Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
5 кастрычніка 2001 г. № Р-128/2001
Аб прымяненні правіла зваротнай сілы больш мяккага закона да асоб, прызнаных да 1 студзеня 2001 г. асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойкі Т.С., Вараб'я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З. разгледзеў на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот з просьбай праверыць канстытуцыйнасць артыкула 13 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2000 г. “Аб увядзенні ў дзеянне Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”.
 
Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, Крымінальнага кодэкса (у далейшым — КК), іншых законаў Рэспублікі Беларусь, вывучыўшы матэрыялы справы, а таксама судовую практыку, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
Артыкулам 24 КК, які дзейнічаў да 1 студзеня 2001 г., прадугледжваліся падставы і парадак прызнання па прыгавору суда асобы асабліва небяспечным рэцыдывістам з адпаведнымі негатыўнымі вынікамі для асуджанага. У прыватнасці, у шэрагу артыкулаў яго Асаблівай часткі ўчыненне злачынства асабліва небяспечным рэцыдывістам прызнавалася абцяжарваючай акалічнасцю, што ўплывала на кваліфікацыю ўчыненага, і ў выніку гэтага наступала павышаная адказнасць вінаватага ў рамках больш строгіх санкцый.
 
Адбыванне пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі назначалася асабліва небяспечным рэцыдывістам у папраўча-працоўных калоніях асаблівага рэжыму з больш строгімі ўмовамі ўтрымання. Да асабліва небяспечных рэцыдывістаў не прымяняліся нормы, якія прадугледжваюць розныя віды вызвалення ад пакарання. Судзімасць у адносінах да гэтых асоб магла быць знята толькі судом па заканчэнні васьмі гадоў з дня адбывання пакарання.
 
У КК Рэспублікі Беларусь, прынятым 9 ліпеня 1999 г. і ўведзеным у дзеянне з 1 студзеня 2001 г., адсутнічае паняцце “асабліва небяспечны рэцыдывіст”, але прадугледжваюцца падставы прызнання рэцыдыву асабліва небяспечным (частка трэцяя артыкула 43). Пры гэтым у артыкулах Асаблівай часткі КК учыненне злачынства асобай, якая дапусціла асабліва небяспечны рэцыдыў, не прадугледжваецца ў якасці кваліфіцыруючай прыметы. У адпаведнасці з часткай другой артыкула 65 КК у адносінах да асобы, якая дапусціла асабліва небяспечны рэцыдыў, устаноўлены больш строгі падыход пры назначэнні ёй пакарання.
 
Згодна з артыкулам 13 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2000 г. “Аб увядзенні ў дзеянне Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь” асобы, прызнаныя да 1 студзеня 2001 г. асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі ў адпаведнасці з артыкулам 24 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь 1960 года, прыраўноўваюцца да асоб, якія дапусцілі асабліва небяспечны рэцыдыў (частка трэцяя артыкула 43 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Гэтыя асобы адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі: мужчыны — у калоніях асаблівага рэжыму або ў турме, жанчыны — у калоніях строгага рэжыму.
 
З указанай нормы вынікае, што Законам ад 18 ліпеня 2000 г. прававы статус асабліва небяспечных рэцыдывістаў прыраўнаваны да статусу асоб, якія дапусцілі асабліва небяспечны рэцыдыў, паколькі неаднаразовае ўчыненне імі цяжкіх або асабліва цяжкіх злачынстваў, нягледзячы на прымяненне да іх пазбаўлення волі, сведчыць аб іх павышанай грамадскай небяспецы і неабходнасці прымянення да гэтых асоб больш строгіх мер пакарання з асаблівымі ўмовамі яго адбывання. Разам з тым становішча ўказаных асоб новым КК у пэўнай меры палепшана (напрыклад, не прадугледжваецца забарона на прымяненне ўмоўна-датэрміновага вызвалення ад пакарання або замены неадбытай часткі пакарання больш мяккім, зняцце судзімасці магчыма па заканчэнні пяці гадоў пасля адбывання пакарання, а не васьмі гадоў, як было па КК 1960 г.).
 
Само ж прабыванне ў становішчы асобы, якая дапусціла асабліва небяспечны рэцыдыў, адбыванне ёй пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі ў больш строгіх умовах утрымання і іншыя негатыўныя вынікі для асуджанага звязаны з дадатковымі нягодамі і абмежаваннямі, якім яна падвяргаецца.
 
У большасці выпадкаў крытэрыі, у адпаведнасці з якімі асобы раней прызнаваліся асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі, а па новаму КК — асобамі, якія дапусцілі асабліва небяспечны рэцыдыў, супадаюць. Аднак, як паказвае параўнальны аналіз палажэнняў артыкула 24 КК 1960 г. і часткі трэцяй артыкула 43 КК 1999 г., учыненне шэрагу злачынстваў, пералічаных у артыкуле 24 КК, не можа служыць падставай для прызнання рэцыдыву асабліва небяспечным у сувязі са змяненнем заканадаўцам ацэнкі іх характару і ступені грамадскай небяспекі.
 
Для прызнання рэцыдыву асабліва небяспечным дзеючым КК у ліку іншых крытэрыяў скарыстаны такі крытэрый, як катэгорыя ўчыненага злачынства (від злачынства ў залежнасці ад характару і ступені грамадскай небяспекі). Пры гэтым згодна з часткай трэцяй артыкула 43 КК, якая прадугледжвае некалькі варыянтаў прызнання рэцыдыву асабліва небяспечным, кожным з іх патрабуецца асуджэнне вінаватай асобы да пазбаўлення волі за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства.
 
Разам з тым некаторыя злачынствы, пералічаныя ў артыкуле 24 КК 1960 г., за ўчыненне якіх асоба магла быць прызнана асабліва небяспечным рэцыдывістам, па новаму КК не адносяцца да катэгорыі цяжкіх або асабліва цяжкіх. Гэта фактычна выключае магчымасць прызнання рэцыдыву асабліва небяспечным у адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 43 КК.
 
Напрыклад, згодна з пунктам 2 часткі першай артыкула 24 КК 1960 г. асоба магла быць прызнана асабліва небяспечным рэцыдывістам, калі яна раней два разы ўчыніла крадзеж, які кваліфікуецца па прымеце паўторнасці або групы асоб па частцы другой артыкула 87 КК 1960 г. (частка другая артыкула 205 дзеючага КК), і зноў асуджалася да пазбаўлення волі за такое ж злачынства на тэрмін звыш трох гадоў. Аднак у адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 12 і часткай другой артыкула 205 дзеючага КК крадзеж, учынены паўторна або групай асоб, аднесены да катэгорыі менш цяжкіх злачынстваў. Таму ўчыненне такіх злачынстваў і асуджэнне за іх да пазбаўлення волі не можа з’явіцца падставай для прызнання рэцыдыву асабліва небяспечным у адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 43 дзеючага КК.
 
Такім чынам, у асобных выпадках новы КК паляпшае становішча асоб, прызнаных па КК 1960 г. асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі, якія цяпер не маглі б быць прызнаны асобамі, якія дапусцілі асабліва небяспечны рэцыдыў.
 
Згодна з часткай шостай артыкула 104 Канстытуцыі закон не мае зваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян.
 
У адпаведнасці з часткай другой артыкула 9 КК закон, што ўстараняе злачыннасць дзеяння, змякчае пакаранне або іншым чынам паляпшае становішча асобы, якая ўчыніла злачынства, мае зваротную сілу, гэта значыць распаўсюджваецца на асоб, як-ія ўчынілі адпаведнае дзеянне да ўступлення такога закона ў сілу, у тым ліку на асоб, якія адбываюць пакаранне або адбылі пакаранне, але маюць судзімасць.
 
Указанае правіла зваротнай сілы крымінальнага закона павінна прымяняцца і ў адносінах да асоб, прызнаных да 1 студзеня 2001 г. асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі ў адпаведнасці з артыкулам 24 КК 1960 г.
 
Правяраючы канстытуцыйнасць артыкула 13 Закона ад 18 ліпеня 2000 г., Канстытуцыйны Суд лічыць, што ён павінен ацэньвацца шляхам сістэматычнага тлумачэння, гэта значыць у супастаўленні яго з палажэннямі Канстытуцыі, КК і ўказанага Закона.
 
У прыватнасці, артыкулам 16 Закона ад 18 ліпеня 2000 г. прадугледжана, што прыгаворы, вызначэнні або пастановы судоў падлягаюць перагляду њў выпадках, калі Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь іншым чынам, чым прадугледжана дадзеным Законам, паляпшае становішча асоб, якія ўчынілі злачынствы, у тым ліку асоб, якія адбываюць пакаранне або адбылі пакаранне, але маюць судзімасць.
 
Указаны артыкул, сфармуляваны з улікам правіла зваротнай сілы больш мяккага закона, замацаванага ў частцы шостай артыкула 104 Канстытуцыі і частцы другой артыкула 9 КК, з’яўляецца прававой падставай для перагляду прыгавораў, вынесеных да 1 студзеня 2001 г., якімі асуджаныя былі прызнаны асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае неадназначнасць судовай практыкі па перагляду прыгавораў у адносінах да асабліва небяспечных рэцыдывістаў, вынесеных да 1 студзеня 2001 г.
 
Кіруючыся ўказаннямі, выкладзенымі ў выданні “Ответы судебной коллегии по уголовным делам Верховного Суда Республики Беларусь на вопросы судов по применению законодательства” (Вып. 1. Мн., 2001), суды ў асноўным перагледжваюць такія прыгаворы толькі ў тых выпадках, калі ўчыненне злачынства асабліва небяспечным рэцыдывістам прызнавалася кваліфіцыруючай прыметай дзеяння, за якую асоба была асуджана па КК 1960 г.
 
Пры пераглядзе такіх прыгавораў, як правіла, мянялася толькі кваліфікацыя ўчыненага, а асуджаны лічыўся асобай, якая дапусціла асабліва небяспечны рэцыдыў, і працягваў адбываць пакаранне ў папраўчай калоніі асаблівага рэжыму.
 
У іншых выпадках суды перагледжваюць прыгаворы толькі тады, калі апошняе злачынства, учыненае асабліва небяспечным рэцыдывістам, па новаму КК не адносіцца да катэгорыі цяжкага або асабліва цяжкага.
 
Ацэньваючы ў цэлым існуючую судовую практыку па перагляду прыгавораў, якія ўступілі ў законную сілу ў адносінах да асоб, прызнаных асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі да 1 студзеня 2001 г., Канстытуцыйны Суд лічыць, што такія прыгаворы павінны перагледжвацца ва ўсіх выпадках, калі раней учыненыя асобай злачынствы ў адпаведнасці з дзеючым КК не ўтвараюць асабліва небяспечны рэцыдыў з прычыны змянення заканадаўцам іх прававой ацэнкі ў залежнасці ад характару і ступені грамадскай небяспекі.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць адпавядаючым Канстытуцыі артыкул 13 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2000 г. “Аб увядзенні ў дзеянне Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”, паколькі дадзеным артыкулам вызначаны толькі агульны падыход да ацэнкі прававога становішча асоб, прызнаных да 1 студзеня 2001 г. асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі.
 
2. Лічыць, што прыгаворы, якія былі вынесены і ўступілі ў законную сілу да 1 студзеня 2001 г., згодна з якімі асуджаныя прызнаны асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі, павінны перагледжвацца судамі ў адпаведнасці з часткай другой артыкула 9 Крымінальнага кодэкса і артыкулам 16 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2000 г. “Аб увядзенні ў дзеянне Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь” не толькі ў выпадках, калі дзеянні вінаватага кваліфікаваліся як учыненыя асабліва небяспечным рэцыдывістам, але і ва ўсіх іншых выпадках, калі ўчыненыя раней імі злачынствы па дзеючаму КК не ўтвараюць асабліва небяспечны рэцыдыў.
 
3. Вярхоўнаму Суду забяспечыць дакладнае і аднастайнае прымяненне судамі Канстытуцыі, Крымінальнага кодэкса і Закона ад 18 ліпеня 2000 г. “Аб увядзенні ў дзеянне Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь” пры вырашэнні пытання аб пераглядзе прыгавораў, згодна з якімі асобы былі прызнаны асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі ў адпаведнасці з артыкулам 24 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь 1960 года.
 
4. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня яго прыняцця.
 
5. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                         Р.А. Васілевіч