Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
28 лістапада 2001 г. № З-132/2001
Аб адпаведнасці Канстытуцыі палажэнняў пунктаў 20 і 21 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 10 красавіка 1992 г. № 1 “Аб судовай практыцы па справах аб хабарніцтве”
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.
 
з удзелам прадстаўнікоў:
 
Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь — Рамановіча I.П.;
 
Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь — Мінца I.М.
 
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі палажэнняў пунктаў 20 і 21 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 10 красавіка 1992 г. № 1 “Аб судовай практыцы па справах аб хабарніцтве”.
 
У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Міклашэвіч П.П. — першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Iваноўскі А.У. – намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, Петраш А.С. – першы намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
 
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 17 кастрычніка 2001 г. па прапанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5, 6 і 11 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, артыкулаў 43 і 48 Рэгламента Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.
 
У адпаведнасці з часткай чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Канстытуцыйны Суд па прапановах указаных у дадзеным артыкуле органаў дае, у прыватнасці, заключэнні аб канстытуцыйнасці актаў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.
 
Праверцы падлягалі палажэнні пунктаў 20 і 21 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 10 красавіка 1992 г. № 1 “Аб судовай практыцы па справах аб хабарніцтве” (са змяненнямі ад 18 студзеня 1993 г., 18 снежня 1997 г. і 29 сакавіка 2001 г.).
 
Згодна з пунктам 20 дадзенай пастановы “вызваленне ад крымінальнай адказнасці па матывах вымагання хабару або добраахвотнай заявы аб дачы хабару (заўвага да арт. 431 КК Рэспублікі Беларусь) не выключае злачыннага характару дзеянняў, учыненых раней хабарадавальнікам. Таму ў такіх выпадках ён не прызнаецца пацярпелым ад злачынства. У выніку гэтага грошы і іншыя каштоўнасці, якія з’явіліся прадметам хабару, падлягаюць накіраванню ў даход дзяржавы”.
 
У адпаведнасці з пунктам 21 указанай пастановы “адабраныя грошы і іншыя каштоўнасці, якія з’яўляюцца прадметам хабару і прызнаны рэчавымі доказамі, падлягаюць накіраванню ў даход дзяржавы на падставе арт. 98 КПК. Калі грошы і іншыя каштоўнасці, передадзеныя ў выглядзе хабару, не былі выяўлены, грашовы эквівалент беспадстаўна набытай выгады з падсуднага спаганяецца ў даход дзяржавы. Грошы і іншыя каштоўнасці, калі яны памылкова былі вернуты хабарадавальніку, могуць быць спагнаны з яго ў даход дзяржавы па іску пракурора ў парадку грамадзянскага судаводства”.
 
У прапанове Савета Міністраў, унесенай у сувязі са зваротам Міністра ўнутраных спраў, пастаўлена пытанне аб праверцы канстытуцыйнасці палажэнняў дадзеных пунктаў пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 10 красавіка 1992 г. № 1. На думку ініцыятара прапановы, яны не заснаваны на нормах крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, ставяць у няроўнае становішча асоб, якія далі хабар, але падлягаюць вызваленню ад крымінальнай адказнасці ў адпаведнасці з заўвагай да артыкула 431 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у далейшым – КК), і асоб, якія ўчынілі іншыя злачынствы і таксама падлягаюць вызваленню ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з іх дзейным раскаяннем. Накіраванне ў даход дзяржавы прадмета хабару, што належыць на праве ўласнасці асобе, якая дала хабар, але падлягае вызваленню ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з меўшым месца вымаганнем хабару ці добраахвотнай заявай вінаватага аб дачы хабару, на думку Савета Міністраў, не садзейнічае раскрыццю такога небяспечнага злачынства, як атрыманне хабару.
 
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Саркісаву Э.А., прадстаўнікоў бакоў, эксперта Лукашова А.I. – дактаранта Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, кандыдата юрыдычных навук, дацэнта, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў Рэспублікі Беларусь, пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 10 красавіка 1992 г. № 1 “Аб судовай практыцы па справах аб хабарніцтве”, следчую і судовую практыку, а таксама іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
Згодна з заўвагай да артыкула 431 КК асоба, якая дала хабар, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці, калі ў адносінах да яе мела месца вымаганне хабару ці калі гэта асоба пасля дачы хабару добраахвотна заявіла аб учыненым.
 
У частцы шостай артыкула 61 КК прадугледжана прымяненне спецыяльнай канфіскацыі, якая заключаецца ў прымусовым бязвыплатным адабранні ва ўласнасць дзяржавы прылад і сродкаў учынення злачынства, што належаць асуджанаму; рэчаў, адабраных з абароту; маёмасці, набытай злачынным шляхам, а таксама прадметаў, якія непасрэдна звязаны са злачынствам, калі яны не падлягаюць вяртанню пацярпеламу або іншай асобе.
 
Пытанні канфіскацыі рэгулююцца таксама крымінальна-працэсуальным заканадаўствам. У прыватнасці, згодна з артыкулам 98 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у далейшым – КПК) у прыгаворы, прысудзе або пастанове аб спыненні вядзення па крымінальнай справе павінна быць вырашана пытанне аб рэчавых доказах. Пры гэтым: 1) прылады злачынства, якія належаць абвінавачванаму, падлягаюць канфіскацыі або знішчаюцца; 2) прадметы, забароненыя да абарачэння, падлягаюць канфіскацыі або знішчаюцца; 3) прадметы, якія не ўяўляюць каштоўнасці і не могуць быць выкарастаны, падлягаюць знішчэнню, а ў выпадку хадайніцтва зацікаўленых асоб або ўстаноў могуць быць выдадзены ім; 4) грошы і іншыя каштоўнасці, здабытыя злачынным шляхам, па прыгавору суда падлягаюць накіраванню на пакрыццё шкоды ад злачынства, а пры невядомасці асобы, якая панесла шкоду, накіроўваюцца ў даход дзяржавы. Iншыя рэчавыя доказы выдаюцца законным уладальнікам, а пры неўстанаўленні апошніх пераходзяць ва ўласнасць дзяржавы. У выпадку спрэчкі аб іх прыналежнасці яна падлягае вырашэнню ў парадку грамадзянскага судаводства; 5) дакументы, якія з’яўляюцца рэчавымі доказамі, застаюцца пры крымінальнай справе на працягу ўсяго тэрміну яе захоўвання ці перадаюцца зацікаўленым асобам або ўстановам.
 
Супастаўляючы правяраемыя пункты пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 10 красавіка 1992 г. № 1 з прыведзенымі вышэй нормамі крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў пункце 21 указанай пастановы змяшчаецца агульнае правіла, якое вызначае лёс прадмета хабару як рэчавага доказу. Яно распаўсюджваецца на асоб, якія ўчынілі злачынства ў выглядзе як атрымання хабару, так і дачы хабару.
 
Фармулюючы ў дадзеным пункце палажэнне аб тым, што адабраныя грошы і іншыя каштоўнасці, якія з’яўляюцца прадметам хабару і прызнаны рэчавымі доказамі, падлягаюць накіраванню ў даход дзяржавы, Пленум Вярхоўнага Суда грунтаваўся на артыкуле 98 КПК. Аднак згодна з пунктам 4 дадзенага артыкула грошы і іншыя каштоўнасці, здабытыя злачынным шляхам, па прыгавору суда падлягаюць накіраванню на пакрыццё шкоды ад злачынства. У даход дзяржавы яны накіроўваюцца толькі ў выпадку невядомасці асобы, якая панесла шкоду. У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд адзначае, што спасылка ў пункце 21 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 10 красавіка 1992 г. № 1 толькі на артыкул 98 КПК недастатковая, паколькі з яе прама не вынікае неабходнасць накіравання ва ўсіх выпадках у даход дзяржавы прадмета хабару як рэчавага доказу.
 
Разам з тым Канстытуцыйны Суд адзначае няўзгодненасць палажэнняў пункта 4 артыкула 98 КПК і часткі шостай артыкула 61 КК, згодна з якой маёмасць, набытая злачынным шляхам, падлягае прымусоваму бязвыплатнаму адабранню ва ўласнасць дзяржавы. Таму Канстытуцыйны Суд прыходзіць да высновы, што палажэнне пункта 21 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 10 красавіка 1992 г. № 1, хаця прама і не вынікае з артыкула 98 КПК, на які зроблена спасылка ва ўказаным пункце, але па сваёй сутнасці не супярэчыць закону ў цэлым, паколькі часткай шостай артыкула 61 КК устаноўлена агульнае правіла аб накіраванні ў даход дзяржавы маёмасці, набытай злачынным шляхам. Такой маёмасцю, у прыватнасці, з’ўляюцца грошы і іншыя каштоўнасці, перададзеныя хабарніку, які асуджаецца па прыгавору суда.
 
Пленум Вярхоўнага Суда ў пункце 20 указанай пастановы сфармуляваў спецыяльнае палажэнне, што датычыцца асобы, якая дала хабар, але вызвалена ад крымінальнай адказнасці з прычыны таго, што ў адносінах да гэтай асобы мела месца вымаганне хабару ці яна пасля дачы хабару добраахвотна заявіла аб учыненым.
 
У адпаведнасці з заўвагай да артыкула 431 КК асоба, якая дала хабар, падлягае вызваленню ад крымінальнай адказнасці:
1) калі ў адносінах да гэтай асобы мела месца вымаганне хабару;
 
2) у выпадку дзейнага раскаяння, гэта значыць калі асоба пасля дачы хабару добраахвотна заявіла аб учыненым.
 
Аналізуючы першую падставу вызвалення ад крымінальнай адказнасці асобы, якая дала хабар, Канстытуцыйны Суд адзначае, што вымаганне хабару азначае патрабаванне, якое прад’яўляецца службовай асобай, суправаджаецца пагрозай учынення дзеянняў, якія могуць прычыніць урон законным інтарэсам грамадзяніна або яго блізкім, ці пастаўленне яго ў такія ўмовы, пры якіх ён вымушаны даць хабар у мэтах прадухілення шкодных вынікаў для праваахоўваемых інтарэсаў.
 
З прычыны вымагання хабару асоба можа апынуцца ў такім стане, калі яна вымушана, ахвяруючы сваімі матэрыяльнымі выгадамі, пагадзіцца на дачу хабару ў мэтах абароны больш значных для яе інтарэсаў. Такі стан можа ў пэўных выпадках разглядацца як крайняя неабходнасць, якая ў адпаведнасці з артыкулам 36 КК выключае злачыннасць учыненага дзеяння. У гэтых выпадках указаная асоба не павінна лічыцца асобай, якая ўчыніла злачынства, а таму на яе не могуць распаўсюджвацца прававыя вынікі ўчыненага ў выглядзе канфіскацыі грошай або іншых каштоўнасцей, перададзеных у якасці хабару службовай асобе. У выніку гэтага яна мае права прэтэндаваць на вяртанне прадмета хабару.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што судовая практыка павінна грунтавацца на ўказаных палажэннях крымінальнага заканадаўства.
 
Разглядаючы другую падставу вызвалення ад крымінальнай адказнасці асобы, якая дала хабар, Канстытуцыйны Суд адзначае наступнае.
 
Згодна з часткай першай артыкула 88 КК асоба, якая ўпершыню ўчыніла злачынства, што не прадстаўляе вялікай грамадскай небяспекі, можа быць вызвалена ад крымінальнай адказнасці, калі яна пасля ўчынення злачынства добраахвотна з’явілася з пакаяннем, актыўна садзейнічала раскрыццю злачынства, пакрыла прычынены ўрон або іншым чынам загладзіла нанесеную злачынствам шкоду. Такія дзеянні вінаватай ва ўчыненні злачынства асобы ўтвараюць у сукупнасці дзейнае раскаянне, наяўнасць якога можа служыць падставай яе вызвалення ад крымінальнай адказнасці за злачынства, што не прадстаўляе вялікай грамадскай небяспекі. Часткай другой дадзенага артыкула прадугледжваецца вызваленне ад крымінальнай адказнасці асобы, якая ўчыніла злачынства іншай катэгорыі, толькі ў выпадках, спецыяльна прадугледжаных артыкулам Спецыяльнай часткі КК, але пры наяўнасці ўмоў, указаных у частцы першай артыкула 88 КК, гэта значыць пры ўчыненні злачынства ўпершыню, добраахвотнай яўцы асобы з пакаяннем, актыўным садзейнічанні раскрыццю злачынства, пакрыцці ўрону або іншым чынам загладжванні нанесенай злачынствам шкоды.
 
У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд адзначае, што паколькі пры дачы хабару не прычыняецца матэрыяльны ўрон, які патрэбна пакрыць, і не наносіцца фактычная шкода, што падлягае загладжванню, крымінальны закон дазваляе вызваліць асобу, якая дала хабар, ад крымінальнай адказнасці толькі пры яе добраахвотнай заяве аб учыненым, што прадугледжвае і актыўнае садзейнічанне гэтай асобай раскрыццю злачынства.
 
Аднак дзейнае раскаянне вінаватага не выключае злачыннага характару ўчыненага дзеяння ў выглядзе дачы хабару і з прычыны гэтага хабарадавальнік не можа быць прызнаны пацярпелым ад злачынства, якому прычыняецца матэрыяльны ўрон. У дадзеным выпадку асоба добраахвотна перадае грошы ці іншыя каштоўнасці хабарніку. Паколькі ні крымінальным, ні крымінальна-працэсуальным заканадаўствам не прадугледжваюцца асаблівасці вызначэння лёсу прадмета хабару пры добраахвотнай заяве аб яго дачы, гэта пытанне павінна вырашацца ў адпаведнасці з агульнымі правіламі, устаноўленымі часткай шостай артыкула 61 КК.
 
На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць палажэнне пункта 20 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 10 красавіка 1992 г. № 1, што вызначае лёс прадмета хабару ў адносінах да асобы, якая дала хабар, але добраахвотна заявіла аб учыненым, ці ў адносінах да якой мела месца вымаганне хабару пры адсутнасці стану крайняй неабходнасці, адпавядаючым закону.
 
Разам з тым Канстытуцыйны Суд не выключае і іншых падыходаў заканадаўца да вырашэння пытання адносна прадмета хабару пры дзейным раскаянні асобы, якая дала хабар, маючы на ўвазе наступнае.
 
У артыкуле 22 Канстытуцыі абвешчаны прынцып роўнасці ўсіх перад законам. Дадзены прынцып не выключае права заканадаўца ўстанаўліваць асаблівасці, якія датычацца адказнасці асобных катэгорый асоб. Заканадаўцу таксама прадастаўлена права прадугледжваць нормы, якія як змякчаюць адказнасць, так і вызваляюць вінаватых ад крымінальнай адказнасці па розных падставах.
 
У ліку падстаў вызвалення ад крымінальнай адказнасці законам прадугледжваецца дзейнае раскаянне, якое выкарыстоўваецца заканадаўцам перш за ўсё як сродак, што стымулюе раскрыццё злачынстваў і выкрыццё вінаватых у іх учыненні.
 
Такі падыход заканадаўца грунтуецца на патрабаваннях артыкула 59 Канстытуцыі, згодна з якім дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь. Праз заканадаўчае расшырэнне сферы прымянення дзейнага раскаяння дзяржава стварае аптымальныя ўмовы для раскрыцця злачынстваў, выкрыцця вінаватых у іх учыненні. Адным з прыватных выпадкаў прымянення ўказанага інстытута з’яўляецца норма заўвагі да артыкула 431 КК, у адпаведнасці з якой асоба, якая дала хабар, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці, калі яна пасля дачы хабару добраахвотна заявіла аб учыненым.
 
Прызнаючы забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь вышэйшай мэтай дзяржавы, Канстытуцыя ў артыкуле 23 прадугледжвае магчымасць абмежавання правоў і свабод асобы толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.
 
Канстытуцыйны Суд бярэ пад увагу таксама агульнапрызнаныя ў міжнародным праве палажэнні, згодна з якімі ступень любога абмежавання права павінна быць строга суразмернай патрэбнасці або вышэйшаму інтарэсу, дзеля якіх уводзіцца дадзенае абмежаванне.
 
Як паказвае практыка, адабранне і накіраванне ў даход дзяржавы грошай або іншых каштоўнасцей, што раней належалі асобе, якая дала хабар, але падлягае вызваленню ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з яе дзейным раскаяннем, не стымулююць асоб, якія далі хабар, на добраахвотную заяву аб учыненым і з прычыны гэтага не садзейнічаюць раскрыццю больш небяспечных злачынстваў у выглядзе атрымання хабару.
 
На думку Канстытуцыйнага Суда, больш мяккага падыходу заслугоўваюць асобы, у адносінах да якіх мае месца вымаганне хабару.
 
З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд не выключае магчымасці ўвядзення ў заканадаўства такой нормы, якая б дазваляла суду ў асобных выпадках, на падставе ўсебаковай ацэнкі канкрэтных акалічнасцей справы, разам з канфіскацыяй грошай або іншых каштоўнасцей, атрыманых службовай асобай у якасці хабару, вырашаць пытанне аб іх вяртанні хабарадавальніку, які падлягае вызваленню ад крымінальнай адказнасці на падставе заўвагі да артыкула 431 КК, і перш за ўсё калі ў адносінах да гэтай асобы мела месца вымаганне хабару.
 
Канстытуцыйны Суд, кіруючыся артыкулам 11 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, таксама адзначае, што на практыцы маюць месца выпадкі, калі накіроўваюцца ў даход дзяржавы грошы або іншыя каштоўнасці, што належаць асобам, якія загадзя, яшчэ да іх перадачы хабарніку, добраахвотна паведамляюць праваахоўным органам аб вымаганні ў іх хабару і затым удзельнічаюць у правядзенні аператыўных дзеянняў, што выконваюцца пад кантролем гэтых органаў у мэтах выкрыцця хабарнікаў.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць такую практыку незаконнай. Указаныя асобы не ўчыняюць злачынства, і ў выніку гэтага грошы і іншыя каштоўнасці, якія належаць ім і выкарыстоўваюцца ва ўказаных мэтах, падлягаюць вяртанню іх уладальнікам.
 
У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што развіццё судовай практыкі было б забяспечана ў патрэбным накірунку, калі б у пастанове Пленума Вярхоўнага Суда ад 10 красавіка 1992 г. № 1 разам з агульным указаннем аб адабранні ў даход дзяржавы прадмета хабару змяшчалася і ўказанне на недапушчальнасць канфіскацыі грошай і іншых каштоўнасцей, якія перадаюцца ў ходзе аператыўна-вышуковых дзеянняў.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 9, 11, 34, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць пункты 20 і 21 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 10 красавіка 1992 г. № 1 “Аб судовай практыцы па справах аб хабарніцтве” ў частцы змешчаных у іх растлумачэнняў адпавядаючымі нормам Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
 
Адзначыць, што накіраванне ў даход дзяржавы грошай і іншых каштоўнасцей, перададзеных у якасці хабару асобай, у адносінах да якой мела месца вымаганне хабару, не павінна распаўсюджвацца на асоб, якія аказаліся ў стане крайняй неабходнасці і вымушаны даць хабар.
 
2. Адзначыць незаконнасць практыкі, у адпаведнасці з якой накіроўваюцца ў даход дзяржавы грошы і іншыя каштоўнасці, што належаць асобам, якія да іх перадачы хабарніку добраахвотна паведамляюць праваахоўным органам аб вымаганні ў іх хабару і затым удзельнічаюць у правядзенні аператыўных дзеянняў, што выконваюцца пад кантролем гэтых органаў у мэтах выкрыцця хабарнікаў.
 
Указаныя асобы не ўчыняюць злачынства, і ў выніку гэтага грошы і іншыя каштоўнасці, якія належаць ім і выкарыстоўваюцца ва ўказаных мэтах, падлягаюць вяртанню іх уладальнікам.
 
3. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь устараніць няўзгодненасць палажэнняў артыкула 98 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і артыкула 61 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь адносна грошай і іншых каштоўнасцей, атрыманых злачынным шляхам, маючы на ўвазе таксама і тое, што не выключаецца магчымасць увядзення ў заканадаўства нормы, якая дазваляе суду ў пэўных выпадках вырашаць пытанне аб вяртанні прадмета хабару хабарадавальніку, які падлягае вызваленню ад крымінальнай адказнасці на падставе заўвагі да артыкула 431 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
 
4. Апублікаваць гэта Заключэнне ў тэрмін, устаноўлены заканадаўствам, у “Народнай газеце” і “Звяздзе”, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь і “Весніку Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.
 
5. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з'яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                         Р.А. Васілевіч