Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
23 мая 2002 г. № Р-142/2002
Аб рашэннях Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ў сувязі з прыпыненнем прыёму дакументаў на індэксацыю чэкаў “Жыллё”
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40, часткі першай артыкула 116 і часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь звароты грамадзян па пытанню законнасці рашэнняў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта аб прыпыненні прыёму дакументаў на індэксацыю чэкаў “Жыллё”, падораных, атрыманых у спадчыну і набытых ва ўстаноўленым парадку ў грамадзян Рэспублікі Беларусь, устанавіў наступнае.
 
У адпаведнасці з часткай першай артыкула 21 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь” жыллёвыя квоты (сумы квот) грамадзян і членаў іх сем’яў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў на 1 студзеня 1992 года і ажыццяўляюць індывідуальнае або калектыўнае жыллёвае будаўніцтва, у тым ліку шляхам долевага ўдзелу ў ім, рэканструкцыю аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў, ці ўступілі ў арганізацыю грамадзян-забудоўшчыкаў, ці набываюць жылыя памяшканні шляхам куплі, а таксама пры пагашэнні запазычанасці па крэдытах банкаў і пазыках юрыдычных асоб, узятых і выкарыстаных на ўказаныя мэты, падлягаюць індэксацыі з улікам змянення кошту будаўніцтва жылля на дзень звароту гэтых грамадзян з заявай аб індэксацыі жыллёвай квоты ў параўнанні з яго коштам на 31 снежня 1991 года. Пры гэтым індэксацыі падлягаюць жыллёвыя квоты, падораныя, атрыманыя ў спадчыну і набытыя ва ўстаноўленым парадку ў грамадзян Рэспублікі Беларусь.
 
Указаная норма дадзенага Закона ўзноўлена ў частцы першай пункта 4 Палажэння аб індэксацыі жыллёвай квоты (сумы квот), зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 верасня 2001 г. № 1399.
 
Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт рашэннямі “Аб часовым парадку пералічэння сум праіндэксіраваных жыллёвых квот (імянных прыватызацыйных чэкаў “Жыллё”)” ад 28 снежня 2000 г. № 1566 (пункт 3), ад 30 сакавіка 2001 г. № 374 (пункт 3), ад 24 верасня 2001 г. № 1329 (пункт 3) і рашэннем “Аб праекце бюджэта горада Мінска на 2002 год” ад 22 снежня 2001 г. № 1748 (падпункт 9.3 пункта 9) прыпыніў у 2000, 2001, 2002 гадах прыём дакументаў на індэксацыю падораных, атрыманых у спадчыну і набытых ва ўстаноўленым парадку ў грамадзян Рэспублікі Беларусь чэкаў “Жыллё” без уліку часу патрэбнасці грамадзян у паляпшэнні жыллёвых умоў.
 
Згодна з артыкулам 7 Канстытуцыі дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства. Артыкулам 120 Канстытуцыі для мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў устаноўлены абавязак выконваць рашэнні вышэйстаячых дзяржаўных органаў. Закон Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” вызначае, што мясцовае кіраванне і самакіраванне ажыццяўляецца на аснове прынцыпу законнасці (артыкул 5), а рашэнні Саветаў і выканаўчых камітэтаў павінны адпавядаць заканадаўству (артыкул 49).
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, прыняўшы рашэнні ад 28 снежня 2000 г. № 1566, ад 30 сакавіка 2001 г. № 374, ад 24 верасня 2001 г. № 1329, ад 22 снежня 2001 г. № 1748, фактычна прыпыніў дзеянне часткі першай артыкула 21 Закона “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь” і часткі першай пункта 4 Палажэння аб індэксацыі жыллёвай квоты (сумы квот), зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 верасня 2001 г. № 1399, у адносінах да індэксацыі жыллёвых квот, падораных, атрыманых у спадчыну і набытых ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадку, перавысіўшы тым самым свае паўнамоцтвы.
 
Прызнаючы неабходнасць належнага фінансавага забеспячэння любога прымаемага нарматыўнага акта, Канстытуцыйны Суд разам з тым звяртае ўвагу на тое, што Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт павінен быў вырашыць пытанне аб індэксацыі ўказаных жыллёвых квот не шляхам фактычнага прыпынення дзеяння актаў заканадаўства, а шляхам унясення адпаведных прапаноў у кампетэнтныя органы дзяржаўнай улады, у тым ліку і прапаноў, звязаных з унясеннем змяненняў у Закон “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь”.
 
Акрамя таго, насуперак патрабаванням падпункта 2.1 пункта 2 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 1998 г. № 2034 “Аб прававой экспертызе прававых актаў Нацыянальнага банка, міністэрстваў і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, абласных, Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў, аблвыканкомаў і Мінскага гарвыканкома” (са змяненнямі), названыя рашэнні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта не прайшлі юрыдычную экспертызу ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь і не былі афіцыйна апублікаваны, як таго патрабуе норма артыкула 65 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 і часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Адзначыць, што пункт 3 рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 28 снежня 2000 г. № 1566, пункт 3 рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 30 сакавіка 2001 г. № 374, пункт 3 рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 24 верасня 2001 г. № 1329, падпункт 9.3 пункта 9 рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 22 снежня 2001 г. № 1748 не адпавядаюць Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь.
 
2. Прапанаваць:
Мінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту прывесці ўказаныя рашэнні ў адпаведнасць з Канстытуцыяй, законамі Рэспублікі Беларусь і гэтым рашэннем;
Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь вырашыць пытанне аб фінансавым забеспячэнні рэалізацыі норм Закона Рэспублікі Беларусь “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь”, у тым ліку і шляхам магчымага ўнясення прапаноў Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь аб унясенні змяненняў ва ўказаны Закон.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                          Р.А. Васілевіч