Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
10 красавіка 2002 г. № P-140/2002
Аб устанаўленні фіксаваных сум падаходнага падатку пры здачы ўнаём жылых памяшканняў у г. Мінску
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40, часткі першай артыкула 116, часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот грамадзяніна — жыхара горада Мінска аб прымяненні фіксаванай стаўкі падаходнага падатку пры падаткаабкладанні даходаў ад здачы ўнаём пакоя ў жылым памяшканні (кватэры), устанавіў наступнае.
 
Падаткаабкладанне даходаў, якія атрымліваюць фізічныя асобы па дагаворах найму (паднайму) жылога памяшкання, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з артыкулам 16 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб падаходным падатку з фізічных асоб” (далей — Закон), як і іншых даходаў фізічных асоб, не пералічаных у іншых артыкулах Закона. Згодна з пунктам 2 артыкула 6 Закона па асобных відах дзейнасці, якія вызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і (або) Урадам Рэспублікі Беларусь, Урад Рэспублікі Беларусь устанаўлівае парадак і тэрміны выплаты фіксаваных сум падаходнага падатку. Абласныя і Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў па кожнаму віду дзейнасці ў залежнасці ад тавараабароту, асартыменту прадукцыі (тавараў, работ, паслуг), колькасці прыцягнутых работнікаў і іншых асаблівасцей дзейнасці ўстанаўліваюць памер фіксаваных сум падаходнага падатку.
 
Пералік відаў прадпрымальніцкай дзейнасці, што ажыццяўляецца грамадзянамі без утварэння юрыдычнай асобы, па якіх абласныя і Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў могуць устанаўліваць стаўкі падаходнага падатку з грамадзян у цвёрдых сумах, зацверджаны пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 красавіка 1995 г. № 228 “Аб зацвярджэнні пераліку відаў прадпрымальніцкай дзейнасці, што ажыццяўляецца грамадзянамі без утварэння юрыдычнай асобы, па якіх абласныя і Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў могуць устанаўліваць стаўкі падаходнага падатку з грамадзян у цвёрдых сумах, і парадку спагнання падаходнага падатку з грамадзян у цвёрдых сумах” (дзейнічае са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі пастановамі Урада ад 20 чэрвеня 1995 г. № 312, ад 28 лютага 1996 г. № 149, ад 20 лютага 1997 г. № 107, ад 5 верасня 1997 г. № 1182, ад 9 чэрвеня 1999 г. № 864). Дадзены Пералік уключае здачу грамадзянам у арэнду (унаём) жылых і нежылых памяшканняў.
 
Рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 22 чэрвеня 1995 г. № 400 “Аб зацвярджэнні відаў прадпрымальніцкай дзейнасці, што ажыццяўляецца грамадзянамі без утварэння юрыдычнай асобы, і ставак падаходнага падатку ў цвёрдых сумах” зацверджаны Пералік відаў прадпрымальніцкай дзейнасці, што ажыццяўляецца грамадзянамі без утварэння юрыдычнай асобы, па якіх устаноўлены стаўкі падаходнага падатку ў цвёрдых сумах. У пазіцыі 14 дадзенага Пераліку (дадатак 1 да рашэння) указана здача ўнаём жылых памяшканняў і стаўкі падатку: аднапакаёвая кватэра — 12 месячных мінімальных заработных плат, двухпакаёвая — 24, трохпакаёвая — 36. Згодна з пунктам 1.3 рашэння ўказаныя стаўкі прымяняюцца пры здачы ўнаём не толькі кватэр, але і дамоў і іншых адасобленых памяшканняў; пры здачы ўнаём часткі памяшкання (долі) стаўкі паніжаюцца на 50 працэнтаў. Рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 28 сакавіка 1996 г. № 207 (далей — рашэнне № 207) дадзены Пералік зацвержданы ў новай рэдакцыі. Стаўкі падатку пры здачы ў арэнду (унаём) жылых памяшканняў не змяніліся (пазіцыя 25 Пераліку). У пункце 5 рашэння № 207 таксама прадугледжана прымяненне ўказаных ставак пры здачы грамадзянам у арэнду (унаём) не только кватэр, але і адасобленых жылых памяшканняў і паніжэнне ставак на 50 працэнтаў пры арэндзе часткі (долі) жылога памяшкання.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што дадзеныя рашэнні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта былі прыняты ім з перавышэннем сваіх паўнамоцтваў. Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 1994 г. “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях падаткаабкладання”, які змяшчаў даручэнне Ураду вызначыць віды прадпрымальніцкай дзейнасці, што ажыццяўляецца грамадзянамі без утварэння юрыдычнай асобы, па якіх абласныя і Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў могуць устанаўліваць падаходны падатак з грамадзян у цвёрдых сумах і парадак яго спагнання, і прынятай у мэтах выканання дадзенага Закона пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 красавіка 1995 г. № 228 такімі паўнамоцтвамі валодалі толькі абласныя і Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў.
 
Мінскім гарадскім Саветам дэпутатаў Пералік відаў прадпрымальніцкай дзейнасці, што ажыццяўляецца грамадзянамі без утварэння юрыдычнай асобы, і гадавыя стаўкі падаходнага падатку ў цвёрдых сумах былі ўстаноўлены рашэннем ад 19 лістапада 1997 г. № 111 “Аб зацвярджэнні пераліку відаў прадпрымальніцкай дзейнасці, што ажыццяўляецца грамадзянамі без утварэння юрыдычнай асобы”. Стаўкі падатку, як і ў рашэннях Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, устаноўлены для вылічэння падатку толькі пры здачы ў арэнду (унаём) кватэр: аднапакаёвай, двухпакаёвай, трохпакаёвай і больш (пазіцыя 25 указанага Пераліку). Пры гэтым у адрозненне ад рашэнняў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта рашэнне Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў не змяшчае палажэнняў аб прымяненні дадзеных ставак у выпадку здачы ўнаём іншых, акрамя кватэр, відаў жылых памяшканняў ці часткі жылых памяшканняў, у тым ліку пакояў у кватэрах або часткі жылой плошчы.
 
Аналіз правапрымяняльнай практыкі паказвае, што, паколькі рашэнне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта № 207 не было ва ўстаноўленым парадку адменена ці прызнана страціўшым сілу, яно прымяняецца дзяржаўнымі падатковымі органамі, у прыватнасці, пры падаткаабкладанні даходаў ад здачы ўнаём адасобленых жылых памяшканняў (дамоў), пакояў у кватэрах і інш. (пункт 5 рашэння).
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што такая практыка не адпавядае замацаванаму ў артыкуле 58 Канстытуцыі прынцыпу забароны прымушэння да выканання абавазкаў, не прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе законамі.
 
У адпаведнасці з артыкулам 7 Канстытуцыі дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства. Нарматворчая дзейнасць дзяржаўных органаў не можа супярэчыць устаноўленым у артыкулах 7, 9 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” прынцыпам і агульным патрабаванням, у тым ліку патрабаванню аб прыняцці (выданні) нарматыўнага прававога акта ўпаўнаважаным на тое дзяржаўным органам у межах яго кампетэнцыі.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2001 г. № 12 “Аб увядзенні адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, якія ажыццяўляюць рэалізацыю тавараў, работ (паслуг), і аб некаторых пытаннях, звязаных з указанай дзейнасцю” з дапаўненнем, унесеным Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 лістапада 2001 г. № 26, зацверджаны Пералік відаў дзейнасці, пры ажыццяўленні якіх індывідуальныя прадпрымальнікі і іншыя фізічныя асобы плацяць адзіны падатак, а таксама базавых ставак адзінага падатку. У дадзены Пералік уключаны шэраг відаў дзейнасці, па якіх раней былі ўстаноўлены фіксаваныя (цвёрдыя) стаўкі падаходнага падатку. У сувязі з гэтым мясцовым Саветам дэпутатаў, каб пазбегнуць калізіі нарматыўных прававых актаў, трэба адрозніваць свае правамоцтвы па ўстанаўленню ставак адзінага падатку на падставе названага Дэкрэта і па ўстанаўленню памераў фіксаваных сум падаходнага падатку на падставе Закона “Аб падаходным падатку з фізічных асоб”.
 
На думку Канстытуцыйнага Суда, патрабуе дадатковых прававых абгрунтаванняў уключэнне ў зацверджаны Урадам Пералік відаў прадпрымальніцкай дзейнасці, што ажыццяўляецца грамадзянамі без утварэння юрыдычнай асобы, па якіх абласныя і Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў могуць устанаўліваць стаўкі падаходнага падатку з грамадзян у цвёрдых сумах, тых відаў дзейнасці, для ажыццяўлення якіх не патрабуецца дзяржаўнай рэгістрацыі і даходы ад ажыццяўлення якіх згодна з падатковым заканадаўствам не адносяцца да даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь згодна з пунктам 2 артыкула 6 Закона “Аб падаходным падатку з фізічных асоб” належыць права вызначаць асобныя віды не только прадпрымальніцкай, але і іншай дзейнасці, па якіх абласныя і Мінскі гарадскі Саветы могуць устанаўліваць памеры фіксаваных сум падаходнага падатку.
 
Кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫPАШЫЎ:
 
1. Адзначыць, што згодна з артыкулам 7 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства. Нарматворчая дзейнасць дзяржаўных органаў не можа супярэчыць устаноўленым у артыкулах 7, 9 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” прынцыпам і агульным патрабаванням, у тым ліку патрабаванню аб прыняцці (выданні) нарматыўнага прававога акта ўпаўнаважаным на тое дзяржаўным органам у межах яго кампетэнцыі.
 
2. Мінскаму гарадскому Савету дэпутатаў і Мінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту не пазней 1 ліпеня 2002 г. прывесці свае рашэнні, якія рэгулююць пытанні ўстанаўлення памераў фіксаваных сум падаходнага падатку, ў тым ліку ў выпадках здачы ўнаём (паднаём) жылых дамоў, пакояў ці плошчы ў жылых памяшканнях, у адпаведнасць з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб падаходным падатку з фізічных асоб” і гэтым рашэннем.
 
3. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь унесці з улікам гэтага рашэння адпаведныя змяненні ў пастанову Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 красавіка 1995 г. № 228 “Аб зацвярджэнні Пераліку відаў прадпрымальніцкай дзейнасці, што ажыццяўляецца грамадзянамі без утварэння юрыдычнай асобы, па якіх абласныя і Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў могуць устанаўліваць стаўкі падаходнага падатку з грамадзян у цвёрдых сумах, і парадку спагнання падаходнага падатку з грамадзян у цвёрдых сумах”.
 
4. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
5. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                         Р.А. Васілевіч