Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
13 снежня 2001 г. № Р-134/2001
Аб праве інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны на льготу па абавязковаму страхаванню будынкаў
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот Любанскага раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, а таксама асобных грамадзян па пытанню прадастаўлення інвалідам Вялікай Айчыннай вайны льготы па абавязковаму страхаванню будынкаў, якія належаць ім, устанавіў наступнае.
 
Згодна з пунктам 1 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 кастрычніка 1997 г. № 18 “Аб абавязковым страхаванні будынкаў, якія належаць грамадзянам” аб’ектам абавязковага страхавання з’яўляюцца будынкі (жылыя дамы і гаспадарчыя (падсобныя) пабудовы, у тым ліку гаражы, размешчаныя ў межах вызначанага зямельнага ўчастка), якія належаць на праве ўласнасці грамадзянам Рэспублікі Беларусь, замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства (далей – страхавальнікі) і пастаянна выкарыстоўваюцца для пражывання і гаспадарчых патрэб страхавальнікамі, членамі іх сем’яў або іншымі асобамі са згоды ўласніка. У пункце 4 названага Дэкрэта прадугледжана вызваленне ад выплаты страхавых узносаў інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны і прыраўнаваных да іх асоб.
 
У адпаведнасці з Парадкам вызвалення ад выплаты страхавых узносаў і прадастаўлення льгот па абавязковаму страхаванню будынкаў, якія належаць грамадзянам, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 студзеня 1998 г. № 16, вызваленне ад выплаты страхавых узносаў ажыццяўляецца на падставе заявы і прад’яўляемых дакументаў: для інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны і прыраўнаваных да іх асоб – пашпарта, пасведчання інваліда Вялікай Айчыннай вайны, пасведчання інваліда аб праве на льготы, пасведчання ўдзельніка вайны з адпаведным укладышам. Рашэнне аб выніках разгляду заяў прымае кіраўнік прадстаўніцтва Беларускага рэспубліканскага унітарнага страхавога прадпрыемства “Белдзяржстрах”.
 
Інструкцыя аб уліку будынкаў, аб налічэнні і выплаце страхавых узносаў, вызначэнні і выплаце страхавога пакрыцця па абавязковаму страхаванню будынкаў, якія належаць грамадзянам, зацверджаная Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь 16 красавіка 1998 г., з наступнымі змяненнямі, дадатковых норм у параўнанні з вышэйпрыведзенымі, што рэгулююць дадзенае пытанне, не змяшчае.
 
З аналізу правапрымяняльнай практыкі вынікае, што Белдзяржстрахам у якасці страхавальнікаў разглядаюцца толькі грамадзяне – уласнікі будынкаў, на імя якіх будынкі зарэгістраваны: калі будынак зарэгістраваны на інваліда Вялікай Айчыннай вайны, ільгота прадастаўляецца незалежна ад наяўнасці іншых удзельнікаў сумеснай уласнасці і складу сям’і; калі будынак зарэгістраваны, напрыклад, на жонку інваліда Вялікай Айчыннай вайны, ільгота не прадастаўляецца. Такі парадак прадастаўлення льгот Белдзяржстрах абумоўлівае тым, што паколькі страхавальнікамі па дадзенаму віду страхавання будынкаў з’яўляюцца ўласнікі будынкаў, а права ўласнасці на нерухомую маёмасць у адпаведнасці з артыкулам 220 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГК) падлягае рэгістрацыі, то льготы па выплаце прадастаўляюцца толькі тым асобам, якія сваё права ўласнасці зарэгістравалі ва ўстаноўленым парадку. Пры разглядзе іскаў Белдзяржстраха аб спагнанні запазычанасці па абавязковаму страхаванню будынкаў са страхавальнікаў – мужоў (жонак) інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, як правіла, не бяруцца пад увагу доказы адказчыкаў аб тым, што дадзеная нерухомая маёмасць знаходзіцца ў агульнай сумеснай уласнасці, адным з удзельнікаў якой з’яўляецца інвалід Вялікай Айчыннай вайны, які мае ўстаноўленае заканадаўствам права на вызваленне ад выплаты страхавых узносаў.
 
Дзяржаўная рэгістрацыя жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў ад 3 верасня 1999 г. № 1372 “Аб парадку дзяржаўнага ўліку жыллёвага фонду” і Інструкцыяй аб парадку дзяржаўнай рэгістрацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанай загадам Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь № 176, Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь № 119, Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь № 379, Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь № 262 ад 3 снежня 1999 г. Дадзеныя нарматыўныя прававыя акты не прадугледжваюць адлюстраванне, у адрозненне ад агульнай долевай уласнасці, юрыдычна значнага факта агульнай сумеснай уласнасці на рэгіструемую нерухомую маёмасць.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што вызначальнымі прыметамі будынкаў як аб’ектаў абавязковага страхавання з’яўляюцца, па-першае, іх прыналежнасць грамадзянам на праве ўласнасці, па-другое, пастаяннае выкарыстанне ўказаных будынкаў для патрэб страхавальнікаў, членаў іх сем’яў або іншых асоб са згоды ўласнікаў.
 
У адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 246 ГК маёмасць можа знаходзіцца ў агульнай уласнасці з вызначэннем долі кожнага з уласнікаў у праве ўласнасці (долевая ўласнасць) або без вызначэння такіх доляў (сумесная ўласнасць). Удзельнікі сумеснай уласнасці згодна з артыкулам 256 ГК, калі іншае не прадугледжана пагадненнем паміж імі, сумесна валодаюць і карыстаюцца агульнай маёмасцю. Распараджэнне маёмасцю, якая знаходзіцца ў сумеснай уласнасці, ажыццяўляецца па згодзе ўсіх удзельнікаў, якая прадугледжваецца незалежна ад таго, кім з удзельнікаў учынена здзелка па распараджэнню маёмасцю. У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 259 ГК маёмасць, набытая мужам і жонкай у час шлюбу, знаходзіцца ў іх сумеснай уласнасці, калі дагаворам паміж імі не ўстаноўлены іншы рэжым гэтай маёмасці.
 
У пункце 13 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 1993 г. № 5 “Аб практыцы вырашэння судамі спрэчак, звязаных з правам прыватнай уласнасці на жылы дом” (са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі пастановай Пленума Вярхоўнага Суда ад 25 сакавіка 1999 г. № 2) звернута ўвага, што пабудаваны ці набыты мужам і жонкай у час шлюбу дом з’яўляецца іх агульнай сумеснай маёмасцю незалежна ад таго, каму з іх прадастаўлены ў пажыццёвае спадчыннае валоданне зямельны ўчастак для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, хто з іх указаны ў дагаворы аб набыцці дома і на чыё імя зарэгістраваны дом.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што, калі будынак, які падлягае страхаванню, знаходзіцца ў агульнай сумеснай уласнасці яе ўдзельнікаў, адным з якіх з’яўляецца інвалід Вялікай Айчыннай вайны, і паколькі заканадаўцам не ўстаноўлена, што льгота прадастаўляецца на частку сумеснай маёмасці, якая належала б яму пры раздзеле гэтай маёмасці, інваліды Вялікай Айчыннай вайны і прыраўнаваныя да іх асобы падлягаюць вызваленню ад выплаты страхавых узносаў на будынкі, што належаць ім, у тым ліку на праве сумеснай уласнасці з іншымі ўдзельнікамі гэтай уласнасці, незалежна ад таго, на каго з удзельнікаў агульнай сумеснай уласнасці будынак зарэгістраваны і хто з удзельнікаў гэтай уласнасці выступае страхавальнікам. Іншы падыход да прадастаўлення ўстаноўленай заканадаўчым актам ільготы цягне за сабой няроўнасць грамадзян, якія адносяцца да адной і той жа катэгорыі суб’ектаў права, што маюць права на канкрэтную льготу.
 
Згодна з артыкулам 58 Канстытуцыі ніхто не можа быць прымушаны да адмаўлення ад сваіх правоў, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе законамі.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што прадугледжанае Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 кастрычніка 1997 г. № 18 для інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны і прыраўнаваных да іх асоб права на вызваленне ад выплаты страхавых узносаў павінна быць забяспечана належным механізмам яго рэалізацыі, які не ўшчамляе правы дадзенай катэгорыі грамадзян.
 
Кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Адзначыць, што дзеючым заканадаўствам інвалідам Вялікай Айчыннай вайны і прыраўнаваным да іх асобам прадастаўлена льгота пры выплаце страхавых узносаў па абавязковаму страхаванню будынкаў, якія належаць ім на праве ўласнасці, і ў выпадку, калі гэтыя будынкі знаходзяцца ў агульнай сумеснай уласнасці інваліда (прыраўнаванай да яго асобы) і яго жонкі (мужа).
 
2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь забяспечыць рэалізацыю інвалідамі Вялікай Айчыннай вайны і прыраўнаванымі да іх асобамі свайго права на вызваленне ад выплаты страхавых узносаў па абавязковаму страхаванню будынкаў, якія належаць ім на праве агульнай сумеснай уласнасці з іншымі ўдзельнікамі гэтай уласнасці, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                     Р.А. Васілевіч