Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
7 лютага 2002 г. № 3-137/2002
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Інструкцыі аб парадку фарміравання ставак арэнднай платы юрыдычнымі асобамі недзяржаўнай формы ўласнасці пры здачы ў арэнду нежылых будынкаў (памяшканняў)
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.
 
з удзелам прадстаўнікоў:
 
Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Хрола В.П. — старшыні Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, будаўніцтву, гандлю і прыватызацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь; Дзямідавай І.Я. — загадчыка аддзела гаспадарчага, працоўнага і сацыяльнага заканадаўства Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
 
Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь: Пупко А.В. — намесніка дырэктара Дэпартамента антыманапольнай і цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь; Волкавай А.В. — начальніка аддзела цэн і тарыфаў у невытворчай сферы Дэпартамента антыманапольнай і цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь
 
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Інструкцыі аб парадку фарміравання ставак арэнднай платы юрыдычнымі асобамі недзяржаўнай формы ўласнасці пры здачы ў арэнду нежылых будынкаў (памяшканняў)”.
 
У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Міраніченка І.А. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Козырава Л.Р. — намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, Снягір М.В. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, Калугін В.Ю. — намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
 
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 7 снежня 2001 г. па прапанове Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5 і 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкула 43 Рэгламента Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.
 
Праверцы падлягала Інструкцыя аб парадку фарміравання ставак арэнднай платы юрыдычнымі асобамі недзяржаўнай формы ўласнасці пры здачы ў арэнду нежылых будынкаў (памяшканняў), якая зацверджана пастановай Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь ад 29 мая 2001 г. № 96 (у далейшым — Інструкцыя), уступіла ў сілу з 1 ліпеня 2001 г. (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2001 г., № 62, 8/6246, 8/6316).
 
У прапанове аб праверцы канстытуцыйнасці Інструкцыі Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адзначыла, што палажэнні Інструкцыі прадугледжваюць няроўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці суб’ектамі гаспадарання прыватнай формы ўласнасці ў параўнанні з суб’ектамі гаспадарання дзяржаўнай формы ўласнасці і ствараюць няроўныя ўмовы для развіцця гэтых форм уласнасці.
 
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Шукліна В.З., прадстаўнікоў бакоў, эксперта Кірэеву А.Ф. — загадчыка кафедры фінансаў галін народнай гаспадаркі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта, кандыдата эканамічных навук, прафесара, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, Грамадзянскага кодэкса, законаў і іншых нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь, вывучыўшы матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
У адпаведнасці з Канстытуцыяй дзяржава абавязана надаваць усім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантаваць роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці (артыкул 13). Дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці; уласнік мае права валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасцю (артыкул 44).
 
У адпаведнасці з указанымі канстытуцыйнымі нормамі ў Грамадзянскім кодэксе Рэспублікі Беларусь (у далейшым — ГК) у якасці аднаго з асноўных прынцыпаў замацаваны прынцып роўнасці ўдзельнікаў грамадзянскіх адносін, згодна з якім суб’екты грамадзянскага права ўдзельнічаюць у грамадзянскіх адносінах на роўных, роўныя перад законам, не могуць карыстацца перавагамі і прывілеямі, што супярэчаць закону, і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў. Удзельнікі грамадзянскіх праваадносін свабодныя ва ўстанаўленні сваіх правоў і абавязкаў на аснове дагавора і ў вызначэнні любых ўмоў дагавора, якія не супярэчаць заканадаўству; адвольнае ўмяшанне ў прыватныя справы не дапускаецца (артыкул 2).
 
На ўказаных прынцыпах заснаваны як агульныя палажэнні Грамадзянскага кодэкса, якія рэгулююць пытанні арэнды (артыкулы 577 — 596), так і спецыяльныя палажэнні, што датычацца дагавора арэнды будынкаў або збудаванняў (артыкулы 621 — 626). Адносіны ў сферы арэнды рэгулююцца таксама Законам “Аб арэндзе” і іншымі актамі заканадаўства.
 
У адпаведнасці з часткай першай артыкула 577 ГК па дагавору арэнды (маёмаснага найму) арэндадавец (наймадавец) абавязваецца прадаставіць арандатару (наймальніку) маёмасць за плату ў часовае валоданне і карыстанне або ў часовае карыстанне. У пункце 1 артыкула 578 ГК прадугледжана, што аб’ектамі арэнды могуць быть зямельныя ўчасткі і іншыя адасобленыя прыродныя аб’екты, прадпрыемствы і іншыя маёмасныя комплексы, будынкі, збудаванні, абсталяванне, транспартныя сродкі і іншыя рэчы, якія не губляюць сваіх натуральных якасцей у працэсе іх выкарыстання (неспажываныя рэчы). Згодна з пунктам 1 артыкула 621 ГК па дагавору арэнды будынка або збудавання арэндадавец абавязваецца перадаць у часовае валоданне і карыстанне або ў часовае карыстанне арандатару будынак або збудаванне. Дагавор арэнды будынка або збудавання, заключаны на тэрмін не менш аднаго года, падлягае дзяржаўнай рэгістрацыі і лічыцца заключаным з моманту такой рэгістрацыі (пункт 2 артыкула 622 ГК). Прымяняльна да дагавора арэнды будынка або збудавання арэндная плата з’яўляецца абавязковай умовай. Пры адсутнасці ўзгодненай бакамі ў пісьмовай форме ўмовы аб памеры арэнднай платы дагавор арэнды будынка або збудавання лічыцца незаключаным (пункт 1 артыкула 625 ГК).
 
Такім чынам, са зместу норм ГК, якія рэгулююць арэндныя адносіны, вынікае, што памер арэнднай платы пры здачы ў арэнду будынкаў або збудаванняў вызначаецца пагадненнем бакоў пры заключэнні дагавора арэнды. Пры гэтым заканадавец не звязвае вызначэнне і ўзгадненне арэнднай платы з формамі ўласнасці на будынкі або збудаванні. Трэба таксама мець на ўвазе, што згодна з часткай сёмай артыкула 10 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” Грамадзянскі кодэкс мае большую юрыдычную сілу ў адносінах да іншых кодэксаў і законаў, якія змяшчаюць нормы грамадзянскага права.
 
У адпаведнасці з артыкулам 579 ГК права здачы маёмасці ў арэнду належыць яе ўласніку. Уласнік мае права па свайму меркаванню ўчыняць у адносінах да прыналежнай яму маёмасці любыя дзеянні, якія не супярэчаць заканадаўству, у тым ліку адчужаць сваю маёмасць ва ўласнасць іншым асобам, перадаваць ім, застаючыся ўласнікам, правы валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю, а таксама распараджацца ёй іншым чынам (пункт 2 артыкула 210 ГК).
 
У сувязі з гэтым дзяржава як адзін з уласнікаў мае права ў асобе ўпаўнаважаных органаў вырашаць у адпаведнасці з заканадаўствам пытанні арэнднай платы ў адносінах да арэндадаўцаў дзяржаўнай формы ўласнасці. У мэтах упарадкавання выкарыстання дзяржаўнай уласнасці, стрымання правапарушэнняў у галіне арэндных адносін і абароны эканамічных інтарэсаў дзяржавы Указам Прэзідента Рэспублікі Беларусь ад 21 жніўня 1996 г. № 302 “Аб парадку вызначэння мінімальных ставак арэнднай платы за памяшканні ў адміністрацыйных будынках і збудаваннях, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці” быў зацверджаны Парадак вызначэння мінімальных ставак арэнднай платы за памяшканні ў адміністрацыйных будынках і збудаваннях, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці (у далейшым — Парадак). Згодна з названым Парадкам мінімальныя стаўкі арэнднай платы з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх арэндадаўцаў памяшканняў у адміністрацыйных будынках і збудаваннях, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, і ўстанаўліваемая плата не можа быць ніжэй гэтых ставак, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных Прэзідентам Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважаным ім органам (пункт 1 Парадка). Памер мінімальных ставак арэнднай платы вызначаны ў доларах ЗША, але арэндная плата ўносіцца ў беларускіх рублях па курсу Нацыянальнага банка на дзень платы, за выключэннем выпадкаў, калі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь плацяжы праводзяцца ў замежнай валюце (пункты 2 і 4 Парадка).
 
Да прыняцця Інструкцыі не было спецыяльнага нарматыўнага акта, які рэгулюе парадак вызначэння ставак арэнднай платы суб’ектамі недзяржаўнай формы ўласнасці. Рэспубліканскай камісіяй па ўпарадкаванню выкарыстоўвання адміністрацыйных будынкаў, збудаванняў, вытворчых плошчаў і іншых аб’ектаў дзяржаўнай уласнасці да распрацоўкі абгрунтавання для вызначэння памеру арэнднай платы прадпрыемствам і арганізацыям недзяржаўнай формы ўласнасці, прыватным прадпрымальнікам пры здачы ў арэнду грамадскіх будынкаў, комплексаў і збудаванняў, памяшканняў у іх, адміністрацыйных будынкаў, пераабсталяваных вытворчых будынкаў было прапанавана часова кіравацца Указам Прэзідента Рэспублікі Беларусь ад 21 жніўня 1996 г. № 302.
 
Парадак вызначэння ставак арэнднай платы за здачу ў арэнду нежылых будынкаў (памяшканняў), якія знаходзяцца ў прыватнай уласнасці, быў прадугледжаны Інструкцыяй, зацверджанай пастановай Міністэрства эканомікі ад 29 мая 2001 г. № 96. Дадзеная Інструкцыя, што ўстанаўлівае парадак фарміравання ставак арэнднай платы юрыдычнымі асобамі недзяржаўнай формы ўласнасці пры здачы ў арэнду нежылых будынкаў (памяшканняў), мае для іх абавязковы характар (пункты 1 і 2). Згодна з Інструкцыяй стаўкі арэнднай платы пры здачы ў арэнду нежылых будынкаў (памяшканняў) фарміруюцца з улікам адпаведных эканамічных абгрунтаванняў: рэшткавага кошту будынкаў, іх камфортнасці, месца знаходжання і іншых умоў (пункт 4); юрыдычныя асобы недзяржаўнай формы ўласнасці разлічваюць стаўкі арэнднай платы ў беларускіх рублях па формуле, якая ўлічвае каэфіцыент змянення кошту нежылых будынкаў (памяшканняў), што зацвярджаецца Міністэрствам статыстыкі і аналізу па даных Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, а таксама шэраг іншых паказчыкаў (пункт 5).
 
У пастанове Міністэрства эканомікі ад 29 мая 2001 г. № 96, якая зацвердзіла Інструкцыю, указана, што падставай для яе прыняцця паслужыла заканадаўства, што рэгулюе праваадносіны ў сферы цэнаўтварэння. Згодна з артыкулам 14 Закона “Аб цэнаўтварэнні” за парушэнне ўстаноўленых адпаведнымі дзяржаўнымі органамі ўзроўняў рэгулюемых цэн (тарыфаў), іх завышэнне або заніжэнне, а таксама парушэнне ўстаноўленага парадку іх вызначэння да юрыдычных і службовых асоб, прадпрымальнікаў прымяняюцца адпаведныя санкцыі. Кіраўнікі юрыдычнай асобы і іншыя службовыя асобы, прадпрымальнікі нясуць іншую адказнасць за парушэнне заканадаўства аб цэнаўтварэнні ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
Аналіз названага Закона (артыкулы 3, 5, 7, 8, 11 і інш.), а таксама Указа Прэзідента Рэспублікі Беларусь ад 19 мая 1999 г. № 285 “Аб некаторых мерах па стабілізацыі цэн (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь”, якім зацверджаны Пералік тавараў (работ, паслуг), цэны (тарыфы), надбаўкі (скідкі) на якія рэгулююцца рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, аб’яднаннямі, падпарадкаванымі Ураду Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным банкам, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам, а таксама іншых актаў заканадаўства сведчыць аб тым, што ўстанаўленне ставак арэнднай платы і парадку іх вызначэння суб’ектамі недзяржаўнай формы ўласнасці пры здачы ў арэнду нежылых будынкаў (памяшканняў) не адносіцца да адносін, рэгулюемых заканадаўствам аб цэнаўтварэнні. Довады Міністэрства эканомікі аб тым, што здачу ў арэнду нежылых будынкаў (памяшканняў) трэба разглядаць як паслугу, са спасылкай пры гэтым на Асноўныя палажэнні па саставу затрат, якія ўключаюцца ў сабекошт прадукцыі (работ, паслуг), зацверджаныя міністэрствамі эканомікі, фінансаў, працы, статыстыкі і аналізу ў студзені 1998 г. (з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі), не заснаваны на палажэннях ГК. Аднясенне даходаў, атрыманых арэндадаўцам за здачу маёмасці ў арэнду, на іншы рахунак не змяніла эканамічнай сутнасці арэндных адносін. Дагаворы арэнды накіраваны на выплатную перадачу маёмасці ў карыстанне, а не на выплатнае аказанне паслуг. У сувязі з гэтым да ўказаных асоб не могуць прымяняцца меры адказнасці, прадугледжаныя заканадаўствам аб цэнаўтварэнні.
 
Прымяненне заканадаўства аб цэнаўтварэнні пры вызначэнні ставак арэнднай платы ў адпаведнасці з пунктам 5 Інструкцыі прыводзіць да таго, што ў адрозненне ад арэндадаўцаў дзяржаўнай формы ўласнасці арэндадаўцы прыватнай формы ўласнасці абавязаны штомесяц разлічваць гэтыя стаўкі з улікам каэфіцыента змянення кошту нежылых будынкаў (памяшканняў), зацверджанага Міністэрствам статыстыкі і аналізу па даных Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Акрамя таго, Інструкцыя прадугледжвае дадатковыя каэфіцыенты для разліку стаўкі арэнднай платы. Існуе таксама розны падыход да ўліку падаткаў, збораў і іншых абавязковых плацяжоў у бюджэт, якія ўлічваюцца пры разліку стаўкі арэнднай платы.
 
З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што палажэнні Інструкцыі, якімі ўстаноўлены парадак фарміравання ставак арэнднай платы за здачу ў арэнду нежылых будынкаў (памяшканняў) арэндадаўцамі прыватнай формы ўласнасці, які адрозніваецца ад парадку, устаноўленага для арэндадаўцаў дзяржаўнай формы ўласнасці, стварылі няроўныя ўмовы для развіцця дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці, што супярэчыць Канстытуцыі (артыкулы 13, 44, 58 і інш.), Грамадзянскаму кодэксу, іншым заканадаўчым актам, якія прадугледжваюць роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся часткамі першай, чацвёртай і сёмай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 9, 34, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць не адпавядаючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Грамадзянскаму кодэксу Рэспублікі Беларусь, іншым заканадаўчым актам Рэспублікі Беларусь Інструкцыю аб парадку фарміравання ставак арэнднай платы юрыдычнымі асобамі недзяржаўнай формы ўласнасці пры здачы ў арэнду нежылых будынкаў (памяшканняў), зацверджаную пастановай Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь ад 29 мая 2001 г. № 96.
 
Лічыць дадзены нарматыўны акт не маючым юрыдычнай сілы з дня прыняцця гэтага Заключэння.
 
2. Апублікаваць гэта Заключэнне ў тэрмін, устаноўлены заканадаўствам, у “Народнай газеце” і “Звяздзе”, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь і “Весніку Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.
 
3. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з'яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                         Р.А. Васілевіч