Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
12 лістапада 2001 г. № З-129/2001
Аб адпаведнасці Канстытуцыі палажэння пункта 3 часткі чацвёртай артыкула 4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і заснаванай на ім практыкі прымянення паняцця службовай асобы па прымеце ўчынення юрыдычна значных дзеянняў
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.
 
з удзелам прадстаўнікоў:
 
Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь – Рамановіча І.П.;
 
Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – Кібака І.А., Краўчанка Т.М.;
 
Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – Бурага У.В.
 
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі палажэння пункта 3 часткі чацвёртай артыкула 4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і заснаванай на ім практыкі прымянення паняцця службовай асобы па прымеце ўчынення юрыдычна значных дзеянняў”.
 
У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Пташнік У.М. – намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Смірноў Я.А. – намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, Петраш А.С. – першы намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
 
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 17 кастрычніка 2001 г. па прапанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5, 6 і 11 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, артыкулаў 43 і 48 Рэгламента Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.
 
Праверцы падлягалі палажэнне пункта 3 часткі чацвёртай артыкула 4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у далейшым – КК), згодна з якім да службовых асоб аднесены асобы, упаўнаважаныя ва ўстаноўленым парадку на ўчыненне юрыдычна значных дзеянняў, а таксама практыка прымянення паняцця службовай асобы, заснаваная на ўказаным палажэнні.
 
У прапанове Савета Міністраў, унесенай у сувязі са зваротам Міністра ўнутраных спраў, указваецца, што ў КК адсутнічае вызначэнне паняцця службовай асобы па прымеце ўчынення ёй юрыдычна значных дзеянняў, яно недакладна растлумачана ў пункце 4 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 1993 г. № 4 “Аб судовай практыцы па справах аб злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў, службовай халатнасці, службовым падлогу”. У выніку гэтага ў следчай і судовай практыцы не забяспечваецца аднастайны падыход да вызначэння паняцця службовай асобы па ўказанай прымеце, у прыватнасці, неадназначна вырашаецца пытанне аб тым, ці падлягаюць крымінальнай адказнасці выкладчыкі вышэйшых або сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія прымаюць экзамены ці залікі і атрымліваюць ад студэнтаў або навучэнцаў узнагароджанні за станоўчыя адзнакі іх ведаў.
 
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Саркісаву Э.А., прадстаўнікоў бакоў, эксперта Лукашова А.І. – дактаранта Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, кандыдата юрыдычных навук, дацэнта, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, Крымінальнага кодэкса, іншых нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь, вывучыўшы практыку прымянення правяраемай нормы і іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
У адпаведнасці з часткай чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Канстытуцыйны Суд па прапановах указаных у дадзеным артыкуле органаў дае, у прыватнасці, заключэнні аб канстытуцыйнасці законаў, а таксама актаў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.
 
У артыкуле 4 КК змяшчаецца шэраг вызначэнняў, якія дадзены, як гэта вынікае з часткі першай указанага артыкула, у мэтах аднастайнага і дакладнага прымянення тэрмінаў, што выкарыстоўваюцца ў Крымінальным кодэксе.
 
У частцы чацвёртай дадзенага артыкула пералічаны асобы, якіх патрэбна адносіць да службовых асоб. Пад службовымі асобамі разумеюцца:
 
1) прадстаўнікі ўлады, гэта значыць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, а таксама дзяржаўныя служачыя, якія маюць права ў межах сваёй кампетэнцыі аддаваць распараджэнні або загады і прымаць рашэнні адносна асоб, не падпарадкаваных ім па службе;
 
2) прадстаўнікі грамадскасці, гэта значыць асобы, якія не знаходзяцца на дзяржаўнай службе, але надзелены ва ўстаноўленым парадку паўнамоцтвамі прадстаўніка ўлады пры выкананні абавязкаў па ахове грамадскага парадку, барацьбе з правапарушэннямі, па выкананню правасуддзя;
 
3) асобы, якія пастаянна або часова ці па спецыяльнаму паўнамоцтву займаюць ва ўстановах, арганізацыях або на прадпрыемствах (незалежна ад форм уласнасці), ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, іншых войсках і воінскіх фарміраваннях Рэспублікі Беларусь пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых або адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, ці асобы, упаўнаважаныя ва ўстаноўленым парадку на ўчыненне юрыдычна значных дзеянняў.
 
Указаныя нормы ў асноўным узнаўляюць палажэнні заўвагі да артыкула 166 КК 1960 г., рэдакцыя якой была зменена Законам Рэспублікі Беларусь ад 15 чэрвеня 1993 г. “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь”, уведзеным у дзеянне 22 ліпеня 1993 г.
 
Згодна з гэтым Законам да службовых асоб пачалі адносіць разам з іншымі асобамі і асоб, упаўнаважаных ва ўстаноўленым парадку на ўчыненне юрыдычна значных дзеянняў. Указаным Законам было фактычна пашырана кола асоб, якія падлягаюць крымінальнай адказнасці, паколькі да службовых асоб былі аднесены і асобы, якія па сутнасці не з’яўляюцца такімі, але прыраўнаваны да іх з прычыны ўчынення імі юрыдычна значных дзеянняў.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што такое заканадаўчае рашэнне не супярэчыць Канстытуцыі. Яно абумоўлена прадугледжаным Канстытуцыяй (артыкул 59) абавязкам дзяржавы прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь. Заканадавец у мэтах абароны правоў, свабод і інтарэсаў грамадзян ад злачынных замахаў, забеспячэння барацьбы з усякага роду злоўжываннямі па службе, выкаранення карупцыйных з’яў мае права вызначаць кола асоб, надзеленых спецыяльнымі прыметамі суб’екта злачынстваў супраць інтарэсаў службы, таксама як і ўстанаўліваць меры крымінальнай адказнасці за такія злачынствы.
 
Разам з тым пры прымяненні палажэння пункта 3 часткі чацвёртай артыкула 4 КК павінен быць забяспечаны падыход, які абумоўлівае аднастайную следчую і судовую практыку па кваліфікацыі ўчыняемых службовымі асобамі дзеянняў і прыцягненню іх да крымінальнай адказнасці ў выпадках наяўнасці ва ўчыненым прадугледжаных у КК саставаў злачынстваў.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што яшчэ да прыняцця Закона ад 15 чэрвеня 1993 г. Пленум Вярхоўнага Суда ў сваёй пастанове ад 4 чэрвеня 1993 г. № 4 “Аб судовай практыцы па справах аб злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў, службовай халатнасці, службовым падлогу” (з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі) указаў наступнае: “Работнікі дзяржаўных, кааператыўных і грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, якія выконваюць толькі прафесіянальныя або тэхнічныя абавязкі, службовымі асобамі не з’яўляюцца. Такія работнікі могуць быць суб’ектам злачынстваў супраць інтарэсаў службы ў тым выпадку, калі разам з ажыццяўленнем прафесіянальных або тэхнічных абавязкаў на іх ва ўстаноўленым парадку ўскладзена і выкананне арганізацыйна-распарадчых або адміністрацыйна-гаспадарчых функцый ці выкананне юрыдычна значных дзеянняў (напрыклад, урач – за злоўжыванне паўнамоцтвамі, звязанымі з выдачай лісткоў непрацаздольнасці або з удзелам у рабоце УПЭК, прызыўных камісій; выкладчык – за парушэнне абавязкаў, ускладзеных на яго як на члена кваліфікацыйнай або экзаменацыйнай камісіі; настаўнік або выхавальнік – за невыкананне ўскладзеных на іх абавязкаў па забеспячэнню парадку і бяспекі ў час правядзення мерапрыемстваў або заняткаў)”.
 
Такое растлумачэнне арыентавала практыку на абмежавальнае разуменне службовай асобы па прымеце ўчынення ёй юрыдычна значных дзеянняў. Пры гэтым не было забяспечана адзінага падыходу да вырашэння пытання аб тым, ці з’яўляюцца службовымі асобамі па прымеце ўчынення юрыдычна значных дзеянняў выкладчыкі вышэйшых або сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія прымаюць курсавыя экзамены ці залікі. Пры атрыманні ўзнагароджання за станоўчыя адзнакі ведаў студэнтаў або навучэнцаў на курсавых экзаменах ці заліках у адных выпадках яны прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці за атрыманне хабару. У іншых аналагічных выпадках такія асобы не прызнаюцца службовымі і з прычыны гэтага не прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці з-за адсутнасці ўказанага саставу злачыннасці.
 
Напрыклад, судом Ленінскага раёна г. Гродна 12 кастрычніка 2000 г. асуджаны грамадзянін М. па частцы першай артыкула 169 КК 1960 г. за тое, што ён, з’яўляючыся старшым выкладчыкам Гродзенскага філіяла камерцыйнага Універсітэта кіравання, атрымаў хабар у памеры 200 долараў ЗША за станоўчае вырашэнне пытання аб здачы студэнтам заліку па сямейнаму і міжнароднаму праву.
 
Судом Цэнтральнага раёна г. Гомеля 5 чэрвеня 2000 г. асуджана грамадзянка Б. па частцы другой артыкула 169 КК 1960 г. за тое, што яна, з’яўляючыся выкладчыкам эканамічных дысцыплін Гомельскага політэхнічнага тэхнікума, у перыяд з 6 па 18 сакавіка 2000 г. атрымлівала ад студэнтаў хабар за вырашэнне пытання аб станоўчай здачы экзамена па прадмету “Эканоміка”.
 
Судом Савецкага раёна г. Мінска 21 красавіка 2000 г. была апраўдана па абвінавачанню ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага часткай другой артыкула 169 КК 1960 г., грамадзянка С., якая, будучы старшым выкладчыкам кафедры фізвыхавання і спорту Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі, у перыяд са снежня 1999 г. па студзень 2000 г. неаднаразова вымагала і атрымлівала ад студэнтаў у якасці хабару грашовыя сродкі, а таксама выгаду маёмаснага характару за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, што ўваходзяць у яе кампетэнцыю. Вывад суда быў абгрунтаваны тым, што грамадзянка С. не з’яўляецца службовай асобай, а таму не можа несці адказнасць за атрыманне хабару. Вызначэннем судовай калегіі па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда ад 13 чэрвеня 2000 г., пастановай прэзідыума Мінскага гарадскога суда ад 13 верасня 2000 г. і вызначэннем судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 22 снежня 2000 г. прыгавор пакінуты без змянення, а прыносімыя пратэсты пракурораў, у якіх ставілася пытанне аб адмене судовых пастаноў у сувязі з незаконным апраўданнем, – без задавальнення.
 
Адзначаючы адсутнасць аднастайнай судовай практыкі прымянення паняцця службовай асобы па прымеце ўчынення ёй юрыдычна значных дзеянняў, Канстытуцыйны Суд лічыць, што такое становішча не садзейнічае забеспячэнню выканання дзяржавай ускладзенага на яе Канстытуцыяй (артыкул 59) абавязку прымаць усе даступныя ёй меры стварэння ўнутранага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, не забяспечвае прынцыпу непазбежнасці адказнасці асоб, вінаватых ва ўчыненні злачынстваў супраць інтарэсаў службы, і ў прыватнасці хабарніцтва, а таксама парушае прынцып роўнасці ўсіх перад законам, замацаваны ў артыкуле 22 Канстытуцыі.
 
Разглядаючы пастаўленае ў звароце Савета Міністраў пытанне аб тым, ці з’яўляюцца службовымі асобамі выкладчыкі вышэйшых або сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія прымаюць у студэнтаў або навучэнцаў курсавыя экзамены ці залікі, Канстытуцыйны Суд грунтуецца на агульнапрынятым паняцці юрыдычна значных дзеянняў, а таксама на нарматыўных актах Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, што вызначаюць правы і абавязкі выкладчыкаў і студэнтаў або навучэнцаў указаных навучальных устаноў, прававыя вынікі невыканання ўскладзеных на студэнтаў або навучэнцаў абавязкаў, звязаных з вывучэннем выкладаемых дысцыплін.
 
У частцы чацвёртай артыкула 4 КК змяшчаецца вызначэнне паняцця службовай асобы. Пры гэтым, калі ў пунктах 1 і 2 часткі чацвёртай дадзенага артыкула заканадавец выкарыстоўвае прымету, якая вызначае службовую асобу як асобу, надзеленую ўладнымі паўнамоцтвамі (прадстаўнік улады, прадстаўнік грамадскасці, надзелены паўнамоцтвамі прадстаўніка ўлады), то ў пункце 3 гэтай жа часткі ўказанага артыкула выкарыстоўваецца прымета, якая вызначае службовую асобу па характару выконваемых ёй іншых паўнамоцтваў. У дадзеным пункце прадугледжваюцца тры віды такіх паўнамоцтваў:
 
1) выкананне асобай арганізацыйна-распарадчых абавязкаў;
 
2) выкананне асобай адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў;
 
3) учыненне юрыдычна значных дзеянняЉў, на якія асоба ўпаўнаважана ва ўстаноўленым парадку.
 
Усе гэтыя віды паўнамоцтваў, што выступаюць як прыметы службовай асобы ў тым сэнсе, які ім надаецца крымінальным законам, з’яўляюцца самастойнымі прыметамі, як правіла, не звязанымі адна з адной. Пры гэтым выкананне арганізацыйна-распарадчых ці адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў звязана з выкананнем юрыдычна значных дзеянняў, аднак выкананне апошніх выступае і як самастойная падстава для аднясення таго або іншага работніка, не надзеленага арганізацыйна-распарадчымі ці адміністрацыйна-гаспадарчымі паўнамоцтвамі, да катэгорыі службовых асоб.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што юрыдычна значнымі прызнаюцца такія дзеянні, у выніку ўчынення якіх настаюць або могуць настаць прававыя вынікі ў выглядзе ўзнікнення, змянення або спынення праваадносін.
 
У адносінах да дадзенага паняцця, прадугледжанага ў КК, юрыдычна значныя дзеянні – гэта дзеянні асоб, упаўнаважаных ва ўстаноўленым парадку на іх учыненне. Наяўнасць дадзенай прыметы прадугледжвае, што асоба займае пастаянна або часова ў арганізацыі, установе, на прадпрыемстве пэўную пасаду (выконвае пэўную работу) і ўжо ў выніку гэтага можа ў пэўных выпадках учыняць юрыдычна значныя дзеянні ці прыцягваецца да выканання сваіх абавязкаў па спецыяльнаму паўнамоцтву.
 
Такім чынам, асобы, упаўнаважаныя ва ўстаноўленым парадку на ўчыненне юрыдычна значных дзеянняў, па сэнсу крымінальнага закона – гэта асобы, якія пастаянна або часова займаюць у арганізацыях (незалежна ад форм уласнасці) пасады ці выконваюць ускладзеныя на іх абавязкі па спецыяльнаму паўнамоцтву і ажыццяўляюць такія дзеянні, у выніку якіх настаюць або могуць настаць юрыдычна значныя вынікі ў выглядзе ўзнікнення, змянення або спынення праваадносін, суб’ектамі якіх з’яўляюцца іншыя асобы.
 
У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што да асоб, упаўнаважаных на ўчыненне юрыдычна значных дзеянняў, трэба адносіць не толькі тых выкладчыкаў, якія выконваюць свае абавязкі ў якасці членаў кваліфікацыйных або экзаменацыйных камісій, як гэта прыведзена для прыкладу пры растлумачэнні дадзенага пытання ў пункце 4 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 4 чэрвеня 1993 г. № 4, але і выкладчыкаў, якія прымаюць у студэнтаў або навучэнцаў курсавыя экзамены ці залікі.
 
Выстаўленне выкладчыкамі адзнак на курсавых экзаменах, а таксама станоўчая або адмоўная ацэнка ведаў навучэнцаў пры прыняцці ў іх заліку, што фіксуецца ў афіцыйных дакументах (экзаменацыйныя ведамасці, заліковыя кніжкі і да т.п.), у адных выпадках з’яўляюцца прамой і непасрэднай падставай надыходу юрыдычна значных вынікаў, гэта значыць узнікнення, змянення або спынення праваадносін (напрыклад, прадастаўленне права на атрыманне вучэбнай стыпендыі). У іншых выпадках такія дзеянні з’яўляюцца адным з неабходных (абавязковых) элементаў падставы надыходу ўказаных вынікаў, гэта значыць уплываюць на ўзнікненне, змяненне або спыненне праваадносін у сукупнасці з іншымі акалічнасцямі як частка адзінага цэлага (студэнт падлягае адлічэнню з ВНУ пры наяўнасці акадэмічнай запазычанасці пры няздачы ў час сесіі экзаменаў па трох і больш дысцыплінах). Ад выстаўленых на экзаменах або заліках адзнак ведаў студэнтаў або навучэнцаў залежыць вырашэнне пытанняў аб далейшым навучанні іх у адпаведнай навучальнай установе, аб прадастаўленні ім права на атрыманне вучэбнай стыпендыі, дыплома з адзнакай, які з’яўляецца падставай для павелічэння заработнай платы выпускнікам некаторых вышэйшых навучальных устаноў пры паступленні на работу, аб скарачэнні платы за навучанне ў недзяржаўных навучальных установах і інш.
 
Выкладзенае сведчыць, што выкладчыкі вышэйшых або сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, упаўнаважаныя ва ўстаноўленым парадку на прыняцце ў навучэнцаў экзаменаў або залікаў, з’яўляюцца суб’ектамі юрыдычна значных дзеянняў і ў сувязі з ажыццяўленнем указаных паўнамоцтваў падпадаюць пад прыметы службовай асобы, прадугледжаныя ў пункце 3 часткі чацвёртай артыкула 4 КК.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае таксама ўвагу на судовую практыку Расійскай Федэрацыі па кваліфікацыі як атрыманне хабару дзеянняў выкладчыкаў, якія прымаюць узнагароджанні за станоўчыя адзнакі ведаў студэнтаў на курсавых экзаменах. Такая практыка склалася нягледзячы на тое, што Крымінальны кодэкс Расійскай Федэрацыі не прадугледжвае ў якасці прыметы службовай асобы ўчыненне ёй юрыдычна значных дзеянняў. Выкладчыкі разглядаюцца непасрэдна ў якасці службовых асоб.
 
Разам з тым Канстытуцыйны Суд адзначае, што пытанне аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці за злачынствы супраць інтарэсаў службы ўказаных асоб павінна вырашацца ў кожным канкрэтным выпадку з улікам наяўнасці або адсутнасці іншых прымет саставаў указаных злачынстваў, а таксама ўсіх абставін справы, што ўплываюць на ацэнку характару і ступені грамадскай небяспекі ўчыненага, у тым ліку і на вырашэнне пытання аб наяўнасці або адсутнасці малазначнага дзеяння, прадугледжанага часткай чацвёртай артыкула 11 КК.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 9, 11, 34, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць адпавядаючым Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь палажэнне пункта 3 часткі чацвёртай артыкула 4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, згодна з якім да службовых асоб аднесены асобы, упаўнаважаныя ва ўстаноўленым парадку на ўчыненне юрыдычна значных дзеянняў.
 
2. Адзначыць супярэчлівасць судовай практыкі па прыцягненню да крымінальнай адказнасці выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў у сувязі з атрыманнем імі ўзнагароджання за станоўчыя адзнакі ведаў студэнтаў або навучэнцаў на курсавых экзаменах і заліках, калі ў адных выпадках яны прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці за атрыманне хабару, а ў іншых аналагічных сітуацыях такія асобы не разглядаюцца як суб’екты дадзенага злачынства.
 
3. Звярнуць увагу Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь на неабходнасць забеспячэння ў межах усёй дзяржавы адзінага падыходу да прымянення нормы пункта 3 часткі чацвёртай артыкула 4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, маючы на ўвазе, што дадзеная норма дазваляе прыцягваць да крымінальнай адказнасці выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў за атрыманне імі незаконнага ўзнагароджання ад студэнтаў або навучэнцаў.
 
Вярхоўнаму Суду Рэспублікі Беларусь прывесці сваю пастанову ад 4 чэрвеня 1993 г. № 4 “Аб судовай практыцы па справах аб злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў, службовай халатнасці, службовым падлогу” ў дакладную адпаведнасць з палажэннем пункта 3 часткі чацвёртай артыкула 4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
 
У выпадку, калі судовыя органы, прымяняючы дадзеную норму Крымінальнага кодэкса з 1993 г. і, як правіла, асуджаючы ўказаных асоб за атрыманне хабару, лічаць неабходным выключыць крымінальную адказнасць такіх асоб і тым самым змяніць судовую практыку, што складвалася ў гэтай галіне, ці лічаць неабходным замацаваць у законе прыметы юрыдычна значных дзеянняў (надыход юрыдычных вынікаў, публічна-прававы характар і інш.), ці прадугледзець для гэтых асоб іншую крымінальную або іншую юрыдычную адказнасць, ім трэба ініцыіраваць ва ўстаноўленым парадку ўнясенне змяненняў у дзеючае заканадаўства.
 
4. Апублікаваць гэта Заключэнне ў тэрмін, устаноўлены заканадаўствам, у “Народнай газеце” і “Звяздзе”, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь і “Весніку Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.
 
5. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з'яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                  Р.А. Васілевіч