Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
24 красавіка 2003 г. № Р-156/2003
Аб прававым рэгуляванні выплаты дзяржаўнай пошліны пры разглядзе працоўных спрэчак
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Кенік К.I., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот аб праверцы канстытуцыйнасці палажэнняў аб выплаце дзяржаўнай пошліны пры звароце ў органы пракуратуры з нагляднай скаргай на судовую пастанову па працоўнай спрэчцы.
 
Вывучыўшы палажэнні Канстытуцыі, Працоўнага і Грамадзянскага працэсуальнага кодэксаў, Закона “Аб дзяржаўнай пошліне” і іншых нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
У адпаведнасці з часткай чацвёртай артыкула 241 ПК пры разглядзе індывідуальных працоўных спрэчак работнікі вызваляюцца ад выплаты судовых расходаў. Згодна з артыкулам 114 ГПК судовыя расходы складаюцца з дзяржаўнай пошліны і выдаткаў, звязаных з разглядам справы.
 
Закон “Аб дзяржаўнай пошліне” вызначае аб’екты абкладання дзяржаўнай пошлінай. Дзяржаўная пошліна бярэцца, у прыватнасці, з іскавых заяў, заяў і скарг, якія падаюцца ў суды, з касацыйных і наглядных скарг на судовыя пастановы, а таксама за выдачу судамі копій дакументаў; з наглядных скарг на судовыя пастановы, якія падаюцца ў органы пракуратуры (арт. 2 Закона). У артыкуле 4 указанага Закона прадугледжаны пэўныя катэгорыі асоб, якія вызвалены ад выплаты дзяржаўнай пошліны. Аднак, нягледзячы на тое што кодэкс мае большую юрыдычную сілу ў адносінах да іншых законаў, да цяперашняга часу Закон “Аб дзяржаўнай пошліне” не прыведзены ў адпаведнасць з Працоўным кодэксам у частцы вызвалення работнікаў ад выплаты судовых расходаў пры разглядзе працоўных спрэчак.
 
Нарматыўнымі прававымі актамі не вызначана, пры звароце ў якія інстанцыі работнік вызваляецца ад выплаты дзяржаўнай пошліны — толькі пры звароце ў суд першай і касацыйнай інстанцыі або таксама пры падачы наглядных скарг на судовую пастанову па працоўнай спрэчцы.
 
На практыцы грамадзяне вызваляюцца ад выплаты дзяржаўнай пошліны па працоўных спрэчках як пры звароце ў суд першай і касацыйнай інстанцыі, так і пры падачы наглядных скарг службовым асобам органаў судовай улады, якія валодаюць правам прынясення пратэсту ці адмаўлення ў яго прынясенні.
 
Згодна з артыкулам 439 ГПК пратэсты ў парадку нагляду на судовыя пастановы маюць права прыносіць не толькі адпаведныя службовыя асобы судоў, але і Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, пракуроры абласцей і горада Мінска, а таксама Беларускі ваенны пракурор. Прычынамі і падставамі да выпатрабавання спраў і прынясення пратэстаў з’яўляюцца, у прыватнасці, скаргі (наглядныя скаргі) юрыдычна зацікаўленых у зыходзе справы асоб, а таксама асоб, чые правы і ахоўваемыя законам інтарэсы парушаны вынесенай па справе судовай пастановай.
 
Пры звароце грамадзян у пракуратуру са скаргамі на судовыя пастановы па працоўных спрэчках дзяржаўная пошліна бярэцца, у той час як пры звароце да службовых асоб судоў аб прынясенні пратэстаў у парадку нагляду на ўступіўшыя ў законную сілу судовыя рашэнні па працоўных спрэчках яна не выплачваецца. Абавязак выплаты дзяржаўнай пошліны пры звароце з нагляднымі скаргамі на судовыя пастановы па працоўных спрэчках у пракуратуру абгрунтоўваецца тым, што Законам “Аб дзяржаўнай пошліне” не прадугледжана вызваленне ад яе выплаты за падачу скарг у органы пракуратуры. Інструкцыяй аб парадку вылічэння, спагнання і залічэння ў бюджэт дзяржаўнай пошліны, зацверджанай пастановай Дзяржаўнага падатковага камітэта Рэспублікі Беларусь ад 26 мая 2000 г. № 47 (у рэдакцыі пастановы ад 28 мая 2001 г. № 75), устаноўлена, што вызваленне ад выплаты пошліны за падачу іскавых заяў у суд не цягне за сабой вызвалення ад выплаты пошліны за падачу заяў, скарг у органы пракуратуры.
 
Паколькі дзеючае заканадаўства змяшчае супярэчнасці, патрабуецца ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Закон “Аб дзяржаўнай пошліне” і іншыя нарматыўныя прававыя акты ў мэтах аднастайнага прававога рэгулявання дадзенага пытання.
 
Пры гэтым неабходна ўлічваць, што падставай для далейшага разгляду працоўнай спрэчкі ў наглядным парадку з’яўляецца скарга зацікаўленай у зыходзе справы асобы, якую яна мае права падаваць адпаведнай службовай асобе судовых органаў або адпаведнаму пракурору. Пры гэтым, незалежна ад таго, каму з названых службовых асоб падаецца наглядная скарга, сутнасць працоўнай спрэчкі не змяняецца, работнік звяртаецца ў наступную інстанцыю па працоўнай спрэчцы, разгляд якой, па яго меркаванню, правільна не завершаны.
 
Трэба мець на ўвазе, што службовыя асобы як судовых органаў, так і органаў пракуратуры пры вызначэнні падстаў для прынясення пратэсту ў парадку нагляду працоўную спрэчку не вырашаюць і валодаюць толькі правам прынясення пратэсту на здзейсненую судовую пастанову па працоўнай спрэчцы ў адпаведную судовую інстанцыю. Вырашэнне пратэсту знаходзіцца ў кампетэнцыі суда, куды накіроўваецца пратэст і які мае права не задаволіць яго.
 
З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што дзеючае заканадаўства аб выплаце дзяржаўнай пошліны мае патрэбу ва ўдасканальванні з мэтай устаранення наяўных у ім супярэчнасцей і прабелаў і больш поўнай абароны правоў грамадзян і інтарэсаў дзяржавы.
 
Кіруючыся артыкуламі 40, 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Зыходзячы з таго, што пытанне аб выплаце дзяржаўнай пошліны па працоўных спрэчках пры звароце ў розныя інстанцыі (суд або пракуратуру) павінна быць адназначна ўрэгулявана ў дзеючым заканадаўстве з улікам палажэнняў Працоўнага кодэкса аб вызваленні работнікаў ад выплаты судовых расходаў пры разглядзе працоўных спрэчак, прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь унесці неабходныя змяненні і дапаўненні ў Закон “Аб дзяржаўнай пошліне” і іншыя нарматыўныя прававыя акты з мэтай устаранення ў іх супярэчнасцей і прабелаў.
 
Канстытуцыйны Суд не выключае, што пры вырашэнні пытання аб замацаванні ў заканадаўстве норм аб вызваленні работнікаў ад выплаты дзяржаўнай пошліны па працоўных спрэчках пры звароце ў органы пракуратуры магчымы розныя варыянты вырашэння дадзенага пытання: устанаўленне ў заканадаўстве парадку, пры якім па скаргах у органы пракуратуры, якія датычацца працоўных спрэчак, дзяржаўная пошліна ўвогуле не бярэцца; вяртанне дзяржаўнай пошліны ў выпадку прызнання скаргі абгрунтаванай і прынясення службовымі асобамі пракуратуры пратэсту ў парадку нагляду на судовую пастанову па працоўнай спрэчцы; выплата дзяржаўнай пошліны па паўторных скаргах, па якіх адмоўлена ў прынясенні пратэсту ўпаўнаважанымі на тое службовымі асобамі пракуратуры, і іншыя.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                           Р.А. Васілевіч