Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
19 ліпеня 2002 г. № Р-145/2002
Аб прававым рэгуляванні заключэння фізічнымі асобамі дагавораў пазыкі ў замежнай валюце
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў — Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40, часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкула 18 Закона Рэспублікі Беларусь”Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь” звароты грамадзян і зварот дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Навасяда У.У. па пытанню правамернасці спагнання судамі ў даход дзяржавы замежнай валюты як прадмета дагавораў пазыкі, што заключаюцца грамадзянамі паміж сабой.
 
Прааналізаваўшы палажэнні Грамадзянскага і Банкаўскага кодэксаў, Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 лютага 1997 г. № 1 “Аб мерах па забеспячэнню парадку пры ажыццяўленні валютных аперацый” (далей — Дэкрэт № 1) , іншых нарматыўных прававых актаў, уключаючы акты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць парадак правядзення валютных аперацый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
У адпаведнасці з пунктам 3 артыкула 760 Грамадзянскага кодэкса замежная валюта можа быць прадметам дагавора пазыкі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з выкананнем правіл артыкулаў 141, 142 і 298 дадзенага Кодэкса.
 
Артыкулам 141 Грамадзянскага кодэкса прадугледжваецца, што законным плацежным сродкам на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца беларускі рубель. Выпадкі, парадак і ўмовы выкарыстання замежнай валюты на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вызначаюцца заканадаўствам.
 
Згодна з артыкулам 298 Грамадзянскага кодэкса грашовыя абавязацельствы павінны быць выражаны ў беларускіх рублях. У грашовым абавязацельстве можа быць прадугледжана, што яно падлягае аплаце ў беларускіх рублях у суме, эквівалентнай пэўнай суме ў замежнай валюце або ва ўмоўных грашовых адзінках. У гэтым выпадку сума, якая падлягае аплаце ў рублях, вызначаецца па афіцыяльнаму курсу адпаведнай валюты або ўмоўных грашовых адзінак на дзень плацяжу, калі іншы курс або іншая дата яго вызначэння не ўстаноўлены заканадаўствам або пагадненнем бакоў. Выкарыстанне замежнай валюты пры ажыццяўленні разлікаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь па абавязацельствах дапускаецца ў выпадку, парадку і на ўмовах, вызначаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Аналагічны падыход прадугледжаны і ў артыкуле 11 Банкаўскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што Грамадзянскі і Банкаўскі кодэксы прадугледжваюць магчымасць выкарыстання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь замежнай валюты ў парадку дазволу — у выпадках, парадку і на ўмовах, прама прадугледжаных заканадаўствам.
 
Прававое рэгуляванне выкарыстання грамадзянамі замежнай валюты на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца як заканадаўчымі актамі (напрыклад, Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 красавіка 1998 г. № 4 “Аб гарантыях захаванасці сродкаў фізічных асоб у замежнай валюце, якія знаходзяцца на рахунках і ва ўкладах у банках Рэспублікі Беларусь”, Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 20 сакавіка 1992 г. “Аб часовым парадку валютнага рэгулявання і правядзенні валютных аперацый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”), так і нарматыўнымі прававымі актамі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.
 
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лютага 2000 г. № 87 “Аб удасканальванні сістэмы валютнага рэгулявання і валютнага кантролю ў Рэспубліцы Беларусь” Нацыянальнаму банку прадастаўлена права вызначаць сферу і парадак абарачэння ў Рэспубліцы Беларусь замежнай валюты і плацежных дакументаў у замежнай валюце, у тым ліку правілы правядзення рэзідэнтамі і нерэзідэнтамі аперацый з замежнай валютай, плацежнымі дакументамі ў замежнай валюце (падпункт 2.2.1), устанаўліваць правілы выдачы спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) на ажыццяўленне валютных аперацый і выдаваць такія дазволы (ліцэнзіі) (падпункт 2.2.2).
 
Палажэнне аб парадку правядзення валютных аперацый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, зацверджанае Праўленнем Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь 25 чэрвеня 1996 г., прадугледжвае, што грамадзяне-рэзідэнты (фізічныя асобы, якія маюць пастаяннае месца жыхарства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і тыя, якія часова знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь) і нерэзідэнты (фізічныя асобы, якія маюць пастаяннае месца жыхарства за межамі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і тыя, якія часова знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь) могуць мець ва ўласнасці валютныя каштоўнасці, увезеныя, пераведзеныя або перасланыя ў Рэспубліку Беларусь з-за мяжы, атрыманыя або набытыя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, захоўваць іх на рахунках або ва ўкладах ва ўпаўнаважаных банках і выкарыстоўваць на мэты, не забароненыя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (падпункт 9.1). Пры гэтым забараняецца прадастаўленне грамадзянамі-рэзідэнтамі пазык у замежнай валюце юрыдычным асобам-рэзідэнтам (падпункт 9.11).
 
Дэкрэтам № 1 вызначаны парадак правядзення некаторых валютных аперацый (аперацый з удзелам фізічных асоб па куплі-продажу і абмену наяўнай замежнай валюты і плацежных (грашовых) дакументаў у замежнай валюце) і прадугледжаны санкцыі за парушэнне ўстаноўленага ў пункце 1 дадзенага Дэкрэта і іншых актах заканадаўства парадку правядзення валютных аперацый, у тым ліку за выкарыстанне замежнай валюты без адпаведнага дазволу (ліцэнзіі). Парушэнне парадку правядзення валютных аперацый цягне прымяненне адказнасці, прадугледжанай заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Гэтым жа Дэкрэтам устаноўлена адміністрацыйная адказнасць за ажыццяўленне валютных аперацый (скупка, продаж, абмен замежнай валюты, у тым ліку на беларускія рублі і іншую маёмасць) або іншае выкарыстанне замежнай валюты без адпаведнага дазволу (ліцэнзіі) (падпункт 2.1); прыставанне (неаднаразовая прапанова) да грамадзян з мэтай куплі-продажу, абмену замежнай валюты (у тым ліку на беларускія рублі і іншую маёмасць) (падпункт 2.2); парушэнне парадку правядзення валютных аперацый, не звязанае з учыненнем правапарушэнняў, прадугледжаных падпунктамі 2.1 і 2.2, у выпадках, якія вызначаюцца Нацыянальным банкам (падпункт 2.3). Пры прыцягненні да адказнасці на падставе падпунктаў 2.1 і 2.2 пункта 2 Дэкрэта № 1 замежная валюта і іншыя грашовыя сродкі, якія знаходзіліся ў вінаватых асоб на момант учынення правапарушэння, падлягаюць канфіскацыі і накіраванню ў даход рэспубліканскага бюджэту.
 
Такім чынам, у адпаведнасці з заканадаўствам канфіскацыя прымяняецца не за любое парушэнне парадку правядзення валютных аперацый, а за ажыццяўленне такой аперацыі без ліцэнзіі.
 
Ажыццяўленне грамадзянамі валютных аперацый без адпаведнага дазволу (ліцэнзіі) цягне таксама прымяненне судамі на падставе артыкула 170 Грамадзянскага кодэкса такой меры, як спагнанне ўсяго атрыманага бакамі па здзелцы ў даход Рэспублікі Беларусь.
 
Пры гэтым у адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 167 Грамадзянскага кодэкса патрабаванні аб устанаўленні факта нікчэмнасці здзелкі і аб прымяненні вынікаў яе несапраўднасці могуць быць прад’яўлены любой зацікаўленай асобай. Суд мае права прымяніць такія вынікі па ўласнай ініцыятыве. У сувязі з тым, што нікчэмная здзелка несапраўдна ў сілу ўказання на гэта закона, суд, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, мае права прымяніць прадугледжаныя законам вынікі такой здзелкі як у выпадку прад’яўлення зацікаўленай асобай патрабавання аб устанаўленні факта яе нікчэмнасці, так і ў выпадку ўстанаўлення падстаў нікчэмнасці пры разглядзе іншага патрабавання. Такое права суда вынікае таксама з артыкула 273 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса.
 
Згодна з падпунктам 2.6 пункта 2, пунктам 22 Правіл правядзення валютных аперацый, звязаных з рухам капіталу, зацверджаных пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 28 красавіка 2001 г. № 100, фізічным асобам-рэзідэнтам (фізічным асобам, якія маюць пастаяннае месца жыхарства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і тым, якія часова знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь) дазволена без афармлення ў Нацыянальным банку асобнага дазволу на правядзенне пэўнага віду валютнай аперацыі, звязанай з рухам капіталу, атрымліваць пазыкі на тэрмін больш чым 180 дзён ад нерэзідэнтаў (фізічных асоб, якія маюць пастаяннае месца жыхарства за межамі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і тых, якія часова знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь).
 
Канстытуцыйны Суд таксама звяртае ўвагу на неабходнасць такога прававога рэгулявання адносін у галіне заключэння грамадзянамі дагавораў пазыкі замежнай валюты, якое забеспечвала б яго адназначнае разуменне і прымяненне.
 
Кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 11, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Адзначыць, што заканадаўствам Рэспублікі Беларусь дазволена фізічным асобам-рэзідэнтам (фізічным асобам, якія маюць пастаяннае месца жыхарства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і тым, якія часова знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь) без афармлення ў Нацыянальным банку асобнага дазволу на правядзенне валютнай аперацыі атрымліваць пазыку ў замежнай валюце на тэрмін больш чым 180 дзён ад нерэзідэнтаў (г.зн. фізічных асоб, якія маюць пастаяннае месца жыхарства за межамі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і тых, якія часова знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь).
 
2. Прапанаваць Пракуратуры Рэспублікі Беларусь вывучыць практыку прымянення судамі заканадаўства аб валютным рэгуляванні, у тым ліку пры заключэнні грамадзянамі Рэспублікі Беларусь дагавораў пазыкі замежнай валюты, з мэтай магчымага ўдасканальвання заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі ў гэтай галіне для больш поўнай абароны маёмасных правоў і законных інтарэсаў грамадзян.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                        Р.А. Васілевіч