Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
15 студзеня 2002 г. № Р-136/2002
Аб выплаце дзяржаўнай пошліны асобамі, якія абскарджваюць у судовым парадку адмову ў рэгістрацыі хадайніцтва аб прызнанні бежанцамі і адмову ў прызнанні бежанцамі
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот па пытанню аб тым, што замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі хадайніцтва аб прызнанні іх бежанцамі і адмоўлена ў прызнанні бежанцамі, не могуць рэалізаваць сваё права на судовую абарону, паколькі дзеючая стаўка дзяржаўнай пошліны з’яўляецца празмерным цяжарам для большасці асоб, якія звяртаюцца са скаргамі ў суд.
 
Аналіз адпаведных палажэнняў Канстытуцыі, законаў і іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, міжнародных прававых актаў паказвае наступнае.
 
Артыкул 8 Канстытуцыі прадугледжвае, што Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.
 
Згодна з артыкулам 12 Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь можа надаваць права прытулку асобам, якія церпяць пераслед у іншых дзяржавах за палітычныя, рэлігійныя перакананні або нацыянальную прыналежнасць.
 
На падставе Закона ад 4 мая 2001 г. Рэспубліка Беларусь далучылася да Канвенцыі аб статусе бежанцаў і Пратакола, які датычыцца статусу бежанцаў, прынятых у адпаведнасці з рэзалюцыямі Генеральнай Асамблеі ААН.
 
У артыкуле 16 названай Канвенцыі вызначана, што кожны бежанец мае права свабоднага звароту ў суды на тэрыторыі ўсіх Дагаворных Дзяржаў (пункт 1); на тэрыторыі Дагаворнай Дзяржавы, у якой знаходзіцца яго звычайнае месцапражыванне, кожны бежанец будзе карыстацца ў адносінах да права звароту ў суд тым жа становішчам, што і грамадзяне, у прыватнасці ў пытаннях юрыдычнай дапамогі і вызвалення ад забеспячэння выплаты судовых расходаў (пункт 2). У пункце 1 артыкула 29 дадзенай Канвенцыі вызначана, што Дагаворныя Дзяржавы не будуць абкладаць бежанцаў ніякімі пошлінамі, зборамі або падаткамі, акрамя або вышэй тых, якія пры аналагічных умовах збіраюцца або могуць збірацца з уласных грамадзян.
 
Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэрыторыі Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнароднымі дагаворамі (артыкул 11 Канстытуцыі).
 
У Рэспубліцы Беларусь дзейнічае Закон “Аб бежанцах”, у адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 15 якога рашэнні і дзеянні (бяздзейнасць) органаў дзяржаўнага кіравання і службовых асоб, звязаныя з выкананнем названага Закона, могуць быць абскарджаны ў вышэйстаячы орган і (або) суд. Дадзеная норма адпавядае артыкулу 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, згодна з якой кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны, а таксама артыкулу 8 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, якая абвяшчае, што кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, прадастаўленых яму канстытуцыяй або законам.
 
Згодна з пунктам 1 артыкула 2 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай пошліне” дзяржаўная пошліна збіраецца з іскавых заяў, заяў і скаргаў, падаваемых у суды, з касацыйных і наглядных скаргаў на судовыя пастановы, а таксама за выдачу судамі копій дакументаў.
 
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 лютага 1993 г. № 105 “Аб стаўках дзяржаўнай пошліны”, з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі, у прыватнасці, устаноўлена, што дзяржаўная пошліна са скаргаў, падаваемых у суд, на дзеянні (бяздзейнасць) дзяржаўных органаў і іншых юрыдычных асоб, а таксама арганізацый, якія не з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, і службовых асоб, што ўшчамляюць правы грамадзян, збіраецца ў памеры пяці мінімальных заработных плат.
 
Са зместу артыкула 4 Закона “Аб дзяржаўнай пошліне”, што ўстанаўлівае льготы па дзяржаўнай пошліне для асобных катэгорый асоб, вынікае, што асобы, якім адмоўлена ў рэгістрацыі хадайніцтва аб прызнанні іх бежанцамі і адмоўлена ў прызнанні бежанцамі, не вызваляюцца ад выплаты дзяржаўнай пошліны пры абскарджанні рашэнняў органаў дзяржаўнага кіравання і дзеянняў (бяздзейнасці) службовых асоб у суд.
 
Такім чынам, асобы пры падачы скаргі ў суд на рашэнні і дзеянні (бяздзейнасць) органаў дзяржаўнага кіравання і службовых асоб, звязаныя з выкананнем Закона “Аб бежанцах”, павінны выплаціць дзяржаўную пошліну ў памеры пяці мінімальных заработных плат. Аналагічны абавязак па выплаце дзяржаўнай пошліны нясуць грамадзяне Рэспублікі Беларусь пры звароце ў суд са скаргай на дзеянні (бяздзейнасць) дзяржаўных органаў і службовых асоб, якія ўшчамляюць правы грамадзян.
 
Разам з тым неабходна адзначыць, што маёмаснае становішча бежанцаў не заўсёды дазваляе ім выканаць ускладзены на іх заканадаўствам Рэспублікі Беларусь абавязак па выплаце дзяржаўнай пошліны.
 
Пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 чэрвеня 1995 г. № 314 “Аб фінансаванні затрат на аказанне дапамогі бежанцам”, з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі, устаноўлены наступныя віды і памеры грашовай дапамогі іншаземцам, якія падалі хадайніцтвы аб прызнанні іх бежанцамі, а таксама бежанцам: аднаразовая дапамога пасля рэгістрацыі хадайніцтва аб прызнанні бежанцам у памеры адной мінімальнай заработнай платы; дадатковая дапамога тым, хто мае вострую патрэбу ў перыяд разгляду хадайніцтва аб прызнанні бежанцамі: на харчаванне — у памеры адной мінімальнай заработнай платы на другі і трэці месяцы міграцыі, але не болей дзвюх мінімальных заработных плат за перыяд разгляду хадайніцтва; на набыццё адзення — у памеры, які не перавышае чатырох мінімальных заработных плат; на аплату пражывання ў арандаваных пунктах часовага пасялення — у памеры, які не перавышае фактычны кошт аднаго ложка-месца па стаўцы мінімальнага тарыфу ў гасцінічнай гаспадарцы горада (раёна); аднаразовая дапамога пасля выдачы пасведчання бежанца ў памеры адной мінімальнай заработнай платы. Усе віды грашовай дапамогі на дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў, якія з’яўляюцца членамі сямей іншаземцаў, што падалі хадайніцтвы аб прызнанні іх бежанцамі, а таксама бежанцаў, выплачваюцца аднаму з бацькоў або апекуну па іх заяве ў памерах, устаноўленых для асоб, што падалі хадайніцтвы аб прызнанні іх бежанцамі, і для бежанцаў (пункт 1).
 
Са зместу прыведзенай нормы пастановы Кабінета Міністраў ад 20 чэрвеня 1995 г. № 314 вынікае, што грашовая дапамога, выдаваемая іншаземцам, якія падалі хадайніцтвы аб прызнанні іх бежанцамі, а таксама бежанцам, носіць, як правіла, разавы характар і яе памер значна ніжэй памеру дзяржаўнай пошліны, якую неабходна выплаціць іншаземцу, асобе без грамадзянства пры падачы скаргі ў суд.
 
Згодна з часткай трэцяй артыкула 5 Закона “Аб дзяржаўнай пошліне” суд або суддзя мае права ўстанаўліваць дадатковыя льготы ў частцы выплаты дзяржаўнай пошліны па судовых справах для асобных грамадзян зыходзячы з іх маёмаснага становішча. Аналагічнае права змяшчаецца ў артыкуле 130 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
 
У звароце ўказваецца, што суды Рэспублікі Беларусь у рэдкіх выпадках вызваляюць асоб, якія шукаюць прыстанішча, ад выплаты дзяржаўнай пошліны зыходзячы з іх матэрыяльнага становішча.
 
Паводле даных Дэпартамента па міграцыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, па стану на 1 студзеня 2002 г. у Рэспубліцы Беларусь афіцыйна прызнаны бежанцамі 599 іншаземцаў; зарэгістравана заяў — 900; адмоўлена ў прызнанні бежанцамі — 120; разгляд спраў спынены — 97; заявы, якія знаходзяцца ў працэсе разгляду, — 84. Усяго з 1998 г. з заявамі аб прызнанні бежанцамі звярнуліся 2404 іншаземцы.
 
У адпаведнасці з часткай першай артыкула 5 Закона “Аб дзяржаўнай пошліне” Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь мае права ўстанаўліваць дадатковыя льготы па дзяржаўнай пошліне.
 
Памер дзяржаўнай пошліны, якая збіраецца са скаргаў, падаваемых у суд, на дзеянні (бяздзейнасць) дзяржаўных органаў і службовых асоб, што ўшчамляюць правы грамадзян, да 3 верасня 1999 г. складаў адну мінімальную заработную плату і ўсяго 20 працэнтаў мінімальнай заработнай платы да 18 ліпеня 1998 г. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 жніўня 1999 г. № 1330 “Аб унясенні змяненняў у стаўкі дзяржаўнай пошліны” памер дзяржаўнай пошліны па дадзенай катэгорыі спраў быў павялічаны да пяці мінімальных заработных плат.
 
Нягледзячы на існаваўшую неабходнасць павелічэння памераў ставак дзяржаўнай пошліны, што і было рэалізавана пастановай Савета Міністраў ад 25 жніўня 1999 г. № 1330, у асобных выпадках могуць быць устаноўлены дадатковыя гарантыі і льготы ў адносінах да вызначанай катэгорыі грамадзян, у прыватнасці замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія абскарджваюць у судовым парадку адмову ў рэгістрацыі хадайніцтва аб прызнанні іх бежанцамі і адмову ў прызнанні бежанцамі, у мэтах забеспячэння гэтым асобам даступнасці да правасуддзя.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў адпаведнасці з часткай першай артыкула 3 Закона “Аб дзяржаўнай пошліне” ўстанаўленне ставак дзяржаўнай пошліны знаходзіцца ў кампетэнцыі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
 
З улікам выкладзенага і на падставе артыкула 7 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, які прадастаўляе права Канстытуцыйнаму Суду на ўнясенне прапаноў у дзяржаўныя органы, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь разгледзець пытанне аб зніжэнні памеру стаўкі дзяржаўнай пошліны ці аб прадастаўленні льготы па выплаце дзяржаўнай пошліны асобам, якія абскарджваюць у судовым парадку адмову ў рэгістрацыі хадайніцтва аб прызнанні іх бежанцамі і адмову ў прызнанні бежанцамі.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                         Р.А. Васілевіч