Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
5 лістапада 2002 г. № Р-149/2002
Аб канстытуцыйнасці рашэння Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў ад 28 сакавіка 2002 г. № 153 у частцы прымянення павышаючых каэфіцыентаў да ставак адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе часткі першай артыкула 116, часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь звароты індывідуальных прадпрымальнікаў г. Гомеля па пытаннях, звязаных з выплатай імі адзінага падатку.
 
У зваротах указана, што рашэннем Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў ад 28 сакавіка 2002 г. № 153 устаноўлены павышаючыя каэфіцыенты ад 1,2 да 2,0 да ставак адзінага падатку ў тых выпадках, калі рознічны продаж тавараў вядзецца праз адасобленыя месцы на рынках з гандлёвых месцаў, памер якіх перавышае памер, вызначаны ўласнікам рынку. Такое становішча, па меркаванню заяўнікаў, дае магчымасць уласнікам рынкаў адвольна змяняць у бок змяншэння памер гандлёвага месца, тым самым фактычна павялічваючы стаўку падатку.
 
Канстытуцыйны Суд, прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, заканадаўчых і іншых нарматыўных прававых актаў, устанавіў наступнае.
 
Згодна з падпунктам 3.2 пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2001 г. № 12 “Аб увядзенні адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, якія ажыццяўляюць рэалізацыю тавараў, работ (паслуг), і аб некаторых пытаннях, звязаных з указанай дзейнасцю” (далей – Дэкрэт № 12) абласныя і Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў устанаўліваюць стаўкі адзінага падатку ў межах базавых ставак дадзенага падатку, прадугледжаных у прыкладзеным да Дэкрэта № 12 Пераліку, у залежнасці ад:
 
населенага пункта, у якім ажыццяўляецца дзейнасць плацельшчыкаў адзінага падатку (г. Мінск, гарады абласнога, раённага падпарадкавання, пасёлкі гарадскога тыпу, сельскія населеныя пункты);
 
месца ажыццяўлення дзейнасці гэтых асоб у межах населенага пункта (цэнтр, ускраіна, транспартныя развязкі і інш.);
 
аддаленасці дадзенага месца ад прыпынкаў пасажырскага   транспарту;
 
рэжыму (зменнасці) работы плацельшчыкаў адзінага падатку;
 
тыпу пункта продажу;
 
іншых асаблівасцей і ўмоў ажыццяўлення дзейнасці.
 
Такім чынам, пры вызначэнні канкрэтных размераў ставак павінны ўлічвацца асаблівасці і ўмовы ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці падаткаплацельшчыкаў.
 
У пункце 3 рашэння Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў ад 28 сакавіка 2002 г. № 153 “Аб устанаўленні ставак адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, якія ажыццяўляюць рэалізацыю тавараў, работ (паслуг), у межах базавых ставак адзінага падатку, указаных у Пераліку відаў дзейнасці, пры ажыццяўленні якіх індывідуальныя прадпрымальнікі і іншыя фізічныя асобы выплачваюць адзіны падатак, а таксама базавых ставак адзінага падатку, зацверджаным Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2001 г. № 12” (далей – рашэнне № 153) для індывідуальных прадпрымальнікаў, якія не выкарыстоўваюць наёмную працу пры рознічнай рэалізацыі тавараў праз адасобленыя гандлёвыя месцы на рынках па-за стацыянарнай гандлёвай сеткай з гандлёвых месцаў, памер якіх перавышае памер, вызначаны ўласнікам рынку, устаноўлены наступныя павышаючыя каэфіцыенты: 1,2 – пры перавышэнні памеру гандлёвага месца ў 2 разы; 1,5 – пры перавышэнні памеру гандлёвага месца ў 3 разы; 2,0 – пры перавышэнні памеру гандлёвага месца ў 4 і больш разоў. Пры гэтым стаўкі адзінага падатку з павышаючым каэфіцыентам не перавышаюць максімальную базавую стаўку гэтага падатку, зацверджаную Дэкрэтам № 12.
 
Пры рэалізацыі тавараў праз іншыя пункты продажу, указаныя ў пункце 1 Дэкрэта № 12, да ўстаноўленых у дадатку да рашэння № 153 ставак адзінага падатку ў залежнасці ад агульнай займаемай плошчы пунктаў продажу прымяняюцца павышаючыя каэфіцыенты (але не вышэй найбольш высокай базавай стаўкі адзінага падатку, зацверджанай Дэкрэтам № 12): 1,2 – звыш 10 да 25 квадратных метраў (уключна); 1,35 – звыш 25 да 50 квадратных метраў (уключна); 1,5 – звыш 50 квадратных метраў.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што калі пры рэалізацыі тавараў праз іншыя пункты продажу дакладна абазначаны крытэрыі прымянення да стаўкі падатку павышаючых каэфіцыентаў (займаемая плошча ў метрах квадратных), то пры рэалізацыі тавараў праз гандлёвыя месцы на рынках у якасці крытэрыя ўказаны памер гандлёвага месца, які вызначаецца ўласнікам рынку.
 
Згодна з кіруючым дакументам Міністэрства гандлю КД РБ 8218.01-95 “Гандаль. Тэрміны і вызначэнні”, зацверджаным загадам Міністэрства гандлю ад 14 снежня 1995 г. № 80 “Аб стандартызацыі тэрміналогіі ў галіне гандлю” (са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі загадамі ад 5 лістапада 1998 г. № 145 і ад 10 ліпеня 2001 г. № 28), рынак – гэта спецыяльна адведзенае месца са створанымі на ім належнымі ўмовамі для продажу грамадзянамі і суб’ектамі гаспадарання сельскагаспадарчай прадукцыі, дзікарослых пладоў і ягад, нехарчовых тавараў, у тым ліку ўласнага вырабу (вытворчасці), а таксама са створанымі для грамадзян неабходнымі зручнасцямі ў іх набыцці.
 
У адпаведнасці з абзацам другім пункта 2 Правіл гандлю на рынках Рэспублікі Беларусь, зацверджаных загадам Міністэрства гандлю ад 8 ліпеня 1998 г. № 100 (далей – Правілы гандлю), гандлёвае месца на рынку – гэта частка гандлёвага прылаўка, гандлёвага раду, стала для размяшчэння тавараў або тэрыторыі рынка для ўстаноўкі пераноснага прыстасавання ці транспартнага сродку, неабходная для выкладкі і рэалізацыі тавараў з адным прадаўцом і вядзеннем адзінага ўліку паступлення і рэалізацыі тавараў. Канкрэтны памер гандлёвага месца вызначае ўласнік рынку.
 
Згодна з пунктам 8 Правіл гандлю ўзаемаадносіны рынку з гандлюючымі вызначаюцца шляхам продажу месячных, дэкадных абанементаў або разавых талонаў за гандлёвае месца. Размер і парадак збірання разавага збору і платы за паслугі ўстанаўліваюцца ўласнікам або па яго даручэнню адміністрацыяй рынку згодна з заканадаўствам. Размяшчэнне месцаў у гандлёвых радах, столікаў і іншых прыстасаванняў для продажу тавару вызначаецца адміністрацыяй рынку з улікам выканання санітарных і проціпажарных правіл, таварнага суседства, а таксама забеспячэння зручнасцей для гандлюючых і пакупнікоў (пункт 11).
 
Заканадаўства, якое рэгулюе праваадносіны ў галіне санітарыі (Закон “Аб санітарна-эпідэмічным дабрабыце насельніцтва”, Санітарныя правілы і ветэрынарныя правілы, зацверджаныя пастановай Міністэрства аховы здароўя № 28, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання № 10 ад 30 мая 2000 г., БНіП 2.07.01-89. Горадабудаўніцтва. Планіроўка і забудова гарадскіх і сельскіх паселішчаў (са змян. 1990 г.), БНіП 1.02.01-85. Iнструкцыя аб складзе, парадку распрацоўкі, узгаднення і зацвярджэння праектна-сметнай дакументацыі на будаўніцтва прадпрыемстваў, будынкаў і збудаванняў і інш.), не змяшчае прадпісанняў адносна памераў гандлёвага месца на рынках.
 
Правіламі пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь для кірмашоў і рынкаў, зацверджанымі загадам Міністэрства ўнутраных спраў ад 25 чэрвеня 1996 г. № 35, устаноўлены мінімальныя межы плошчы кірмашоў і рынкаў у разліку на аднаго чалавека, а таксама мінімальная плошча гандлёвага месца для кожнага гандлюючага з рук і без гандлёвага абсталявання і шэраг іншых абмежаванняў, якія ў пэўнай ступені дазваляюць разліковым метадам устанавіць арыенціровачны памер гандлёвага месца (падпункты 3.5 – 3.7 пункта 3, падпункты 4.5, 4.6, 4.8 – 4.12, 4.15 пункта 4). Аднак канкрэтны памер гандлёвага месца з улікам выканання патрабаванняў нарматыўных прававых актаў вызначае ўласнік рынку, як гэта прадугледжана Правіламі гандлю.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што ў адпаведнасці з Дэкрэтам № 12 да пунктаў продажу адносяцца ў ліку іншых пералічаных пунктаў гандлю адасобленыя гандлёвыя месцы на рынках па-за стацыянарнай гандлёвай сеткай. Пры гэтым у частцы чацвёртай падпункта 3.5 пункта 3 Дэкрэта № 12 устаноўлена, што пры рэалізацыі ў некалькіх пунктах продажу тавараў, пералічаных у прыкладзеным да дадзенага Дэкрэта Пераліку, адзіны падатак выплачваецца па кожнаму пункту продажу.
 
Згодна з пунктам 10 Дэкрэта № 12 права даваць растлумачэнні па пытаннях аднясення гандлёвых аб’ектаў да пунктаў продажу прадастаўлена Міністэрству гандлю.
 
Акрамя вызначэння паняцця “гандлёвае месца на рынку”, якое змяшчаецца ў Правілах гандлю, у падпункце 1.2 пункта 1 пастановы Міністэрства гандлю ад 10 ліпеня 2001 г. № 28 “Аб некаторых пытаннях аднясення гандлёвых аб’ектаў да пунктаў продажу, прадугледжаным Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2001 г. № 12” устаноўлена, што да адасобленых гандлёвых месцаў на рынках па-за стацыянарнай гандлёвай сеткай адносяцца пункты разноснай і развазной сеткі, гандлёвыя месцы ў гандлёвых радах. Гандлёвае месца ў гандлёвым радзе – гэта частка гандлёвага прылаўка, гандлёвага раду, стала для размяшчэння тавараў, неабходная для выкладкі і рэалізацыі тавараў з адным прадаўцом і вядзеннем адзінага ўліку паступлення і рэалізацыі тавараў.
 
Вывучэнне правапрымяняльнай практыкі паказвае, што ў выніку адрознення дадзеных Міністэрствам гандлю вызначэнняў паняцця “гандлёвае месца на рынку” індывідуальныя прадпрымальнікі, займаючы некалькі сумежных гандлёвых месцаў на рынку, уносяць плату ўласніку рынку за арэнду кожнага з гэтых месцаў, у той жа час пры вылічэнні адзінага падатку гэтыя некалькі гандлёвых месцаў разглядаюцца як адно гандлёвае месца (пункт продажу) і ў бюджэт выплачваецца адна стаўка падатку.
 
Гомельскім абласным Саветам дэпутатаў выпадкі, калі для гандлю прадастаўлена гандлёвае месца, памер якога ў два, тры, чатыры і больш разоў перавышае памер, вызначаны ўласнікам рынку, аднесены да іншых асаблівасцей і ўмоў ажыццяўлення дзейнасці.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, пункт 3 рашэння Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў ад 28 сакавіка 2002 г. № 153 у частцы ўстанаўлення для індывідуальных прадпрымальнікаў, якія не выкарыстоўваюць наёмную працу пры рознічнай рэалізацыі тавараў праз адасобленыя гандлёвыя месцы на рынках па-за стацыянарнай гандлёвай сеткай з гандлёвых месцаў, памер якіх перавышае памер, вызначаны ўласнікам рынку, павышаючых каэфіцыентаў да ставак адзінага падатку не супярэчыць Канстытуцыі і заканадаўству Рэспублікі Беларусь.
 
У той жа час Канстытуцыйны Суд лічыць, што, паколькі памеры гандлёвага месца на рынку непасрэдна звязаны з устанаўленнем арэндадавальнікам арэнднай платы, стаўкі якой вызначаюцца ім у адпаведнасці з заканадаўствам, а таксама паколькі ў мэтах рэалізацыі Дэкрэта № 12 вышэйуказаныя гандлёвыя месцы адносяцца да пунктаў продажу, у залежнасці ад колькасці і памераў якіх вызначаецца стаўка адзінага падатку, мінімальны памер гандлёвага месца падлягае нарматыўнаму рэгуляванню з мэтай забеспячэння абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян, у прыватнасці права на наданне дзяржавай роўных правоў для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам (частка другая артыкула 13 Канстытуцыі).
 
Кіруючыся часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць, што рашэнне Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў ад 28 сакавіка 2002 г. № 153 “Аб устанаўленні ставак адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, якія ажыццяўляюць рэалізацыю тавараў, работ (паслуг), у межах базавых ставак адзінага падатку, указаных у Пераліку відаў дзейнасці, пры ажыццяўленні якіх індывідуальныя прадпрымальнікі і іншыя фізічныя асобы выплачваюць адзіны падатак, а таксама базавых ставак адзінага падатку, зацверджаным Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2001 г. № 12” у частцы ўстанаўлення для індывідуальных прадпрымальнікаў, якія не выкарыстоўваюць наёмную працу пры рознічнай рэалізацыі тавараў праз адасобленыя гандлёвыя месцы на рынках па-за стацыянарнай гандлёвай сеткай з гандлёвых месцаў, памер якіх перавышае памер, вызначаны ўласнікам рынку, павышаючых каэфіцыентаў да ставак адзінага падатку не супярэчыць Канстытуцыі і заканадаўству Рэспублікі Беларусь.
 
2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь для забеспячэння больш поўнай абароны правоў і законных інтарэсаў індывідуальных прадпрымальнікаў, якія рэалізуюць тавары праз гандлёвыя месцы на рынках, устанавіць мінімальны памер такіх гандлёвых месцаў.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                         Р.А. Васілевіч