Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
6 ліпеня 2001 г. № Р-123/2001
Аб аднясенні грамадзян да катэгорыі малазабяспечаных працаздольных для атрымання дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылога памяшкання
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот Старшыні Праўлення адкрытага акцыянернага таварыства “Ашчадны банк “Беларусбанк” Ермаковай Н.А. аб правамернасці прадастаўлення льготных крэдытаў на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў грамадзянам, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту, а таксама аб правільнасці працэдуры вызначэння сукупнага сямейнага даходу і маёмаснага становішча сям’і ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 снежня 2000 г. № 1955.
 
У звароце ўказана, што выдача льготных крэдытаў ускладзена заканадаўствам на ААТ “Ашчадны банк “Беларусбанк”. Указанай пастановай Савета Міністраў ад 20 снежня 2000 г. № 1955 было зацверджана Палажэнне аб аднясенні грамадзян да катэгорыі малазабяспечаных працаздольных для атрымання дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылога памяшкання (далей — Палажэнне). Пунктам 1 гэтага Палажэння да працаздольных асоб аднесены грамадзяне, якія валодаюць здольнасцю да ажыццяўлення працоўнай дзейнасці.
 
Як адзначана ў звароце, на практыцы льготныя крэдыты прадастаўляюцца як грамадзянам у працаздольным узросце, так і асобам, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту (у тым ліку 70—80 і больш гадоў), а таксама адзінокім, якія з’яўляюцца малазабяспечанымі. У сувязі з невысокім памерам пенсіі і значным коштам жылля плацяжы па выплаце крэдыту і працэнтаў па яму складаюць большую частку атрымліваемай грамадзянамі пенсіі. Пры несвоечасовым вяртанні крэдыту ў мэтах пагашэння пратэрмінаванай запазычанасці банкам бяруцца павышаныя працэнты.
 
У звароце таксама ўказана, што адной з умоў атрымання льготнага крэдыту з’яўляецца наяўнасць ва ўласнасці грамадзян маёмасці ў пэўным памеры. Ацэнку маёмасці грамадзяне абавязаны праводзіць самастойна, што для іх з’яўляецца цяжкім. У выніку гэта можа прывесці да фактаў прадстаўлення грамадзянамі звестак, якія не адпавядаюць сапраўднасці.
 
Канстытуцыйны Суд, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, законаў і іншых нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь, устанавіў наступнае.
 
Канстытуцыя прадугледжвае, што Рэспубліка Беларусь з’яўляецца сацыяльнай прававой дзяржавай (артыкул 1), і абвяшчае забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь найвышэйшай мэтай дзяржавы (артыкул 21). Яна замацоўвае роўнасць усіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22). Вызначаючы механізм забеспячэння правоў і свабод грамадзян, артыкул 59 Асноўнага Закона ўскладае на дзяржаву абавязак прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод.
 
Асноўным Законам замацавана права грамадзян на жыллё. Гэта права забяспечваецца развіццём дзяржаўнага і прыватнага жыллёвага фонду, садзейнічаннем грамадзянам у набыцці жылля. Грамадзянам, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне, жыллё прадастаўляецца дзяржавай і мясцовым самакіраваннем бясплатна або па даступнай для іх плаце ў адпаведнасці з заканадаўствам (артыкул 48).
 
Згодна з артыкулам 13 Жыллёвага кодэкса (далей — ЖК) права на атрыманне льготных крэдытаў, субсідый і іншыя формы дзяржаўнай падтрымкі для будаўніцтва (рэканструкцыі) або набыцця жылога памяшкання маюць малазабяспечаныя працаздольныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а таксама грамадзяне, на якіх распаўсюджваецца дзеянне артыкула 84 ЖК (асобы, жылыя памяшканні якіх у выніку стыхійнага бедства, тэхнагенных і сацыяльных катастроф сталі непрыгоднымі для пражывання; дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў; і іншыя). Памеры субсідый і льготных крэдытаў вызначаюцца зыходзячы з максімальнай нормы прадастаўлення агульнай плошчы жылога памяшкання сацыяльнага карыстання. Грамадзяне, на якіх распаўсюджваецца дзеянне артыкула 84 ЖК, маюць права на пазачарговае атрыманне льготных крэдытаў і субсідый.
 
Жыллёвым заканадаўствам прадугледжана таксама права малазабяспечаных непрацаздольных грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, на аднаразовае атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага карыстання (артыкул 12 ЖК).
 
Заканадавец надзяліў Савет Міністраў правам вызначэння ўмоў і парадку аднясення грамадзян да катэгорыі малазабяспечаных працаздольных для прадастаўлення ім ільготных крэдытаў, субсідый і іншых форм дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылога памяшкання, а таксама памеру льготных крэдытаў і субсідый (артыкул 13 ЖК).
 
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 красавіка 2000 г. № 185 “Аб прадастаўленні грамадзянам ільготных крэдытаў на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў” прадугледжана, што выдача льготных крэдытаў ажыццяўляецца праз ААТ “Ашчадны банк “Беларусбанк”.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, дэлегаванне заканадаўцам Ураду ўказанага права адпавядае кампетэнцыі Савета Міністраў, вызначанай Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь. Згодна з артыкулам 107 Асноўнага Закона Урад забяспечвае правядзенне адзінай эканамічнай, фінансавай, крэдытнай і грашовай палітыкі, дзяржаўнай палітыкі ў галіне сацыяльнага забеспячэння і выкананне іншых задач.
 
Артыкуламі 4 і 5 Закона “Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь і падпарадкаваных яму дзяржаўных органах” прадугледжана, што Савет Міністраў распрацоўвае асноўныя накірункі жыллёвай палітыкі, стварае ўмовы для падтрымкі ўстаноўленага заканадаўствам Рэспублікі Беларусь узроўню сацыяльнага забеспячэння, прымае меры па забеспячэнню сацыяльнай абароны грамадзян, удасканальвае сістэму сацыяльнай абароны.
 
Згодна з артыкулам 17 ЖК, які вызначае кампетэнцыю Савета Міністраў у галіне рэгулявання жыллёвых адносін, на яго ўскладзена забеспячэнне выканання рэспубліканскага бюджэту ў частцы фінансавання, субсідзіравання і крэдытавання жыллёвага будаўніцтва.
 
У галіновым заканадаўстве, што рэгулюе пенсіённыя і іншыя праваадносіны, дадзены вызначэнні асоб, якія прызнаюцца працаздольнымі або непрацаздольнымі (артыкул 35 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні”, артыкул 2 Закона “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь”, артыкул 19 Закона “Аб плацяжах за зямлю” і іншыя). Да непрацаздольных, у прыватнасці, аднесены грамадзяне, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту, і іншыя асобы. Прызнанне асобы непрацаздольнай прадастаўляе ёй права на карыстанне пэўнымі льготамі і гарантыямі, напрыклад на атрыманне пенсіі з выпадку страты карміцеля. 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што Савету Міністраў неабходна прытрымлівацца адзінай тэрміналогіі, вызначанай у заканадаўстве, пры прымяненні паняццяў “працаздольны грамадзянін” і “непрацаздольны грамадзянін”. Аднак у мэтах больш поўнай рэалізацыі грамадзянамі права на жыллё Урад у адпаведнасці з артыкулам 13 ЖК і іншымі законамі меў права вызначыць больш шырокае кола асоб, якія адносяцца да катэгорыі малазабяспечаных працаздольных грамадзян і тым самым атрымалі права на дзяржаўную падтрымку пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылля. Аналіз Палажэння і практыкі яго прымянення сведчыць аб тым, што да ўказанай катэгорыі грамадзян Урадам аднесены розныя сацыяльныя слаі насельніцтва. Палажэнне распаўсюджваецца як на малазабяспечаных грамадзян у працаздольным узросце, так і на пенсіянераў, інвалідаў і іншых грамадзян, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне і якім дзяржава ў адпаведнасці з заканадаўствам прадаставіла магчымасць пасільнай працы з мэтай пераадолення або змяншэння жыццёвых цяжкасцей.

 
Зыходзячы з гэтага, пунктам 1 Палажэння да малазабяспечаных працаздольных грамадзян, якія маюць права на атрыманне льготных крэдытаў, субсідый і іншых форм дзяржаўнай падтрымкі для будаўніцтва (рэканструкцыі) або набыцця жылога памяшкання, аднесены грамадзяне, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і валодаюць здольнасцю да ажыццяўлення працоўнай дзейнасці, у якіх сярэднямесячны сукупны даход на кожнага члена сям’і не перавышае двухкратнага сярэднямесячнага сярэднедушавога мінімальнага спажывецкага бюджэту сям’і з 4 чалавек, вылічанага за 12 месяцаў, што папярэднічалі месяцу адкрыцця крэдытнай лініі (падачы дакументаў на атрыманне субсідый), і якія маюць заяўленую маёмасць, агульны кошт якой не перавышае: для атрымання льготнага крэдыту — двухкратнага гранічнага памеру льготнага крэдыту для дадзенай сям’і; для атрымання субсідыі — кошту кватэры тыпавых спажывецкіх якасцей зыходзячы з максімальнай нормы прадастаўлення агульнай плошчы жылога памяшкання сацыяльнага карыстання для дадзенай сям’і. Згодна з пунктам 8 Палажэння ацэнка кошту заяўленай маёмасці праводзіцца грамадзянамі самастойна ў цэнах, якія дзейнічаюць на дату адкрыцця крэдытнай лініі (падачы дакументаў на атрыманне субсідыі). Пры гэтым кошт завершанага і незавершанага будаўніцтвам аб’екта вызначаецца ў цэнах 1991 года зыходзячы з рэгіянальнага індэкса змянення кошту будаўніча-мантажных работ, вартаснай велічыні фізічнага зносу аб’екта на дату ацэнкі і іншых умоў. Пунктам 10 прадугледжана, што за наўмыснае ўтойванне або скажэнне звестак аб сукупным даходзе і маёмасным становішчы грамадзянін нясе адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.
 
Артыкулам 47 Канстытуцыі грамадзянам гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, інваліднасці, страты працаздольнасці, страты карміцеля і іншых выпадках, прадугледжаных законам. Дзяржава праяўляе асаблівы клопат аб ветэранах вайны і працы, а таксама аб асобах, якія страцілі здароўе пры абароне дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў.
 
У прэамбуле Закона “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь” прадугледжана, што кожны інвалід, які не можа задаволіць свае жыццёвыя патрэбнасці ўласнымі сіламі, мае права на гарантаваную дапамогу з боку дзяржавы. Дзяржаўная палітыка ў адносінах да інвалідаў мае на мэце ажыццяўленне эфектыўных мер па іх сацыяльнай абароне, забеспячэнню роўнасці і раўнапраўнага ўдзелу ў жыцці грамадства.
 
Згодна з артыкулам 37 Закона “Аб прадухіленні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў” у мэтах стымулявання і аказання падтрымкі раўнапраўнага ўдзелу інвалідаў у жыцці грамадства, вытворчай працы дзяржава забяспечвае прымяненне эканамічных мер (пазыкі, ільготнае падаткаабкладанне, ільготныя тарыфы, пошліны, мэтавыя субсідыі, спецыяльныя фонды і г.д.).
 
У адпаведнасці з Законам “Аб ветэранах” дзяржаўная палітыка ў адносінах да ветэранаў будуецца на падставе прынцыпаў іх сацыяльнай і прававой абароненасці, забеспячэння жыллём і іншых. Улічваючы заслугі ветэранаў, дзяржава гарантуе ім дадатковыя правы і льготы на аснове ўказанага Закона і іншых заканадаўчых актаў (артыкул 6).
 
Палажэнні ўказаных законаў таксама сведчаць аб абавязку дзяржавы аказваць адрасную сацыяльную дапамогу пенсіянерам, інвалідам і іншым грамадзянам, у тым ліку пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылля.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, ускладанне пунктам 8 Палажэння на грамадзян неўласцівай функцыі ацэнкі маёмасці, што належыць ім на праве асабістай уласнасці, не адпавядае Канстытуцыі і іншым нарматыўным актам Рэспублікі Беларусь.
 
Згодна з артыкулам 58 Канстытуцыі ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, не прадугледжаных Канстытуцыяй і яе законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў.
 
Аналіз палажэнняў нарматыўных актаў, якія вызначаюць умовы ацэнкі маёмасці, — Закона “Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)”, Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 2001 г. № 5 “Аб удасканальванні работы з накіраванай у даход дзяржавы маёмасцю”, пастановы Урада ад 12 лютага 1996 г. № 92 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб правядзенні экспертызы дакладнасці ацэнкі маёмасці, якая ўносіцца ў выглядзе неграшовага ўкладу ў статутны фонд юрыдычнай асобы” — і іншых нарматыўных актаў сведчыць, што належная і дакладная ацэнка коштумаёмасці можа праводзіцца толькі спецыялістам, які валодае спецыяльнымі ведамі ў гэтым відзе дзейнасці. Для рэалізацыі гэтых мэт дзяржава, у прыватнасці, усклала абавязак правядзення ацэнкі розных відаў маёмасці на ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы. Іншыя асобы ацэначную дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь могуць ажыццяўляць толькі пры атрыманні адпаведнай ліцэнзіі.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ацэнку кошту маёмасці, памер якой з’яўляецца адной з падстаў для прадастаўлення льготных крэдытаў пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылога памяшкання, павінны праводзіць упаўнаважаныя кампетэнтныя органы, з тым каб справядліва і аб’ектыўна вырашыць пытанне аб праве грамадзян на атрыманне льготных крэдытаў, што прадастаўляюцца дзяржавай.
 
З улікам выкладзенага, кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 11, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць Палажэнне аб аднясенні грамадзян да катэгорыі малазабяспечаных працаздольных для атрымання дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылога памяшкання, зацверджанае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 снежня 2000 г. № 1955, у частцы вызначэння катэгорый грамадзян, якія маюць права на атрыманне льготных крэдытаў, субсідый і іншых форм дзяржаўнай падтрымкі, адпавядаючым Канстытуцыі, Жыллёваму кодэксу і іншым законам Рэспублікі Беларусь.
 
2. Прапанаваць Савету Міністраў:
 
прааналізаваць выкананне Палажэння аб аднясенні грамадзян да катэгорыі малазабяспечаных працаздольных для атрымання дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылога памяшкання, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 снежня 2000 г. № 1955, у мэтах безумоўнага і своечасовага пагашэння грамадзянамі атрыманых ільготных крэдытаў;
 
пры неабходнасці прыняць дадатковыя меры, накіраваныя на выкананне грамадзянамі ўзятых на сябе абавязацельстваў.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                       Р.А. Васілевіч