Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
26 мая 2003 г. № З-157/2003
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь артыкула 5 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя”, пастановы Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 жніўня 1996 г. № 566 “Аб платных відах медыцынскай дапамогі і паслуг, якія аказваюцца ў дзяржаўных установах аховы здароўя”, пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2002 г. № 871 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аказання платных медыцынскіх паслуг у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя”
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.
 
з удзелам прадстаўнікоў:
 
Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — Архіпава А.М., старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўству і судова-прававых пытаннях; Лектарава В.М., старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі; Парфяновіча У.У., намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі;
 
Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — Камоцкай А.Р., намесніка начальніка Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі;
 
Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь — Раманенкава А.С., намесніка Міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь,
 
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь артыкула 5 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя”, пастановы Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 жніўня 1996 г. № 566 “Аб платных відах медыцынскай дапамогі і паслуг, якія аказваюцца ў дзяржаўных установах аховы здароўя”, пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2002 г. № 871 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аказання платных медыцынскіх паслуг у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя”.
 
У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:
 
Міранічэнка I.А. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Козырава Л.Р. — намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь; Купрыянаў М.М. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь; Краўцоў А.Э. — намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
 
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 3 снежня 2002 г. па прапанове Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулаў 5 і 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.
 
Праверцы падлягалі артыкул 5 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 чэрвеня 1993 г. “Аб ахове здароўя” ў рэдакцыі Закона ад 11 студзеня 2002 г. (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 10, 2/840), пастанова Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 жніўня 1996 г. № 566 “Аб платных відах медыцынскай дапамогі і паслуг, якія аказваюцца ў дзяржаўных установах аховы здароўя” са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі пастановамі ад 31 снежня 1997 г. № 1764, ад 3 жніўня 1998 г. № 1223, ад 26 чэрвеня 2001г. № 954 (Збор указаў Прэзідэнта і пастаноў Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь, 1996 г., № 25, арт. 653; Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь, 1998 г., № 22, арт. 593; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2001 г., № 63, 5/6300), а таксама пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2002 г. № 871 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аказання платных медыцынскіх паслуг у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя” (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 78, 5/10724).
 
Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прапанавала даць заключэнне аб канстытуцыйнасці артыкула 5 Закона “Аб ахове здароўя” і названых пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь, указаўшы, што ўвядзенне платных відаў медыцынскай дапамогі і паслуг выклікае неадназначную рэакцыю ў насельніцтва і медыцынскіх работнікаў рэспублікі, у шматлікіх зваротах грамадзян ставіцца пытанне аб канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, якія рэгламентуюць прадастаўленне платных відаў медыцынскай дапамогі і паслуг.
 
3 сакавіка 2003 г. па хадайніцтву прадстаўніка Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь вядзенне па справе было прыпынена ў сувязі з неабходнасцю дадатковага вывучэння матэрыялаў і акалічнасцей па справе, а таксама плануемым разглядам на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь пытання, якое датычыцца прадастаўлення медыцынскай дапамогі і аказання платных паслуг насельніцтву, у тым ліку медыцынскіх.
 
Заслухаўшы паведамленне суддзі-дакладчыка Кенік К.I., паведамленні прадстаўнікоў бакоў і спецыяліста, прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, міжнародна-прававых актаў, законаў і іншых нарматыўных прававых актаў, практыку іх прымянення, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 красавіка 2003 г. № 556 зацверджаны новае Палажэнне аб парадку аказання платных медыцынскіх паслуг у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя і новы Пералік платных медыцынскіх паслуг, якія аказваюцца ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 50, 5/12380). Гэтай жа пастановай прызнаны страціўшымі сілу пастанова Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 жніўня 1996 г. № 566 “Аб платных відах медыцынскай дапамогі і паслуг, якія аказваюцца ў дзяржаўных установах аховы здароўя” (з далейшымі змяненнямі і дапаўненнямі) і пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2002 г. № 871 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аказання платных медыцынскіх паслуг у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя”, у адносінах да якіх была ўнесена прапанова аб праверцы іх канстытуцыйнасці.
 
У сувязі з адменай пастаноў Урада, якія з’яўляліся прадметам разгляду Канстытуцыйнага Суда, вядзенне па справе аб праверцы іх канстытуцыйнасці ў адпаведнасці з артыкулам 27 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкулам 22 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда спыняецца.
 
Пры гэтым Канстытуцыйны Суд прымае да ўвагі, што ў новым Пераліку платных медыцынскіх паслуг, якія аказваюцца ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя, амаль у два разы, у параўнанні з раней дзеючым Пералікам, скарочана колькасць платных медыцынскіх паслуг, якія аказваюцца дзяржаўнымі арганізацыямі аховы здароўя, і ўстаноўлена, што платныя медыцынскія паслугі з’яўляюцца дадатковымі да гарантаванага дзяржавай аб’ёму бясплатнай медыцынскай дапамогі. Гэтыя паслугі аказваюцца па жаданню грамадзяніна на падставе заключанага ў пісьмовай форме дагавора выплатнага аказання медыцынскіх паслуг.
 
Разам з названымі пастановамі Урада ў якасці прадмета праверкі ў прапанове Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ўказаны і артыкул 5 Закона “Аб ахове здароўя”.
 
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсіх грамадзян медыцынскага абслугоўвання (артыкул 45).
 
Згодна з артыкулам 12 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах дзяржавы, што ўдзельнічаюць у Пакце, прызнаюць права кожнага чалавека на найвышэйшы дасягальны ўзровень фізічнага і псіхічнага здароўя. Меры, якія павінны быць прыняты дзяржавамі, што ўдзельнічаюць у дадзеным Пакце, для поўнага ажыццяўлення гэтага права, уключаюць мерапрыемствы, неабходныя для стварэння ўмоў, якія б забяспечвалі ўсім медыцынскую дапамогу і медыцынскі догляд у выпадку хваробы.
 
Закон “Аб ахове здароўя”, вызначаючы права грамадзян Рэспублікі Беларусь на ахову здароўя, прадугледжвае, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь незалежна ад полу, расы, мовы, нацыянальнасці, службовага і сацыяльнага становішча, месца жыхарства, адносін да рэлігіі, перакананняў і іншых абставін маюць права на ахову здароўя. Гэта права забяспечваецца аховай навакольнага асяроддзя, стварэннем спрыяльных умоў працы, быту, адпачынку, гігіенічным выхаваннем і навучаннем грамадзян, вырабам і рэалізацыяй дабраякасных прадуктаў харчавання, стварэннем умоў для заняткаў фізічнай культурай і спортам, а таксама прадастаўленнем насельніцтву даступнай медыцынскай дапамогі, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя (артыкул 5 Закона).
 
У частцы трэцяй артыкула 5 указанага Закона прадугледжана, што дзяржаўныя арганізацыі аховы здароўя могуць аказваць платныя медыцынскія паслугі ў адпаведнасці з пералікам і парадкам, якія вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў артыкуле 1 Закона “Аб ахове здароўя” раскрыта азначэнне шэрага паняццяў, якія прымяняюцца ў ім (здароўе, ахова здароўя і інш.), аднак такія паняцці, як лячэнне, медыцынская паслуга, не вызначаны. Закон “Аб ахове здароўя” вызначае медыцынскую дапамогу як комплекс медыцынскіх мерапрыемстваў па захаванню і ўмацаванню здароўя людзей, што ўключае прафілактыку, дыягностыку, лячэнне, рэабілітацыю, пратэзаванне. Згодна з галіновым класіфікатарам “Простыя медыцынскія паслугі”, зацверджаным загадам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 14 снежня 2001 г. № 272, медыцынскія паслугі — гэта мерапрыемствы або комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку захворванняў, іх дыягностыку і лячэнне, якія маюць самастойнае значэнне і пэўны кошт.
 
Зыходзячы з сэнсу і зместу артыкула 5 Закона “Аб ахове здароўя”, Канстытуцыйны Суд лічыць, што аказанне платных медыцынскіх паслуг (медыцынскіх паслуг другараднага значэння — па тэрміналогіі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя) дапушчальна звыш гарантаванага аб’ёму медыцынскай дапамогі, устаноўленага ў якасці дзяржаўных сацыяльных гарантый у галіне аховы здароўя.
 
Разам з тым ранейшая практыка аказання платнай медыцынскай дапамогі і паслуг сведчыць аб пашыраным тлумачэнні ў некаторых выпадках установамі аховы здароўя магчымасцей збірання платы за лячэбна-дыягнастычныя мерапрыемствы, у тым ліку і за тыя з іх, якія ўваходзілі ў абавязковы пералік бясплатнай медыцынскай дапамогі і паслуг.
 
Законам Рэспублікі Беларусь ад 11 лістапада 1999 г. “Аб дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартах” (з дапаўненнем і змяненнем, унесенымі Законам ад 4 студзеня 2003 г.) пералічаны дзяржаўныя мінімальныя стандарты ў галіне аховы здароўя, да якіх, у прыватнасці, адносяцца паслугі па аказанню стацыянарнай, амбулаторна-паліклінічнай і хуткай медыцынскай дапамогі, за выключэннем платных відаў медыцынскай дапамогі і паслуг, якія аказваюцца ў дзяржаўных установах аховы здароўя, што вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь; нормы і нарматывы матэрыяльна-тэхнічнага, медыкаментознага, кадравага забеспячэння ў дзяржаўных установах аховы здароўя розных тыпаў і відаў; нормы харчавання, абмундзіравання, мяккага інвентару ў дзяржаўных установах аховы здароўя; нормы і нарматывы льготнага забеспячэння лекавымі прэпаратамі, перавязачнымі сродкамі і прадметамі медыцынскага прызначэння, слыхавымі апаратамі, вочнымі пратэзамі і зубапратэзаваннем (артыкул 9).
 
Фарміраванне і прымяненне дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў павінна ажыццяўляцца, як вынікае з артыкула 3 указанага Закона, зыходзячы з прынцыпаў захавання канстытуцыйных правоў грамадзян у галіне сацыяльных гарантый; усебаковай абгрунтаванасці іх устанаўлення і прымянення зыходзячы з эканамічных магчымасцей дзяржавы; агульнадаступнасці; мэтавага і адраснага іх фінансавання; шырокай інфармаванасці грамадзян праз сродкі масавай інфармацыі аб гэтых сацыяльных стандартах.
 
УстанаЉўленне дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў, зыходзячы з эканамічных магчымасцей дзяржавы, дапускаецца і міжнародна-прававымі актамі. Так, артыкул 2 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах прадугледжвае абавязак дзяржаў, якія ўдзельнічаюць у Пакце, у індывідуальным парадку і ў парадку міжнароднай дапамогі і супрацоўніцтва, у прыватнасці ў эканамічнай і тэхнічнай галінах, прыняць у максімальных межах наяўных рэсурсаў меры да таго, каб забяспечыць паступова поўнае ажыццяўленне правоў, што прызнаюцца ў Пакце, усімі належнымі спосабамі, уключаючы, у прыватнасці, прыняцце заканадаўчых мер.
 
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2002 г. № 963 “Аб дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартах у галіне аховы здароўя” ўстаноўлены асноўныя віды паслуг па аказанню стацыянарнай, амбулаторнай і хуткай медыцынскай дапамогі, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі арганізацыямі аховы здароўя бясплатна згодна з вызначаным пералікам. Гэты пералік змяшчае віды паслуг па аказанню першаснай медыка-санітарнай, хуткай медыцынскай і стацыянарнай дапамогі, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі арганізацыямі аховы здароўя бясплатна і накіраваны на задавальненне асноўных патрэбнасцей чалавека ў медыцынскім лячэнні і медыцынскім абслугоўванні, таму што ўключаюць асноўныя віды першаснай медыка-санітарнай дапамогі, хуткай медыцынскай дапамогі, якая аказваецца пры станах, што пагражаюць жыццю, і стацыянарнай дапамогі пры наяўнасці медыцынскіх паказчыкаў.
 
З улікам таго што платныя медыцынскія паслугі з’яўляюцца дадатковымі да гарантаванага дзяржавай аб’ёму бясплатнай медыцынскай дапамогі, Канстытуцыйны Суд лічыць, што палажэнні артыкула 5 Закона “Аб ахове здароўя” аб магчымасці аказання дзяржаўнымі арганізацыямі аховы здароўя платных медыцынскіх паслуг не супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававым актам, хаця ўказаны Закон мае патрэбу ва ўдакладненні шэрага тэрмінаў і паняццяў, якія ў ім выкарыстоўваюцца, у мэтах іх адназначнага разумення і прымянення.
 
Кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 5, 6, 9, 11, 34, 38, 40, 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫPАШЫЎ:
 
1. Прызнаць, што артыкул 5 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя” не супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
 
2. У сувязі з прызнаннем пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 красавіка 2003 г. № 556 страціўшымі сілу пастановы Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 жніўня 1996 г. № 566 “Аб платных відах медыцынскай дапамогі і паслуг, якія аказваюцца ў дзяржаўных установах аховы здароўя” (з далейшымі змяненнямі і дапаўненнямі) і пастановы Савета Міністраў Республікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2002 г. № 871 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аказання платных медыцынскіх паслуг у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя” вядзенне па справе аб праверцы іх канстытуцыйнасці ў адпаведнасці з артыкулам 27 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” спыніць.
 
3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь забяспечыць выкананне законаў “Аб ахове здароўя”, “Аб дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартах” у мэтах больш поўнай рэалізацыі грамадзянамі канстытуцыйнага права на ахову здароўя.
 
4. Апублікаваць гэта Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў газетах “Звязда”, “Народная газета”, Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь, а таксама ў “Весніку Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.
 
5. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                     Р.А. Васілевіч