Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
23 мая 2002 г. № Р-141/2002
Аб прававым рэгуляванні парадку адкрыцця аптэк, аптэчных пунктаў, аптэчных кіёскаў і аптэчных складоў суб'ектамі гаспадарання
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі звароты грамадзян аб канстытуцыйнасці Парадку адкрыцця аптэк, аптэчных пунктаў, аптэчных кіёскаў і аптэчных складоў суб’ектамі гаспадарання незалежна ад форм уласнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (далей – Парадак адкрыцця аптэк), зацверджанага загадам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 1998 г. № 366 (са змяненнямі і дапаўненнем, унесенымі пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 2001 г. № 41), у частцы, якая вызначае колькасныя абмежаванні на адкрыццё аптэчных устаноў, устанавіў наступнае.
 
Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя” (у рэдакцыі ад 11 студзеня 2002 г.) прадугледжвае, што дзяржаўная палітыка ў галіне аховы здароўя насельніцтва накіравана на забеспячэнне даступнасці медыцынскай дапамогі і лекавага забеспячэння насельніцтва (артыкул 3). Згодна з указаным Законам сістэму аховы здароўя Рэспублікі Беларусь складаюць дзяржаўная ахова здароўя і прыватная ахова здароўя (артыкул 9), фізічныя і юрыдычныя асобы маюць права ажыццяўляць фармацэўтычную дзейнасць – прафесійную дзейнасць у сферы абарачэння лекавых сродкаў, ствараць арганізацыі аховы здароўя ў парадку, вызначаным заканадаўствам, і ў адпаведнасці з наменклатурай арганізацый аховы здароўя, зацверджанай Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (артыкулы 1, 11).
 
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7 снежня 1998 г. № 1870 “Аб некаторых пытаннях абарачэння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага назначэння і медыцынскай тэхнікі” ўстаноўлена, што Міністэрства аховы здароўя распрацоўвае і зацвярджае парадак адкрыцця аптэк, аптэчных пунктаў, аптэчных кіёскаў і аптэчных складоў суб’ектамі гаспадарання незалежна ад форм уласнасці.
 
Парадак адкрыцця аптэк (са змяненнямі і дапаўненнем, унесенымі пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 4 чэрвеня 2001 г. № 41) вызначае не толькі тэхнічныя патрабаванні да адкрыцця аптэк, аптэчных пунктаў, аптэчных кіёскаў і аптэчных складоў, але і патрабаванні, якія датычацца месцараспалажэння ўказаных устаноў.
 
Тэхнічныя патрабаванні прадугледжваюць, у прыватнасці, што аптэка павінна размяшчацца ў асобна стаячых будынках ці ў будынках, якія блакіруюцца або кааперуюцца з установамі, прадпрыемствамі і жылымі дамамі, ці на першым паверсе многапавярховых, грамадскіх і жылых дамоў; знаходзіцца ў памяшканні, ізаляваным ад памяшканняў іншага назначэння, і мець асобны ўваход; аптэка гатовых лекавых форм павінна мець гандлёвы зал, памяшканні для захоўвання лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага назначэння, адміністрацыйна-бытавыя памяшканні; агульная плошча аптэкі павінна быць не менш за 60 кв.м. і інш.
 
Умовы, якія адносяцца да вызначэння месцараспалажэння, прадугледжваюць, што аптэка вытворчая і гатовых лекавых форм можа быць адкрыта ў гарадах і пасёлках, сельскай мясцовасці з радыусам абслугоўвання не менш за 1000 м. У жылых мікрараёнах з забудовай жылымі будынкамі павышанай паверхавасці адлегласць паміж аптэкамі можа быць скарочана да 500 м пры прадастаўленні пісьмовага абгрунтавання мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў аб неабходнасці адкрыцця аптэкі. Аптэчны кіёск арганізуецца на адлегласці не менш за 500 м ад бліжэйшай аптэкі або аптэчнага кіёска.
 
У адпаведнасці з загадам Міністэрства аховы здароўя ад 21 снежня 1998 г. № 366 захаванне названых патрабаванняў з’яўляецца неабходнай умовай атрымання суб’ектамі гаспадарання ліцэнзіі на аптовую і рознічную рэалізацыю лекавых сродкаў.
 
Такім чынам, Парадак адкрыцця аптэк устанаўлівае не толькі тэхнічныя патрабаванні, але і вызначае мэтазгоднасць адкрыцця названых аптэчных устаноў як дзяржаўнай, так і прыватнай форм уласнасці.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў Законе Рэспублікі Беларусь “Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь” прадугледжана права прадпрымальнікаў займацца любой гаспадарчай дзейнасцю, не забароненай заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (артыкул 6). Адмова ў дзяржаўнай рэгістрацыі прадпрымальніка па матывах немэтазгоднасці яго дзейнасці не дапускаецца (частка сёмая артыкула 5).
 
Пунктам 1 Часовага палажэння аб парадку выдачы суб’ектам гаспадарання спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) на ажыццяўленне асобных відаў дзейнасці, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 кастрычніка 1991 г. № 386 (у рэдакцыі пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 верасня 1992 г. № 573), прадугледжана, што ліцэнзаванню падлягаюць віды дзейнасці, ажыццяўленне якіх можа нанесці шкоду інтарэсам Рэспублікі Беларусь, прыроднаму асяроддзю або пагражаць здароўю людзей. Якіх-небудзь абставін, што звязваюць неабходнасць аховы інтарэсаў Рэспублікі Беларусь, прыроднага асяроддзя і здароўя людзей з колькасцю аптэчных устаноў, не маецца.
 
Зыходзячы з выкладзенага, Канстытуцыйны Суд лічыць, што Міністэрства аховы здароўя мае права вызначаць аптымальную колькасць аптэчных устаноў, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці. Абмежаванне ж права на адкрыццё аптэчных устаноў, якія знаходзяцца ў прыватнай уласнасці, з улікам іх тэрытарыяльнага распалажэння не адпавядае Законам Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя” і “Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь”.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Адзначыць, што Парадак адкрыцця аптэк, аптэчных пунктаў, аптэчных кіёскаў і аптэчных складоў суб’ектамі гаспадарання незалежна ад форм уласнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, зацверджаны загадам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 1998 г. № 366 (са змяненнямі і дапаўненнем, унесенымі пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 2001 г. № 41), у частцы, якая вызначае колькасныя абмежаванні на адкрыццё аптэчных устаноў, не адпавядае Законам Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя” і “Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь”.
 
2. Прапанаваць Міністэрству аховы здароўя Рэспублікі Беларусь прывесці ўказаны Парадак адкрыцця аптэк у адпаведнасць з законамі Рэспублікі Беларусь і гэтым рашэннем.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                        Р.А. Васілевіч