Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
4 снежня 2001 г. № Р-133/2001
Аб мясцовым паляўнічым зборы
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40 і часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот членаў брэсцкага аддзялення Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў аб праверцы правамернасці збірання мясцовага паляўнічага збору дадаткова да выплаты дзяржаўнай пошліны за прадастаўленне права на паляванне.
 
Канстытуцыйны Суд, прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, законаў Рэспублікі Беларусь “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2001 год”, “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь”, “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету”, “Аб дзяржаўнай пошліне”, іншых нарматыўных прававых актаў, устанавіў наступнае.
 
Парадак прававога рэгулявання ў галіне аховы і выкарыстання жывёльнага свету ўстаноўлены Законам “Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету”, згодна з артыкулам 37 якога аб’екты жывёльнага свету прадастаўляюцца ў карыстанне ў адпаведнасці з патрабаваннямі дадзенага Закона і іншага заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Аб’екты жывёльнага свету прадастаўляюцца ў карыстанне за плату на падставе спецыяльных дазволаў (ліцэнзій), якія выдаюцца спецыяльна ўпаўнаважаным дзяржаўным органам Рэспублікі Беларусь па прыродных рэсурсах і ахове навакольнага асяроддзя, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных Законам “Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету” і іншымі актамі заканадаўства. У артыкуле 45 дадзенага Закона вызначана, што права на паляванне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з паляўнічай зброяй, іншымі дазволенымі прыладамі палявання, а таксама з паляўнічымі сабакамі і лоўчымі птушкамі маюць усе дзеяздольныя грамадзяне, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, здалі спецыяльны паляўнічы экзамен, выплацілі дзяржаўную пошліну ва ўстаноўленым памеры і маюць дзяржаўнае пасведчанне на права палявання, выдадзенае спецыяльна ўпаўнаважаным дзяржаўным органам Рэспублікі Беларусь па лясной гаспадарцы, якое сапраўднае на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама дазвол органаў унутраных спраў на захоўванне і нашэнне паляўнічай зброі.
 
За прадастаўленне права на паляванне ў адпаведнасці з пунктам 8 артыкула 2 Закона “Аб дзяржаўнай пошліне” збіраецца дзяржаўная пошліна, стаўка якой згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 лютага 1993 г. № 105 (са змяненнямі і дапаўненнямі) складае 20 працэнтаў мінімальнай заработнай платы. Выплата дзяржаўнай пошліны ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пунктам 9 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1997 г. № 1750 “Аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь” (у рэдакцыі ад 6 кастрычніка 1999 г. № 1552) адзін раз у каляндарным годзе ў памеры, устаноўленым заканадаўствам, пры ўмове непасрэднай рэалізацыі грамадзянінам гэтага права. Пры гэтым указаная пошліна павінна быць унесена да моманту атрымання паляўнічай пуцёўкі або разавага дазволу на здабычу асобных відаў жывёл, якія адносяцца да аб’ектаў палявання. Паляўнічая пуцёўка і (або) разавы дазвол на здабычу асобных відаў дзікіх жывёл, якія адносяцца да аб’ектаў палявання згодна з пунктам 15 Палажэння аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, зацверджанага пастановай Савета Міністраў ад 30 снежня 1997 г. № 1750, выдаюцца арандатарамі паляўнічых угоддзяў за плату, памер якой устанаўліваецца імі на падставе рэкамендацый па вызначэнню кошту паляўнічай пуцёўкі і разавага дазволу, што зацвярджаюцца ва ўстаноўленым парадку (у цяперашні час выкарыстоўваюцца Рэкамендацыі па вызначэнню кошту паляўнічых пуцёвак і разавых дазволаў на здабычу асобных відаў дзікіх жывёл, якія адносяцца да аб’ектаў палявання, зацверджаныя загадамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь ад 17 сакавіка 1998 г. № 77, Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь ад 18 сакавіка 1998 г. № 84, Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь ад 24 сакавіка 1998 г. № 24).
 
З пунктаў 17, 20 – 22 Парадку выдачы дзяржаўных пасведчанняў на права палявання ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанага Міністэрствам лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь 2 чэрвеня 1997 г., вынікае, што паляўнічае пасведчанне дае права на паляванне пры наяўнасці карткі ўліку парушэнняў правіл палявання і выплаты дзяржаўнай пошліны з адзнакай аб выплаце дзяржаўнай пошліны за бягучы год. Картка ўліку парушэнняў правіл палявання і выплаты дзяржаўнай пошліны з’яўляецца абавязковым дапаўненнем да паляўнічага пасведчання.
 
Згодна з артыкулам 9 Закона “Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету” да кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў у галіне аховы і выкарыстання жывёльнага свету адносяцца ўстанаўленне межаў паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў і заключэнне дагавораў аб іх арэндзе, узгадненне лімітаў на карыстанне жывёльным светам, арганізацыя збірання плацяжоў за карыстанне жывёльным светам, устанаўленне і збіранне мясцовых падаткаў і збораў за асобныя віды карыстання жывёльным светам.
 
Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда аб канстытуцыйнасці ўстанаўлення ў адпаведнасці з законам мясцовых падаткаў і збораў мясцовымі Саветамі дэпутатаў раней выкладзена ў рашэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 16 лістапада 2001 г. “Аб мясцовым зборы за карыстанне стаянкамі і паркоўку ў спецыяльна абсталяваных месцах”.
 
Вычарпальны пералік мясцовых падаткаў і збораў, якія ўводзяцца абласнымі, Мінскім гарадскім Саветамі дэпутатаў, Саветамі дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, што змяшчаецца ў артыкуле 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2001 год”, уключае як адзін з відаў збораў з карыстальніка рыбалоўны і паляўнічы зборы (падпункт 1.1 пункта 1).
 
На думку Канстытуцыйнага Суда, збіранне ў адпаведнасці з Законам “Аб дзяржаўнай пошліне” дзяржаўнай пошліны за прадастаўленне права на паляванне не ўплывае на заканадаўча замацаванае права мясцовых Саветаў дэпутатаў уводзіць на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак мясцовы паляўнічы збор.
 
Рашэннем Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў ад 21 снежня 2000 г. № 107 “Аб бюджэце раёна на 2001 год” уведзены мясцовы паляўнічы збор, зацверджана Палажэнне аб мясцовым паляўнічым зборы (у далейшым – Палажэнне), у якім вызначаны плацельшчыкі збору, стаўка збору ў памеры адной мінімальнай заработнай платы, перыядычнасць выплаты збору (адзін раз у год), ільготы для асобных катэгорый грамадзян, парадак збірання збору, адказнасць.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што Палажэнне змяшчае ўнутраную супярэчнасць у частцы вызначэння плацельшчыкаў збору. Так, калі ў абзацы другім Палажэння ўказана, што плацельшчыкамі збору з’яўляюцца ўсе фізічныя асобы, якія рэалізуюць права на паляванне ў паляўнічых гаспадарках і ўгоддзях Брэсцкага раёна незалежна ад месца работы і жыхарства, то зыходзячы з норм, выкладзеных у абзацах восьмым, дзевятым, адзінаццатым, плацельшчыкамі збору з’яўляюцца і паляўнічыя гаспадаркі, на якія ўскладзена збіранне збору пры першаснай выдачы пуцёўкі на права палявання. Прадугледжаны абавязак гэтых арганізацый выдаваць прыходны ордэр, прадстаўляць у падатковы орган разлікі збору і пералічваць збор не пазней дваццаць другога чысла месяца, які ідзе за справаздачным. Указана, што плацельшчыкі збору за непрадстаўленне, несвоечасовае прадстаўленне падатковаму органу разлікаў, утойванне (заніжэнне) збору і іншыя парушэнні нясуць адказнасць у адпаведнасці з Законам “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь”.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што нормы абзацаў восьмага, дзевятага, адзінаццатага Палажэння не ўзгадняюцца з прэамбулай, артыкуламі 1, 8, 9 Закона “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь”, згодна з якімі пад падаткамі і зборамі, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь, разумеюцца абавязковыя адлічэнні грашовых сродкаў ад плацельшчыкаў у вызначаных законамі памерах; у якасці плацельшчыкаў разглядаюцца асобы, абавязаныя ўносіць у бюджэт падаткі і зборы ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь; на плацельшчыкаў ускладзены абавязак своечасова і ў поўным памеры выплачваць належныя сумы ў бюджэт; плацельшчыкі падаткаў нясуць устаноўленую заканадаўствам адказнасць, акрамя вызначаных у заканадаўчых актах выпадкаў, калі адказнасць ускладзена на трэціх асоб – крыніц даходу для падаткаплацельшчыка.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што выплата дзяржаўнай пошліны за прадастаўленне права на паляванне ажыццяўляецца штогод. Пры ўстанаўленні дзяржаўнай пошліны перш за ўсё маецца на ўвазе пакрыццё расходаў спецыяльна ўпаўнаважаных органаў, звязаных з паслугамі публічна-прававога характару, учыненнем юрыдычна значных дзеянняў ці выдачай дакументаў, якія маюць юрыдычнае значэнне. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўпаўнаважаным дзяржаўным органам неабходна разгледзець пытанне аб удасканаленні норм дзеючага заканадаўства ў частцы ўмоў і рэгулярнасці збірання дзяржаўнай пошліны. На думку Канстытуцыйнага Суда, такая пошліна не павінна выплачвацца штогод, як у цяперашні час, паколькі ў такім выпадку яна набывае характар збору.
 
Матэрыялы сесіі Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў па сацыяльна-эканамічнаму развіццю і бюджэту раёна на 2001 год апублікаваны ў раённай газеце “Заря над Бугом” 27 і 30 снежня 2000 г. Палажэнне аб мясцовым паляўнічым зборы, зацверджанае рашэннем Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў ад 21 снежня 2000 г. № 107, не апублікавана.
 
Згодна з артыкулам 34 Канстытуцыі грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў. Дзяржаўныя органы, грамадскія аб’яднанні, службовыя асобы абавязаны даць грамадзяніну Рэспублікі Беларусь магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі, якія закранаюць яго правы і законныя інтарэсы.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што пры ўстанаўленні мясцовых падаткаў і збораў апублікаванню падлягаюць не толькі рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў аб увядзенні гэтых падаткаў і збораў, але і палажэнні аб іх, якія з’яўляюцца нарматыўнымі прававымі актамі, што рэгулююць пытанні вылічэння і выплаты мясцовых падаткаў і збораў, непасрэдна закранаюць правы і законныя інтарэсы грамадзян і арганізацый.
 
Кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116, артыкуламі 120, 121, 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫ&іexcl;:
 
1. Прызнаць рашэнне Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў ад 21 снежня 2000 г. № 107 “Аб бюджэце раёна на 2001 год” у частцы ўвядзення мясцовага паляўнічага збору адпавядаючым Канстытуцыі, законам Рэспублікі Беларусь “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2001 год”, “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь”, “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету”.
 
Адзначыць пры гэтым, што нормы абзацаў восьмага, дзевятага, адзінаццатага Палажэння аб мясцовым паляўнічым зборы, зацверджанага рашэннем Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў ад 21 снежня 2000 г. № 107, не ўзгадняюцца з указанымі ў гэтым рашэнні палажэннямі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь”.
 
2. Брэсцкаму раённаму Савету дэпутатаў прывесці Палажэнне аб мясцовым паляўнічым зборы, зацверджанае рашэннем Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў ад 21 снежня 2000 г. № 107, у адпаведнасць з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь”, а таксама гэтым рашэннем і ва ўстаноўленым парадку апублікаваць дадзенае Палажэнне.
 
3. Звярнуць увагу мясцовых Саветаў дэпутатаў на неабходнасць безумоўнага выканання патрабаванняў артыкулаў 7 і 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь па забеспячэнню права грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, якая непасрэдна закранае іх правы і законныя інтарэсы, у тым ліку шляхам апублікавання рашэнняў мясцовых Саветаў дэпутатаў аб увядзенні мясцовых падаткаў і збораў і палажэнняў аб іх.
 
4. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь разгледзець пытанне аб удасканаленні норм Палажэння аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1997 г. № 1750, у частцы ўмоў і рэгулярнасці збірання дзяржаўнай пошліны, маючы на ўвазе, што дзяржаўная пошліна звычайна збіраецца ў сувязі з аказаннем паслуг юрыдычнага характару ці выкананнем юрыдычна значных дзеянняў або выдачай дакументаў, якія маюць юрыдычнае значэнне.
 
5. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
6. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                       Р.А. Васілевіч