Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
20 сакавіка 2002 г. № Р-139/2002
Аб канстытуцыйнасці пункта 2 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 снежня 2001 г. № 1804 “Аб мерах па абароне правоў членаў прафесійных саюзаў”
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь звароты Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіруючых органаў прафсаюзаў, асобных членаў прафсаюзаў, іншых органаў і арганізацый аб канстытуцыйнасці пункта 2 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 снежня 2001 г. № 1804 “Аб мерах па абароне правоў членаў прафесійных саюзаў”.
 
У зваротах асноўная ўвага была ўдзелена таму, што ў сувязі з прыняццем Саветам Міністраў названай пастановы парушаюцца правы работнікаў членаў прафсаюзаў свабодна распараджацца прыналежнай ім заработнай платай, у тым ліку права на ўтрыманне з заработнай платы сум прафсаюзных узносаў на падставе заявы работніка для пералічэння іх у безнаяўным парадку на рахункі прафсаюзных органаў. Звярталася ўвага на супярэчнасць пункта 2 гэтай пастановы рашэнню Канстытуцыйнага Суда ад 21 лютага 2001 г. “Аб парадку ўплаты членскіх прафсаюзных узносаў”.
 
Заслухаўшы прадстаўніка Урада Рэспублікі Беларусь – Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Галаванава В.Р. і Старшыню Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай Вітко Ф.П., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, нормы міжнародна-прававых дакументаў, Працоўнага кодэкса, законаў і іншых нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд адзначае наступнае.
 
1. У адпаведнасці з Канстытуцыяй кожны мае права на свабоду аб’яднанняў (артыкул 36). Грамадзяне маюць права на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, уключаючы права на аб’яднанне ў прафесійныя саюзы (артыкул 41).
 
Гэтыя канстытуцыйныя палажэнні рэалізаваны ў Законе Рэспублікі Беларусь “Аб прафесійных саюзах”, згодна з якім грамадзяне маюць права добраахвотна ствараць па свайму выбару прафсаюзы, а таксама ўступаць у прафсаюзы пры ўмове выканання іх статутаў (палажэнняў) (артыкул 2). Прафсаюзы самастойна распрацоўваюць і зацвярджаюць свае статуты (палажэнні), вызначаюць структуру, выбіраюць кіруючыя органы, арганізуюць сваю дзейнасць (артыкул 3).
 
Статутамі прафсаюзаў прадугледжаны абавязак членаў прафсаюзаў штомесяц ва ўстаноўленым парадку і памеры выплачваць членскія ўзносы. Выплата членскіх узносаў добраахвотна ўзяты на сябе абавязак, звязаны з членствам у прафсаюзнай арганізацыі.
 
Міжнародна-прававымі актамі, у прыватнасці Канвенцыяй МАП № 95 “Аб ахове заработнай платы”, прадугледжана, што вылічэнні з заработнай платы дазваляюцца толькі пры выкананні ўмоў і ў памерах, вызначаемых заканадаўствам дадзенай краіны або ўстанаўліваемых калектыўнымі дагаворамі або арбітражнымі рашэннямі.
 
У частцы першай артыкула 107 Працоўнага кодэкса ўказана, што ўтрыманні з заработнай платы могуць рабіцца толькі ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам. Згодна з часткай чацвёртай гэтага артыкула наймальнік абавязаны рабіць утрыманні з заработнай платы работніка па яго пісьмовай заяве для правядзення безнаяўных разлікаў.
 
Тлумачэнне прыведзеных норм артыкула 107 Працоўнага кодэкса ў сукупнасці дазваляе зрабіць вывад, што нават пры наяўнасці пісьмовай заявы работніка наймальнік абавязаны рабіць утрыманні з заработнай платы работніка для правядзення безнаяўных разлікаў, калі гэта прама прадугледжана ў заканадаўстве (заявы аб утрыманні аліментаў, аб утрыманнях для пакрыцця нанесенага матэрыяльнага ўрону і інш.). У іншым выпадку наймальнік быў бы абавязаны па аднабаковаму волевыяўленню работніка рабіць любыя ўтрыманні, напрыклад, для выплаты камунальных плацяжоў, членскіх узносаў работнікаў, якія знаходзяцца ў іншых грамадскіх аб’яднаннях і г.д.
 
Як вынікае з артыкула 7 Працоўнага кодэкса, лакальныя нарматыўныя акты (калектыўныя дагаворы і інш.) да актаў заканадаўства не адносяцца. Акты заканадаўства ў адпаведнасці з Працоўным кодэксам валодаюць большай юрыдычнай сілай, чым лакальныя нарматыўныя акты.
 
Існуючая раней, у тым ліку і на момант вынясення Канстытуцыйным Судом 21 лютага 2001 г. рашэння “Аб парадку ўплаты членскіх прафсаюзных узносаў”, практыка ўтрымання і пералічэння членскіх прафсаюзных узносаў па заяве работніка асноўвалася на пастанове Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 14 лістапада 1996 г. № 726/14 “Аб пералічэнні прафсаюзных членскіх узносаў”, якой было прадпісана забяспечыць у адпаведнасці з калектыўнымі дагаворамі (пагадненнямі) пералічэнне ў першачарговым парадку прафсаюзных членскіх узносаў на бягучыя рахункі прафсаюзных органаў, выкарыстоўваючы для гэтых мэт сродкі суб’ектаў гаспадарання, прызначаныя на неадкладныя патрэбы. Указаная пастанова была прызнана страціўшай сілу пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 21 чэрвеня 2001 г. № 914/13, гэта значыць пасля прыняцця 21 лютага 2001 г. рашэння Канстытуцыйным Судом.
 
Пастановай Савета Міністраў ад 14 снежня 2001 г. № 1804 устаноўлена, што выплата членскіх прафсаюзных узносаў робіцца асабіста работнікамі без утрымання ўзносаў з іх заработнай платы (пункт 2).
 
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь звяртае ўвагу на тое, што Генеральным пагадненнем ад 24 снежня 1997 г. паміж Урадам, рэспубліканскімі аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў на 1998 – 2000 гады бакі дамовіліся ўключаць у галіновыя і мясцовыя тарыфныя пагадненні, а таксама ў калектыўныя дагаворы палажэнні аб пералічэнні ва ўстаноўлены тэрмін прафсаюзных членскіх узносаў на банкаўскія рахункі прафсаюзных арганізацый у адпаведнасці з пастановай Кабінета Міністраў і Нацыянальнага банка ад 14 лістапада 1996 г. № 726/14.
 
У дзеючым на дадзены момант Генеральным пагадненні паміж Урадам, рэспубліканскімі аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў на 2001 – 2003 гады, падпісаным 25 мая 2001 г., аналагічнае палажэнне адсутнічае.
 
Такім чынам, у цяперашні час на агульнадзяржаўным узроўні адсутнічаюць акты заканадаўства, якія служылі б прававой асновай у плане ўскладання на наймальніка абавязку ўтрымліваць прафсаюзныя ўзносы. Не вызначаны ў заканадаўстве і крыніцы затрат наймальніка для правядзення такіх утрыманняў і іх пералічэння на рахункі прафсаюзных арганізацый. Таму з прыняццем Саветам Міністраў пастановы ад 14 снежня 2001 г. № 1804 наймальнік мае права адмовіць у правядзенні ўтрыманняў з заработнай платы работнікаў прафсаюзных узносаў і пералічэння іх на рахункі прафсаюзных органаў нават пры наяўнасці пісьмовай заявы работніка.
 
Як вынікае з аналізу пастановы Савета Міністраў ад 14 снежня 2001 г. № 1804 і практыкі выплаты прафсаюзных узносаў, адной з падстаў для прыняцця названай пастановы з’явілася непералічэнне асобнымі наймальнікамі на рахункі адпаведных прафсаюзных органаў сродкаў, утрыманых з заработнай платы работнікаў, асабліва тымі наймальнікамі, якія не мелі ўласных сродкаў і атрымлівалі для выплаты заработнай платы крэдыты. Тым самым у многіх выпадках апасродкавана ажыццяўлялася крэдытаванне дзейнасці прафсаюзаў. Затрымка пералічэння сум заработнай платы, утрыманых у лік выплаты членскіх прафсаюзных узносаў, выклікала шматлікія звароты прафсаюзных органаў у розныя інстанцыі.
 
2. У рашэнні ад 21 лютага 2001 г. Канстытуцыйны Суд аналізаваў дзеючыя на момант яго вынясення нарматыўныя акты і практыку іх прымянення. Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што заканадаўствам на той момант дапускалася выплата членскіх прафсаюзных узносаў шляхам безнаяўных разлікаў праз бухгалтэрыі арганізацый. Канстытуцыйны Суд асноўваў сваё рашэнне на дзеючай у той перыяд пастанове Кабінета Міністраў і Нацыянальнага банка ад 14 лістапада 1996 г. № 726/14. Разглядаючы дадзенае пытанне, Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на шматлікія выпадкі ўтрымання прафсаюзных узносаў без пісьмовай заявы работніка. Была адзначана як незаконнасць такой практыкі, так і практыкі, калі ўтрыманні рабіліся ў работнікаў, якія нават не з’яўляліся членамі прафсаюзаў.
 
Асноўваючыся на аналізе нацыянальнага заканадаўства і міжнародна-прававых актаў, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 21 лютага 2001 г. указаў, што недапушчальна правядзенне ўтрыманняў з заработнай платы работнікаў у выглядзе вылічэнняў і іншых утрыманняў, акрамя прадугледжаных законам.
 
Прыняцце Саветам Міністраў і Нацыянальным банкам пастановы ад 21 чэрвеня 2001 г. № 914/13 аб прызнанні страціўшай юрыдычную сілу пастановы Кабінета Міністраў і Нацыянальнага банка ад 14 лістапада 1996 г. № 726/14 знаходзіцца ў кампетэнцыі Урада, надзеленага заканадаўцам правам прымаць нарматыўныя акты ў развіццё палажэнняў Працоўнага кодэкса, у тым ліку і артыкула 107 названага Кодэкса.
 
У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што пункт 2 пастановы Савета Міністраў ад 14 снежня 2001 г. № 1804 не ўваходзіць у супярэчнасць з рашэннем Канстытуцыйнага Суда ад 21 лютага 2001 г., таму што пры вынясенні гэтага рашэння прадметам разгляду Канстытуцыйнага Суда з’явіліся звароты наконт магчымасці збірання прафсаюзных узносаў праз бухгалтэрыю арганізацыі без пісьмовай згоды работніка.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што традыцыі дзейнасці прафсаюзаў у савецкі перыяд, пастаянная апека над імі з боку дзяржавы разам з ускладаннем на іх некаторых дзяржаўных функцый пераўтваралі прафсаюзы ў частку дзяржаўнага механізма. Пры гэтым у значнай меры клопат аб зборы прафсаюзных узносаў быў перакладзены з кіруючых органаў (прафсаюзнага актыву), якія павінны былі весці штодзённую работу са сваімі членамі, на наймальнікаў (бухгалтэрыі арганізацый). Гэта прывяло да адзяржаўлення прафсаюзаў, аслаблення сувязей паміж кіруючымі органамі і членамі прафсаюзных арганізацый. Нягледзячы на змяненні ў сучасны перыяд задач і функцый прафесійных саюзаў, яшчэ захоўваўся ранейшы, фармальна-бюракратычны падыход да збірання прафсаюзных узносаў.
 
Гэта было пацверджана і ў працэсе разгляду Канстытуцыйным Судом 21 лютага 2001 г. пытання аб парадку выплаты прафсаюзных узносаў. Было выяўлена, што выплата членскіх прафсаюзных узносаў ажыццяўлялася па ранейшай схеме, часта без уліку думкі работніка, часам нават не высвятлялася, ці з’яўляецца ён членам прафсаюза, а калі з’яўляецца, то якога іменна.
 
3. Канстытуцыйны Суд адзначае, што з улікам статусу прафсаюзаў як грамадскіх аб’яднанняў грамадзян, якія добраахвотна аб’ядналіся для абароны сваіх працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў, і статутнага абавязку членаў прафсаюзаў выплачваць членскія ўзносы прадугледжаная пунктам 2 пастановы Савета Міністраў ад 14 снежня 2001 г. № 1804 асабістая выплата прафсаюзных узносаў работнікамі без іх утрымання з заработнай платы не супярэчыць асноўным прынцыпам арганізацыі і дзейнасці прафсаюзаў і ў той жа час змяншае залежнасць прафсаюзных арганізацый ад выканання наймальнікамі абавязкаў па пералічэнню ўтрыманых імі сум прафсаюзных узносаў на рахункі прафсаюзных арганізацый, хаця і стварае дадатковую нагрузку для прафсаюзнага актыву па збору ўзносаў, якую раней фактычна неслі бухгалтэрыі арганізацый.
 
У выпадку выплаты прафсаюзных узносаў асабіста работнікамі наймальнікі павінны ствараць нармальныя ўмовы прафгрупоргам або іншым упаўнаважаным асобам для збору ўзносаў.
 
З улікам выкладзенага і дапускаючы на дадзеным этапе магчымасць змянення актамі заканадаўства ранейшага парадку ўтрымання і пералічэння прафсаюзных узносаў, Канстытуцыйны Суд разам з тым звяртае ўвагу на тое, што такое змяненне не садзейнічае развіццю гарманічных працоўных адносін. Як рэкамендуе Камітэт па свабодзе аб’яднанняў Адміністрацыйнага савета МАП, такой сітуацыі ў прынцыпе трэба пазбягаць. Канстытуцыйны Суд адзначае, што тым самым існуе неабходнасць удасканальвання механізма выплаты членскіх прафсаюзных узносаў.
 
У перспектыве, у тым ліку і з улікам набытага вопыту прымянення пастановы Савета Міністраў ад 14 снежня 2001 г. № 1804 і выяўленых на практыцы пазітыўных і негатыўных момантаў яе прымянення, могуць быць знойдзены больш прымальныя рашэнні для развіцця гарманічных працоўных адносін. У якасці магчымых шляхоў пераадолення спрэчных пытанняў можа быць іх вырашэнне ў новым Генеральным пагадненні, удасканальванне Працоўнага кодэкса, Закона “Аб прафесійных саюзах”, іншых законаў.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што прадугледжаная пастановай Савета Міністраў ад 14 снежня 2001 г. № 1804 асабістая выплата членскіх узносаў не выключае права работнікаў членаў прафсаюзаў, якім заработная плата пералічваецца на іх рахункі ў банкаўскіх установах, рабіць даручэнні банкам аб пералічэнні прафсаюзных узносаў у безнаяўным парадку на рахункі прафсаюзных арганізацый, як гэта прадугледжана артыкуламі 198 – 210 Банкаўскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40 і часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, артыкуламі 431 і 73 Рэгламента Канстытуцыйнага Суда, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Адзначыць, што прадугледжанае на дадзеным этапе ў пункце 2 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 снежня 2001 г. № 1804 “Аб мерах па абароне правоў членаў прафесійных саюзаў” нарматыўнае прадпісанне аб выплаце прафсаюзных членскіх узносаў асабіста работнікамі без утрымання ўзносаў з іх заработнай платы прынята Урадам Рэспублікі Беларусь у межах яго кампетэнцыі і не супярэчыць замацаваным у Канстытуцыі і законах Рэспублікі Беларусь асноўным прынцыпам арганізацыі і дзейнасці прафсаюзаў.
 
2. У выніку таго што ўстаноўлены пунктам 2 указанай пастановы парадак асабістай выплаты прафсаюзных узносаў, мінуючы бухгалтэрыі арганізацый, не з’яўляецца аптымальным і мае патрэбу ва ўдасканальванні, прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у мэтах развіцця сацыяльнага партнёрства, гарманічных працоўных адносін разгледзець пытанне аб удасканальванні заканадаўства, якое датычыцца механізма ўтрымання і пералічэння прафсаюзных узносаў, у тым ліку і пры заключэнні новага Генеральнага пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў.
 
3. Адзначыць, што пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 снежня 2001 г. № 1804 “Аб мерах па абароне правоў членаў прафесійных саюзаў” не выключае права работнікаў членаў прафсаюзаў, якім заработная плата пералічваецца на рахункі ў банкаўскіх установах, рабіць даручэнні банкам аб пералічэнні прафсаюзных узносаў у безнаяўным парадку на рахункі прафсаюзных арганізацый, як гэта прадугледжана артыкуламі 198 – 210 Банкаўскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
 
4. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
5. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                          Р.А. Васілевіч