Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
27 верасня 2002 г. № З-146/2002
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь часткі другой артыкула 6 Закона “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь”, пункта 13 Правіл афармлення дакументаў на выезд за мяжу грамадзянам Рэспублікі Беларусь, падпункта 25.1 пункта 25 Інструкцыі аб парадку афармлення пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь для выезду за мяжу ў частцы ўстанаўлення пяцігадовага тэрміну дзеяння абавязковай адзнакі ў пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які часова выязджае за мяжу
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.
 
з удзелам прадстаўнікоў:
 
Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — Парфяновіча У.У., намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі; Марозава Ю.А., члена Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі; Арлова Л.К., загадчыка аддзела крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята;
 
Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — Філановіча А.Г., саветніка-кансультанта ўпраўлення дзяржаўнага, адміністрацыйнага і крымінальнага заканадаўства Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята;
 
Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь — Бегуна А.Ю., намесніка начальніка аддзела па рабоце з замежнымі грамадзянамі і выезду за мяжу — начальніка аддзялення па арганізацыі работы з замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства Упраўлення пашпартна-візавай службы,
 
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь часткі другой артыкула 6 Закона “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь”, пункта 13 Правіл афармлення дакументаў на выезд за мяжу грамадзянам Рэспублікі Беларусь, падпункта 25.1 пункта 25 Інструкцыі аб парадку афармлення пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь для выезду за мяжу ў частцы ўстанаўлення пяцігадовага тэрміну дзеяння абавязковай адзнакі ў пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які часова выязджае за мяжу”.
 
У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Міранічэнка I.А. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Ягораў А.П. — намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь; Iваноўскі А.У. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь; Петраш А.С. — першы намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
 
Вядзенне справы ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 4 ліпеня 2002 г. па прапанове Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5, 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкула 43 Рэгламента Канстытуцыйнага Суда.
 
Праверцы падлягалі частка другая артыкула 6 Закона “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь” (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1993 г., № 22, арт. 274), пункт 13 Правіл афармлення дакументаў на выезд за мяжу грамадзянам Рэспублікі Беларусь, зацверджаных пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 лістапада 1995 г. № 631 (Збор указаў Прэзідэнта і пастаноў Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь, 1995 г., № 32, арт. 794), падпункт 25.1 пункта 25 Інструкцыі аб парадку афармлення пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь для выезду за мяжу, зацверджанай загадам Міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 27 жніўня 1996 г. № 166 (Бюллютень нормативно-правовой информации, 1996 г., № 11), якімі прадугледжана, у прыватнасці, прастаўленне адзнакі ў пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які часова выязджае за мяжу, што дзейнічае тэрмінам да пяці гадоў. Пасля заканчэння ўказанага ў пашпарце тэрміну выезду за мяжу аформленыя дакументы згодна з указаным Законам страчваюць сілу, і заява аб прастаўленні адзнакі на наступны тэрмін падаецца зноў ва ўстаноўленым названым Законам парадку.
 
Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прапанавала праверыць на адпаведнасць Канстытуцыі ўказаныя палажэнні нарматыўных прававых актаў. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу таксама адзначыла, што пры звароце за дазволам на часовы выезд за межы Рэспублікі Беларусь з грамадзян бярэцца дзяржаўная пошліна ў памеры пяці базавых велічынь. Пасля заканчэння пяцігадовага тэрміну грамадзянін вымушаны звяртацца ў органы ўнутраных спраў за атрыманнем новай дазвольнай адзнакі і зноў уплачваць дзяржаўную пошліну.
 
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Шукліна В.З., прадстаўнікоў бакоў, спецыяліста і сведку, прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, Закона “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь” (у далейшым — Закон), іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, іншых міжнародна-прававых актаў, а таксама вывучыўшы практыку іх прымянення, іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
Згодна з артыкулам 30 Канстытуцыі грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад. Змест указанага артыкула Асноўнага Закона сведчыць аб неад`емнасці дадзенага канстытуцыйнага права і яго прыналежнасці кожнаму грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, аб неабходнасці ўстанаўлення якасна новых адносін паміж грамадзянінам і дзяржавай, зместам якіх з`яўляюцца ўзаемныя правы, абавязкі і адказнасць, заснаваныя на прызнанні і павазе годнасці, асноўных правоў і свабод чалавека. Гэта прадугледжвае стварэнне такой сістэмы мер, якая найбольш поўна забяспечвае грамадзянам рэалізацыю іх неад`емных правоў, у тым ліку права свабоднага выезду з Рэспублікі Беларусь і бесперашкоднага вяртання назад.
 
У адпаведнасці з часткай чацвёртай артыкула 3 Закона парадак і правілы афармлення дакументаў на выезд з Рэспублікі Беларусь устанаўліваюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Належна аформлены пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь з`яўляецца згодна з Законам сапраўдным для выезду з Рэспублікі Беларусь ва ўсе краіны свету.
 
Для часовага выезду грамадзяніна Рэспублікі Беларусь за мяжу часткай другой артыкула 6 Закона прадугледжана прастаўленне адзнакі ў пашпарце, якая дзейнічае тэрмінам да пяці гадоў. Пасля заканчэння ўказанага ў пашпарце тэрміну выезду за мяжу аформленыя дакументы страчваюць сілу, і заява падаецца зноў ва ўстаноўленым Законам парадку. Аналагічныя палажэнні змяшчаюцца ў Правілах афармлення дакументаў на выезд за мяжу грамадзянам Рэспублікі Беларусь і ў Iнструкцыі аб парадку афармлення пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь для выезду за мяжу.
 
Згодна з артыкулам 5 Закона часовы выезд за мяжу грамадзяніну Рэспублікі Беларусь можа быць абмежаваны: калі ён валодае звесткамі, якія складаюць дзяржаўную тайну, — да спынення дзеяння акалічнасцей, якія перашкаджаюць выезду; калі супраць яго ўзбуджана крымінальная справа — да заканчэння вядзення справы; калі ён асуджаны за ўчыненне злачынства — да адбыцця пакарання або вызвалення ад пакарання; калі ён ухіляецца ад выканання абавязацельстваў, накладзеных на яго судом, — да выканання абавязацельстваў; калі да яго прад’яўлены грамадзянскі іск у судзе — да заканчэння вядзення справы; калі ён паведаміў аб сабе заведама лжывыя звесткі пры афармленні дакументаў. Наяўнасць указаных акалічнасцей ў перыяд афармлення пашпарта грамадзяніну для часовага выезду за мяжу з’яўляецца падставай для адмовы ў прастаўленні адзнакі, а пры іх выяўленні ў перыяд дзеяння адзнакі — для яе анулявання.
 
Канстытуцыя дапускае ўстанаўленне абмежаванняў правоў і свабод асобы, аднак гэта магчыма толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (артыкул 23). Устанаўленне часовых абмежаванняў правоў і свабод грамадзян не выключаецца і нормамі міжнародных актаў.
 
Разам з тым Канстытуцыйны Суд адзначае, што разам з падставамі для часовых абмежаванняў права грамадзян на выезд з Рэспублікі Беларусь, устанаўленне якіх адпавядае патрабаванням артыкула 23 Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў, Законам прадугледжваюцца таксама падставы, якія з’яўляюцца практычна невыканальнымі (напрыклад, у выпадку прад’яўлення да асобы любога грамадзянскага іску ў судзе) або несуразмернымі з правамі і інтарэсамі, якія абараняюцца Канстытуцыяй. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, абмежаванні для часовага выезду за мяжу павінны быць разумнымі, справядлівымі, адпавядаць мэтам і прынцыпам дэмакратычнай прававой дзяржавы і забяспечвацца эфектыўна дзеючым механізмам кантролю.
 
У сілу прадпісанняў артыкула 59 Канстытуцыі дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння такога ўнутранага і міжнароднага парадку, пры якім найбольш поўна ажыццяўляюцца правы і свабоды асобы, перш за ўсё прадугледжаныя Канстытуцыяй, уключаючы і права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад.
 
Да цяперашняга часу дзяржавай значна пашыраны магчымасці для рэалізацыі грамадзянамі канстытуцыйнага права на свабодны выезд: завяршаецца выдача пашпартоў новага ўзору, якія адпавядаюць міжнародным стандартам і сапраўдны, як гэта прама ўказана ў пашпарце (стар. 29 пашпарта), для выезду за мяжу. У мэтах рэалізацыі артыкула 30 Канстытуцыі, як вынікае з Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 красавіка 2002 г. № 205 “Аб Канцэпцыі ўдасканальвання заканадаўства Рэспублікі Беларусь”, прадугледжана стварэнне ў перспектыве Рэгістра насельніцтва Рэспублікі Беларусь (падпункт 33.2 пункта 33 Канцэпцыі).
 
Нягледзячы на меры па дасягненню міжнародных стандартаў у галіне забеспячэння свабоды перамяшчэння, якія прымаюцца дзяржавай, дзеючымі актамі заканадаўства пакуль прадугледжваецца абавязковае прастаўленне адзнакі пры выкарыстанні пашпартоў новага ўзору для выезду за мяжу, што абгрунтоўваецца неабходнасцю ажыццяўлення кантролю за грамадзянамі, для якіх згодна з Законам устаноўлены часовыя абмежаванні.
 
Такім чынам, указанае патрабаванне аб абавязковасці прастаўлення адзнакі ў пашпарце распаўсюджваецца на ўсіх грамадзян, у тым ліку на тых, у адносінах да каго такія абмежаванні не ўстаноўлены, што цягне за сабой ускладанне на іх дадатковых абавязкаў па рэалізацыі імі канстытуцыйнага права на свабоду выезду за мяжу.
 
У адпаведнасці з артыкулам 12 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах права на свабоднае перамяшчэнне і свабоду выбару месца жыхарства не можа быць аб’ектам ніякіх абмежаванняў, акрамя тых, якія не толькі прадугледжаны законам і неабходны для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя або маралі насельніцтва або правоў і свабод іншых, але і сумяшчальны з іншымі правамі, якія прызнаюцца ў гэтым Пакце (пункт 3). Таму, не выключаючы неабходнасці ўстанаўлення ў поўнай адпаведнасці з Канстытуцыяй і міжнародна-прававымі актамі такога кантролю ў адносінах да асобных грамадзян, Канстытуцыйны Суд адзначае, што пры заканадаўчым рэгуляванні адносін ва ўказанай галіне не павінны змяншацца асноўныя правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, ушчамляцца законныя інтарэсы абсалютнай большасці грамадзян Рэспублікі Беларусь.
 
Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што Закон “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь” быў прыняты ў 1993 г., гэта значыць да прыняцця 15 сакавіка 1994 г. Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, калі грамадзяне яшчэ не мелі пашпартоў новага ўзору, існавалі іншыя прычыны (у прыватнасці, матэрыяльна-тэхнічнага і арганізацыйнага характару), якія абумовілі прыняцце Закона ва ўказанай рэдакцыі.
 
Як устаноўлена ў судовым пасяджэнні, прастаўленне абавязковай адзнакі ў пашпарце, што мае тэрміновы і па сутнасці дазвольны характар, не вядзе да дасягнення тых мэт, якія ставіліся Законам, паколькі рэальна могуць выязджаць за мяжу грамадзяне, у якіх такія адзнакі адсутнічаюць, а таксама грамадзяне, у пашпартах якіх ёсць адпаведныя адзнакі, але абмежаванні на выезд узніклі пасля іх прастаўлення, якія ў сілу недасканаласці існуючай сістэмы кантролю своечасова не ануляваны. Больш таго, у адрозненне ад пашпарта, самога па сабе ўжо сапраўднага для выезду за мяжу, адзнака не мае належных ступеней абароны.
 
Вызначаючы сваю пазіцыю па разглядаемых пытаннях, Канстытуцыйны Суд зыходзіў з таго, што палажэнні артыкула 30 Канстытуцыі, якія прадугледжваюць права грамадзян Рэспублікі Беларусь свабодна перамяшчацца, пакідаць Рэспубліку Беларусь і бесперашкодна вяртацца назад, сведчаць аб безумоўнай прыналежнасці дадзенага канстытуцыйнага права кожнаму грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, а ўстанаўленне абмежаванняў для часовага выезду асобных грамадзян за мяжу магчыма ў строгай адпаведнасці з патрабаваннямі артыкула 23 Канстытуцыі і павінна адказваць мэтам і прынцыпам дэмакратычнай прававой дзяржавы, быць суразмерным абараняемым Канстытуцыяй каштоўнасцям, вышэйшай з якіх з’яўляецца чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі (артыкул 2 Канстытуцыі).
 
У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць, што найбольш поўна забяспечыць рэалізацыю грамадзянамі Рэспублікі Беларусь права на свабодны выезд за мяжу і выключыць незаконны выезд за мяжу асоб, для якіх у адпаведнасці з Канстытуцыяй устаноўлены абмежаванні, павінна завяршэнне пачатай ужо работы па стварэнню эфектыўнай сістэмы кантролю, якая прымяняецца пры выездзе за мяжу.
 
Адносна збірання дзяржаўнай пошліны пры афармленні дазволу на выезд з Рэспублікі Беларусь Канстытуцыйны Суд адзначае, што рэгуляванне гэтых адносін знаходзіцца ў кампетэнцыі ўпаўнаважаных органаў — Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якія правамоцны справядліва вырашыць пытанні, якія датычацца як самога збірання дзяржаўнай пошліны, так і яе памераў, парадку збірання і ўмоў яе звароту.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкуламі 116, 137 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 9, 34, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЈЎ:
 
1. Зыходзіць з таго, што артыкул 30 Канстытуцыі, які прадугледжвае права грамадзян Рэспублікі Беларусь свабодна перамяшчацца, пакідаць Рэспубліку Беларусь і бесперашкодна вяртацца назад, сведчыць аб неад’емнасці дадзенага асноўнага права. Устанаўленне абмежаванняў для часовага выезду асобных грамадзян за мяжу магчыма ў строгай адпаведнасці з артыкулам 23 Канстытуцыі і павінна адпавядаць мэтам і прынцыпам дэмакратычнай прававой дзяржавы, быць суразмерным з каштоўнасцямі, якія абараняюцца Канстытуцыяй.
 
2. Прызнаць, што нормы часткі другой артыкула 6 Закона “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь”, пункта 13 Правіл афармлення дакументаў на выезд за мяжу грамадзянам Рэспублікі Беларусь, падпункта 25.1 пункта 25 Інструкцыі аб парадку афармлення пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь для выезду за мяжу, якія прадугледжваюць прастаўленне адзнакі ў пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь для часовага выезду за мяжу, не ў поўнай меры адпавядаюць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паколькі абавязак прастаўлення адзнакі ў пашпарце, устаноўлены для ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія жадаюць часова выехаць за мяжу, абсалютная большасць якіх не мае абмежаванняў на выезд, змяншае іх правы і несуразмерны з каштоўнасцямі, што абараняюцца Канстытуцыяй.
 
3. Адзначыць, што найбольш прымальным варыянтам, які дазваляе грамадзянам Рэспублікі Беларусь больш поўна рэалізаваць замацаванае ў артыкуле 30 Канстытуцыі права свабодна перамяшчацца, пакідаць Рэспубліку Беларусь і бесперашкодна вяртацца назад, з’яўляецца ўстанаўленне такога парадку, пры якім агульнаграмадзянскі пашпарт, што адпавядае міжнародным стандартам, выкарыстоўваўся б для выезду за мяжу без прастаўлення адзнакі. Што ж датычыцца выключэння выезду грамадзян за мяжу, у якіх ёсць часовыя абмежаванні, то гэтаму павінна садзейнічаць стварэнне сучаснай цэнтралізаванай сістэмы ўліку асоб, у адносінах да якіх у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дапускаецца абмежаванне іх права на часовы выезд за мяжу.
У сувязі з гэтым прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншым дзяржаўным органам, упаўнаважаным на вырашэнне ўказаных пытанняў, у магчыма кароткія тэрміны, але не пазней 31 снежня 2005 г. завяршыць стварэнне такой сістэмы ўліку, прымяненне якой дазволіць выкарыстоўваць агульнаграмадзянскі пашпарт у якасці дакумента для выезду з Рэспублікі Беларусь без прастаўлення адзнакі.
 
4. Да стварэння ў адпаведнасці з пунктам 3 гэтага Заключэння сістэмы ўліку:
 
прызнаць дапушчальным прастаўленне адзнакі ў пашпарце грамадзяніна для часовага выезду за мяжу, прадугледжанае нарматыўнымі актамі, якія з’явіліся прадметам праверкі;
 
Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь:
 
разгледзець пытанне аб удасканальванні норм Закона Рэспублікі Беларусь “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь”, якія датычацца тэрмінаў дзеяння адзнакі ў пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь для часовага выезду з Рэспублікі Беларусь. У якасці магчымага варыянта ўжо пры існуючай сістэме ўліку дзеянне ўказанай адзнакі ў пашпарце можа быць працягнута (напрыклад, суаднесена з тэрмінамі сапраўднасці агульнаграмадзянскага пашпарта, які выдаецца па дасягненні 16, 25 і 45 гадоў). Пры гэтым у мэтах стварэння грамадзянам спрыяльных умоў для больш поўнай рэалізацыі імі права на свабодны выезд з Рэспублікі Беларусь можа быць устаноўлены спрошчаны парадак паўторнага прастаўлення ў агульнаграмадзянскім пашпарце адзнакі аб часовым выездзе з Рэспублікі Беларусь;
 
перагледзець і ўдакладніць пералік абмежаванняў на часовы выезд з Рэспублікі Беларусь.
 
5. Апублікаваць гэта Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў газетах “Звязда”, “Народная газета”, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь і “Весніку Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.
 
6. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                        Р.А. Васілевіч