Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
5 лютага 2003 г. № Р-153/2003
Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2002 годзе

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы пытанне аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь, кіруючыся артыкулам 44 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкулам 80 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда, 

ВЫРАШЫЎ: 

1. Прыняць Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Прэзідэнту і палатам Парламента Рэспублікі Беларусь “Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2002 годзе” (тэкст дадаецца). 

2. Апублікаваць Пасланне “Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2002 годзе” ў газетах “Звязда” і “Народная газета” ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь і часопісе “Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.  

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                          Р.А.Васілевіч
                                                                                     

                                                                                                                           

 
                                                                                                                             Прэзідэнту
                                                                                                                             Рэспублікі Беларусь
 
                                                                                                                             Палаце прадстаўнікоў
                                                                                                                             Нацыянальнага сходу
                                                                                                                             Рэспублікі Беларусь
 
                                                                                                                             Савету Рэспублікі
                                                                                                                             Нацыянальнага сходу
                                                                                                                             Рэспублікі Беларусь
 
 
ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
 
АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦІ
Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ У 2002 ГОДЗЕ

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь замацоўвае якасна новы ўзровень адносін паміж асобай і дзяржавай, дэмакратычную мадэль еўрапейскай дзяржаўнасці — сацыяльную прававую дзяржаву, прызваную забяспечыць кожнаму свабоднае і годнае развіццё. Павага і выкананне Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека становіцца сёння важным крытэрыем міжнароднай і ўнутранай ацэнкі дзейнасці органаў дзяржаўнай улады. Стварэнне сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі ў нашай дзяржаве мае на ўвазе далейшае ўдасканальванне заканадаўства з улікам норм міжнароднага права і максімальнае выкарыстанне агульнаправавых прынцыпаў і норм, замацаваных у Канстытуцыі. 

Канстытуцыйны патэнцыял можа праяўляцца ў найбольшай ступені ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы пры ўмове забеспячэння вяршэнства норм Канстытуцыі незалежна ад таго, у якой меры гэтыя нормы рэалізаваны ў актах дзеючага заканадаўства, іх непасрэднага дзеяння ў праватворчай і правапрымяняльнай практыцы і абавязковасці канстытуцыйных прадпісанняў для ўсіх фізічных і юрыдычных асоб, а роўна для дзяржавы ў асобе яе органаў і службовых асоб. 

* * * 

Канстытуцыйны Суд у 2002 годзе прыняў 40 рашэнняў, якімі вырашаны канкрэтныя прававыя калізіі, што садзейнічала зацвярджэнню ў Рэспубліцы Беларусь канстытуцыйнай законнасці, развіццю прававой дэмакратычнай сацыяльнай дзяржавы. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд кіраваўся тым, што згодна з часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі на яго ўскладзены кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве. Сваімі рашэннямі Канстытуцыйны Суд зацвярджаў у праватворчай і правапрымяняльнай дзейнасці вяршэнства прынцыпаў і норм прававой дэмакратычнай сацыяльнай дзяржавы, замацаваных у Канстытуцыі і міжнародна-прававых актах. 

Канстытуцыйны прынцып падзелу і ўзаемадзеяння ўлад (артыкул 6 Канстытуцыі) азначае, што дзяржаўныя органы самастойныя і ажыццяўляюць сваю дзейнасць у межах прадастаўленых ім паўнамоцтваў. Перавышэнне дзяржаўным органам паўнамоцтваў пры прыняцці нарматыўных прававых актаў ці неналежнае выкананне ўскладзеных на яго абавязкаў сведчыць аб адступленні ад указанага прынцыпу і параджае неканстытуцыйную правапрымяняльную практыку. 

Так, у адпаведнасці з прынцыпам падзелу ўлад толькі заканадаўцу належыць права вызначаць змест норм крымінальнага закона. Згодна з артыкулам 3 Крымінальнага кодэкса злачыннасць дзеяння, яго каральнасць і іншыя крымінальна-прававыя вынікі вызначаюцца толькі Крымінальным кодэксам, нормы гэтага Кодэкса падлягаюць строгаму тлумачэнню заканадаўцам. 

Прымаючы 12 лістапада 2002 г. рашэнне аб вызначэнні паняцця “даход” для мэт кваліфікацыі незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці пры прыцягненні да крымінальнай адказнасці, Канстытуцыйны Суд устанавіў, што ў Крымінальным кодэксе прымяняльна да артыкула 233 састаў даходу і парадак яго вылічэння заканадаўцам вызначаны не былі. Растлумачэнне паняцця даходу ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці даў Пленум Вярхоўнага Суда ў пастанове ад 28 чэрвеня 2001 г. № 6 (пункт 6). Кіруючыся палажэннямі Канстытуцыі (артыкулы 97 і 98), Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” (артыкулы 70 і 72) і зыходзячы з таго, што адзіным законам, які рэгулюе пытанні крымінальнай адказнасці, з’яўляецца Крымінальны кодэкс, Канстытуцыйны Суд прапанаваў Нацыянальнаму сходу вызначыць гэта паняцце непасрэдна ў Крымінальным кодэксе. Адпаведныя дапаўненні ва ўказаны Кодэкс унесены Законам ад 4 студзеня 2003 г. “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь”. 

Нягледзячы на дакладнае размежаванне ў Канстытуцыі і Законе “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” паўнамоцтваў мясцовых прадстаўнічых і выканаўчых органаў, на практыцы маюцца выпадкі прыняцця нарматыўных прававых актаў выканаўчымі камітэтамі па пытаннях, якія ўваходзяць у выключную кампетэнцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што найбольш часта такая падмена паўнамоцтваў ажыццяўляецца пры ўстанаўленні мясцовых падаткаў і збораў. 

На дадзеную сітуацыю Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу ў рашэннях ад 10 красавіка 2002 г. “Аб устанаўленні фіксіраваных сум падаходнага падатку пры здачы ўнаём жылых памяшканняў у г. Мінску”, ад 9 кастрычніка 2002 г. “Аб канстытуцыйнасці пункта 23 рашэння Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 11 студзеня 2002 г. № 219 “Аб бюджэце горада Мінска на 2002 год” і іншых пытаннях, звязаных з падаткам на нерухомасць”. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 9 кастрычніка 2002 г. “Аб канстытуцыйнасці ўстанаўлення мясцовага збору з фізічных асоб пры перасячэнні імі мяжы Рэспублікі Беларусь праз кантрольна-прапускныя пункты” было таксама ўказана на неканстытуцыйнасць дэлегавання выключных паўнамоцтваў Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў па ўстанаўленню мясцовага збору Брэсцкаму раённаму выканаўчаму камітэту. 

На падставе рашэнняў Канстытуцыйнага Суда акты мясцовых прадстаўнічых і выканаўчых органаў прыведзены ў адпаведнасць з Канстытуцыяй, што сведчыць аб належных адносінах да рашэнняў Канстытуцыйнага Суда і імкненні своечасова ўстараняць дапушчаныя парушэнні. Гэта з’яўляецца паказчыкам фарміравання ў службовых асоб, дэпутатаў мясцовых Саветаў сучаснай прававой свядомасці. 

Правяраючы канстытуцыйнасць нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд кіраваўся і такім канстытуцыйным прынцыпам прававой дзяржавы, як прынцып суразмернасці (прапарцыянальнасці) абмежавання правоў і свабод асобы абараняемым Канстытуцыяй каштоўнасцям. 

Так, разгледзеўшы па ініцыятыве Палаты прадстаўнікоў справу аб адпаведнасці Канстытуцыі нарматыўных прадпісанняў, якія рэгулююць парадак выезду грамадзян з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў яе, Канстытуцыйны Суд прызнаў, што абавязковасць прастаўлення адзнакі ў пашпарце для выезду з краіны, устаноўленая для ўсіх грамадзян, абсалютная большасць якіх не мае абмежаванняў на выезд, прыніжае іх правы і несуразмерна каштоўнасцям, што абараняюцца Канстытуцыяй (артыкулы 23, 30 і інш.). Пры гэтым, устанаўліваючы тэрмін для рэалізацыі свайго Заключэння ад 27 верасня 2002 г., Канстытуцыйны Суд улічваў, што для стварэння такой сістэмы ўліку, прымяненне якой дазволіць выкарыстоўваць агульнаграмадзянскі пашпарт у якасці дакумента для выезду з Рэспублікі Беларусь без прастаўлення адзнакі ў пашпарце, неабходны час і матэрыяльныя сродкі. У сувязі з выказваемымі пасля прыняцця Заключэння ад 27 верасня 2002 г. прапановамі аб увядзенні замежных пашпартоў Канстытуцыйны Суд лічыць, што выдача замежных пашпартоў разам з агульнаграмадзянскімі пашпартамі мэтазгодна толькі для асобных катэгорый асоб, у прыватнасці для тых, якія шматразова выязджаюць за межы Рэспублікі Беларусь, ці па жаданню саміх грамадзян. 

Канстытуцыйным Судом разглядаліся і пытанні абмежавання права грамадзян па распараджэнню жылымі памяшканнямі, якія знаходзяцца ў іх уласнасці, у адасобленых ваенных гарадках. Такія пытанні павінны вырашацца з улікам патрабаванняў артыкула 23 Канстытуцыі, які дапускае абмежаванні правоў і свабод асобы толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, і для дасягнення ўказаных у гэтым артыкуле мэт. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд прапанаваў Ураду прыняць меры па належнаму ўрэгуляванню адносін уласнасці на жылыя памяшканні ў адасобленых ваенных гарадках для абароны інтарэсаў дзяржавы і грамадзян. 

На забеспячэнне канстытуцыйнага прынцыпу прадастаўлення роўных эканамічных магчымасцей суб’ектам гаспадарання розных форм уласнасці, які не выконваўся пры прыняцці некаторых нарматыўных прававых актаў, было накіравана Заключэнне Канстытуцыйнага Суда ад 7 лютага 2002 г., вынесенае ў сувязі са зваротам Палаты прадстаўнікоў. Iнструкцыя аб парадку фарміравання ставак арэнднай платы юрыдычнымі асобамі недзяржаўнай формы ўласнасці пры здачы ў арэнду нежылых будынкаў (памяшканняў), зацверджаная Міністэрствам эканомікі, прызнана неканстытуцыйнай, паколькі яна прадугледжвала няроўныя ўмовы для ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці суб’ектамі гаспадарання прыватнай формы ўласнасці ў параўнанні з суб’ектамі гаспадарання дзяржаўнай формы ўласнасці. Дадзенае Заключэнне Канстытуцыйнага Суда выканана. 

На рэалізацыю ўказанага вышэй прынцыпу было накіравана таксама рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 23 мая 2002 г. па пытанню выдачы суб’ектам гаспадарання ліцэнзій на адкрыццё аптэчных устаноў. На падставе гэтага рашэння Міністэрства аховы здароўя аператыўна ўнесла адпаведныя змяненні ў парадак адкрыцця аптэчных устаноў, што сведчыць аб імкненні да зацвярджэння на практыцы канстытуцыйных норм. 

Развіццю прынцыпу сацыяльнага партнёрства садзейнічала праверка канстытуцыйнасці пастановы Савета Міністраў ад 14 снежня 2001 г. № 1804. Указаўшы на недасканаласць механізму ўплаты членскіх узносаў, прадугледжанага ў пастанове, Канстытуцыйны Суд у мэтах развіцця сацыяльнага партнёрства і гарманізацыі працоўных адносін у рашэнні ад 20 сакавіка 2002 г. прапанаваў Ураду ўдасканаліць заканадаўства, якое датычыцца парадку пералічэння наймальнікамі прафсаюзных узносаў па ўказанню работніка. Пастановай ад 18 верасня 2002 г. № 1282 Савет Міністраў прадугледзеў магчымасць утрымання грашовых сум, у тым ліку прафсаюзных узносаў, з заработнай платы на падставе пісьмовай заявы работніка ў безнаяўным парадку, адносна якога раней і ўзнікалі спрэчкі. 

Важнае месца ў нарматворчасці займае прынцып дастатковасці і паўнаты прававога рэгулявання грамадскіх адносін. Насуперак гэтаму прынцыпу нарматыўныя прававыя акты нярэдка змяшчаюць прабелы, супярэчнасці, няясныя фармулёўкі, асабліва ў частцы юрыдычнай адказнасці. У той жа час сустракаюцца і выпадкі залішняй рэгламентацыі грамадскіх адносін у нарматыўных прававых актах. 

Канстытуцыйны Суд, у прыватнасці, разгледзеў пытанне аб дапушчальнасці заключэння фізічнымі асобамі дагавораў пазыкі замежнай валюты і прыйшоў да вываду аб магчымасці заключэння дагавораў пазыкі ў замежнай валюце грамадзянамі Рэспублікі Беларусь толькі з нерэзідэнтамі без афармлення ў Нацыянальным банку асобнага дазволу на правядзенне валютнай аперацыі. Кампетэнтным органам было прапанавана вывучыць магчымасць удасканальвання заканадаўства аб валютным рэгуляванні, у тым ліку пры заключэнні грамадзянамі дагавораў пазыкі ў замежнай валюце, што выключыла б неадназначнае разуменне і прымяненне ўказаных норм на практыцы, а таксама садзейнічала б больш поўнай абароне маёмасных інтарэсаў грамадзян. 

Непаўната і супярэчлівасць прававога рэгулявання была ўстаноўлена Канстытуцыйным Судом і ў адносінах да механізму ацэнкі кошту зямельных участкаў пры іх наследаванні. У заканадаўстве і ў правапрымяняльнай практыцы выявіліся істотныя супярэчнасці, якія вядуць да ўшчамлення правоў асоб, якім зямля належыць на праве ўласнасці. Рашэнне гэтых пытанняў адносіцца да вядзення Урада, таму Канстытуцыйны Суд прапанаваў Савету Міністраў даць адзінае паняцце кошту зямлі і ўстанавіць парадак яго вызначэння пры ўзнікненні адпаведных праваадносін. У мэтах выканання рашэння Канстытуцыйнага Суда Урадам прынята пастанова ад 17 снежня 2002 г. № 1764, якой зацверджана Палажэнне аб парадку правядзення ацэнкі, пераацэнкі зямель, зямельных участкаў. 

У аснове дзейнасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання ляжыць прынцып канстытуцыйнасці (законнасці). У адпаведнасці з артыкулам 7 Канстытуцыі дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства. Нарматворчая дзейнасць дзяржаўных органаў не можа супярэчыць устаноўленаму ў артыкулах 7 і 9 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” патрабаванню аб прыняцці (выданні) нарматыўнага прававога акта ўпаўнаважаным на тое дзяржаўным органам у межах яго кампетэнцыі.

Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам рашэннямі ад 28 снежня 2000 г. № 1566, ад 30 сакавіка 2001 г. № 374, ад 24 верасня 2001 г. № 1329, ад 22 снежня 2001 г. № 1748 быў прыпынены прыём дакументаў на індэксацыю падораных, атрыманых у спадчыну і набытых ва ўстаноўленым парадку ў грамадзян чэкаў “Жыллё” без уліку часу, на працягу якога яны маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Мінгарвыканком, зыходзячы з недастатковасці фінансавых сродкаў для індэксацыі жыллёвых квот, не прадугледжаных на гэтыя мэты Парламентам і Урадам, фактычна прыпыніў дзеянне часткі першай артыкула 21 Закона “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь” і часткі першай пункта 4 Палажэння аб індэксацыі жыллёвай квоты (сумы квот), зацверджанага пастановай Савета Міністраў ад 21 верасня 2001 г. № 1399. У якасці станоўчага факта вырашэння гэтай праблемы Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў Законе “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2003 год” прадугледжаны сродкі на індэксацыю жыллёвых квот, налічаных непасрэдна грамадзянам, членам іх сем’яў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а таксама атрыманых у спадчыну і падораных блізкімі сваякамі. 

У 2002 годзе Канстытуцыйны Суд паслядоўна праводзіў лінію, пачатую ім у папярэдні перыяд, па забеспячэнню канстытуцыйнага права кожнага чалавека на доступ да правасуддзя, што ў міжнародным праве разглядаецца ў якасці неад’емнага і з’яўляецца важнейшай характарыстыкай любой дзяржавы, якая прэтэндуе на статус прававой і дэмакратычнай. У сувязі са шматлікімі скаргамі наконт парушэнняў указанага права Канстытуцыйны Суд быў вымушаны неаднаразова прымаць адпаведныя рашэнні, накіраваныя на пацвярджэнне права кожнага на судовую абарону, і растлумачваць службовым асобам органаў судовай улады, што норма часткі першай артыкула 60 Канстытуцыі з’яўляецца нормай прамога дзеяння і мае ў сілу артыкула 137 Канстытуцыі вяршэнства як у выпадку разыходжання супярэчнасці) паміж Канстытуцыяй і падканстытуцыйнымі актамі, так і пры адсутнасці адпаведных норм аб парадку яго рэалізацыі ў бягучым заканадаўстве. 

У прыватнасці, нягледзячы на тое, што ў 2001 годзе Канстытуцыйным Судом было прынята рашэнне “Аб праве асуджаных да пазбаўлення волі на судовае абскарджанне прымененых да іх мер спагнання”, у 2002 годзе Канстытуцыйны Суд двойчы звяртаўся да разгляду гэтага пытання, прыняўшы рашэнні ад 15 ліпеня 2002 г. “Аб забеспячэнні канстытуцыйнага права асуджаных да пазбаўлення волі на судовае абскарджанне прымененых да іх мер спагнання” і ад 24 снежня 2002 г. “Аб канстытуцыйных гарантыях права асоб, асуджаных да пазбаўлення волі, на судовае абскарджанне прымененых да іх мер спагнання”. Ва ўказаных рашэннях зноў падкрэслена, што асуджаныя атрымалі права на судовае абскарджанне прымененых да іх мер спагнання з 30 сакавіка 1994 г., гэта значыць з дня ўступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, і што на падставе артыкула 137 Канстытуцыі рэалізацыя гэтага права не можа быць пастаўлена ў залежнасць ад яго замацавання ў падканстытуцыйных актах. Непрыняцце ж судамі скарг асуджаных на прымяненне да іх мер спагнання азначае невыкананне норм Канстытуцыі, і суды ў такіх выпадках бяруць на сябе адказнасць за парушэнне канстытуцыйных правоў грамадзян. 

На забеспячэнне доступу да правасуддзя было накіравана таксама рашэнне ад 15 студзеня 2002 г. “Аб выплаце дзяржаўнай пошліны асобамі, якія абскарджваюць у судовым парадку адмову ў рэгістрацыі хадайніцтва аб прызнанні бежанцамі і адмову ў прызнанні бежанцамі”. Згодна з Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь дзяржава павінна прадаставіць кожнаму бежанцу права свабоднага звароту ў суд. У той жа час устаноўлены заканадаўствам размер дзяржаўнай пошліны не дазваляў такім асобам выплаціць яе і, гэта значыць, рэалізаваць сваё права на доступ да правасуддзя. Канстытуцыйны Суд адзначае, што Савет Міністраў на падставе ўказанага рашэння Суда ў пастанове ад 8 красавіка 2002 г. № 443 істотна знізіў размер дзяржаўнай пошліны для бежанцаў па асобных катэгорыях спраў пры звароце іх за судовай абаронай. 

Важнейшымі прынцыпамі, якімі кіраваўся Канстытуцыйны Суд у сваёй дзейнасці, з’яўляюцца канстытуцыйныя прынцыпы роўнасці усіх перад законам і справядлівасці. Зыходзячы з гэтых прынцыпаў, Канстытуцыйны Суд неаднаразова звяртаўся да разгляду пытанняў, звязаных з прымяненнем амністыі да асоб, якія ўчынілі злачынствы. Рашэннем ад 11 студзеня 2002 г. было прызнана, што асобы, у адносінах да якіх вынесеныя прыгаворы ўступілі ў законную сілу на дзень уступлення ў сілу закона аб амністыі, маюць права на амністыю і ў тых выпадках, калі ў далейшым праводзіцца праверка гэтых прыгавораў у парадку нагляду. 

Зыходзячы з прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам, Канстытуцыйны Суд у сувязі з паступаючымі скаргамі выказаў пазіцыю аб тым, што асобы, асуджаныя за ўчыненыя імі злачынствы судамі іншых дзяржаў, але перададзеныя ў Рэспубліку Беларусь для адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, маюць права на прымяненне да іх пры наяўнасці адпаведных падстаў законаў Рэспублікі Беларусь аб амністыі, калі такая перадача ажыццяўлялася не толькі на падставе міжнародных дагавораў, але і на ўмовах прынцыпу ўзаемнасці. З улікам гэтай пазіцыі амністыя стала прымяняцца да ўказаных асоб. 

Як і ў папярэднія гады, Канстытуцыйны Суд у сваіх рашэннях і пісьмах уносіў прапановы па ўдасканальванню законаў аб амністыі з мэтай аптымальнага забеспячэння роўнасці асоб, якія ўчынілі злачынствы. Законам ад 15 ліпеня 2002 г. “Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы” прапановы Канстытуцыйнага Суда рэалізаваны. Разам з тым няўзгодненасць асобных норм гэтага Закона, што не дазваляюць адназначна прымяняць прынцып роўнасці да асоб, якія ўчынілі злачынствы да дня ўступлення яго ў сілу, выклікала неабходнасць звярнуцца да Парламента з прапановай аб дачы ім афіцыяльнага тлумачэння гэтых норм. 

Разгледзеўшы справу аб канстытуцыйнасці змяншэння банкамі ў аднабаковым парадку працэнтных ставак па дагаворах банкаўскага ўкладу (дэпазіту), Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 6 лістапада 2002 г. прыйшоў да вываду, што грамадзяне-ўкладчыкі пазбаўлены магчымасці ўплываць на змест дагавора, таму як эканамічна больш слабы бок яны маюць патрэбу ў асобай абароне сваіх правоў. Для забеспячэння канстытуцыйных прынцыпаў роўнасці і сацыяльнай накіраванасці эканамічнай дзейнасці, абароны правоў грамадзян і гарантый іх рэалізацыі Канстытуцыйны Суд прапанаваў Парламенту вызначыць у Банкаўскім кодэксе выпадкі, пры якіх дапушчальна зніжэнне банкамі працэнтных ставак па ўкладах у аднабаковым парадку, што дазволіла б выключыць адвольнае пагаршэнне ўмоў дагавора для грамадзяніна-ўкладчыка пры адсутнасці аб’ектыўных прадпасылак для гэтага. 

Пасля разгляду пытання адносна нявыплаты пенсій за выслугу гадоў былым ваеннаслужачым, якія пражываюць у іншых краінах, Канстытуцыйны Суд адзначыў, што выезд грамадзяніна, які мае права на атрыманне пенсіі ў адпаведнасці з законам, за межы Рэспублікі Беларусь на пастаяннае месца жыхарства не з’яўляецца падставай для абмежавання гэтага права. Адпаведныя прапановы аб удасканальванні заканадаўства ў гэтай сферы былі накіраваны Ураду. 

Канстытуцыя абавязвае дзяржаву, дзяржаўныя органы і службовых асоб у межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення правоў і свабод асобы (артыкул 59). Парушэнне гэтых абавязкаў не садзейнічае ўмацаванню даверу грамадзян да дзяржавы і яе органаў. 

Так, пасля разгляду пытання наконт несвоечасовасці выплаты заработнай платы па віне наймальніка, у сувязі з чым грамадзяне не мелі магчымасці своечасова ўносіць кватэрную плату і аплачваць камунальныя паслугі, што цягнула за сабой спагнанне з іх пені за несвоечасовае выкананне абавязацельстваў перад жыллёва-камунальнай службай, Канстытуцыйны Суд прапанаваў кампетэнтным дзяржаўным органам устанавіць адказнасць наймальніка за парушэнне тэрмінаў выплаты заработнай платы, увесці індэксацыю заработнай платы ў выпадку яе несвоечасовай выплаты, а таксама прадугледзець права работніка на спагнанне матэрыяльнай і маральнай шкоды, выкліканай затрымкай выплаты заработнай платы. 

Пытанні рэалізацыі на практыцы канстытуцыйнага прадпісання аб інфармаванні грамадзян аб рашэннях, якія прымаюцца дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі, былі разгледжаны Канстытуцыйным Судом у ходзе праверкі канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў на падставе пісем грамадзян. Канстытуцыйны Суд выявіў парушэнні патрабаванняў заканадаўства аб абавязковым апублікаванні нарматыўных прававых актаў у афіцыяльных выданнях, у тым ліку мясцовых, а таксама факты неабгрунтаванага надання ім зваротнай сілы, увядзення ў дзеянне нарматыўных прававых актаў без прадастаўлення грамадзянам неабходных тэрмінаў для азнаямлення з імі. Тым самым не выконвалася патрабаванне артыкула 7 Канстытуцыі, які прадугледжвае абавязковасць публікацыі або давядзення да ўсеагульнага ведама іншым прадугледжаным законам спосабам нарматыўных актаў дзяржаўных органаў. Канстытуцыйны Суд, у прыватнасці, звярнуў увагу абласных выканаўчых камітэтаў на неабходнасць забеспячэння належнага азнаямлення грамадзян з нарматыўнымі прававымі актамі, якія прымаюцца ў адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках. 

Зыходзячы з патрабаванняў артыкула 40 Канстытуцыі і Закона “Аб зваротах грамадзян”, Канстытуцыйны Суд разглядае звароты грамадзян як важную крыніцу інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў па выкананню норм Канстытуцыі і абароне правоў і свабод асобы. У 2002 годзе ў Канстытуцыйны Суд паступіла больш за 1300 пісьмовых зваротаў, у тым ліку 950 ад асобных грамадзян, 20 калектыўных за подпісам 900 чалавек, 249 ад грамадскіх аб’яднанняў (у тым ліку 63 пісьмы за подпісам 3500 іх членаў). Акрамя таго, на асабістым прыёме ў Канстытуцыйным Судзе было прынята больш за 200 грамадзян. Звароты, якія паступалі ў Канстытуцыйны Суд, сведчаць аб узрастаючым узроўні правасвядомасці грамадзян, аб іх імкненні садзейнічаць удасканальванню заканадаўства і яго належнаму выкананню ва ўсіх сферах жыцця нашага грамадства з улікам патрабаванняў Канстытуцыі. 

Найбольшая колькасць зваротаў грамадзян у мінулым годзе паступала па пытаннях правамернасці дзеянняў органаў расследавання, заключэння пад варту, разгляду крымінальных спраў у судах, адмовы ў разглядзе наглядных скарг, выканання законаў аб амністыі і інш. 

Шэраг зваротаў у Канстытуцыйны Суд у 2002 годзе быў звязаны з забеспячэннем жыллёвых правоў грамадзян, у тым ліку ў галіне прадастаўлення льготных крэдытаў, аднаразовых бязвыплатных субсідый і іншых форм дзяржаўнай падтрымкі грамадзян у паляпшэнні імі жыллёвых умоў. Усе гэтыя і звязаныя з імі пытанні павінны атрымаць вырашэнне ў новым жыллёвым заканадаўстве. 

Работнікі некаторых дзяржаўных прадпрыемстваў, якія атрымліваюць жылыя памяшканні ў бестэрміновае карыстанне па дагавору найму, скардзіліся на тое, што гэтыя прадпрыемствы адначасова патрабуюць ад іх перадачы на бязвыплатнай аснове жылых памяшканняў, што належаць ім на праве ўласнасці. Абавязковая ўмова аб бязвыплатнай перадачы прадпрыемству жылля, што знаходзіцца ва ўласнасці грамадзяніна, які паляпшае жыллёвыя ўмовы па дагавору найму, ставіць яго ў няроўнае становішча з грамадзянамі, якія не маюць жылых памяшканняў на праве ўласнасці, таму Канстытуцыйны Суд прапанаваў Палаце прадстаўнікоў вызначыць парадак прадастаўлення дзяржаўнымі прадпрыемствамі сваім работнікам жылых памяшканняў па дагавору найму, не аднесеных да катэгорыі сацыяльнага жылля. 

З улікам шматлікіх скарг грамадзян па пытаннях, якія датычацца належнага выканання дзяржавай сваіх пазыковых абавязацельстваў па дзяржаўнай мэтавай беспрацэнтнай пазыцы СССР 1990 года, Канстытуцыйны Суд прапанаваў Ураду (рашэнне ад 31 снежня 2002 г.) разгледзець пытанне аб неабходнасці ўдасканальвання механізму кампенсацыі страт грамадзянам — уладальнікам такіх аблігацый. 

У мінулым годзе паступалі звароты ад жанчын, якія выхоўваюць дзяцей без бацькі, у якіх адзначалася, што адсутнасць у заканадаўстве мінімальнага размеру аліментаў, якія спаганяюцца на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей, істотна ўшчамляе іх законныя інтарэсы. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд звярнуўся да Нацыянальнага сходу з прапановай устанавіць мінімальны размер аліментаў, якія спаганяюцца з бацькоў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей, як гэта было прадугледжана ў заканадаўстве раней. 

У шматлікіх скаргах грамадзян указвалася на супярэчнасці паміж пенсіённым заканадаўствам і Крымінальна-выканаўчым кодэксам у частцы рэгулявання пытанняў утрымання з пенсій асоб, асуджаных да пазбаўлення волі, і залічэння на іх асабовыя рахункі часткі налічаных даходаў. Пры гэтым на практыцы не забяспечваліся гарантыі, устаноўленыя Крымінальна-выканаўчым кодэксам, а прымяняліся нормы пенсіённага заканадаўства, нягледзячы на тое што, зыходзячы з палажэнняў Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”, нормы кодэкса ў адносінах да іншага закона валодаюць большай юрыдычнай сілай. У мэтах устаранення калізіі паміж названымі нарматыўнымі прававымі актамі Канстытуцыйны Суд прапанаваў Нацыянальнаму сходу да 1 студзеня 2003 г. прывесці нормы законаў аб пенсіённым забеспячэнні ў адпаведнасць з нормамі крымінальна-выканаўчага закона і ўрэгуляваць пытанні ўтрымання з пенсій асоб, асуджаных да пазбаўлення волі, і залічэння на іх асабовыя рахункі часткі налічаных даходаў. 

У шэрагу зваротаў ставіліся пытанні аб пашырэнні кола асоб, якія прызнаюцца ахвярамі палітычных рэпрэсій 20–80-х гадоў, і ўзмацненні сацыяльнай абароны дадзенай катэгорыі грамадзян. Аўтары такіх зваротаў прапаноўваюць аднесці да ліку рэпрэсіраваных асоб дзяцей, якія засталіся ў непаўналетнім узросце без апекі бацькоў, неабгрунтавана рэпрэсіраваных па палітычных матывах. Канстытуцыйны Суд мяркуе, што такога роду прапановы павінны быць усебакова вывучаны ў працэсе работы па ўдасканальванню заканадаўства. 

Важным крытэрыем ацэнкі стану канстытуцыйнай законнасці з’яўляецца выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, накіраваных на забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі і яе непасрэднага дзеяння. Як устаноўлена артыкулам 10 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, рашэнні Канстытуцыйнага Суда абавязковыя для выканання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь усімі дзяржаўнымі органамі, прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі, службовымі асобамі і грамадзянамі. Рашэнні, як гэта прадпісана артыкулам 401 названага Закона, падлягаюць выкананню неадкладна пасля апублікавання, калі іншыя тэрміны спецыяльна ў іх не агавораны. 

Большасць вынесеных Канстытуцыйным Судом рашэнняў выканана, што адзначана ў гэтым Пасланні. 

Акрамя таго, у 2002 годзе выкананы раней прынятыя Канстытуцыйным Судом рашэнні ад 19 мая 2000 г. аб умоўна-датэрміновым вызваленні ад пакарання непаўналетніх, у адносінах да якіх прыменена амністыя, і ад 6 снежня 2000 г. аб парадку размеркавання выпускнікоў дзяржаўных вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Міністэрства ўнутраных спраў прыняло пастанову ад 5 сакавіка 2002 г. № 59, якім выканала рашэнні Канстытуцыйнага Суда аб праве затрыманага, падазронага, заключанага на сустрэчы ў ізалятары часовага ўтрымання з абаронцам без раздзяляльнай перагародкі і без абмежавання іх колькасці і працягласці, ва ўмовах, калі супрацоўнік ізалятара можа бачыць затрыманага або заключанага пад варту і абаронцу, але не чуць іх. Рашэнне ўказаных пытанняў, хаця і з некаторым спазненнем, з’яўляецца сведчаннем зацвярджэння на практыцы прынцыпаў прававой дзяржавы. 

Разам з тым маюць месца выпадкі, калі выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда ігнаруецца дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі. Так, невыкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда аб рэалізацыі права асуджаных да пазбаўлення волі на судовае абскарджанне дысцыплінарных спагнанняў, якія накладаюцца на іх адміністрацыяй папраўчых устаноў, цягнула цэлы шэраг парушэнняў канстытуцыйных правоў грамадзян. Былі выпадкі несвоечасовага выканання рашэнняў Канстытуцыйнага Суда і па іншых пытаннях. 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што выкананне дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі рашэнняў Канстытуцыйнага Суда выяўляе іх адносіны да прадпісанняў Канстытуцыі, разуменне месца і ролі кожнага дзяржаўнага органа ў фарміраванні прававой сістэмы дзяржавы. 

* * * 

Аналіз стану канстытуцыйнай законнасці ў 2002 годзе сведчыць аб наяўнасці ў праватворчай і правапрымяняльнай сферах у Рэспубліцы Беларусь як вартасцей, так і недахопаў, якія ўплываюць на стан канстытуцыйнай законнасці. 

Праведзеная заканатворчымі органамі за мінулыя гады работа па стварэнню сістэмы нацыянальнага заканадаўства, безумоўна, з’яўляецца станоўчым фактарам дзяржаўнасці, што сведчыць аб фарміраванні ў Рэспубліцы Беларусь якасна новай сістэмы права суверэннай дзяржавы. 

Аднак у праватворчасці і правапрымяненні ў мінулым годзе меліся істотныя недахопы: калізіі нарматыўных прававых актаў аднаго ўзроўню, прабелы ў прававым рэгуляванні важных для абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян пытанняў, супярэчнасці ў нарматыўным рэгуляванні адных і тых жа пытанняў нарматыўнымі прававымі актамі роўнай юрыдычнай сілы, адступленні ад прынцыпаў вяршэнства Канстытуцыі і інш. На такія негатыўныя з’явы неаднаразова звяртаў увагу ў сваіх рашэннях Канстытуцыйны Суд. 

Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу і на тое, што ў Рэспубліцы Беларусь фактычна адсутнічае практыка тлумачэння праватворчымі органамі выдаваемых імі прававых актаў нават у тых выпадках, калі неабходнасць тлумачэння выклікаецца супярэчнасцямі ў дзейнасці правапрымяняльных органаў, у тым ліку судоў. 

У сілу сваёй прыроды Канстытуцыйны Суд у 2002 годзе садзейнічаў умацаванню канстытуцыйнай законнасці, удасканальванню нацыянальнай прававой сістэмы, гарманізацыі інтарэсаў чалавека, грамадства і дзяржавы, фарміраванню канстытуцыйна-прававой мадэлі забеспячэння прававой бяспекі асобы, якая з’яўляецца асновай нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўмацаванне канстытуцыйнай законнасці можа быць забяспечана пры безумоўным выкананні ўсімі дзяржаўнымі органамі, службовымі асобамі і грамадзянамі ў праватворчай і правапрымяняльнай дзейнасці прынцыпаў і норм, замацаваных у Асноўным Законе. 

Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 5 лютага 2003 года.  

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                             Р.А.Васілевіч