Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
14 лютага 2003 г. № Р-154/2003
Аб канстытуцыйнасці рашэння Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 104 “Аб бюджэце г. Пінска на 2002 г.” у частцы ўвядзення мясцовага збору з карыстальнікаў інфраструктуры горада
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе часткі першай артыкула 116, часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот аб правамернасці ўстанаўлення Пінскім гарадскім Саветам дэпутатаў мясцовага збору з карыстальнікаў інфраструктуры горада пры наяўнасці ўведзенага Брэсцкім абласным Саветам дэпутатаў мэтавага збору на ўтрыманне і развіццё інфраструктуры горада (раёна).
 
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, законаў Рэспублікі Беларусь “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год”, “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь”, “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” і іншых нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
У адпаведнасці з падпунктам 1.5 пункта 1 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год” рашэннем Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ад 21 снежня 2001 г. № 94 “Аб бюджэце вобласці на 2002 год” (далей — рашэнне Савета № 94) уведзены мэтавы збор на ўтрыманне і развіццё інфраструктуры горада (раёна) (падпункт 7.2 пункта 7). Згодна з Палажэннем аб названым зборы, зацверджаным рашэннем Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ад 26 лютага 2002 г. № 102, яго плацельшчыкамі прызнаюцца юрыдычныя асобы, незалежна ад месца іх дзяржаўнай рэгістрацыі і пастаноўкі на падатковы ўлік, якія (структурныя падраздзяленні якіх) размешчаны на тэрыторыі Брэсцкай вобласці, а таксама фізічныя асобы (наймальнікі, уласнікі жылых памяшканняў, члены арганізацыі грамадзян-забудоўшчыкаў), карыстальнікі прыроднага і звадкаванага газу, за выключэннем звадкаванага газу ў балонах. Сродкі збору паступаюць як у бюджэт горада або раёна па месцу размяшчэння плацельшчыкаў (80 працэнтаў), так і ў бюджэт Брэсцкай вобласці (20 працэнтаў).
 
Пунктам 8 рашэння Савета № 94 гарадскім і раённым Саветам дэпутатаў рэкамендавана ўвесці зборы з карыстальніка. Пры гэтым, як і ў Законе “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год” (падпункт 1.1 пункта 1 артыкула 10), пералік найменняў збораў з карыстальніка з’яўляецца адкрытым, паколькі дапускае ўвядзенне акрамя непасрэдна пералічаных і іншых збораў з карыстальніка.
 
Пінскім гарадскім Саветам дэпутатаў рашэннем ад 27 снежня 2001 г. № 104 “Аб бюджэце г. Пінска на 2002 г.” уведзены мясцовы збор з карыстальнікаў інфраструктуры горада і зацверджана Палажэнне аб ім, у якое рашэннямі ад 30 красавіка 2002 г. № 117 і ад 20 верасня 2002 г. № 126 унесены змяненні і дапаўненні.
 
Прызнаючы права Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў на ўвядзенне мясцовага збору з карыстальнікаў інфраструктуры горада як заснаванае на палажэннях артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год”, Канстытуцыйны Суд разам з тым звяртае ўвагу на наступнае.
 
У адпаведнасці з Палажэннем аб мясцовым зборы з карыстальнікаў інфраструктурай горада плацельшчыкамі гэтага збору з’яўляюцца: уладальнікі транспартных сродкаў; уладальнікі індывідуальных домаўладанняў; грамадзяне, якія атрымліваюць жылое памяшканне (наймальнік); грамадзяне, якія афармляюць візы і дазволы на выезд за мяжу ў аддзеле віз і дазволаў Пінскага гарадскога аддзела ўнутраных спраў; грамадзяне, якія выказалі жаданне зарэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка; суб’екты гаспадарання, якія атрымліваюць права на ўстаноўку гандлёвага кіёска (павільёна); суб’екты гаспадарання, якія атрымліваюць дазвол выканкома на размяшчэнне на тэрыторыі горада сваіх філіялаў, прадстаўніцтваў і іншых адасобленых падраздзяленняў без утварэння юрыдычнай асобы; юрыдычныя асобы, якія размешчаны за межамі горада і не знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па гораду Пінску, чые філіялы, структурныя падраздзяленні, прадстаўніцтвы, магазіны і г.д. размешчаны на тэрыторыі горада без утварэння юрыдычнай асобы (падпункты 1.1 — 1.8 пункта 1); юрыдычныя асобы, іх філіялы, прадстаўніцтвы, індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прыбываюць часова ў горад для ажыццяўлення культурна-масавай, гандлёвай і іншай дзейнасці (падпункт 2.7 пункта 2).
 
Пры прымяненні адпаведных норм гэтага Палажэння на практыцы адна і тая ж фізічная ці юрыдычная асоба можа быць вымушана некалькі разоў выплаціць збор з карыстальнікаў інфраструктуры горада. Напрыклад, фізічная асоба, уладальнік транспартнага сродку, выплачвае збор у размеры дзвюх базавых велічынь пры рэгістрацыі сродкаў і ў размеры адной базавай велічыні — пры праходжанні тэхнічнага агляду (падпункт 2.1 пункта 2). Гэты ж грамадзянін можа быць уладальнікам індывідуальнага домаўладання або грамадзянінам, які атрымаў жылое памяшканне (наймальнікам), і ён таксама будзе вымушаны выплаціць збор як індывідуальны домаўладальнік — у размеры 2840 руб. у год з кожнага пражываючага (прапісанага) або як грамадзянін, які атрымлівае жылое памяшканне, — у размеры адной базавай велічыні (падпункты 2.2 і 2.3 пункта 2). Гэты ж грамадзянін пры звароце за дазволам на выезд за мяжу выплачвае збор у размеры 1500 руб. (падпункт 2.4 пункта 2). Калі гэты ж грамадзянін выказаў жаданне зарэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, то ён выплаціць збор у размеры 10 базавых велічынь (падпункт 2.5 пункта 2). Пры атрыманні права на ўстаноўку гандлёвага кіёска ён жа выплачвае збор у размеры 40 базавых велічынь (падпункт 2.6 пункта 2). Такім чынам, згодна з Палажэннем адна і тая ж фізічная асоба будзе вымушана пяць разоў выплаціць збор з карыстальнікаў інфраструктуры горада. Акрамя таго, у адпаведнасці з рашэннем Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ад 26 лютага 2002 г. № 102, калі грамадзянін (наймальнік, уласнік жылога дома, член арганізацыі грамадзян-забудоўшчыкаў) з’яўляецца карыстальнікам прыроднага і звадкаванага газу, за выключэннем звадкаванага газу ў балонах, то ён таксама выплачвае збор на ўтрыманне і развіццё інфраструктуры горада ў размеры 10 працэнтаў кошту газу.
 
У адносінах да многіх плацельшчыкаў збору з карыстальнікаў інфраструктуры горада, вызначаных Палажэннем, зацверджаным рашэннем Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў, дзейнічаюць заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якімі яны з’яўляюцца плацельшчыкамі абавязковых плацяжоў пры ўчыненні аналагічных дзеянняў ці наяўнасці пэўнай маёмасці.
 
Так, з грамадзян, якія выказалі жаданне зарэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, бярэцца плата за дзяржаўную рэгістрацыю ў суме, эквівалентнай 6 еўра (Палажэнне аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання, зацверджанае Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 сакавіка 1999 г. № 11, у рэдакцыі Дэкрэта ад 17 снежня 2002 г. № 29).
 
Юрыдычныя асобы, уладальнікі транспартных сродкаў, згодна з Законам “Аб дарожных фондах у Рэспубліцы Беларусь” з’яўляюцца плацельшчыкамі падатку на набыццё аўтамабільных транспартных сродкаў (артыкул 9), падатку з карыстальнікаў аўтамабільных дарог (артыкул 11).
 
У адпаведнасці з Законам “Аб дзяржаўнай пошліне” і пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 лютага 1993 г. № 105 з грамадзян бярэцца дзяржаўная пошліна за выдачу дакументаў на права выезду за мяжу і ўезду з-за мяжы.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што пры вызначэнні кола плацельшчыкаў Пінскі гарадскі Савет дэпутатаў не ўлічыў усіх палажэнняў часткі першай пункта 2 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год”, згодна з якімі абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў, Саветы дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню самастойна вызначаюць базу і аб’екты падаткаабкладання, канкрэтныя размеры ставак, плацельшчыкаў, ільготы, парадак вылічэння і тэрміны выплаты мясцовых падаткаў і збораў, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
З аналізу норм Палажэння аб мэтавым зборы на ўтрыманне і развіццё інфраструктуры горада (раёна), зацверджанага Брэсцкім абласным Саветам дэпутатаў, і Палажэння аб мясцовым зборы з карыстальнікаў інфраструктурай горада, зацверджанага Пінскім гарадскім Саветам дэпутатаў, вынікае, што па сваёй сутнасці гэтыя зборы аднолькавыя. Такім чынам, плацельшчыкамі збору з карыстальнікаў інфраструктуры горада, уведзенага Пінскім гарадскім Саветам дэпутатаў, не могуць быць асобы, якія адносяцца да плацельшчыкаў мэтавага збору на ўтрыманне і развіццё інфраструктуры горада (раёна), устаноўленага Брэсцкім абласным Саветам дэпутатаў, а таксама асобы, якія з’яўляюцца плацельшчыкамі іншых абавязковых плацяжоў, устаноўленых заканадаўчымі актамі, у сувязі з учыненнем аналагічных дзеянняў ці наяўнасцю пэўнай маёмасці.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў разглядаемым выпадку да такіх асоб могуць быць аднесены ўказаныя ў падпункце 2.7 пункта 2 Палажэння аб мясцовым зборы з карыстальнікаў інфраструктурай горада юрыдычныя асобы, іх філіялы, прадстаўніцтвы, індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прыбываюць часова ў горад для ажыццяўлення культурна-масавай, гандлёвай і іншай дзейнасці.
 
Увядзенне Пінскім гарадскім Саветам дэпутатаў збору з карыстальнікаў інфраструктуры горада перашкаджае свабоднай рэалізацыі грамадзянамі правоў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі. У прыватнасці, пунктам 5 Палажэння аб мясцовым зборы з карыстальнікаў інфраструктурай горада прадугледжана, што без прад’яўлення дакумента аб выплаце збору гарвыканкомам не заключаецца дагавор найму жылога памяшкання і не выдаецца пасведчанне аб праве ўласнасці на нерухомую маёмасць; згодна з пунктам 6 без прад’яўлення квітанцыі аб выплаце збору не прымаюцца дакументы аддзелам віз і дазволаў.
 
Вызначаючы сваю пазіцыю па дадзенаму пытанню, Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на замацаваны ў частцы другой артыкула 132 Канстытуцыі прынцып адзінства бюджэтна-фінансавай, падатковай, грашова-крэдытнай, валютнай палітыкі, якая праводзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама на тое, што згодна з артыкулам 121 Канстытуцыі да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў адносіцца ўстанаўленне ў адпаведнасці з законам мясцовых падаткаў і збораў.
 
У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд лічыць, што з мэтай забеспячэння абароны правоў і законных інтарэсаў падаткаплацельшчыкаў, забеспячэння прыняцця мясцовымі Саветамі дэпутатаў аптымальных рашэнняў у сферы мясцовага падаткаабкладання і выключэння выпадкаў дубліравання рашэнняў мясцовых Саветаў дэпутатаў рознага ўзроўню ў законе павінны быць вызначаны ўсе важнейшыя элементы мясцовых падаткаў і збораў (плацельшчыкі, аб’екты абкладання, размер стаўкі, парадак і тэрміны выплаты), у рамках якіх мясцовыя Саветы дэпутатаў маглі б вызначаць канкрэтныя аб’екты падаткаабкладання, размеры ставак, плацельшчыкаў, ільготы, парадак вылічэння і тэрміны выплаты мясцовых падаткаў і збораў, як гэта прадугледжана ў пункце 2 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год”, і без вызначэння якіх мясцовыя падаткі і зборы не могуць лічыцца законна ўстаноўленымі. Найлепшым варыянтам вырашэння пытання было б вызначэнне ў законе вычарпальнага пераліку мясцовых падаткаў і збораў, у межах якога мясцовыя Саветы дэпутатаў могуць уводзіць на адпаведнай адміністрацыйнай тэрыторыі мясцовыя падаткі і зборы, як гэта мела месца ў законах аб бюджэце ў перыяд з 1998 па 2001 год.
 
У рашэннях мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню ў сферы мясцовага падаткаабкладання, якія непасрэдна закранаюць канстытуцыйныя правы грамадзян, як паказвае практыка разгляду такіх рашэнняў Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь (рашэнні ад 4 снежня 2001 г. “Аб мясцовым паляўнічым зборы”, ад 9 кастрычніка 2002 г. “Аб канстытуцыйнасці ўстанаўлення мясцовага збору з фізічных асоб пры перасячэнні імі мяжы Рэспублікі Беларусь праз кантрольна-прапускныя пункты”), маецца вялікая колькасць недахопаў змястоўнага плану. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным узмацніць кантроль і нагляд за адпаведнасцю Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь рашэнняў мясцовых органаў кіравання і самакіравання.
 
Кіруючыся часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць, што Пінскі гарадскі Савет дэпутатаў у адпаведнасці з падпунктам 1.1 пункта 1 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год” мае права ўводзіць мясцовы збор з карыстальнікаў інфраструктуры горада. Аднак пры ўвядзенні дадзенага збору Пінскім гарадскім Саветам дэпутатаў былі парушаны патрабаванні заканадаўчых актаў, а таксама не ўлічаны палажэнні рашэння Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ад 21 снежня 2001 г. № 94 “Аб бюджэце вобласці на 2002 год” у частцы вызначэння кола плацельшчыкаў збору і ўстанаўлення іх адказнасці за нявыплату ці несвоечасовую выплату збору.
 
Прызнаць пункт 1 Палажэння аб мясцовым зборы з карыстальнікаў інфраструктурай горада, зацверджанага рашэннем Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 104, са змяненнямі і дапаўненнямі, а таксама заснаваныя на дадзеным пункце іншыя нормы Палажэння не адпавядаючымі Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь і не маючымі юрыдычнай сілы з дня прыняцця гэтых рашэнняў.
 
Пінскаму гарадскому Савету дэпутатаў прывесці дадзенае Палажэнне ў адпаведнасць з заканадаўствам і гэтым рашэннем.
 
Прапанаваць Пінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту і інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па г. Пінску ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку вырашыць пытанне аб вяртанні ці заліку ў лік іншых належных плацяжоў сум, выплачаных і спагнаных з асоб, пералічаных у пункце 1 Палажэння аб мясцовым зборы з карыстальнікаў інфраструктурай горада, зацверджанага рашэннем Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 104, са змяненнямі і дапаўненнямі.
 
2. Прапанаваць Парламенту ў законе аб бюджэце на чарговы год або іншых заканадаўчых актах для забеспячэння абароны правоў і законных інтарэсаў падаткаплацельшчыкаў і выключэння выпадкаў дубліравання рашэнняў мясцовых Саветаў дэпутатаў рознага ўзроўню ўстанавіць вычарпальны пералік мясцовых падаткаў і збораў, якія мясцовыя Саветы дэпутатаў могуць уводзіць на адпаведнай тэрыторыі, а таксама вызначыць параметры важнейшых элементаў мясцовых падаткаў і збораў (плацельшчыкі, аб’екты абкладання, размер стаўкі, парадак і тэрміны выплаты), у рамках якіх мясцовыя Саветы дэпутатаў маглі б устанаўліваць канкрэтныя аб’екты падаткаабкладання, размеры ставак, плацельшчыкаў, ільготы, парадак вылічэння і тэрміны выплаты мясцовых падаткаў і збораў.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда                  
Рэспублікі Беларусь                                                                                                         Р.А. Васілевіч