Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
9 кастрычніка 2002 г. № Р-147/2002
Аб канстытуцыйнасці ўстанаўлення мясцовага збору з фізічных асоб пры перасячэнні імі мяжы Рэспублікі Беларусь праз кантрольна-прапускныя пункты
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40, часткі першай артыкула 116, часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот грамадзян аб неабгрунтаваным, па іх меркаванню, збіранні мясцовага збору пры перасячэнні імі пагранічных пераходаў, устанавіў наступнае.
 
Згодна з артыкулам 121 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь устанаўленне ў адпаведнасці з законам мясцовых падаткаў і збораў адносіцца да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.
 
У артыкуле 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год” (далей — Закон) устаноўлены пералік мясцовых падаткаў і збораў, якія ў 2002 годзе абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў, Саветы дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню ўводзяць на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. У ліку такіх падаткаў і збораў указаны зборы з фізічных асоб пры перасячэнні імі мяжы Рэспублікі Беларусь праз кантрольна-прапускныя пункты (падпункт 1.7 пункта 1 артыкула 10 Закона).
 
На падставе пункта 2 артыкула 10 Закона абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў, Саветы дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню самастойна вызначаюць базу і аб’екты падаткаабкладання, канкрэтныя размеры ставак, плацельшчыкаў, ільготы, парадак вылічэння і тэрміны выплаты мясцовых падаткаў і збораў, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым у адпаведнасці з пунктам 3 артыкула 10 Закона плацельшчыкамі мясцовых падаткаў і збораў могуць быць юрыдычныя і фізічныя асобы.
 
Згодна з пунктам 8 рашэння Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ад 21 снежня 2001 г. № 94 паўнамоцтвы па ўвядзенню збору з фізічных асоб пры перасячэнні імі мяжы Рэспублікі Беларусь праз кантрольна-прапускныя пункты Брэсцкім абласным Саветам дэпутатаў перададзены гарадскім і раённым Саветам дэпутатаў.
 
Рашэннем Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 28 снежня 2001 г. № 93 “Аб бюджэце г. Брэста на 2002 г.” уведзены мясцовы збор з фізічных асоб пры перасячэнні імі мяжы Рэспублікі Беларусь праз кантрольна-прапускны пункт “Варшаўскі мост” і зацверджана палажэнне аб гэтым зборы. Затым рашэннем Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 7 чэрвеня 2002 г. № 117 дадзены збор уведзены і пры перасячэнні фізічнымі асобамі мяжы праз пункт мытнага афармлення № 104 “Брэст-Цэнтральны”. Палажэнне аб мясцовым зборы з фізічных асоб пры перасячэнні імі мяжы Рэспублікі Беларусь праз кантрольна-прапускныя пункты рашэннем указанага Савета дэпутатаў ад 7 чэрвеня 2002 г. № 117 зацверджана ў новай рэдакцыі.
 
Камянецкім раённым Саветам дэпутатаў мясцовы збор з фізічных асоб пры перасячэнні імі мяжы Рэспублікі Беларусь праз кантрольна-прапускны пункт “Пяшчатка” ўведзены рашэннем ад 27 снежня 2001 г. № 97 “Аб бюджэце раёна на 2002 год”. Палажэнне аб дадзеным зборы зацверджана рашэннем Камянецкага раённага Савета дэпутатаў ад 29 студзеня 2002 г. № 106 (дзейнічае са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі рашэннем Камянецкага раённага Савета дэпутатаў ад 21 чэрвеня 2002 г. № 116).
 
Мясцовы збор з фізічных асоб пры перасячэнні імі мяжы Рэспублікі Беларусь праз кантрольна-прапускныя пункты “Дамачава — Славатычы” і “Тамашоўка” ўведзены рашэннем Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 174 “Аб бюджэце раёна на 2002 год” (пункт 5). Сумеснай пастановай Брэсцкага раённага выканаўчага камітэта і прэзідыума Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў ад 8 студзеня 2002 г. № 21/245 “Аб увядзенні збору з фізічных асоб пры перасячэнні мяжы Рэспублікі Беларусь на кантрольна-прапускных пунктах “Дамачава — Славатычы”, “Тамашоўка” прадубліравана рашэнне Савета дэпутатаў аб увядзенні збору і зацверджана палажэнне аб ім. Пастановай райвыканкома і прэзідыума райсавета ад 19 сакавіка 2002 г. № 176/266 Палажэнне аб мясцовым зборы з фізічных асоб пры перасячэнні імі мяжы Рэспублікі Беларусь праз кантрольна-прапускныя пункты “Дамачава — Славатычы”, “Тамашоўка” зацверджана ў новай рэдакцыі. Брэсцкім раённым Саветам дэпутатаў названыя пастановы зацверджаны рашэннямі ад 21 сакавіка 2002 г. № 194 і № 201.
 
У цяперашні час Палажэнне аб мясцовым зборы з фізічных асоб пры перасячэнні імі мяжы Рэспублікі Беларусь праз кантрольна-прапускныя пункты “Дамачава — Славатычы”, “Тамашоўка” дзейнічае з улікам змяненняў, якія ўнесены ў ранейшым парадку: першапачаткова сумеснай пастановай Брэсцкага раённага выканаўчага камітэта і прэзідыума раённага Савета дэпутатаў ад 29 красавіка 2002 г. № 295/272, а затым рашэннем Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў ад 27 чэрвеня 2002 г. № 210 аб зацвярджэнні пастановы аб унясенні змяненняў.
 
Такі парадак устанаўлення мясцовых падаткаў і збораў і ўнясення змяненняў ў палажэнні аб іх прымяняўся Брэсцкім раённым выканаўчым камітэтам і прэзідыумам раённага Савета дэпутатаў на падставе рашэння Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 174 “Аб бюджэце раёна на 2002 год”, у пункце 16 якога райвыканкому дадзены даручэнні: а) разгледзець заўвагі і прапановы, выказаныя на сесіі раённага Савета дэпутатаў пры абмеркаванні бюджэту на 2002 год, і зыходзячы з магчымасцей прыняць па іх адпаведныя рашэнні; б) улічваючы, што ў працэсе выканання бюджэту на 2002 год магчымы адхіленні як па даходах, так і па расходах мясцовых бюджэтаў ад іх першапачатковага аб’ёму, уносіць удакладненні па даходах і расходах раённага бюджэту, узаемных разліках раённага бюджэту з бюджэтамі сельскіх і пасялковага Саветаў па ўзгадненню з прэзідыумам Савета дэпутатаў і наступным зацвярджэннем на сесіі раённага Савета дэпутатаў.
 
Канстытуцыйны Суд раней, у рашэннях ад 18 жніўня 1999 г. “Аб рашэнні Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 4 сакавіка 1999 г. № 185 “Аб увядзенні мясцовых збораў” і ад 16 лістапада 2001 г. “Аб мясцовым зборы за карыстанне стаянкамі і паркоўку ў спецыяльна абсталяваных месцах”, выклаў сваю прававую пазіцыю аб неканстытуцыйнасці дэлегавання мясцовымі Саветамі дэпутатаў сваіх выключных паўнамоцтваў выканаўчым камітэтам.
 
У сілу артыкула 121 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які вызначае пытанні выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год”, артыкулаў 14, 16, 19, 25 Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” устанаўленне мясцовых падаткаў і збораў не можа быць дэлегавана і прэзідыуму Савета, які згодна з заканадаўствам выконвае арганізацыйныя і каардынуючыя функцыі.
 
Названыя ў гэтым рашэнні палажэнні аб мясцовым зборы з фізічных асоб пры перасячэнні імі мяжы Рэспублікі Беларусь праз кантрольна-прапускныя пункты змяшчаюць неабходныя для вызначэння збору ўказанні аб яго плацельшчыках, стаўках, парадку вылічэння і выплаты; прадугледжаны льготы па выплаце збору. У палажэннях устаноўлены таксама парадак выкарыстання сродкаў дадзенага мясцовага збору.
 
Адносна пытання заяўнікаў аб збіранні збору з фізічных асоб пры перасячэнні імі мяжы Рэспублікі Беларусь праз кантрольна-прапускныя пункты без аказання ім дадатковых паслуг Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў адпаведнасці з Законам “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь” пад падаткамі і зборамі, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь, разумеюцца абавязковыя адлічэнні грашовых сродкаў ад плацельшчыкаў у вызначаных законамі размерах. Заканадаўства не праводзіць дакладнага размежавання паміж дадзенымі паняццямі.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, пошліны і зборы адносяцца да грашовых павіннасцей, якія бяруцца ў індывідуальным парадку не за паслугу, а ў сувязі з паслугай, якая аказваецца дзяржаўным органам, што дзейнічае ў агульных інтарэсах, пры рэалізацыі сваіх дзяржаўна-ўладных паўнамоцтваў.
 
У дадзеным выпадку паслуга, у сувязі з якой збіраецца збор, абазначана ў Законе “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год” — гэта прадастаўленне фізічным асобам магчымасці перасячы мяжу Рэспублікі Беларусь праз кантрольна-прапускныя пункты пры рэалізацыі права на выезд за мяжу. Парадак выкарыстання сродкаў збору, устаноўлены палажэннямі аб дадзеным зборы, прадугледжвае іх накіраванне на паляпшэнне інфрастуктуры і добраўпарадкаванне кантрольна-прапускных пунктаў і сумежных пагранічных застаў, фінансаванне мерапрыемстваў па рэгуляванню праезду, забеспячэнню грамадскага парадку, арганізацыю ўборкі, асвятлення на пад’ездах да пагранпераходаў, на патрэбы па ўтрыманню інжынернага абсталявання і іншыя патрэбы, звязаныя з дзейнасцю дзяржаўных органаў па забеспячэнню імі магчымасці рэалізацыі грамадзянамі свайго права на выезд за межы тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
 
Кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Адзначыць, што рашэнні Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 28 снежня 2001 г. № 93 “Аб бюджэце г. Брэста на 2002 г.”, Камянецкага раённага Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 97 “Аб бюджэце раёна на 2002 год”, Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 174 “Аб бюджэце раёна на 2002 год” у частцы ўвядзення збору з фізічных асоб пры перасячэнні імі мяжы Рэспублікі Беларусь праз кантрольна-прапускныя пункты адпавядаюць артыкулу 121 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкулу 10 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год”.
 
2. Звярнуць увагу Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў на неканстытуцыйнасць дэлегавання сваіх выключных паўнамоцтваў выканаўчаму камітэту і прэзідыуму Савета дэпутатаў.
 
Прапанаваць Брэсцкаму раённаму Савету дэпутатаў змяніць практыку наступнага зацвярджэння палажэнняў аб мясцовых зборах і аб унясенні змяненняў у гэтыя палажэнні пасля іх прыняцця выканаўчым камітэтам і прэзідыумам мясцовага Савета дэпутатаў.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                          Р.А. Васілевіч