Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
16 лістапада 2001 г. № Р-131/2001
Аб мясцовым зборы за карыстанне стаянкамі і паркоўку ў спецыяльна абсталяваных месцах
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40 і часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот грамадзян-аўтаўладальнікаў па пытанню правамернасці збірання мясцовага збору за карыстанне платнымі аўтастаянкамі ў г. Наваполацку.
 
Канстытуцыйны Суд, прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законаў “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2001 год”, “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь”, “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, іншых нарматыўных прававых актаў, а таксама практыку ўвядзення мясцовымі Саветамі дэпутатаў на тэрыторыях адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак збораў за карыстанне стаянкамі і паркоўку ў спецыяльна абсталяваных месцах, устанавіў наступнае.
 
Згодна з артыкулам 121 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў адносіцца ўстанаўленне ў адпаведнасці з законам мясцовых падаткаў і збораў.
 
У артыкуле 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2001 год” змяшчаецца вычарпальны пералік мясцовых падаткаў і збораў, якія ўводзяцца абласнымі, Мінскім гарадскім Саветамі дэпутатаў, Саветамі дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Згодна з абзацам другім пункта 2 дадзенага артыкула Мінскім гарадскім Саветам дэпутатаў і Саветамі дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню ўводзяцца і залічваюцца ў адпаведныя бюджэты зборы за карыстанне стаянкамі і паркоўку ў спецыяльна абсталяваных месцах.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што пры ўстанаўленні ва ўказаным Законе вызначэння “збор за карыстанне стаянкамі і паркоўку ў спецыяльна абсталяваных месцах” не ўлічаны патрабаванні артыкула 34 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”, якія прад’яўляюцца да стылістычнага афармлення тэксту нарматыўнага прававога акта. У прыватнасці, у тэксце нарматыўнага прававога акта не дапускаецца выкарыстанне іншамоўных запазычанняў пры наяўнасці раўназначных слоў і тэрмінаў у беларускай або рускай мове, а таксама выкарыстанне ў адным і тым жа сэнсе розных паняццяў (тэрмінаў). Тэрміны “стаянка” (месца, дзе размяшчаюцца на час прыпынку; месца, дзе часова стаіць транспарт) і “паркоўка” (месца для стаянкі; паркаваць – ставіць аўтамабіль на стаянку) у дадзеным выпадку аднолькавыя па зместу, заснаванаму на замацаваным у Правілах дарожнага руху, зацверджаных пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 сакавіка 1996 г. № 203, вызначэнні стаянкі як наўмыснага спынення руху транспартнага сродку на час больш за 5 мінут па прычынах, не звязаных з пасадкай або высадкай пасажыраў ці загрузкай або разгрузкай транспартнага сродку.
 
Мясцовы збор за карыстанне платнымі аўтастаянкамі ў г. Наваполацку ўведзены рашэннем Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 21 снежня 2000 г. № 12 “Аб бюджэце горада на 2001 год”. Згодна з пунктам 6 гэтага рашэння ўказаны збор устаноўлены ў памеры 0,025 мінімальнай заработнай платы ў суткі з кожнага аўтатранспартнага сродку, змешчанага на платнай стаянке. Плацельшчыкамі збору з’яўляюцца фізічныя і юрыдычныя асобы, якія змяшчаюць свае аўтатранспартныя сродкі на платных аўтастаянках.
 
На думку Канстытуцыйнага Суда, Наваполацкі гарадскі Савет дэпутатаў у пункце 6 рашэння, што прадугледжвае ўвядзенне збору за карыстанне платнымі аўтастаянкамі, нягледзячы на адрозненне назвы дадзенага віду мясцовага збору ад назвы, указанай у падпункце 1.1 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2001 год” (збор за карыстанне стаянкамі і паркоўку ў спецыяльна абсталяваных месцах), рэалізаваў сваё права на ўстанаўленне мясцовага збору, паколькі да стаянак, аб якіх ідзе размова ў дадзеным Законе, могуць быць аднесены і платныя аўтастаянкі.
 
Разам з тым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на неабходнасць правядзення дакладнага прававога размежавання паміж зборам за карыстанне стаянкамі ў спецыяльна абсталяваных месцах, што з’яўляецца складанай часткай падатковай сістэмы, якая рэгулюецца нормамі публічна-прававога характару, і платай за паслугі па захаванню транспартных сродкаў, якія змяшчаюцца на стаянкі, што ўносіцца ў мэтах выканання грамадзянска-прававых абавязацельных праваадносін, якія ўзнікаюць паміж бакамі дагавора захавання.
 
Падобнае размежаванне прававога статусу платы, што ўносіцца ў сувязі з карыстаннем стаянкамі, бачыцца, у прыватнасці, у рашэннях Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 11 лютага 1997 г. № 26 “Аб увядзенні збору за карыстанне месцам для паркоўкі аўтатранспарту”, ад 13 снежня 2000 г. № 141 “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у рашэнне 2-й сесіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 11 лютага 1997 г. № 26 “Аб увядзенні збору за карыстанне месцам для паркоўкі аўтатранспарту” (зацверджана Палажэнне аб парадку збірання збору за паркоўку аўтатранспарту на вулічна-дарожнай сетцы г. Мінска і адміністрацыйна падпарадкаваных Мінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту тэрыторыях) і рашэнні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 13 жніўня 1999 г. № 803 “Аб зацвярджэнні Правіл карыстання аўтастаянкамі”, якія вызначаюць парадак карыстання платнымі аўтастаянкамі, прызначанымі для кароткачасовага і доўгачасовага захоўвання транспартных сродкаў, што належаць грамадзянам і арганізацыям.
 
У пункце 7 рашэння № 12 Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў прадугледжана дэлегаванне паўнамоцтваў на распрацоўку і зацвярджэнне палажэнняў аб парадку вылічэння і выплаты мясцовых падаткаў і збораў Наваполацкаму гарадскому выканаўчаму камітэту.
 
Рашэннем Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта ад 14 лютага 2001 г. № 134 зацверджана Палажэнне аб мясцовым зборы за карыстанне платнымі аўтастаянкамі.
 
Згодна з пунктам 1 дадзенага Палажэння плацельшчыкамі збору з’яўляюцца юрыдычныя і фізічныя асобы, уключаючы ўладальнікаў аўтастаянак, транспартныя сродкі якіх змешчаны на платныя стаянкі, што знаходзяцца на тэрыторыях, якія ўваходзяць у адміністрацыйнае падпарадкаванне Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў і гарадскога выканаўчага камітэта. Уключэнне ўладальнікаў аўтастаянак у кола плацельшчыкаў дадзенага мясцовага збору, на думку Канстытуцыйнага Суда, не ўзгадняецца з палажэннямі падпункта 1.1 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2001 год”, паколькі права карыстання аўтастаянкамі ўладальнікаў гэтых аўтастаянак належыць ім у сувязі з правам валодання, набытым на законных падставах. Акрамя таго, Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2001 г. № 12 “Аб увядзенні адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, якія ажыццяўляюць рэалізацыю тавараў, работ (паслуг), і аб некаторых пытаннях, звязаных з указанай дзейнасцю” ў Пералік відаў дзейнасці, пры ажыццяўленні якіх індывідуальныя прадпрымальнікі і іншыя фізічныя асобы выплачваюць адзіны падатак, а таксама базавых ставак адзінага падатку ўключаны паслугі па захаванню транспартных сродкаў, што належаць грамадзянам. Згодна з падпунктам 3.1 названага Дэкрэта з увядзеннем адзінага падатку яго плацельшчыкі вызваляюцца ад выплаты мясцовых падаткаў і збораў.
 
У Палажэнні, зацверджаным рашэннем Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта ад 14 лютага 2001 г. № 134, устаноўлены таксама парадак і тэрміны выплаты збору (пункт 4), ільготы для асобных катэгорый грамадзян (пункт 5), вызначана, што адказнасць за правільнасць збірання, паўнату і своечасовасць выплаты мясцовага збору за карыстанне стаянкамі нясуць суб’екты прадпрымальніцкай дзейнасці, якія эксплуатуюць стаянкі і рэалізуюць паслугі платных стаянак (пункт 6).
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што адказнасць за выкананне падатковага заканадаўства, у тым ліку аб мясцовых падатках і зборах, нясуць плацельшчыкі гэтых падаткаў і збораў, акрамя ўстаноўленых у Законе “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь” выпадкаў, калі адказнасць ускладзена на трэціх асоб – крыніц даходу для падаткаплацельшчыкаў. На гэта прама ўказана ў артыкуле 9 Закона “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь”, згодна з якім плацельшчыкі падаткаў нясуць устаноўленую заканадаўствам Рэспублікі Беларусь адказнасць за правільнасць вылічэння, своечасовасць выплаты ў бюджэт і выкананне дзеючага заканадаўства. У сваю чаргу ў артыкуле 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2001 год” прадугледжана, што адказнасць за правільнасць вылічэння, своечасовасць выплаты і парадак спагнання мясцовых падаткаў і збораў устанаўліваюцца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь”.
 
Згодна з пунктам 2 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2001 год” права самастойна вызначаць базу і аб’екты падаткаабкладання, канкрэтныя памеры ставак, плацельшчыкаў, ільготы, парадак вылічэння і тэрміны выплаты мясцовых падаткаў і збораў прадастаўлена менавіта абласным, Мінскаму гарадскому Саветам дэпутатаў і Саветам дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню.
 
У выніку прадпісанняў артыкула 14 Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” (у рэдакцыі Закона ад 10 студзеня 2000 г.) мясцовыя Саветы маюць права перадаваць частку сваіх паўнамоцтваў выканаўчым і распарадчым органам, органам тэрытарыяльнага мясцовага самакіравання па просьбе або са згоды гэтых органаў, за выключэннем паўнамоцтваў, прадугледжаных артыкулам 121 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
 
Такім чынам, Наваполацкі гарадскі Савет дэпутатаў не меў прававых падстаў дэлегаваць Наваполацкаму гарадскому выканаўчаму камітэту паўнамоцтвы па зацвярджэнню палажэнняў аб парадку вылічэння і выплаты мясцовых падаткаў і збораў. Рэалізацыя гэтых паўнамоцтваў знаходзіцца ў выключнай кампетэнцыі адпаведных мясцовых Саветаў дэпутатаў. Дадзеная прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда аб неканстытуцыйнасці дэлегавання мясцовымі Саветамі дэпутатаў сваіх выключных паўнамоцтваў, прадугледжаных у артыкуле 121 Канстытуцыі, мясцовым выканаўчым камітэтам была ўжо раней сфармулявана ў рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 18 жніўня 1999 г. “Аб рашэнні Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 4 сакавіка 1999 г. № 185 “Аб увядзенні мясцовых збораў”.
 
Канстытуцыйны Суд таксама звяртае ўвагу на тое, што ўстанаўленне мясцовых падаткаў і збораў рэгулюецца толькі адным артыкулам закона аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на чарговы год. З аналізу зместу палажэнняў норм артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2001 год” вынікае, што заканадавец не ў поўным аб’ёме забяспечвае рэгуляванне адносін у сферы мясцовага падаткаабкладання, што прыводзіць на практыцы да рознага роду адхіленняў ад прадпісанняў законаў. Выкарыстанне ў законе падобных тэрмінаў і паняццяў, якія дазваляюць да таго ж шырока іх трактаваць (напрыклад, стаянкі, паркоўкі), прыводзіць да таго, што мясцовыя прадстаўнічыя і выканаўчыя органы ўстанаўліваюць дадатковыя плацяжы ў выглядзе збораў, толькі фармальна грунтуючыся на прадпісаннях закона. У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд лічыць, што для абароны канстытуцыйных правоў грамадзян і іх гарантыі, для ўстаранення няроўнасці падаткаплацельшчыкаў і магчымых парушэнняў адпаведных палажэнняў Канстытуцыі і законаў з боку мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў пры ўвядзенні мясцовых падаткаў і збораў неабходна забяспечыць больш поўнае рэгуляванне адносін у сферы мясцовага падаткаабкладання, у тым ліку ў частцы выкарыстоўваемых паняццяў, устанаўлення памераў, вызначэння суб’ектаў і аб’ектаў падаткаабкладання.
 
Кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116, артыкулам 120 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Адзначыць, што ў пункце 6 рашэння ад 21 снежня 2000 г. № 12 “Аб бюджэце горада на 2001 год” Наваполацкі гарадскі Савет дэпутатаў рэалізаваў сваё права на ўсталяванне ў адпаведнасці з законам мясцовых падаткаў і збораў. Разам з тым пры вызначэнні збору за карыстанне платнымі аўтастаянкамі як Наваполацкім гарадскім Саветам дэпутатаў, так і Наваполацкім гарадскім выканаўчым камітэтам быў дапушчаны шэраг парушэнняў, у прыватнасці, пры дэлегаванні выканаўчаму камітэту паўнамоцтваў па зацвярджэнню палажэння аб парадку вылічэння і выплаты збору; пры вызначэнні плацельшчыкаў збору; пры ўскладанні адказнасці за правільнасць вылічэння, своечасовасць выплаты і захавання парадку збірання збору.
 
2. Наваполацкаму гарадскому Савету дэпутатаў рашэнне ад 21 снежня 2000 г. № 12 “Аб бюджэце горада на 2001 год” у частцы ўвядзення мясцовага збору за карыстанне платнымі стаянкамі і Наваполацкаму гарадскому выканаўчаму камітэту рашэнне ад 14 лютага 2001 г. № 134, якім зацверджана Палажэнне аб мясцовым зборы за карыстанне платнымі аўтастаянкамі, прывесці ў адпаведнасць з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2001 год”, “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь” і гэтым рашэннем.
 
3. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь для забеспячэння абароны канстытуцыйных правоў грамадзян і іх гарантыі, устаранення няроўнасці падаткаплацельшчыкаў і парушэнняў патрабаванняў Канстытуцыі і законаў з боку мясцовых Саветаў дэпутатаў пры ўвядзенні мясцовых падаткаў і збораў прадугледзець больш поўнае рэгуляванне адносін у сферы мясцовага падаткаабкладання; замацаваць у Законе “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год” нормы, у адпаведнасці з якімі ў будучым выключалася б магчымасць збірання мясцовага збору за карыстанне платнымі аўтастаянкамі.
 
4. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
5. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                         Р.А. Васілевіч