Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
12 лістапада 2002 г. № Р-151/2002
Аб вызначэнні паняцця “даход” для мэт кваліфікацыі незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці пры прыцягненні да крымінальнай адказнасці
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40, часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот, які датычыцца вызначэння паняцця даходу ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, дадзенага ў пункце 6 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2001 г. № 6 “Аб судовай практыцы па справах аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці”.
 
Прааналізаваўшы палажэнні Крымінальнага і Грамадзянскага кодэксаў, падатковага заканадаўства і іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
У адпаведнасці з часткай першай артыкула 11 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у далейшым — КК) злачынствам прызнаецца ўчыненае вінавата грамадска небяспечнае дзеянне (дзеянне або бяздзеянне), якое характарызуецца прыметамі, прадугледжанымі дадзеным Кодэксам, і забароненае ім пад пагрозай пакарання.
 
Згодна з часткай першай артыкула 233 КК незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць прызнаецца злачынствам, калі яна звязана з атрыманнем даходу ў буйным размеры. Часткай другой дадзенага артыкула прадугледжваецца павышаная адказнасць за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, звязаную з атрыманнем даходу ў асабліва буйным размеры.
 
У заўвазе да главы 25 КК, якая прадугледжвае адказнасць за злачынствы супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, да якіх адносіцца і незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, вызначана, што трэба разумець пад буйным і асабліва буйным размерамі даходу. Аднак само паняцце даходу, яго састаў і парадак вылічэння крымінальным законам не вызначаны.
 
Не прадугледжана вызначэнне паняцця “даход” і ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, артыкулам 154 якога ўстаноўлена адміністрацыйная адказнасць за парушэнне правіл ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што паняцце даходу змяшчаецца ў іншых актах заканадаўства. Аднак яно вызначана па-рознаму, у залежнасці ад мэт, для якіх гэта паняцце прымяняецца.
 
Так, згодна з Законам “Аб падаходным падатку з фізічных асоб” у мэтах дадзенага Закона пад даходам фізічнай асобы разумеюцца любыя атрымліваемыя (налічваемыя) грашовыя сродкі і матэрыяльныя каштоўнасці (артыкул 2). У той жа час пры падаткаабкладанні даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці даход ад такой дзейнасці ў адпаведнасці з часткай першай пункта 2 артыкула 14 дадзенага Закона вызначаецца як розніца паміж выручкай (у грашовай і натуральнай форме) ад рэалізацыі прадукцыі (тавараў, работ, паслуг), іншых каштоўнасцей, даходамі ад пазарэалізацыйных аперацый і дакументальна пацверджанымі расходамі, звязанымі з атрыманнем гэтых даходаў. Адначасова ў пункце 5 дадзенага артыкула ўстаноўлена, што калі прадпрымальнік не можа дакументальна пацвердзіць свае расходы, звязаныя з атрыманнем даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці, выключэнне расходаў з выручкі ажыццяўляецца ў размеры 10 працэнтаў выручкі.
 
Згодна з Законам “Аб падатках на даходы і прыбытак” прыбытак, які абкладаецца падаткам, вылічваецца зыходзячы з балансавага прыбытку, што ўяўляе сабой суму прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ, паслуг), іншых каштоўнасцей, маёмасных правоў і даходаў ад пазарэалізацыйных аперацый, зменшаных на суму расходаў па гэтых аперацыях (частка першая пункта 2 артыкула 2). Пры вызначэнні прыбытку ад рэалізацыі тавараў прымаюцца выдаткі, якія прыпадаюць на фактычна рэалізаваныя тавары (частка трэцяя пункта 2 артыкула 2).
 
У адпаведнасці з Законам “Аб мерах па прадухіленню легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам”, які ўстанаўлівае сістэму мер па прадухіленню легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, даходы, атрыманыя незаконным шляхам, — гэта грошы (валюта Рэспублікі Беларусь і замежная валюта), каштоўныя паперы, іншая маёмасць, у тым ліку маёмасныя правы, выключныя правы на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, атрыманыя ў выніку парушэння заканадаўства (пункт 1 часткі першай артыкула 2).
 
Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 снежня 1999 г. № 43 “Аб падаткаабкладанні даходаў, атрыманых у асобных сферах дзейнасці” аб’ектам падаткаабкладання для крэдытна-фінансавых устаноў і страхавых арганізацый прызнаецца агульная сума даходаў, атрыманая ў падатковым перыядзе; для іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць аперацыі з каштоўнымі паперамі, — агульная сума даходаў ад рэалізацыі (пагашэння) каштоўных папер у падатковым перыядзе (падпункт 1.2 пункта 1). У падпункце 1.3 пункта 1 указанага Дэкрэта падаткаабкладаемая база вызначаецца крэдытна-фінансавымі ўстановамі як агульная сума даходаў, атрыманая ў падатковым перыядзе, зменшаная на суму расходаў, якія адносяцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь на сабекошт прадукцыі (работ, паслуг) з улікам асаблівасцей саставу затрат, што ўключаюцца ў расходы на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці, і даходаў ад пазарэалізацыйных аперацый, зменшаных на суму расходаў па гэтых аперацыях; страхавымі арганізацыямі — як агульная сума даходаў, атрыманая ад аказання страхавых паслуг і ажыццяўлення іншых відаў дзейнасці ў падатковым перыядзе, зменшаная на суму расходаў, якія адносяцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь на сабекошт прадукцыі (работ, паслуг) з улікам асаблівасцей саставу затрат, што ўключаюцца ў расходы дадзеных арганізацый, і даходаў ад пазарэалізацыйных аперацый, зменшаных на суму расходаў па гэтых аперацыях; іншымі юрыдычнымі асобамі, якія ажыццяўляюць аперацыі з каштоўнымі паперамі, — як розніца паміж цаной рэалізацыі (пагашэння) каштоўных папер у падатковым перыядзе і цаной іх набыцця з улікам затрат на набыццё і рэалізацыю.
 
У частцы другой пункта 1 артыкула 1 Грамадзянскага кодэкса ў якасці адной са складаючых паняцця “прадпрымальніцкая дзейнасць” указана накіраванасць дзейнасці на сістэматычнае атрыманне прыбытку.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, састаў даходу і парадак яго вызначэння маюць істотнае значэнне для ўстанаўлення характару і ступені грамадскай небяспекі незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, якая прызнаецца злачыннай.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што ў КК прымяняльна да артыкула 233, які ўстанаўлівае адказнасць за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, састаў даходу і парадак яго вылічэння не вызначаюцца.
 
Для мэт кваліфікацыі незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці як злачыннага дзеяння паняцце даходу вызначана пастановай Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2001 г. № 6 “Аб судовай практыцы па справах аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці”. У пункце 6 дадзенай пастановы растлумачана, што “пад даходам ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці неабходна разумець усю суму выручкі ў грашовай ці натуральнай форме без уліку затрат на яе атрыманне. Даход, атрыманы ў натуральнай форме, падлягае вызначэнню ў грашовым выражэнні”.
 
Растлумачваючы, што неабходна разумець пад даходам ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, Пленум Вярхоўнага Суда фактычна даў вызначэнне даходу, згодна з якім такая дзейнасць пры атрыманні даходу ў буйным або асабліва буйным размеры прызнаецца злачынствам. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, Пленум Вярхоўнага Суда выканаў функцыю заканадаўца.
 
Згодна з артыкулам 49 Закона “Аб судовым ладзе і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь” Пленум Вярхоўнага Суда ўпаўнаважаны разглядаць матэрыялы абагульнення судовай практыкі і судовай статыстыкі і даваць судам растлумачэнні па пытаннях прымянення заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якія ўзнікаюць пры разглядзе судовых спраў.
 
Крымінальны кодэкс з’яўляецца адзіным крымінальным законам, які дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (частка другая артыкула 1 КК). Палажэннямі часткі другой артыкула 3 КК прадугледжана, што ніхто не можа быць прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынства і падвергнуты крымінальнай адказнасці інакш як па прыгавору суда і ў адпаведнасці з законам; злачыннасць дзеяння, яго каральнасць і іншыя крымінальна-прававыя вынікі вызначаюцца толькі КК; нормы КК падлягаюць строгаму тлумачэнню; прымяненне крымінальнага закона па аналогіі не дапускаецца.
 
У Канстытуцыі замацавана, што тлумачэнне законаў адносіцца да вядзення Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (артыкулы 97 і 98).
 
У адпаведнасці з часткай першай артыкула 70 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” у выпадку выяўлення няяснасцей і адрозненняў у змесце нарматыўнага прававога акта, а таксама супярэчнасцей у практыцы яго прымянення нарматворчы орган (службовая асоба), які прыняў (выдаў) гэты акт, або, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, упаўнаважаны ім орган ажыццяўляюць афіцыйнае тлумачэнне гэтых норм шляхам прыняцця (выдання) адпаведнага нарматыўнага прававога акта.
 
Згодна з артыкулам 72 указанага Закона пры выяўленні прабелаў у нарматыўных прававых актах нарматворчыя органы (службовыя асобы), якія прынялі (выдалі) гэтыя акты, абавязаны ўнесці ў іх адпаведныя дапаўненні або змяненні, што ўстараняюць прабелы (частка першая); прымяненне інстытутаў аналогіі закона і аналогіі права забараняецца ў выпадках прыцягнення да крымінальнай або адміністрацыйнай адказнасці (частка трэцяя).
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што для мэт аднастайнага і дакладнага прымянення тэрмінаў, якія выкарыстоўваюцца _ў КК, толькі заканадавец мае права вызначыць паняцце “даход” прымяняльна да незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама да іншых злачынстваў супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці.
 
У сувязі з выкладзеным Канстытуцыйны Суд лічыць, што вызначэнне паняцця “даход” прымянальна да незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці павінна змяшчацца не ў пастанове Пленума Вярхоўнага Суда, а ў КК ці павінна быць раскрыта шляхам тлумачэння гэтага паняцця прымяняльна да крымінальных праваадносін заканадаўчым органам.
 
Кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 11, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Адзначыць неабходнасць вызначэння паняцця “даход” для мэт кваліфікацыі злачынстваў супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці непасрэдна ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ці шляхам дачы адпаведнага тлумачэння заканадаўчым органам, што павінна садзейнічаць фарміраванню адзінай і заснаванай на законе судовай практыкі.
 
2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь прыняць закон у адпаведнасці з гэтым рашэннем.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                     Р.А. Васілевіч