Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
9 кастрычніка 2002 г. № Р-148/2002
Аб канстытуцыйнасці пункта 23 рашэння Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 11 студзеня 2002 г. № 219 “Аб бюджэце горада Мінска на 2002 год” і іншых пытаннях, звязаных з падаткам на нерухомасць
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе часткі першай артыкула 116, часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь калектыўныя і асабістыя звароты грамадзян па пытаннях, звязаных з вылічэннем падатку на нерухомасць.
 
У зваротах выкладзены меркаванні аб няроўнасці грамадзян, якія маюць прыватныя домаўладанні, і грамадзян, якім на праве ўласнасці належаць кватэры ў многакватэрных дамах; аб няроўнасці грамадзян, якія маюць дамы ў горадзе Мінску і выплачваюць падатак па прагрэсіўнай шкале, зацверджанай пунктам 23 рашэння Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 11 студзеня 2002 г. № 219 “Аб бюджэце горада Мінска на 2002 год”, і грамадзян, якія пражываюць у іншых гарадах і рэгіёнах рэспублікі і выплачваюць падатак па стаўцы 0,1 працэнта ад кошту збудаванняў; аб завышанасці ацэнкі прыватных домаўладанняў.
 
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законаў “Аб падатку на нерухомасць”, “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год”, “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь” і іншых нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
1. Жылыя памяшканні ў многакватэрных дамах, якія належаць фізічным асобам на праве ўласнасці, вызваляюцца ад абкладання падаткам на нерухомасць на падставе артыкула 4 Закона “Аб падатку на нерухомасць” у якасці льготы па падатку. Пры гэтым устаноўлена, што пры наяўнасці ў плацельшчыка двух і больш жылых памяшканняў вызваленню ад абкладання падаткам падлягае толькі адно жылое памяшканне па выбару плацельшчыка.
 
Згодна з артыкуламі 97, 98 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь устанаўленне рэспубліканскіх падаткаў і збораў адносіцца да кампетэнцыі Парламента. З дадзенай канстытуцыйнай нормы вынікае, што Парламенту належыць права вырашаць у законе такія важнейшыя пытанні, без якіх падатковае абавязацельства і парадак яго выканання не могуць лічыцца вызначанымі (суб’ект, аб’ект, стаўка падатку і інш.), а таксама тыя з іх, якія не ўплываюць на ступень вызначанасці падатковага абавязацельства. Да апошніх, у прыватнасці, адносяцца падатковыя льготы.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, устанаўленне Парламентам Рэспублікі Беларусь у межах сваёй кампетэнцыі падатковай ільготы ў выглядзе вызвалення ад абкладання падаткам на нерухомасць аднаго з жылых памяшканняў у многакватэрных дамах, якія належаць фізічнай асобе на праве ўласнасці, не супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
 
2. У адпаведнасці з часткай другой пункта 1 артыкула 3 Закона “Аб падатку на нерухомасць” гадавая стаўка падатку з кошту жылых будынкаў, надворных пабудоў, гаражоў, якія належаць фізічным асобам, будынкаў і збудаванняў, якія належаць гаражна-будаўнічым кааператывам, садаводчым таварыствам, утвораным за кошт асабістых узносаў грамадзян, а таксама будынкаў і пабудоў, якія выкарыстоўваюцца прадпрымальнікамі без утварэння юрыдычнай асобы для ажыццяўлення сваёй дзейнасці, устанаўліваецца ў размеры 0,1 працэнта.
 
У той жа час пунктам 4 артыкула 44 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год” устаноўлена, што ў 2002 годзе мясцовыя Саветы дэпутатаў маюць права павялічваць (змяншаць) стаўкі, прадастаўляць асобным плацельшчыкам ільготы, устанаўліваць і змяняць тэрміны выплаты падатку на нерухомасць.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што, паколькі законамі аб бюджэце, якія прымаюцца штогадова, вызначаюцца крыніцы фарміравання даходнай часткі бюджэту і ў сувязі з гэтым — асаблівасці падаткаабкладання ў чарговым годзе, нормы закона аб бюджэце ў такім выпадку з’яўляюцца прыярытэтнымі.
 
Права Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў на ўстанаўленне ў 2002 годзе ставак дадзенага падатку, адрозных ад указанай у Законе “Аб падатку на нерухомасць”, рэалізавана ім у пункце 23 рашэння ад 11 студзеня 2002 г. № 219 “Аб бюджэце горада Мінска на 2002 год”.
 
Адносна меркавання заяўнікаў аб празмернасці сумы падатку на нерухомасць у горадзе Мінску Канстытуцыйны Суд адзначае, што прымяненне прагрэсіўнай шкалы ставак падатку, зацверджанай Мінскім гарадскім Саветам дэпутатаў, сапраўды, у значнай меры павялічвае суму падатку ў параўнанні з сумай падатку, вылічанай з прымяненнем устаноўленай Законам “Аб падатку на нерухомасць” стаўкі 0,1 працэнта. Так, калі падатак з аб’екта падаткаабкладання коштам 31 млн. руб. (каля 16,5 тыс. дол. ЗША) па стаўцы 0,1 працэнта складае 31 тыс. руб., то разлічаны па зацверджаных Мінскім гарадскім Саветам дэпутатаў стаўках — 145 тыс. руб., што ў 4,7 раза больш.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, для забеспячэння абароны канстытуцыйных правоў грамадзян і іх гарантыі, устаранення няроўнасці плацельшчыкаў падатку на нерухомасць розных гарадоў і рэгіёнаў рэспублікі і забеспячэння прынятых мясцовымі Саветамі дэпутатаў аптымальных рашэнняў у галіне ўстанаўлення ставак гэтага падатку ў законе аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на чарговы год неабходна было б вызначыць максімальныя межы, у рамках якіх мясцовыя Саветы дэпутатаў могуць павялічваць стаўкі падатку на нерухомасць.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае таксама, што падатковым заканадаўствам прадугледжаны шэраг ільгот для грамадзян, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне дзяржавы. Згодна з артыкулам 4 Закона “Аб падатку на нерухомасць” ад абкладання падаткам вызваляюцца будынкі і збудаванні, якія належаць пенсіянерам па ўзросту, інвалідам I і II груп і іншым непрацаздольным грамадзянам пры адсутнасці працаздольных асоб, што сумесна пражываюць або лічацца сумесна пражываючымі згодна з данымі пагаспадарчага ўліку або дамавых кніг, якія не маюць крыніц даходу, што абкладаюцца падаходным падаткам падатковымі органамі; будынкі і збудаванні, што належаць ваеннаслужачым тэрміновай службы, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і асобам, якія маюць права на льготнае падаткаабкладанне ў адпаведнасці з Законам “Аб ветэранах”; будынкі і збудаванні, што размешчаны ў сельскай мясцовасці і належаць на праве ўласнасці грамадзянам, якія пастаянна пражываюць у сельскай мясцовасці.
 
Акрамя таго, у адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 4 Закона “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь” мясцовыя Саветы дэпутатаў або па іх даручэнню мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы маюць права ў парадку, устаноўленым актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і законамі Рэспублікі Беларусь, прадастаўляць фізічным асобам Рэспублікі Беларусь ільготы па падатках і зборах, якія поўнасцю выплачваюцца ў мясцовыя бюджэты.
 
3. Згодна з пунктам 1 артыкула 5 Закона “Аб падатку на нерухомасць” фізічным асобам падатак вызначаецца зыходзячы з ацэнкі будынкаў, парадак якой устанаўліваецца Урадам. Дзеючы ў цяперашні час парадак устаноўлены пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 лютага 1998 г. № 309 “Аб парадку ацэнкі (пераацэнкі) будынкаў і збудаванняў, якія належаць фізічным асобам” з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі (далей — пастанова № 309).
 
Для мэт вылічэння падатку пастановай № 309 прадугледжаны тры падыходы да вызначэння кошту будынкаў і збудаванняў, прымяненне якіх залежыць перш за ўсё ад абавязковасці іх страхавання.
 
Так, у адносінах да будынкаў і збудаванняў, якія падлягаюць абавязковаму страхаванню (падпункт 1.1 пункта 1 пастановы № 309), за аснову бярэцца страхавая ацэнка, што праводзіцца Беларускім рэспубліканскім унітарным страхавым прадпрыемствам “Белдзяржстрах” або юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, якія заключылі дагавор з дадзеным прадпрыемствам.
 
Кошт будынкаў[1] і збудаванняў, якія не падлягаюць абавязковаму страхаванню (падпункт 1.2 пункта 1 пастановы № 309), вызначаецца прадпрыемствамі рэгістрацыі і тэхнічнай інвентарызацыі або па дагаворах з імі экспертамі і арганізацыямі, якія маюць права на правядзенне ацэначных і экспертных работ.
 
Пры немагчымасці ацэнкі спосабамі, указанымі ў падпунктах 1.1 і 1.2 пункта 1 пастановы № 309, яна праводзіцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. У якасці аб’екта падаткаабкладання прымаецца кошт аналагічных будынкаў і збудаванняў, ацэненых у парадку, устаноўленым дадзенымі падпунктамі.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што правядзенне ацэнкі рэгулююць звыш 50 нарматыўных прававых актаў і прававых актаў, якія не з’яўляюцца нарматыўнымі. Акрамя таго, прымяняюцца каэфіцыенты для пераацэнкі жыллёвага фонду і асноўных фондаў прадпрыемстваў і арганізацый, што ўстанаўліваюцца Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва, каэфіцыенты тыпу населенага пункта, а таксама каэфіцыенты якасці асяроддзя, што ўстанаўліваюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Каэфіцыенты якасці асяроддзя (вызначаюцца з улікам аддаленасці аб’екта, які ацэньваецца, ад цэнтра населенага пункта, транспартнай сувязі з іншымі яго ўчасткамі, забяспечанасці аб’ектамі сацыяльнай інфраструктуры, экалагічных і іншых фактараў, што ўплываюць на кошт аб’ектаў ацэнкі) па кан’юнктуры, якая склалася на рынку нерухомасці адпаведнага населенага пункта, удакладняюцца і перазацвярджаюцца не радзей як адзін раз у пяць гадоў.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць такое палажэнне, калі для вызначэння кошту будынка (збудавання) выкарыстоўваецца мноства прававых актаў, калі ацэнка праводзіцца рознымі структурамі, неапраўдана ўскладненым і не садзейнічаючым дасягненню абазначанай у артыкуле 21 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь мэты дзяржавы — забеспячэнню правоў і свабод грамадзян. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, патрабуе дадатковага вывучэння і абгрунтавання кампетэнтнымі органамі дзяржаўнага кіравання вызначэнне фізічным асобам падатку на нерухомасць зыходзячы з ацэнкі будынкаў і збудаванняў, за аснову якой прымаецца страхавая ацэнка.
 
У сваім рашэнні ад 11 чэрвеня 2001 г. “Аб выплаце падаходнага падатку з даходаў у выглядзе спадчыны” Канстытуцыйны Суд указваў, што паступаючыя скаргі грамадзян на неабгрунтаванае завышэнне кошту будынкаў і збудаванняў пры іх ацэнцы бюро тэхнічнай інвентарызацыі сведчаць аб неабходнасці перагляду існуючай методыкі ацэнкі будынкаў і збудаванняў у мэтах знаходжання аптымальнага балансу інтарэсаў дзяржавы і грамадзян, якія атрымалі спадчыну. Канстытуцыйны Суд прапанаваў упаўнаважаным органам прааналізаваць методыку ацэнкі будынкаў і збудаванняў, якія належаць фізічным асобам, з мэтай знаходжання магчымасці яе перагляду для больш поўнай абароны канстытуцыйных правоў і законных інтарэсаў грамадзян, якія атрымліваюць у спадчыну маёмасць. На адрас Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 14 верасня 2001 г. накіравана пісьмо “Аб абавязковым страхаванні збудаванняў, якія належаць грамадзянам”, у якім упамянута вышэйназванае рашэнне Канстытуцыйнага Суда і ўказана, што дадзеная прапанова ў поўнай меры адносіцца і да выпадку вызначэння страхавога кошту (страхавой ацэнкі) збудаванняў, якія падлягаюць абавязковаму страхаванню.
 
Як сведчаць разглядаемыя скаргі і звароты, унесеныя прапановы Канстытуцыйнага Суда не страцілі сваёй актуальнасці.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што Законам Рэспублікі Беларусь ад 22 ліпеня 2002 г. “Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй” (уступіць у сілу 8 лютага 2003 г.) прадугледжана стварэнне сістэмы дзяржаўных арганізацый у галіне дзяржаўнай рэгістрацыі, у якую згодна з артыкулам 11 уваходзяць спецыяльна ўпаўнаважаны орган дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь у галіне дзяржаўнай рэгістрацыі, падпарадкаваны Ураду; рэспубліканская арганізацыя па дзяржаўнай рэгістрацыі; тэрытарыяльныя арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі. Да кампетэнцыі тэрытарыяльных арганізацый па дзяржаўнай рэгістрацыі (рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў, у якіх у якасці работнікаў ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы рэгістратары, якія выконваюць функцыі ў адпаведнасці з дадзеным Законам) аднесены тэхнічная інвентарызацыя нерухомай маёмасці і праверка яе характарыстык у выпадках і парадку, устаноўленых спецыяльна ўпаўнаважаным органам дзяржаўнага кіравання.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, кампетэнтным органам дзяржаўнага кіравання мэтазгодна вывучыць пытанне аб аднясенні ацэнкі кошту збудаванняў да звязаных з дзяржаўнай рэгістрацыяй нерухомай маёмасці відаў дзейнасці і надзяленні адпаведнымі паўнамоцтвамі гэтых арганізацый.
 
Кіруючыся часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Адзначыць, што згодна з артыкуламі 97, 98 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь устанаўленне рэспубліканскіх падаткаў і збораў адносіцца да кампетэнцыі Парламента. Парламенту належыць права вырашаць у законе не толькі такія істотныя пытанні аб падаткаабкладанні, як суб’ект, аб’ект, стаўка падатку і іншыя, без якіх падатковае абавязацельства і парадак яго выканання не могуць лічыцца вызначанымі, але і іншыя пытанні, да якіх, у прыватнасці, адносіцца ўстаноўленая ў артыкуле 4 Закона “Аб падатку на нерухомасць” падатковая льгота ў выглядзе вызвалення ад абкаладання падаткам аднаго з жылых памяшканняў у многакватэрных дамах, якія належаць фізічным асобам на праве ўласнасці.
 
2. Прызнаць пункт 23 рашэння Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 11 студзеня 2002 г. № 219 “Аб бюджэце горада Мінска на 2002 год” не супярэчачым Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закону Рэспублікі Беларусь “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год”.
 
Прапанаваць Парламенту Рэспублікі Беларусь з мэтай забеспячэння больш поўнай абароны канстытуцыйных правоў грамадзян і іх гарантыі, устаранення няроўнасці плацельшчыкаў падатку на нерухомасць у розных гарадах і рэгіёнах рэспублікі і забеспячэння прыняцця мясцовымі Саветамі дэпутатаў аптымальных рашэнняў у галіне ўстанаўлення ставак гэтага падатку вызначыць у законе аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на чарговы год максімальныя межы, у рамках якіх мясцовыя Саветы дэпутатаў могуць павялічваць стаўкі падатку на нерухомасць.
 
3. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:
 
прааналізаваць методыку ацэнкі будынкаў (збудаванняў), якія належаць фізічным асобам на праве ўласнасці, з мэтай знаходжання магчымасці яе перагляду для больш поўнай абароны канстытуцыйных правоў і законных інтарэсаў грамадзян;
 
вывучыць пытанне аб аднясенні дзейнасці па ацэнцы будынкаў (збудаванняў), якія належаць фізічным асобам на праве ўласнасці, да звязаных з дзяржаўнай рэгістрацыяй нерухомай маёмасці відаў дзейнасці;
 
сістэматызаваць нарматыўныя прававыя акты, на падставе якіх праводзіцца ацэнка будынкаў (збудаванняў), якія належаць фізічным асобам на праве ўласнасці.
 
4. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
5. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                         Р.А. Васілевіч