Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
12 лютага 2002 г. № P-138/2002
Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2001 годзе
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Суда Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., разгледзеўшы пытанне аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь, кіруючыся артыкулам 44 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкулам 80 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда,
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прыняць Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Прэзідэнту і палатам Парламента Рэспублікі Беларусь “Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2001 годзе” (тэкст дадаецца).
 
2. Апублікаваць Пасланне “Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2001 годзе” ў газетах “Звязда” і “Народная газета” у дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця, а таксама ў часопісе “Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                       Р.А.Васілевіч
 

 

 
                                                                                                                             Прэзідэнту
                                                                                                                             Рэспублікі Беларусь
 
                                                                                                                             Палаце прадстаўнікоў
                                                                                                                             Нацыянальнага сходу
                                                                                                                             Рэспублікі Беларусь
 
                                                                                                                             Савету Рэспублікі
                                                                                                                             Нацыянальнага сходу
                                                                                                                             Рэспублікі Беларусь
 
 
 
ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКI БЕЛАРУСЬ
 
АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦI
Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ У 2001 ГОДЗЕ
 
У сучасных умовах адзіным юрыдычным дакументам, на аснове і ў мэтах выканання якога можа нармальна развівацца ўся дзяржаўна-прававая сістэма, з’яўляецца дэмакратычная Канстытуцыя. Дэмакратычнай можна лічыць Канстытуцыю, нормы якой замацоўваюць асновы рэальнага народаўладдзя, правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, устанаўліваюць і забяспечваюць аптымальны баланс як інтарэсаў дзяржавы, грамадства, так і асобнага чалавека. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь адпавядае гэтым патрабаванням. Прадугледжаны ў артыкуле 7 Асноўнага Закона прынцып вяршэнства права павінен разглядацца як нарматыўна замацаваная справядлівасць, а правы і свабоды — у якасці цэнаснага арыенціра ў праватворчай і правапрымяняльнай практыцы, абмежавальніка не толькі правоў і свабод іншых асоб, але і дзяржавы.
 
Дзейнасць Канстытуцыйнага Суда, прызванага ажыццяўляць кантроль за канстытуцыйнаcцю нарматыўных актаў, была накіравана перш за ўсё на забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі, а значыць, і вяршэнства права, што сведчыць аб дэмакратычным характары нашай дзяржавы, развіцці канстытуцыйнага ладу, які адказвае па свайму зместу сучасным міжнародным стандартам, сярод якіх найбольш важным з'яўляецца прызнанне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна вышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы.
 
Асновай ацэнак і вывадаў аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь паслужылі пытанні, пастаўленыя ў зваротах, якія паступілі ў Канстытуцыйны Суд, вывучаныя і разгледжаныя ім у 2001 годзе матэрыялы, прынятыя Канстытуцыйным Судом рашэнні.
 
I
 
Мінулы 2001 год адзначаны ў Рэспубліцы Беларусь галоўнай гістарычнай падзеяй — свабоднымі дэмакратычнымі выбарамі Прэзідента Рэспублікі Беларусь. У якасці станоўчых вынікаў унутранай палітыкі дзяржавы ў гэтым годзе неабходна адзначыць тэндэнцыю да далейшага ўдасканальвання заканадаўства, пашырэння заканадаўчай асновы гаспадарчай дзейнасці, замацавання канстытуцыйнасці, у тым ліку і бяспекі грамадзян, пашырэння гарантый абароны іх асноўных правоў і свабод.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў выніку прыняцця ў Рэспубліцы Беларусь асноўных заканадаўчых актаў у большасці галін права створаны неабходныя перадумовы для рэалізацыі і абароны канстытуцыйных правоў грамадзян. У тых сферах грамадскіх адносін, дзе такія акты пакуль не прыняты ці не ўрэгуляваны на належным узроўні (напрыклад, у галіне адміністрацыйна-прававых і падатковых праваадносін), дапускаецца, як паказвае практыка, найбольшая колькасць парушэнняў правоў грамадзян. Пры прыняцці нарматыўных актаў міністэрстваў, мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў у іх нярэдка ўключаюцца палажэнні, якія не адпавядаюць нормам Канстытуцыі і заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь або дапускаюць неадназначнае разуменне і прымяненне іх на практыцы. Разам з тым нарматворчыя органы, прыняўшы той або іншы акты, не заўсёды кантралююць працэс правапрымянення, не аналізуюць прычыны невыканання нарматыўных патрабаванняў, неадназначнай правапрымяняльнай практыкі.
 
У 2001 годзе Канстытуцыйным Судом прынята 48 рашэнняў, якія датычацца розных галін права. Прадметам разгляду ў Канстытуцыйным Судзе былі пытанні, звязаныя з прымяненнем выбарчага, жыллёвага, працоўнага, сацыяльнага, грамадзянскага, адміністрацыйнага, падатковага, крымінальнага, крымінальна-працэсуальнага і іншага заканадаўства.
 
Пры разглядзе зваротаў Канстытуцыйны Суд кіраваўся артыкуламі 40, 59, 116, 122, 137 і іншымі артыкуламі Канстытуцыі, а таксама Законам “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, зыходзіў з грамадскай значнасціпастаўленых у іх пытанняў і ацэнкі сацыяльных вынікаў прымянення аспрэчваемых нарматыўных актаў.
 
Прадметам разгляду Канстытуцыйнага Суда пры правядзенні чарговых выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з’яўляліся пытанні, што датычацца выбарчага заканадаўства.
 
Прававыя пазіцыі Канстытуцыйнага Суда, выкладзеныя ім па запросах Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 15 і 19 чэрвеня 2001 года, садзейнічалі правільнаму разуменню і ўсведамленню сэнсу канстытуцыйных паняццяў “грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнню” і “грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь”, што выкарыстоўваюцца ў артыкуле 80 Канстытуцыі. Рашэнні Канстытуцыйнага Суда былі накіраваны на ўмацаванне прававой асновы выбарчага працэсу, садзейнічалі яго дэмакратызацыі, правядзенню свабодных і справядлівых прэзідэнцкіх выбараў, забеспячэнню прынцыпу вяршэнства волі народа.
 
У сучасных умовах актуальнай праблемай для многіх грамадзян Беларусі з’яўляецца рэалізацыя канстытуцыйнага права на жыллё. Разглядаючы жыллёвыя пытанні, Канстытуцыйны Суд зыходзіў з таго, што Асноўным Законам прадугледжана права грамадзян Рэспублікі Беларусь на жыллё, якое забяспечваецца развіццём дзяржаўнага і прыватнага жыллёвага фонду, садзейнічаннем грамадзянам у набыцці жылля. Грамадзянам, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне, жыллё прадастаўляецца дзяржавай і мясцовым самакіраваннем бясплатна або па даступнай для іх плаце ў адпаведнасці з заканадаўствам (артыкул 48). Указаная норма Канстытуцыі не толькі ўскладае на дзяржаву абавязак па забеспячэнню жыллём, але і прадугледжвае актыўны ўдзел саміх грамадзян у рэалізацыі дадзенага права, у тым ліку шляхам будаўніцтва, рэканструкцыі, набыцця жылля.
 
Разглядаючы пытанне аб канстытуцыйнасці Палажэння аб аднясенні грамадзян да катэгорыі малазабяспечаных працаздольных для атрымання дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылога памяшкання, зацверджанага пастановай Савета Міністраў ад 20 снежня 2000 года № 1955, у частцы вызначэння катэгорый грамадзян, якія маюць права на атрыманне льготных крэдытаў, субсідый і іншых форм дзяржаўнай падтрымкі, Канстытуцыйны Суд рашэннем ад 6 ліпеня 2001 года прызнаў, што гэта Палажэнне адпавядае Канстытуцыі, Жыллёваму кодэксу і іншым законам Рэспублікі Беларусь. Разам з тым Ураду было рэкамендавана прааналізаваць выкананне названага Палажэння з мэтай прыняцця дадатковых мер па безумоўнаму і своечасоваму пагашэнню грамадзянамі атрыманых ільготных крэдытаў.
 
Канстытуцыйны Суд таксама прыйшоў да вываду, што ацэнку кошту маёмасці, памер якой з’яўляецца адной з падстаў для прадастаўлення льготных крэдытаў пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылога памяшкання, павінны ажыццяўляць упаўнаважаныя кампетэнтныя органы, з тым каб справядліва і аб’ектыўна вырашаць пытанні аб праве грамадзян на атрыманне льготных крэдытаў, прадастаўляемых дзяржавай.
 
Шэраг пытанняў дзейнасці кааператываў індывідуальных забудоўшчыкаў, жыллёва-будаўнічых кааператываў да цяперашняга часу не атрымаў поўнага прававога вырашэння, і з прычыны неўрэгуляванасці такія пытанні працягваюць ставіцца грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што прыняцце і ўвядзенне ў дзеянне новага Жыллёвага кодэкса практычна не змяніла прававую сітуацыю ў галіне ўдасканальвання жыллёвых адносін і не садзейнічала ў поўнай меры дасягненню сацыяльных мэт, якія стаяць перад дзяржавай. Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным паскорыць прыняцце новага Жыллёвага кодэкса, што будзе садзейнічаць далейшаму ўдасканальванню жыллёвага заканадаўства.
 
Рашэннем ад 12 чэрвеня 2001 года Канстытуцыйны Суд устанавіў, што прадугледжаныя Часовым палажэннем аб парадку індэксацыі паявых узносаў, якія вяртаюцца грамадзянам у выпадку іх выхаду з жыллёва-будаўнічых кааператываў, зацверджаным пастановай Кабінета Міністраў ад 6 чэрвеня 1996 года № 375, тэрміны вяртання ўказаных узносаў не ўлічваюць асаблівасці фарміравання і расходавання фінансавых сродкаў жыллёва-будаўнічых кааператываў, што ўшчамляе правы і законныя інтарэсы членаў кааператываў, ускладняе функцыянаванне жыллёва-будаўнічых кааператываў як юрыдычных асоб, затрымлівае завяршэнне будаўніцтва жылых дамоў і ўвод іх у эксплуатацыю.
 
Ураду было прапанавана вызначыць такі парадак вяртання паявых узносаў, які забяспечыць прававую абарону не толькі членаў жыллёва-будаўнічых кааператываў, іншых арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў, якія выбываюць, але і тых, якія застаюцца, і прадугледзець магчымыя механізмы аказання садзейнічання жыллёва-будаўнічым кааператывам, іншым арганізацыям грамадзян-забудоўшчыкаў у вырашэнні пытанняў вяртання паявых узносаў грамадзянам, якія выбылі з членаў кааператыва (іншых арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў), з улікам уважлівасці прычын выбыцця, іншых заслугоўваючых увагі абставін.
 
Пастановай Савета Міністраў ад 1 снежня 2001 года № 1735 Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва даручана распрацаваць і зацвердзіць палажэнне аб парадку і ўмовах вяртання (унясення) сродкаў, якія паступілі з розных крыніц, пры спыненні (аднаўленні) удзелу ў будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў.
 
Разгледзеўшы шматлікія звароты грамадзян аб неналежным парадку афармлення права ўласнасці на кватэру ў доме ЖБК, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 13 ліпеня 2001 года адзначыў, што практыка афармлення права ўласнасці на кватэру ў доме ЖБК, якая склалася ў Беларусі, была складанай і супярэчлівай па той прычыне, што адсутнічала належнае прававое рэгуляванне гэтага парадку. Растлумачэнне Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі і Міністэрства юстыцыі, прынятае 24 верасня 1990 года, устарэла і не адпавядала дзеючаму заканадаўству. Канстытуцыйны Суд прапанаваў кампетэнтным органам вызначыць парадак афармлення права ўласнасці на кватэру ў доме ЖБК у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам і рашэннем Канстытуцыйнага Суда.
 
Канстытуцыйны Суд неаднаразова правяраў канстытуцыйнасць нарматыўных актаў, якія рэгулююць пытанні аплаты за карыстанне жылымі памяшканнямі і тэхнічнае абслугоўванне жыллёвага фонду.
 
У рашэннях ад 23 сакавіка і 4 красавіка 2001 года Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ўласнікі жылых памяшканняў павінны ўносіць плату за тэхнічнае абслугоўванне ўсяго памяшкання па нарматыўнаму сабекошту прапарцыянальна іх доле ў праве агульнай уласнасці. Аналагічныя патрабаванні могуць быць прыменены і да наймальнікаў жылых памяшканняў. Аднак з улікам матэрыяльнага становішча грамадзян Канстытуцыйны Суд адзначыў дачаснасць увядзення платы за тэхнічнае абслугоўванне ўсяго памяшкання па нарматыўнаму сабекошту, хаця тэндэнцыя паступовага пераходу да поўнага пакрыцця грамадзянамі жыллёва-камунальных паслуг з’яўляецца аб’ектыўна абумоўленай. Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з сацыяльнага характару нашай дзяржавы, прыйшоў да вываду, што павелічэнне платы за карыстанне жылымі памяшканнямі і тэхнічнае абслугоўванне жыллёвага фонду павінна суправаджацца ростам даходаў насельніцтва.
 
Трэба адзначыць, што ўсе рашэнні Канстытуцыйнага Суда па жыллёвых пытаннях прыняты да выканання.
 
Ажыццяўленне канстытуцыйнага кантролю сведчыць аб тым, што абарона і забеспячэнне працоўных правоў грамадзян не трацяць актуальнасці і значнасці. Прымяненне Працоўнага кодэкса на працягу амаль двух гадоў паказала, што ў гэтай сферы грамадскіх адносін па асобных пытаннях складваецца неадназначная правапрымяняльная практыка, у тым ліку і па прычыне недасканаласці асобных палажэнняў указанага Кодэкса.
 
Рашэннем ад 13 лістапада 2001 года Канстытуцыйны Суд прызнаў адпавядаючым Канстытуцыі, Працоўнаму кодэксу і Дэкрэту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 года № 29 пункт 2 пастановы Савета Міністраў ад 2 жніўня 1999 года № 1180 з дапаўненнямі, унесенымі пастановай Савета Міністраў ад 6 студзеня 2000 года № 19, што прадугледжвае мінімальную кампенсацыю за пагаршэнне прававога становішча работнікам, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту (мужчыны — 60 гадоў, жанчыны — 55 гадоў) і маюць права на поўную пенсію, а таксама работнікам, якія не дасягнулі ўказанага ўзросту, але атрымліваюць пенсіі (акрамя працоўных пенсій па інваліднасці, з выпадку страты карміцеля і сацыяльных пенсій), у памеры двухтыднёвага сярэдняга заработку. Канстытуцыйны Суд указаў, што наймальнік можа для розных катэгорый работнікаў за кошт уласных сродкаў устанаўліваць больш высокі памер мінімальных кампенсацый у параўнанні з памерам, прадугледжаным пунктам 2 указанай пастановы Савета Міністраў.
 
Разглядаючы пытанне аб канстытуцыйнасці палажэння артыкула 21 Закона “Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце”, які рэгулюе асаблівасці спынення службы ў дзяржаўным апараце ў сувязі з дасягненнем служачым дзяржаўнага апарату пенсіённага ўзросту і наяўнасцю ў яго права на поўную пенсію па ўзросту, калі дзяржаўны орган не захаваў з ім працоўных адносін, а таксама растлумачэння, дадзенага на падставе ўказанага Закона, якое змяшчаецца ў пункце 12 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 29 сакавіка 2001 года № 2, Канстытуцыйны Суд прызнаў дадзеныя нормы адпавядаючымі Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам. Разам з тым у сваім рашэнні ад 18 ліпеня 2001 года ён прапанаваў Нацыянальнаму сходу пры падрыхтоўцы і прыняцці новага закона аб дзяржаўнай службе прадугледзець больш высокі ўзровень гарантый для служачых дзяржаўнага апарату пры спыненні службы ў сувязі з дасягненнем пенсіённага ўзросту і, у прыватнасці, улічваць адносіны да працы, здольнасць дзяржаўнага служачага да выканання службовых абавязкаў, а таксама час, які мінуў пасля заключэння кантракта.
 
Ва ўмовах фарміравання рыначных адносін вялікае значэнне набывае праблема захавання дасягнутага ўзроўню сацыяльных гарантый, прадастаўленых дзяржавай некаторым катэгорыям грамадзян. Вызначаючы Рэспубліку Беларусь як сацыяльную прававую дзяржаву, Канстытуцыя абавязвае дзяржаўныя органы прымаць усе неабходныя і даступныя меры па забеспячэнню дастойнага жыццёвага ўзроўню ўсіх грамадзян рэспублікі.
 
Канстытуцыйным Судом вырашаліся пытанні, звязаныя з аказаннем адраснай дапамогі суб’ектам права, якія найбольш маюць патрэбу. Разгледзеўшы зварот сем’яў афіцэраў, якія страцілі карміцеляў у мірны час пры выкананні службовых абавязкаў, зварот Рэспубліканскай асацыяцыі членаў сем’яў ваеннаслужачых, якія загінулі ў Афганістане, і прааналізаваўшы дзеючае заканадаўства, што рэгламентуе пытанні сацыяльнага забеспячэння адпаведных катэгорый асоб, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 16 ліпеня 2001 года адзначыў існаванне няроўнасці ў матэрыяльным забеспячэнні некаторых катэгорый членаў сем’яў ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў і органаў фінансавых расследаванняў, якія загінулі (памёрлі) пры выкананні воінскіх або службовых абавязкаў, а таксама наяўнасць больш нізкіх норм вылічэння пенсій з выпадку страты карміцеля членам сем’яў, якія загінулі пры выкананні абавязкаў ваеннай службы, у параўнанні з вылічэннем пенсій членам сем’яў цывільных асоб. У рашэнні ад 16 ліпеня 2001 года Савету Міністраў было прапанавана ўстараніць такія адрозненні. Паколькі патрабуемыя змяненні заканадаўства звязаны з дадатковым фінансаваннем, рашэннем прапанавана ўнесці адпаведныя змяненні не пазней пачатку новага бюджэтнага года.
 
Прапановы Канстытуцыйнага Суда ўлічаны ў Законе ад 3 студзеня 2002 года “Аб унясенні змяненняў і дапаўнення ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў”.
 
Разгледзеўшы зварот Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд рашэннем ад 13 чэрвеня 2001 года прызнаў, што прадугледжаны Урадам бясплатны водпуск лекавых сродкаў ваеннаслужачым, асобам, звольненым з ваеннай службы, членам іх сем’яў, інвалідам Вялікай Айчыннай вайны і інвалідам з ліку ваеннаслужачых з аптэк Міністэрства аховы здароўя з наступным прадстаўленнем рахункаў на аплату кошту лекавых сродкаў у ваенна-медыцынскія ўстановы, якія выпісалі рэцэпт, адпавядае Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь. Разам з тым Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ўсталяваны на практыцы парадак, пры якім забеспячэнне ўказаных асоб лекавымі сродкамі па рэцэптах урачоў лячэбна-прафілактычных устаноў ведамаснай прыналежнасці ставіцца ў залежнасць ад заключэння дагавораў з аптэчнымі ўстановамі сістэмы Міністэрства аховы здароўя і выканання дагаворных абавязацельстваў ведамаснымі ваенна-медыцынскімі службамі, не адпавядае прадпісанням Урада. Указанае рашэнне Канстытуцыйнага Суда выконваецца.
 
Канстытуцыйным Судом неаднаразова разглядаліся пытанні, звязаныя з абавязковым страхаваннем будынкаў, якія належаць грамадзянам. Вывучэнненарматыўна-прававых актаў, што рэгулююць дадзеныя пытанні, а таксама практыка іх прымянення паказалі неабходнасць прыняцця Урадам мер па ўстанаўленню, як гэта і даручалася ў Дэкрэце Прэзідента Рэспублікі Беларусь ад 8 кастрычніка 1997 года № 18, парадку вызначэння страхавога кошту (страхавой ацэнкі) будынкаў, памеру страхавога тарыфу, памераў адлічэнняў ад страхавых узносаў на ўтварэнне страхавога рэзерву ў фонд папераджальных мерапрыемстваў, на вядзенне справы страхоўшчыка ў мэтах знаходжання аптымальнага балансу інтарэсаў страхавальнікаў, страхоўшчыка і дзяржавы.
 
Пры разглядзе звароту грамадскага аб’яднання ветэранаў было ўстаноўлена, што пры правядзенні страхавання будынкаў Белдзяржстрахам не ўлічваецца права інвалідаў вайны і прыраўнаваных да іх асоб на прадугледжаную ўказаным Дэкрэтам ільготу ў тых выпадках, калі будынак зарэгістраваны на мужа (жонку) інваліда вайны. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што згодна з заканадаўствам прадастаўленне льготы інвалідам вайны не выключаецца і ў тым выпадку, калі будынак, які падлягае страхаванню, знаходзіцца ва агульнай сумеснай уласнасці інваліда (прыраўнаванай да яго асобы) і яго мужа (жонкі). У сувязі з гэтым Савету Міністраў было прапанавана забяспечыць магчымасць рэалізацыі дадзенай катэгорыяй грамадзян свайго права на вызваленне ад выплаты страхавых узносаў.
 
Канстытуцыйным Судом разглядаліся таксама пытанні неканстытуцыйнасці асобных палажэнняў нарматыўных актаў аб паслугах сувязі, якія датычацца ўстаноўкі грамадзянам телефонаў па спаранай схеме. У мэтах выканання рашэння Канстытуцыйнага Суда ад 19 сакавіка 2001 года пастановай Міністэрства сувязі ад 18 верасня 2001 года № 35 былі ўнесены змяненні ў Правілы прадастаўлення паслуг мясцовымі тэлефоннымі сеткамі, згодна з якімі пераключэнне абаненцкага ўстройства, што працуе па асобнай абаненцкай лініі, на работу па спаранай схеме ажыццяўляецца толькі са згоды абанента.
 
Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу на недасканаласць дзеючага заканадаўства ў частцы вызначэння прававога статусу садаводчых таварыстваў.
 
Узнікшаму становішчу садзейнічала тое, што актамі заканадаўства не было забяспечана належнае рэгуляванне пытанняў, звязаных з арганізацыяй і дзейнасцю садаводчых таварыстваў, і своечасова не былі ўнесены ў адпаведныя органы дзяржаўнай улады прапановы, накіраваныя на больш поўную заканадаўчую абарону правоў членаў садаводчых таварыстваў.
 
Рашэннем ад 27 лютага 2001 года Канстытуцыйны Суд прызнаў, што не супярэчыць нормам Грамадзянскага кодэкса існаванне садаводчых таварыстваў у якасці самастойнай арганізацыйна-прававой формы некамерцыйных арганізацый. Разам з тым не выключаецца іх права пераўтварацца ў садаводчыя кааператывы пры ўмове ўнясення садаводчымі таварыствамі ў свае статуты змяненняў і дапаўненняў, якія вынікаюць з новага грамадзянскага і зямельнага заканадаўства. Канстытуцыйны Суд указаў таксама, што збіранне платы за рэгістрацыю змяненняў і дапаўненняў, уносімых у іх устаноўчыя дакументы ў сувязі са змяненнем заканадаўства (калі садаводчыя таварыствы не пераўтвараюцца ў садаводчыя кааператывы), не мае прававой асновы.
 
Па наяўных звестках, на падставе рашэння Канстытуцыйнага Суда ад 27 лютага 2001 года ўстанаўліваецца аднастайная практыка перарэгістрацыі змяненняў і дапаўненняў, уносімых у статуты садаводчых таварыстваў у адпаведнасці з новым грамадзянскім і зямельным заканадаўствам.
 
У галіне адміністрацыйна-прававога рэгулявання складвалася не заснаваная на законе практыка назначэння судамі канфіскацыі прадметаў, якія з’явіліся прыладай або непасрэдным аб’ектам адміністрацыйных мытных правапарушэнняў, а таксама мелі месца парушэнні правоў грамадзян пры выкананні меры адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту.
 
У рашэнні ад 25 красавіка 2001 года Канстытуцыйны Суд прызнаў адпавядаючым Канстытуцыі артыкул 37 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях у частцы дапушчальнасці накладання адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе канфіскацыі рэчаў, якія з’яўляюцца непасрэднымі аб’ектамі адміністрацыйных мытных правапарушэнняў, і прадметаў са спецыяльна вырабленымі тайнікамі, скарыстанымі для ўтойвання рэчаў ад мытнага афармлення, пасля заканчэння ўстаноўленых у частках першай і другой дадзенага артыкула тэрмінаў. Судовая практыка па ўказанай катэгорыі спраў у частцы непрымянення канфіскацыі названых прадметаў са спасылкай на сканчэнне двухмесячнага тэрміну прызнана неканстытуцыйнай, паколькі яна супярэчыць патрабаванням часткі трэцяй артыкула 37 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Вярхоўны Суд абавязаны забяспечыць аднастайнасць такой практыкі на тэрыторыі ўсёй рэспублікі.
 
Канстытуцыйны Суд таксама адзначыў, што заканадаўцам павінны быць устаноўлены гранічныя тэрміны, на працягу якіх да асобы, якая ўчыніла адміністрацыйнае мытнае правапарушэнне, можа быць прыменена канфіскацыя рэчаў, якія з’яўляюцца непасрэднымі аб’ектамі адміністрацыйных мытных правапарушэнняў, і прадметаў са спецыяльна вырабленымі тайнікамі, скарыстанымі для ўтойвання рэчаў ад мытнага афармлення. На перыяд давырашэння гэтага пытання Канстытуцыйны Суд лічыць правамерным прымяненне агульнага трохгадовага тэрміну.
 
Рашэннем ад 5 ліпеня 2001 года Канстытуцыйны Суд прызнаў дапушчальным збіранне з асоб, якія ўчынілі адміністрацыйныя правапарушэнні і да якіх прыменена мера адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, сродкаў на іх утрыманне і харчаванне. У сувязі з гэтым Канстытуцыйным Судом адзначана, што прадугледжанае пунктам 15 Палажэння аб спецыяльных прыёмніках пры органах унутраных спраў, зацверджанага загадам Міністэрства ўнутраных спраў ад 18 кастрычніка 1999 года № 206, вылічэнне кошту ўтрымання і харчавання як з асоб, падвергнутых адміністрацыйнаму арышту, так і з асоб, затрыманых за ўчыненне правапарушэнняў, за якія судом можа быць прыменена спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, не адпавядае пастанове Кабінета Міністраў ад 27 лістапада 1995 года № 646 (у рэдакцыі пастаноў Савета Міністраў ад 27 студзеня 2000 года № 86 і ад 11 кастрычніка 2000 года № 1557), што дапускае прымусовае вылічэнне кошту ўтрымання і харчавання толькі з асоб, падвергнутых адміністрацыйнаму арышту.
 
З прычыны існуючых супярэчнасцей паміж названымі актамі Міністэрства ўнутраных спраў і Урада Савету Міністраў прапанавана іх устараніць, а таксама разгледзець пытанне аб неабходнасці перайменавання спецустаноў (спецпрыёмнікаў) пры органах унутраных спраў у мэтах выкарыстання больш карэктнай назвы, якая адпавядае сучаснаму ўзроўню прававой культуры. Нацыянальнаму сходу прапанавана прыняць меры па далейшаму ўдасканальванню заканадаўчага рэгулявання адносін, звязаных з адміністрацыйным затрыманнем, рэжымам утрымання асоб у спецыяльных прыёмніках (ізалятарах часовага ўтрымання).
 
У мэтах выканання рашэння Канстытуцыйнага Суда ад 5 ліпеня 2001 года пастановай Міністэрства ўнутраных спраў ад 7 жніўня 2001 года № 165 унесены адпаведныя змяненні ў Палажэнне аб спецыяльных прыёмніках пры органах унутраных спраў. Паводле інфармацыі Урада, мяркуецца вырашыць пытанне аб перайменаванні ўказаных устаноў пры прыняцці Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.
 
У Канстытуцыйным Судзе разглядалася пытанне аб няўзгодненасці палажэнняў частак першай і трэцяй артыкула 242 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія прадугледжваюць тэрміны адміністрацыйнага затрымання.
 
У рашэнні ад 4 ліпеня 2001 года Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ў мэтах захавання канстытуцыйных правоў і свабод асобы выпадкі адміністрацыйнага затрымання павінны насіць выключна законны і абгрунтаваны характар. Тэрмін адміністрацыйнага затрымання можа быць устаноўлены і звыш трох гадзін, але толькі ў выпадках, якія канкрэтна агавораны ў законе, і пры ўчыненні такіх правапарушэнняў, за якія ў якасці адміністрацыйнага спагнання прадуглежданы адміністрацыйны арышт.
 
Канстытуцыйны Суд прапанаваў Нацыянальнаму сходу ўнесці адпаведныя змяненні і дапаўненні ў дзеючы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, а таксама ўлічыць рашэнне Канстытуцыйнага Суда ў ходзе дапрацоўкі праекта Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
 
Неаднаразова прадметам разгляду Канстытуцыйнага Суда былі акты падатковага заканадаўства, якое застаецца грувасткім і складаным для ўспрымання і прымянення. Недасканаласць і супярэчлівасць асобных норм падатковага заканадаўства, у тым ліку ў частцы прымаемых падзаконных актаў, перашкаджаюць рэалізацыі законных правоў грамадзян.
 
У рашэнні ад 11 чэрвеня 2001 года Канстытуцыйны Суд прааналізаваў асобныя пытанні прававога рэгулявання падаткаабкладання даходаў, атрыманых у выніку права на спадчыну. У ходзе разгляду справы было ўстаноўлена, што падатковыя органы пры збіранні падаходнага падатку з даходаў у выглядзе спадчыны кіраваліся нормамі Метадычных указанняў па вылічэнню і выплаце падаходнага падатку з фізічных асоб, зацверджаных загадам Дзяржаўнага падатковага камітэта ад 6 красавіка 1999 года № 62 (з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі), якія па свайму зместу разыходзіліся з адпаведнымі нормамі Закона “Аб падаходным падатку з фізічных асоб”. Так, адсылачная норма абзаца пятага падпункта 16.2 названых Метадычных указанняў, што датычыцца тэрмінаў выплаты падаходнага падатку, не ўзгаднялася з палажэннямі Закона “Аб падаходным падатку з фізічных асоб” і ўшчамляла канстытуцыйныя правы і законныя інтарэсы грамадзян, якія атрымліваюць даходы ў выглядзе спадчыны.
 
Канстытуцыйны Суд у рашэнні таксама звярнуў увагу на тое, што незахаванне тэрмінаў выплаты авансавых плацяжоў па падаходнаму падатку ў выглядзе спадчыны не з’яўляецца падставай для прымянення адказнасці, устаноўленай падатковым заканадаўствам за несвоечасовую выплату падаходнага падатку.
 
Дадзенае рашэнне Канстытуцыйнага Суда было выканана шляхам прыняцця Дзяржаўным падатковым камітэтам пастаноў ад 10 ліпеня 2001 года № 98, якой падпункт 16.2 Метадычных указанняў быў прыведзены ў адпаведнасць з рашэннем Канстытуцыйнага Суда, і пастановай ад 30 ліпеня 2001 года № 105 “Аб непрымяненні мер адказнасці за несвоечасовую выплату авансавых плацяжоўпа падаходнаму падатку”. Акрамя таго, 119 наследнікам, якія звярнуліся з заявамі ў падатковыя органы, былі вернуты з бюджэту сумы фінансавых санкцый, спагнаныя з іх з-за неправільнага прымянення гэтымі органамі норм Закона “Аб падаходным падатку з фізічных асоб”.
 
З 1 студзеня 2002 года ў адпаведнасці з Законам ад 25 чэрвеня 2001 года “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб падаходным падатку з фізічных асоб” даходы ў грашовай і натуральнай форме, атрыманыя ад фізічных асоб у выглядзе спадчыны, не абкладаюцца падаходным падаткам.
 
Згодна артыкулу 13 Канстытуцыі дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, а таксама роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай эканамічнай дзейнасці, не забароненай законам.
 
У рашэнні ад 4 красавіка 2001 года па звароту дырэктараў дзесяці таксаматорных паркаў Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што дзеючыя стаўкі падаткаабкладання ў сферы транспартных паслуг не забяспечваюць роўных правоў для ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці і патрабуюць удасканальвання, адзначыў неабходнасць аналізу эканамічнай абгрунтаванасці ўстаноўленых абласнымі і Мінскім гарадскім Саветамі дэпутатаў фіксаваных ставак падаходнага падатку, што збіраецца з індывідуальных прадпрымальнікаў, якія аказваюць транспартныя паслугі насельніцтву, і ўдакладнення гэтых ставак з улікам супастаўнасці падатковай нагрузкі індывідуальнага прадпрымальніка і падатковай нагрузкі на аднаго работніка таксаматорнага прадпрыемства, з тым каб рэжым падаткаабкладання не падаўляў эканамічную актыўнасць розных суб’ектаў гаспадарання. Падатковым органам было прапанавана ўзмацніць кантроль за дзейнасцю па аказанню транспартных паслуг насельніцтву і належным прымяненнем мер адказнасці за незахаванне заканадаўства ў прадпрымальніцтве і падаткаабкладанні.
 
Канстытуцыйны Суд неаднаразова даваў прававую ацэнку канстытуцыйнасці ўстанаўлення мясцовых падаткаў і збораў, звяртаючы ўвагу на аб’ём паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў у гэтай сферы. Разгляд на падставе часткі чацвёртай артыкула 122 і артыкула 137 Канстытуцыі рашэнняў Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў аб увядзенні збору за карыстанне платнымі аўтастаянкамі і Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў аб мясцовым паляўнічым зборы паказаў, што пры рэалізацыі мясцовымі Саветамі дэпутатаў устаноўленых артыкулам 121 Канстытуцыі выключных паўнамоцтваў імі дапускаюцца некаторыя парушэнні. У прыватнасці, гэтыя парушэнні датычацца дэлегавання выканаўчаму камітэту паўнамоцтваў па зацвярджэнню палажэнняў аб мясцовых зборах, вызначэнню плацельшчыкаў збораў, ускладанню адказнасці за правільнасць вылічэння, своечасовасць выплаты і захаванне парадку збірання збораў.
 
Канстытуцыйным Судом звернута ўвага на тое, што заканадавец не ў поўным аб’ёме забяспечвае рэгуляванне адносін у сферы мясцовага падаткаабкладання, што прыводзіць на практыцы да рознага роду адхіленняў ад прадпісанняў законаў. Нацыянальнаму сходу прапанавана для забеспячэння абароны канстытуцыйных правоў грамадзян і іх гарантый, устаранення няроўнасці падаткаплацельшчыкаў і парушэнняў патрабаванняў Канстытуцыі і законаў з боку мясцовых Саветаў дэпутатаў пры ўвядзенні мясцовых падаткаў і збораў прадугледжваць больш поўнае рэгуляванне адносін у сферы мясцовага падаткаабкладання, у тым ліку ў частцы паняццяў, якія выкарыстоўваюцца, устанаўлення памераў, вызначэння суб’ектаў і аб’ектаў падаткаабкладання.
 
Канстытуцыйны Суд адзначыў абавязак мясцовых Саветаў дэпутатаў безумоўна выконваць патрабаванні артыкулаў 7 і 34 Канстытуцыі па забеспячэнню правоў грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, якая непасрэдна закранае іх правы і законныя інтарэсы, у тым ліку шляхам апублікавання рашэнняў мясцовых Саветаў дэпутатаў аб увядзенні мясцовых падаткаў і збораў і палажэнняў аб іх.
 
Рашэннем Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 года зацверджана новае Палажэнне аб мясцовым паляўнічым зборы.
 
Завяршэнне кадыфікацыі падатковага заканадаўства і прыняцце Падатковага кодэкса павінны ўпарадкаваць прававыя адносіны ў гэтай сферы і стварыць спрыяльны падатковы клімат у эканоміцы, што з’явіцца дадатковым стымулам яе развіцця.
 
У галіне крымінальна-прававога рэгулявання мелі месца парушэнні канстытуцыйнай законнасці, звязаныя з адсутнасцю правільнага і аднастайнага прымянення на практыцы норм новага Крымінальнага кодэкса. У сувязі з гэтым узнікалі пытанні адносна прымянення правіла зваротнай сілы больш мяккага крымінальнага закона, канстытуцыйнасці палажэнняў Крымінальнага кодэкса, якія вызначаюць паняцце службовай асобы, а таксама палажэнняў заканадаўства і пастановы Пленума Вярхоўнага Суда, што датычацца прадмета хабару, у тым ліку прыналежнага асобе, якая дала хабар, але падлягае вызваленню ад крымінальнай адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
У прыватнасці, на практыцы з прычыны неадназначнага разумення правіла зваротнай сілы крымінальнага закона яно не ў поўнай меры прымянялася ў адносінах да асоб, прызнаных па Крымінальнаму кодэксу 1960 года асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі. У большасці выпадкаў яны прыраўноўваліся да асоб, што дапусцілі асабліва небяспечны рэцыдыў, паняцце якога ўведзена новым Крымінальным кодэксам, і прыгаворы ў адносінах да іх пераглядаліся толькі ў тых выпадках, калі мела месца перакваліфікацыя ўчыненых імі дзеянняў у сувязі з выключэннем з артыкулаў новага Крымінальнага кодэкса такой кваліфіцыруючай прыметы, як учыненне злачынства асабліва небяспечным рэцыдывістам. Гэта прыводзіла да таго, што асобы, асуджаныя за злачынствы, якія па новаму Крымінальнаму кодэксу не ўтвараюць асабліва небяспечны рэцыдыў, працягвалі заставацца ў ранейшым статусе, што звязана з рознымі негатыўнымі для іх вынікамі (адбыванне пакарання ў калоніі асобага рэжыму, устанаўленне прэвентыўнага нагляду пасля вызвалення ад пакарання і інш.).
 
У рашэнні ад 5 кастрычніка 2001 года Канстытуцыйны Суд адзначыў, што прыгаворы ў адносінах да асоб, прызнаных па Крымінальнаму кодэксу 1960 года асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі, павінны пераглядацца з улікам правіла зваротнай сілы крымінальнага закона ва ўсіх выпадках, калі ўчыненыя імі раней злачынствы па дзеючаму Крымінальнаму кодэксу не ўтвараюць асабліва небяспечны рэцыдыў.
 
У практыцы прымянення новага крымінальнага заканадаўства ўзніклі пытанні, што датычацца перагляду ў адпаведнасці з правілам зваротнай сілы закона прыгавораў у адносінах да асоб, якія падлягаюць умоўна-датэрміноваму вызваленню ад пакарання.
 
У пісьме, адрасаваным начальніку Камітэта выканання пакаранняў МУС, Канстытуцыйны Суд выказаў сваю пазіцыю, якая заключаецца ў тым, што прыгаворы ў адносінах да ўказаных асоб да прымянення да іх умоўна-датэрміновага вызвалення ад пакарання павінны пераглядацца судамі з улікам правіла зваротнай сілы больш мяккага крымінальнага закона. Гэта абумоўлена значэннем тэрміну пакарання, які застаўся для адбывання, якім прадвызначаюцца межы прававога становішча ўмоўна-датэрміновага вызваленых ад пакарання, а таксама прававыя вынікі іх неправамерных паводзін на працягу гэтага тэрміну. Неадбыты тэрмін пакарання павінен улічвацца і пры замене яго больш мяккім пакараннем.
 
У сувязі з тым што ў Рэспубліцы Беларусь пачала фарміравацца неадназначная практыка па прыцягненню да крымінальнай адказнасці асоб, якія з’яўляюцца службовымі па прымеце ўчынення імі юрыдычна значных дзеянняў, у Канстытуцыйны Суд па ініцыятыве Міністра ўнутраных спраў звярнуўся Савет Міністраў адносна праверкі канстытуцыйнасці палажэння пункта 3 часткі чацвёртай артыкула 4 Крымінальнага кодэкса, згодна з якім да службовых асоб адносяцца і асобы, упаўнаважаныя ва ўстаноўленым парадку на ўчыненне юрыдычна значных дзеянняў.
 
У Заключэнні ад 12 лістапада 2001 года Канстытуцыйны Суд, прызнаўшы адпаведнасць указанага палажэння Канстытуцыі, адзначыў, што яно дазваляе лічыць суб’ектамі злачынстваў супраць інтарэсаў службы і выкладчыкаў ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў у тых выпадках, калі яны ўпаўнаважаны на ўчыненне юрыдычна значных дзеянняў (прыём курсавых экзаменаў, залікаў, што цягне прававыя вынікі для навучэнцаў). Ва ўказаным накірунку развіваецца судовая практыка і ў іншых дзяржавах — удзельніцах Садружнасці Незалежных Дзяржаў, нягледзячы на тое што заканадаўства гэтых дзяржаў не прадугледжвае ў якасці прыметы службовай асобы ўчыненне ёй юрыдычна значных дзеянняў.
 
Няўзгодненасць палажэнняў новых Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў адносна лёсу грошай і іншых каштоўнасцей, атрыманых злачынным шляхам, недакладныя растлумачэнні па гэтаму пытанню Пленума Вярхоўнага Суда з’явіліся прычынай неадназначнага разумення пытання аб лёсе прадмета хабару, у тым ліку і ў выпадках, калі ён належаў асобе, якая дала хабар, але падлягае вызваленню ад крымінальнай адказнасці з прычыны дзейнага раскаяння, ці калі ў адносінах да яе мела месца вымагальніцтва хабару.
 
У Заключэнні ад 28 лістапада 2001 года Канстытуцыйны Суд прапанаваў Парламенту ўстараніць няўзгодненасць норм Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў у частцы вызначэння лёсу грошай і іншых каштоўнасцей, атрыманых злачынным шляхам, не выключыўшы пры гэтым магчымасць такога заканадаўчага рашэння, згодна з якім суды мелі б права ў асобных выпадках вырашаць пытанне аб вяртанні прадмета хабару асобе, якая дала хабар, але падлягае вызваленню ад крымінальнай адказнасці ў адпаведнасці з заўвагай да артыкула 431 Крымінальнага кодэкса.
 
Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на неўрэгуляванасць у заканадаўстве пытання аб вяртанні законным уладальнікам грошай або іншых каштоўнасцей, якія перадаюцца хабарніку ў працэсе ажыццяўлення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. У цяперашні час з улікам указанага Заключэння Канстытуцыйнага Суда падрыхтаваны праект закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс.
 
Недасканаласць некаторых норм законаў аб амністыі, якія перыядычна прымаюцца ў рэспубліцы, а таксама неадназначнае разуменне іх правапрымяняючымі органамі з’явіліся прычынай парушэння права на амністыю асобных катэгорый асуджаных. У прыватнасці, не прымяняліся законы Рэспублікі Беларусь аб амністыі да асуджаных судамі іншых дзяржаў, але перададзеных Рэспубліцы Беларусь для адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, у тых выпадках, калі адсутнічалі міжнародныя дагаворы. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што такія асобы маюць права на прымяненне да іх законаў Рэспублікі Беларусь аб амністыі нават і ў тых выпадках, калі яны перадаюцца для адбывання пакарання ў месцы пазбаўлення волі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь пры адсутнасці паміж дзяржавамі міжнароднага дагавора, але на аснове прынцыпу ўзаемнасці.
 
У парадку рэалізацыі дадзенай пазіцыі Канстытуцыйнага Суда Пракуратурай сумесна з Камітэтам выканання пакаранняў МУС дадзена распараджэнне адпаведным органам разгледзець пытанне аб прымяненні амністыі да ўказаных асоб і пры наяўнасці падстаў, прадугледжаных у законах аб амністыі, прымяніць яе.
 
У полі зроку Канстытуцыйнага Суда знаходзіліся і іншыя пытанні, звязаныя з прымяненнем законаў аб амністыі.
 
У адпаведнасці з рашэннем Канстытуцыйнага Суда, прынятым 17 лістапада 2000 года, права на амністыю павінны мець асуджаныя, прыгаворы ў адносінах да якіх не ўступілі ў законную сілу на дзень уступлення ў сілу закона аб амністыі, паколькі іх касацыйныя скаргі па незалежных ад іх абставінах не разглядаліся працяглы час.
 
Звароты, якія паступілі ў Канстытуцыйны Суд у 2001 годзе, сведчаць аб тым, што амністыя ў шэрагу выпадкаў не прымянялася і да асуджаных, прыгаворы ў адносінах да якіх на дзень увядзення ў дзеянне закона аб амністыі ўступілі ў законную сілу, але ў далейшым пераглядаліся ў парадку нагляду.
 
Пытанні аб прымяненні амністыі, якія ўзнікаюць на практыцы, і звязаныя з гэтым парушэнні права некаторых катэгорый асуджаных на амністыю абумоўлены, на думку Канстытуцыйнага Суда, тым, што законамі аб амністыі традыцыйна прадугледжваецца скарачэнне тэрміну пазбаўлення волі толькі тым асуджаным, прыгаворы ў адносінах да якіх уступілі ў законную сілу на дзень уступлення ў сілу закона аб амністыі. Указанае палажэнне ў новапрымаемых законах аб амністыі трэба было б сфармуляваць так, каб права на амністыю мелі асуджаныя, якія ўчынілі злачынствы да ўступлення ў сілу закона аб амністыі, незалежна ад таго, уступілі або не ўступілі ў законную сілу вынесеныя ў адносінах да іх прыгаворы. Такое заканадаўчае рашэнне дазволіць Парламенту выканаць і прапанову, зробленую ў яго адрас у рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 17 лістапада 2000 года.
 
Ва ўмовах дзеяння новага крымінальна-працэсуальнага і крымінальна-выканаўчага заканадаўства важнае значэнне мае забеспячэнне ў поўнай меры канстытуцыйнага права грамадзян на судовую абарону.
 
З прычыны таго што на практыцы неадназначна разумеецца прынцып прамога дзеяння норм Канстытуцыі, і ў прыватнасці артыкула 60, які гарантуе кожнаму абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны, а таксама ў сувязі з тым што дадзенае палажэнне не ў поўнай меры замацавана ў галіновым заканадаўстве, асобныя катэгорыі асоб пазбаўлены права на судовую абарону. Гэтым абумоўлены і шматлікія звароты і скаргі, якія паступаюць у Канстытуцыйны Суд.
 
Разглядаючы такія скаргі, Канстытуцыйны Суд прыняў шэраг рашэнняў, якія пацвярджаюць права грамадзян звяртацца ў суд са скаргамі на дзеянні і рашэнні органа дазнання, дазнаўца або следчага па пытаннях, што ўзнікаюць у сувязі з ажыццяўленнем крымінальна-працэсуальных адносін (рашэнне ад 3 красавіка 2001 года), права асуджаных да пазбаўлення волі абскардзіць у судовым парадку накладзенае на іх спагнанне (рашэнне ад 2 красавіка 2001 года), права на зварот у суд ваеннаслужачых па пытанню абскарджання дысцыплінарнага спагнання ў трохмесячны тэрмін з дня, калі яны даведаліся або павінны былі даведацца аб парушэнні свайго права (рашэнне ад 23 сакавіка 2001 года).
 
Указаныя рашэнні ў сілу патрабаванняў артыкулаў 59, 60, часткі першай артыкула 116, артыкула 137 Канстытуцыі, а таксама артыкулаў 38 і 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” падлягаюць выкананню.
 
Канстытуцыйны Суд даследаваў пытанне аб захаванні ў судовай сістэме інстытута народных засядацеляў. У рашэнні ад 17 красавіка 2001 года Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ў мэтах захавання канстытуцыйных прынцыпаў правасуддзя і рэалізацыі палажэнняў артыкула 60, пунктаў 9 і 10 артыкула 84, артыкулаў 109—115 Канстытуцыі пытанні фарміравання складу народных засядацеляў, замацавання іх прававога становішча пры ажыццяўленні правасуддзя павінны вызначацца законам. Дапушчэнне народнага засядацеля да выканання абавязкаў прафесіянальнага суддзі магчыма толькі па рашэнню Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з улікам патрабаванняў Канстытуцыі і законаў, што мае прынцыповае значэнне для фарміравання непрадузятага і справядлівага суда.
 
Нацыянальнаму сходу прапанавана ўнесці змяненні і дапаўненні ў адпаведныя нарматыўныя акты з мэтай належнага заканадаўчага ўрэгулявання парадку фарміравання складу народных засядацеляў і ўстаранення існуючых калізій у дзеючым заканадаўстве. Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 чэрвеня 2001 года № 18 зацверджана Палажэнне аб народных засядацелях, Савету Міністраў дадзена даручэнне ўнесці ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу праект Закона “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь”.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што рашэнні Суда, вынесеныя ў 2001 годзе, у асноўным выкананы ці прыняты да выканання кампетэнтнымі органамі. У 2001 годзе выкананы таксама шэраг рашэнняў, прынятых Канстытуцыйным Судом у 2000 годзе, у тым ліку рэалізаваны прапановы, якія Суд уносіў у дзяржаўныя органы ў мэтах удасканальвання заканадаўства.
 
Так, Саветам Міністраў у мэтах выканання рашэнняў Канстытуцыйнага Суда ад 5 верасня 2000 года і ад 22 верасня 2000 года ўнесены змяненні ў адпаведныя пастановы ў частцы ўпарадкавання платы за карыстанне жылымі памяшканнямі і тэхнічнае абслугоўванне жыллёвага фонду, а таксама парадку прадастаўлення і падсумоўвання працоўных водпускаў. Нацыянальным сходам і Саветам Міністраў унесены заснаваныя на рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 17 сакавіка 2000 года адпаведныя змяненні і дапаўненні ў Закон “Аб пенсіённым забеспячэнні” і Палажэнне аб парадку пацвярджэння працоўнага стажу для назначэння пенсій, звязаныя з уключэннем у працоўны стаж дзейнасці грамадзян, якія ўдзельнічалі ў 1943 – 1945 гадах у складзе спецыяльных фарміраванняў у работах па размініраванню вызваляемых тэрыторый. Прапановы Канстытуцыйнага Суда па пытаннях, звязаных з прызывам на тэрміновую ваенную службу асоб, звольненых з органаў МУС (рашэнне ад 9 лістапада 2000 года), улічаны ў Палажэнні аб праходжанні службы ў органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 лістапада 2001 года № 671, і пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 2001 года № 343.
 
У 2001 годзе рэалізаваны раней прынятыя Заключэнне Канстытуцыйнага Суда, звязанае з больш поўнай абаронай правоў грамадзян пры прымусовай адбуксіроўцы транспартных сродкаў, рашэнне Канстытуцыйнага Суда, якое датычыцца рэалізацыі канстытуцыйных гарантый асобных груп ветэранаў вайны, а таксама шэраг іншых рашэнняў Канстытуцыйнага Суда.
 
Аднак не заўсёды рашэнні Канстытуцыйнага Суда выконваюцца аператыўна. Прызнанне неканстытуцыйным нарматыўнага прававога акта не ва ўсіх выпадках цягнула адмену або прыпыненне дзеяння актаў больш нізкага ўзроўню, прынятых на яго аснове, у выніку чаго яны працягвалі дзейнічаць і прымяняцца на практыцы, што супярэчыць Канстытуцыі і іншым законам Рэспублікі Беларусь.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што па пераважнай колькасці зваротаў, па якіх прыняты Судом рашэнні, зацікаўленыя асобы звярталіся да паўнамоцных органаў, указваючы на існуючыя супярэчнасці Канстытуцыі нарматыўных прававых актаў, што цягнула парушэнні правоў і свабод грамадзян. Аднак такія звароты часта заставаліся без рэагавання. У многіх выпадках толькі пасля прыняцця рашэння Канстытуцыйным Судом гэтыя акты змяняліся, дапаўняліся ці прыводзіліся ў адпаведнасць з актамі больш высокай юрыдычнай сілы.
 
Канстытуцыйны Суд прапануе развіваць практыку афіцыйнага тлумачэння дзеючых норм, у тым ліку і норм Канстытуцыі. Адсутнасць такой практыкі прыводзіць да памылак у правапрымяненні і прамога парушэння правоў грамадзян.
 
Па-ранейшаму актуальнай застаецца праблема адказнасці ўсіх органаў дзяржаўнай улады за стан канстытуцыйнасці, якая рэалізуецца не толькі шляхам нарматворчай і правапрымяняльнай дзейнасці, што адпавядае патрабаванням Асноўнага Закона, але і шляхам выканання ўскладзенага на кампетэнтныя дзяржаўныя органы абавязку ўносіць у Канстытуцыйны Суд прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў у парадку канстытуцыйнага судаводства.
 
II
 
Важным крытэрыем ацэнкі стану канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца аналіз зваротаў грамадзян.
 
У мінулым годзе ў Канстытуцыйны Суд паступіла больш за 1500 пісьмовых зваротаў. У іх ліку звыш 1300 індывідуальных, больш за 200 зваротаў ад розных грамадскіх аб’яднанняў, а таксама калектыўных зваротаў грамадзян, што змяшчаюць звыш 3,5 тысячы подпісаў, у якіх ставіліся пытанні, што закранаюць інтарэсы дзесяткаў і соцень тысяч грамадзян. Акрамя таго, у Канстытуцыйным Судзе прынята на асабістым прыёме больш за 350 грамадзян. У неабходных выпадках па зваротах даваліся адпаведныя растлумачэнні, частка з іх накіроўвалася для разгляду ў кампетэнтныя дзяржаўныя органы. Па зваротах, якія маюць сацыяльнае значэнне і абумоўлены прабеламі або супярэчнасцямі ў цяперашнім заканадаўстве, Канстытуцыйны Суд, кіруючыся артыкулам 40 Канстытуцыі, прымаў у адпаведнасці са сваёй кампетэнцыяй рашэнні, што змяшчаюць абгрунтаваныя прапановы кампетэнтным дзяржаўным органам.
 
Найбольшая колькасць скаргаў грамадзян у 2001 годзе датычылася выканання банкамі сваіх абавязацельстваў па дагаворах банкаўскіх укладаў (дэпазітаў), кампенсацыйных выплат па ўкладах і каштоўных паперах, парушэнняў правоў і законных інтарэсаў у галіне жыллёвых, працоўных, зямельных, крэдытных, падатковых, страхавых, адміністрацыйных і некаторых іншых праваадносін. У больш чым 300 індывідуальных і калектыўных заявах (каля 20%) ставілася пытанне аб абгрунтаванасці ўнясення ў пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь асабістага (ідэнтыфікацыйнага) нумара. Каля 200 зваротаў (прыкладна 15%) змяшчалі скаргі на прыгаворы і рашэнні агульных судоў, дзеянні органаў унутраных спраў, падатковых і мытных органаў.
 
Працягваюць паступаць скаргі грамадзян, якія не задаволены памерам кампенсацыі па дзяржаўнаму мэтаваму беспрацэнтнаму займу СССР 1990 года.
 
У значнай частцы зваротаў грамадзян закраналася праблема роўнасці іх перад законам. Так, Канстытуцыйны Суд разгледзеў звароты грамадзян – удзельнікаў узброенай барацьбы з бандфарміраваннямі ў 1944 – 1951 гадах на тэрыторыях Украінскай ССР, Беларускай ССР і Прыбалтыйскіх рэспублік былога СССР, але не прызнаных ветэранамі вайны толькі па той падставе, што яны ў той час з’яўляліся ваеннаслужачымі тэрміновай службы. Канстытуцыйны Суд прызнаў, што названая катэгорыя грамадзян аказалася ў няроўным становішчы з іншымі асобамі, якія прымалі ўдзел у барацьбе з бандытызмам у тых жа ўмовах і прызнаны ветэранамі вайны. Рашэнне Канстытуцыйнага Суда аб ураўноўванні ў правах указаных катэгорый грамадзян, якія ўдзельнічалі ў барацьбе з бандытызмам, яшчэ патрабуе рэалізацыі.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў пэўных выпадках правы асобных катэгорый грамадзян могуць быць абмежаваны, але толькі ў межах, устаноўленых артыкулам 23 Канстытуцыі. Гэта дапускаецца ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб і толькі ў парадку, прадугледжаным законам. У супрацьлеглым выпадку мае месца парушэнне канстытуцыйных палажэнняў, што выклікае абгрунтаваныя скаргі грамадзян.
 
Грамадзяне звяртаюцца ў Канстытуцыйны Суд, вычарпаўшы, як правіла, усе даступныя ім сродкі прававой абароны ў іншых дзяржаўных органах. У такіх скаргах паведамляецца аб тым, што мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, суды, праваахоўныя органы, а таксама асобныя службовыя асобы не прымаюць усё залежныя ад іх меры па абароне парушаных правоў і законных інтарэсаў, прымяняюць нарматыўныя акты, якія не адпавядаюць, на думку грамадзян, актам больш высокай юрыдычнай сілы.
 
Працягваюць паступаць у Канстытуцыйны Суд скаргі, звязаныя з супярэчнасцямі ў нарматыўных актах, якія рэгулююць ліцэнзаванне розных відаў гаспадарчай дзейнасці (аўтамабільных перавозак, арэнды рыбалоўных угоддзяў і інш.), з прычыны чаго не толькі абмяжоўваюцца правы грамадзян, але і ствараюцца перашкоды развіццю прадпрымальніцкай дзейнасці.
 
Шматлікія нараканні грамадзян выклікае недасканаласць заканадаўства аб пенсіённым забеспячэнні, і ў прыватнасці ўраўняльны падыход да ўстанаўлення пенсій,звязаны з паніжэннем улічваемага заработку, адсутнасць механізмаў пераразлікаў пенсій і абмежаванні па іх выплаце ў выпадках прадаўжэння работы.
 
У многіх зваротах грамадзян, у тым ліку калектыўных, ставяцца пытанні, звязаныя з недахопамі заканадаўства аб абавязковым страхаванні будынкаў, якія належаць грамадзянам на праве ўласнасці, у тым ліку з недасканаласцю механізма ацэнкі будынкаў, а таксама з рэалізацыяй права на атрыманне прадугледжаных заканадаўствам ільгот.
 
Канстытуцыйны Суд не пакідаў без увагі такога роду звароты грамадзян і, карыстаючыся прадастаўленым яму на падставе часткі сёмай артыкула 116 Канстытуцыі правам, замацаваным у артыкуле 7 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, накіроўваў у дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапановы аб неабходнасці ўнясення ў акты дзеючага заканадаўства змяненняў і дапаўненняў, прыняцця новых нарматыўных актаў. Такія прапановы, увасобленыя ў форму рашэнняў, атрымлівалі, як правіла, адпаведнае рэагаванне. Аднак рэалізацыя некаторых з іх неапраўдана затрымліваецца, а абмежаванні асобных правоў і законных інтарэсаў грамадзян захоўваюцца.
 
У 2001 годзе вялікая колькасць зваротаў грамадзян паступала не толькі ў Канстытуцыйны Суд, але і ў іншыя органы дзяржавы, надзеленыя правам звароту ў Канстытуцыйны Суд для вынесення ім заключэння. Сярод гэтых зваротаў нямала скаргаў, якія датычацца канстытуцыйнасці асобных нарматыўных прававых актаў. Аднак абумоўленыя скаргамі грамадзян прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці такіх актаў у Канстытуцыйны Суд упаўнаважанымі на тое органамі, як правіла, не накіроўваліся. У 2001 годзе ў адпаведнасці з часткай чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыі ў Канстытуцыйны Суд паступілі толькі тры прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў. Указаныя прапановы былі ўнесены Саветам Міністраў па ініцыятыве Міністра ўнутраных спраў і Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
 
Прапановы грамадзян, якія адлюстроўваюць іх зацікаўленасць ва ўдасканальванні заканадаўства, атрымліваюць сваё выяўленне не толькі ў рашэннях Канстытуцыйнага Суда, але і ў прапановах спецыялістаў Канстытуцыйнага Суда, што накіроўваюцца ў органы, якія рыхтуюць праекты заканадаўчых актаў. У 2001 годзе ў Канстытуцыйны Суд паступіла каля 100 праектаў нарматыўных актаў. Паколькі Канстытуцыйны Суд не мае права ажыццяўляць кантроль і рэцэнзаванне праектаў нарматыўных актаў, канстытуцыйнасць якіх пасля прыняцця можа быць прадметам яго разгляду, праекты вывучаюцца спецыялістамі Канстытуцыйнага Суда. Уносімыя па праектах нарматыўных актаў прапановы ўлічваюцца, як правіла, пры падрыхтоўцы праектаў нарматыўных актаў, што садзейнічае забеспячэнню іх канстытуцыйнасці.
 
Змест зваротаў, якія паступаюць у Канстытуцыйны Суд, сведчыць аб узрастаючым узроўні правасвядомасці грамадзян, аб іх імкненні садзейнічаць удасканальванню нацыянальнага заканадаўства і ўмацаванню канстытуцыйнасці. Гэта акалічнасць, а таксама станоўчы вопыт канстытуцыйнага кантролю ў розных краінах сучаснага свету дазваляюць лічыць неабходным заканадаўчае развіццё замацаванага ў артыкуле 122 Канстытуцыі права грамадзян на непасрэдны зварот у Канстытуцыйны Суд па пытаннях праверкі рашэнняў нарматыўнага характару мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў, якія абмяжоўваюць або парушаюць іх правы, свабоды і законныя інтарэсы. Патрабуе далейшага ўдасканальвання парадак накіравання ў Канстытуцыйны Суд прапаноў судоў аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў, якія прымяняюцца ці падлягаюць прымяненню пры вырашэнні канкрэтных спраў. Заканадаўчае вырашэнне гэтых пытанняў не патрабавала б унясення змяненняў у Канстытуцыю, паколькі вынікае са зместу артыкулаў 60, 61, 112, 116 і 122 Асноўнага Закона.
 
У 2001 годзе працягвалася плённае ўзаемадзеянне Канстытуцыйнага Суда з Пракуратурай рэспублікі ў галіне абароны правоў грамадзян. Эфектыўнасць нагляду за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў і ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які ажыццяўляецца органамі пракуратуры, істотна ўзрасла б пры непасрэдным замацаванні ў Законе “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” права Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з часткай сёмай артыкула 116, артыкуламі 125 і 128 Канстытуцыі на зварот у Канстытуцыйны Суд з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці падзаконных нарматыўных актаў.
 
III
 
Канстытуцыйны Суд працягваў канструктыўнае супрацоўніцтва з усімі міжнароднымі арганізацыямі, мэты якіх адпавядаюць прынцыпам, замацаваным у Канстытуцыі нашай краіны. Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь адзначае, што ў 2001 годзе ў склад Канферэнцыі канстытуцыйных судоў краін маладой дэмакратыі, заснавальнікам якой у 1997 годзе ён выступіў сумесна з канстытуцыйнымі судамі Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расійскай Федэрацыі, Таджыкістана, увайшлі канстытуцыйныя суды Азербайджана, Грузіі, Малдовы, Украіны.
 
Прадстаўнікі Канстытуцыйнага Суда прымалі ўдзел у многіх міжнародных канферэнцыях, семінарах, сустрэчах, праведзеных як у Беларусі, так і за яе межамі, што дало магчымасць абмяняцца з зарубежнымі калегамі думкамі па актуальных пытаннях канстытуцыйнага судаводства і садзейнічала паляпшэнню ўзаемаразумення паміж прадстаўнікамі органаў канстытуцыйнай юрысдыкцыі.  
 
Канстытуцыйным Судом 31 мая — 1 чэрвеня 2001 года праведзена ў г. Мінску пры падтрымцы Кіраўніка дзяржавы III міжнародная навукова-практычная канферэнцыя органаў канстытуцыйнага кантролю на тэму “Імплементацыя норм міжнароднага права ў нацыянальнае заканадаўства: тэорыя і практыка”, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі 12 дзяржаў. Дыскусіі, якія адбыліся на канферэнцыі, садзейнічалі ўдасканальванню форм і метадаў канстытуцыйнага правасуддзя, абароне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, умацаванню аўтарытэту і даверу да Рэспублікі Беларусь.
 
На сучасным этапе развіцця дзяржавы і грамадства Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь пастаянна ў ходзе канстытуцыйнага судаводства кіруецца палажэннямі міжнародных пактаў аб правах чалавека і канвенцый, якія датычацца абароны правоў чалавека і асноўных свабод, іншых міжнародна-прававых дакументаў.
 
У дзейнасці Канстытуцыйнага Суда выкарыстоўваецца практыка работы органаў канстытуцыйнага кантролю зарубежных дзяржаў, а таксама Еўрапейскага Суда па правах чалавека. Пры прыняцці рашэнняў Канстытуцыйны Суд разам з універсальнымі міжнароднымі-прававымі актамі актыўна выкарыстоўвае еўрапейскія міжнародныя акты, у тым ліку Еўрапейскую канвенцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, што садзейнічае ўмацаванню Рэспублікі Беларусь як дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы.
 
* * *
 
Канстытуцыйны Суд пры ажыццяўленні ўскладзеных на яго Асноўным Законам абавязкаў па кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве, кіруючыся прынцыпам вяршэнства Канстытуцыі і яе непасрэднага дзеяння, у якасці сваёй галоўнай задачы разглядаў усталяванне канстытуцыйнай законнасці ў праватворчасці і правапрымяненні, садзейнічанне ўдасканальванню правовай сістэмы дзяржавы. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд зыходзіў з таго, штоправы і свабоды чалавека і грамадзяніна павінны вызначаць сэнс, змест і прымяненне нарматыўных актаў, дзейнасць заканадаўчай і выканаўчай улады і забяспечвацца належным правасуддзем. Толькі прыняцце дзяржавай, як гэтага патрабуе Канстытуцыя, усіх мер для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй і законамі, прыхільнасць яе да агульначалавечых каштоўнасцей здольны забяспечыць грамадзянскую згоду, непахіснасць асноў народаўладдзя і прававой дзяржавы.
 
 
Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 12 лютага 2002 года.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                   Р.А.Васілевіч