Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
5 чэрвеня 2003 г. № Р-158/2003
Аб канстытуцыйнасці падпункта 1.4 пункта 1 і падпункта 2.4 пункта 2 рашэння Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 28 чэрвеня 2002 г. № 83 “Аб увядзенні мясцовых збораў і аб зацвярджэнні палажэнняў аб парадку вылічэння і выплаты мясцовых збораў, уведзеных на 2002 год”
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот па пытанню правамернасці ўвядзення Наваполацкім гарадскім Саветам дэпутатаў мясцовага збору за права пастаўкі вуглевадароднай сыравіны з мэтай прамысловай перапрацоўкі на давальніцкіх умовах, устанавіў наступнае.
 
Рашэннем Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 28 чэрвеня 2002 г. № 83 “Аб увядзенні мясцовых збораў і аб зацвярджэнні палажэнняў аб парадку вылічэння і выплаты мясцовых збораў, уведзеных на 2002 год” (падпункт 1.4 пункта 1 і падпункт 2.4 пункта 2) на тэрыторыях, якія ўваходзяць у адміністрацыйнае падпарадкаванне Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў і Наваполацкага выканаўчага камітэта, з 1 ліпеня 2002 г. быў уведзены мясцовы збор за права пастаўкі вуглевадароднай сыравіны з мэтай прамысловай перапрацоўкі на давальніцкіх умовах і зацверджана Палажэнне аб парадку вылічэння і выплаты збору за права ажыццяўлення пастаўкі вуглевадароднай сыравіны з мэтай прамысловай перапрацоўкі на давальніцкіх умовах (далей — Палажэнне), у якое рашэннем Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 19 верасня 2002 г. № 98 унесены змяненні і дапаўненні.
 
У адпаведнасці з Палажэннем юрыдычныя асобы, іх філіялы, прадстаўніцтвы і іншыя адасобленыя падраздзяленні незалежна ад падпарадкаванасці і форм уласнасці (акрамя арганізацый, надзеленых паўнамоцтвамі органаў дзяржаўнага кіравання), індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць пастаўку вуглевадароднай сыравіны з мэтай прамысловай перапрацоўкі на давальніцкіх умовах на прадпрыемствы, што знаходзяцца на адміністрацыйна падпарадкаваных тэрыторыях, прызнаваліся плацельшчыкамі гэтага збору.
 
Згодна з артыкулам 121 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў адносіцца ўстанаўленне ў адпаведнасці з законам мясцовых падаткаў і збораў. На неабходнасць няўхільнага выканання дадзенай канстытуцыйнай нормы Канстытуцыйны Суд неаднаразова звяртаў увагу пры прыняцці шэрага рашэнняў: ад 16 лістапада 2001 г. “Аб мясцовым зборы за карыстанне стаянкамі і паркоўку ў спецыяльна абсталяваных месцах”; ад 4 снежня 2001 г. “Аб мясцовым паляўнічым зборы”; ад 9 кастрычніка 2002 г. “Аб канстытуцыйнасці ўстанаўлення мясцовага збору з фізічных асоб пры перасячэнні імі мяжы Рэспублікі Беларусь праз кантрольна-прапускныя пункты”; ад 14 лютага 2003 г. “Аб канстытуцыйнасці рашэння Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 104 “Аб бюджэце г. Пінска на 2002 г.” у частцы ўвядзення мясцовага збору з карыстальнікаў інфраструктуры горада”.
 
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні артыкула 10 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год”, Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў, Саветы дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню ўводзяць на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак мясцовыя падаткі і зборы згодна з пералікам, указаным у пункце 1 гэтага артыкула. Пры ўвядзенні мясцовых збораў з карыстальніка і збораў за паслугі мясцовыя Саветы дэпутатаў маюць права разам з непасрэдна пералічанымі ў законе ўводзіць іншыя віды збораў з карыстальніка і збораў за паслугі з улікам палажэнняў часткі першай пункта 2 дадзенага артыкула: абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў, Саветы дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню самастойна вызначаюць базу і аб’екты падаткаабкладання, канкрэтныя размеры ставак, плацельшчыкаў, ільготы, парадак вылічэння і тэрміны выплаты мясцовых падаткаў і збораў, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
Мясцовы збор за права пастаўкі вуглевадароднай сыравіны з мэтай прамысловай перапрацоўкі на давальніцкіх умовах, уведзены Наваполацкім гарадскім Саветам дэпутатаў, у пераліку, устаноўленым у пункце 1 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год”, не ўказаны. З улікам назвы збору (за права пастаўкі вуглевадароднай сыравіны з мэтай прамысловай перапрацоўкі на давальніцкіх умовах) і аналізу зместу норм Палажэння, што вызначаюць усе асноўныя элементы дадзенага збору, Канстытуцыйны Суд не знаходзіць прававых падстаў для аднясення гэтага збору да збораў з карыстальніка ці да збораў за паслугі, а таксама ні да аднаго з відаў мясцовых падаткаў і збораў, права на ўвядзенне якіх прадастаўлена мясцовым Саветам дэпутатаў пунктам 1 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год”.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што рашэнне Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 28 чэрвеня 2002 г. № 83 “Аб увядзенні мясцовых збораў і аб зацвярджэнні палажэнняў аб парадку вылічэння і выплаты мясцовых збораў, уведзеных на 2002 год” у частцы ўвядзення мясцовага збору за права пастаўкі вуглевадароднай сыравіны з мэтай прамысловай перапрацоўкі на давальніцкіх умовах і зацвярджэння палажэння аб ім (падпункт 1.4 пункта 1 і падпункт 2.4 пункта 2) не адпавядае артыкулу 121 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкулу 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год”.
 
Акрамя таго, вывучэнне матэрыялаў справы паказала, што 18 лістапада 2002 г. пракурорам г. Наваполацка на адрас Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў быў прынесены пратэст на падпункт 1.4 пункта 1 дадзенага рашэння на падставе яго неадпаведнасці пункту 1 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год”. Рашэннем Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2002 г. № 121 пратэст пракурора быў адхілены.
 
Канстытуцыйны Суд таксама звяртае ўвагу на пастанову касацыйнай інстанцыі Гаспадарчага суда Віцебскай вобласці ад 28 лютага 2003 г., у якой, у прыватнасці, указваецца, што гаспадарчы суд пры разглядзе спрэчкі аб прызнанні несапраўдным ненарматыўнага акта інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па г. Наваполацку (распараджэння аб спагнанні сум збору), аналізуючы законную сілу рашэння Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 28 чэрвеня 2002 г. № 83, вырашыў пытанне аб дзеянні нарматыўнага акта, што ў сілу артыкулаў 5 і 11 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, артыкула 4 Закона “Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь” аднесена да кампетэнцыі Канстытуцыйнага Суда. Аднак, указаўшы на дадзены недахоп, касацыйная інстанцыя Гаспадарчага суда Віцебскай вобласці не прыняла мер для рэалізацыі палажэнняў артыкула 112 Канстытуцыі, згодна з якімі, калі пры разглядзе канкрэтнай справы суд прыйдзе да вываду аб неадпаведнасці нарматыўнага акта Канстытуцыі, ён прымае рашэнне ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і ставіць ва ўстаноўленым парадку пытанне аб прызнанні дадзенага нарматыўнага акта неканстытуцыйным.
 
У пастанове Пленума Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь ад 28 лістапада 2001 г. № 8 “Аб парадку звароту гаспадарчых судоў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў”, выдадзенай у мэтах аднастайнага прымянення гаспадарчымі судамі Рэспублікі Беларусь артыкулаў 112 і 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкула 6 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, такі парадак растлумачаны.
 
Кіруючыся часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць, што падпункт 1.4 пункта 1 і падпункт 2.4 пункта 2 рашэння Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 28 чэрвеня 2002 г. № 83 “Аб увядзенні мясцовых збораў і аб зацвярджэнні палажэнняў аб парадку вылічэння і выплаты мясцовых збораў, уведзеных на 2002 год”, якімі ўведзены мясцовы збор за права пастаўкі вуглевадароднай сыравіны з мэтай прамысловай перапрацоўкі на давальніцкіх умовах і зацверджана палажэнне аб ім, не адпавядаюць артыкулу 121 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкулу 10 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год”.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                          Р.А. Васілевіч