне пенсій праводзіцца асобам, якія не атрымліваюць штомесячную дапамогу, устаноўленую заканадаўствам аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых.
 
Пры гэтым згодна з нормамі артыкула 68 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні”, у рэдакцыі Закона ад 22 чэрвеня 2001 г., пералічаным у Дэкрэце катэгорыям асоб пенсіі павышаюцца на 100 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросту, а тым з іх, хто атрымлівае штомесячную дапамогу на падставе Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў”, — на 50 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросту.
 
Як вынікае з прыведзеных прававых норм, грамадзяне, чые кармільцы (афіцэрскі склад) загінулі (памёрлі) пры выкананні воінскага (службовага) абавязку ў краінах, дзе вяліся баявыя дзеянні, маюць права на атрыманне адначасова штомесячнай дапамогі і, пры атрыманні імі пенсіі па Закону “Аб пенсіённым забеспячэнні”, — права на павышэнне гэтай пенсіі ў памеры 50 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросту; грамадзяне ж, карміцелі якіх (афіцэрскі склад) загінулі (памёрлі) пры выкананні воінскіх (службовых) абавязкаў у мірны час, у выпадку атрымання імі пенсіі — толькі права на яе павышэнне на 100 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросту.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, дзеючае заканадаўства змяшчае неабгрунтаваныя адрозненні ў галіне сацыяльнай абароны грамадзян, чые карміцелі загінулі (памёрлі) пры выкананні воінскага або службовага абавязку, якія павінны быць ліквідаваны.
 
2. Канстытуцыяй грамадзянам Рэспубліцы Беларусь гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, інваліднасці, страты працаздольнасці, страты карміцеля і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам (артыкул 47).
 
Пенсіі з выпадку страты карміцеля назначаюцца ў памерах, устаноўленых Законамі “Аб пенсіённым забеспячэнні” і “Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў”.
 
У артыкуле 38 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні” вызначана, што пенсіі з выпадку страты карміцеля назначаюцца на кожнага непрацаздольнага члена сям’і ў памеры 40 працэнтаў сярэднямесячнага заработку карміцеля (артыкул 56), але не менш 100 працэнтаў мінімальнай пенсіі па ўзросту. На дзяцей, якія страцілі абодвух бацькоў (круглых сірот), або дзяцей памёршай адзінокай маці пенсія на кожнае дзіця назначаецца ў памеры 50 працэнтаў заработку карміцеляў (артыкул 56), але не менш двухкратнага мінімальнага памеру пенсіі па ўзросту. Да пенсіі з выпадку страты карміцеля ў адпаведнасці з артыкулам 411  Закона ўстанаўліваецца адна з пералічаных надбавак на догляд: інвалідам I групы — 100 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросту; пенсіянерам, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў і інвалідам з дзяцінства II групы, а таксама адзінокім пенсіянерам, якія маюць патрэбу ў пастаяннай чужой дапамозе па заключэнню медыка-рэабілітацыйных эксперных камісій (МРЭК) або ўрачэбна-кансультацыйных камісій (УКК), — 50 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросту.
 
У артыкуле 36 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў” устаноўлена, што пенсіі з прычыны страты карміцеля назначаюцца ў наступных памерах:
 
а) сем’ям ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў і органаў фінансавых расследаванняў, загінуўшых пры выкананні абавязкаў ваеннай службы або памёршых у выніку прычын, указаных у пункце “а” артыкула 21 гэтага Закона, — 40 працэнтаў заработку карміцеля на кожнага непрацаздольнага члена сям’і. У такім жа памеры назначаюцца пенсіі незалежна ад прычыны смерці карміцеля сем’ям памёршых пенсіянераў, якія з’яўляліся на дзень смерці інвалідамі вайны (пункт “а” артыкула 21), і на дзяцей, страціўшых абодвух бацькоў (круглых сірот), або дзецям памёршай адзінокай маці;
 
б) сем’ям ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў, памёршых у выніку прычын, указаных у пункце “б” артыкула 21 Закона, — 30 працэнтаў заработку карміцеля на кожнага непрацаздольнага члена сям’і.
 
Пры гэтым надбаўкі да пенсіі з прычыны страты карміцеля не прадугледжаны.
 
Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з аналізу прыведзеных норм Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь, лічыць, што прававыя нормы, што датычацца сацыяльнай абароны грамадзян, страціўшых карміцеля, падлягаюць прывядзенню ў адпаведнасць з артыкулам 22 Канстытуцыі, згодна з якім усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.
 
Кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 11, 36, 38, 40, 401  Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь ўстараніць ва ўстаноўленым парадку не пазней пачатку новага бюджэтнага года адзначаныя ў гэтым рашэнні адрозненні:
 
у прававым рэгуляванні пытанняў сацыяльнага забеспячэння грамадзян, чые карміцелі загінулі (памёрлі) у сувязі з выкананнем абавязкаў ваеннай службы (службовых абавязкаў);
 
ва ўстанаўленні норм для вызначэння памераў пенсій з выпадку страты карміцеля — ваеннаслужачага або асобы начальніцкага або радавога складу органаў унутраных спраў і пенсій з выпадку страты карміцеля — цывільнай асобы.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                         Р.А. Васілевіч