Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
21 кастрычніка 2003 г. № Р-160/2003
Аб падставах перагляду прыгавораў у адпаведнасці з правілам аб зваротнай сіле крымінальнага закона
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь звароты асоб, асуджаных да пазбаўлення волі, па пытанню аб непрымяненні да іх правіла аб зваротнай сіле крымінальнага закона, устанавіў наступнае.
 
Часткай шостай артыкула 104 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацавана, што закон не мае зваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян.
 
У пункце 1 артыкула 15 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах прадугледжана, што калі пасля ўчынення злачынства законам устанаўліваецца больш лёгкае пакаранне, дзеянне гэтага закона распаўсюджваецца на дадзенага злачынца.
 
Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь (у далейшым – КК) грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і агульнапрызнаных прынцыпах і нормах міжнароднага права (частка трэцяя артыкула 1 КК).
 
Згодна з часткай другой артыкула 9 КК закон, што ўстараняе злачыннасць дзеяння, змякчае пакаранне або іншым чынам паляпшае становішча асобы, якая ўчыніла злачынства, мае зваротную сілу, гэта значыць распаўсюджваецца на асоб, якія ўчынілі адпаведнае дзеянне да ўступлення такога закона ў сілу, у тым ліку і на асоб, якія адбываюць пакаранне або адбылі пакаранне, але маюць судзімасць. Калі новы крымінальны закон змякчае каральнасць дзеяння, за якое асоба адбывае пакаранне, суд назначае пакаранне ў адпаведнасці з санкцыяй новага крымінальнага закона, кіруючыся артыкулам 62 КК.
 
Такім чынам, згодна з артыкулам 9 КК больш мяккім крымінальны закон прызнаецца ў выпадках, калі ён устараняе злачыннасць дзеяння, змякчае каральнасць дзеяння або іншым чынам паляпшае становішча асобы, якая ўчыніла злачынства.
У адпаведнасці з артыкулам 5 Закона ад 18 ліпеня 2000 г. “Аб увядзенні ў дзеянне Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь” прыгаворы, па якіх асобы, асуджаныя па Крымінальнаму кодэксу Рэспублікі Беларусь 1960 года, не адбылі пакарання, падлягаюць перагляду ў тых выпадках, калі назначанае судом пакаранне з’яўляецца больш строгім, чым устаноўлена верхняй мяжой санкцыі адпаведнага артыкула КК.
 
Згодна з артыкулам 16 указанага Закона “прыгаворы або пастановы судоў падлягаюць перагляду ў выпадках, калі Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь іншым чынам, чым прадугледжана гэтым Законам, паляпшае становішча асоб, якія ўчынілі злачынствы, у тым ліку асоб, якія адбываюць пакаранне або адбылі пакаранне, але маюць судзімасць”.
 
Пунктам 2 артыкула 4 Закона ад 22 ліпеня 2003 г. “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь” прадугледжана, што “прыгаворы, па якіх асуджаныя асобы не адбылі пакарання, падлягаюць перагляду ў тых выпадках, калі назначанае судом пакаранне з’яўляецца больш строгім, чым устаноўлена верхняй мяжой санкцыі адпаведнага артыкула Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у рэдакцыі гэтага Закона, а таксама ў выпадках, калі нормы гэтага Закона іншым чынам паляпшаюць становішча асоб, якія ўчынілі злачынствы, у тым ліку асоб, якія адбылі пакаранне, але маюць судзімасць”.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што на практыцы з прычыны некаторай супярэчлівасці артыкулаў 5 і 16 Закона ад 18 ліпеня 2000 г. і палажэнняў пункта 2 артыкула 4 Закона ад 22 ліпеня 2003 г., а таксама з прычыны адсутнасці ў КК вызначэння закона, які змякчае каральнасць дзеяння, мае месца абмежаванне прымянення правіла аб зваротнай сіле крымінальнага закона. Змякчэнне каральнасці дзеяння прызнаецца толькі ў тым выпадку, калі назначанае раней пакаранне з’яўляецца больш строгім, чым устаноўлена верхняй мяжой санкцыі адпаведнага артыкула КК, што зменена новым законам. Менавіта ў такім напрамку развіваецца судовая практыка, якая грунтуецца ў тым ліку і на растлумачэннях, што змяшчаюцца ў рэкамендацыях судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суда па перагляду прыгавораў у адпаведнасці з артыкулам 9 КК на падставе палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь”. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што такія растлумачэнні змяшчаюцца не ў пастанове Пленума Вярхоўнага Суда.
 
У тых жа выпадках, калі ў санкцыі адпаведнага артыкула КК зніжана мінімальная мяжа пакарання, назначанага па раней дзеючаму закону, прыгаворы не пераглядаюцца. Да ўказаных выпадкаў суды не прымяняюць і нормы, якія змяшчаюцца ў частцы другой артыкула 9 КК, у артыкуле 16 Закона ад 18 ліпеня 2000 г. і ў пункце 2 артыкула 4 Закона ад 22 ліпеня 2003 г., згодна з якімі зваротную сілу маюць і тыя законы, што іншым чынам паляпшаюць становішча асоб, якія ўчынілі злачынствы.
 
Не пераглядаюцца прыгаворы і ў тых выпадках, калі санкцыя артыкула КК, па якой асоба была асуджана, дапоўнена больш мяккім пакараннем, а таксама ў іншых выпадках змянення адпаведнай санкцыі ў бок змякчэння каральнасці дзеяння (напрыклад, калі пакаранне назначана ў межах санкцыі новага, больш мяккага закона, але ніжняя і верхняя межы санкцыі зніжаны ў параўнанні з раней дзеючым законам, у адпаведнасці з якім было назначана пакаранне).
 
Зыходзячы з сутнасці правіла аб зваротнай сіле закона, замацаванага як у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, так і ў міжнародна-прававых актах, Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным кіравацца гэтым правілам у прымяненні да крымінальнага закона ў поўнай меры, без абмежаванняў. Абмежаванні сферы яго прымянення цягнуць за сабой у сваю чаргу парушэнне прынцыпаў справядлівасці і канстытуцыйнай законнасці пры назначэнні пакарання вінаватым. Гэта таксама прыводзіць да парушэння прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам, замацаванага ў артыкуле 22 Канстытуцыі.
 
Зніжаючы мінімальную мяжу ўстаноўленага за злачынства пакарання ці іншым чынам змяняючы санкцыю артыкула КК у бок змякчэння каральнасці дзеяння, заканадавец, па сутнасці, змяняе ацэнку характару і ступені грамадскай небяспекі ўчыненага, даючы магчымасць судам, кіруючыся агульнымі асновамі назначэння пакарання, замацаванымі ў артыкуле 62 КК, выбраць справядлівую меру пакарання, якая адпавядае цяжару ўчыненага злачынства. Адмова ад перагляду прыгавораў у такіх выпадках выключае магчымасць аб’ектыўнай, у адпаведнасці з новым законам і на падставе прынцыпу роўнасці, ацэнкі грамадскай небяспекі злачынства і назначэння справядлівага пакарання вінаватай асобе.
 
Грунтуючыся на прававых прынцыпах роўнасці і справядлівасці, а таксама на палажэнні артыкула 16 Закона ад 18 ліпеня 2000 г. “Аб увядзенні ў дзеянне Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”, што прадпісвае судам пераглядаць прыгаворы або пастановы ў выпадках, калі КК іншым чынам, чым прадугледжана гэтым Законам, паляпшае становішча асоб, якія ўчынілі злачынствы, Канстытуцыйны Суд лічыць, што правіла аб зваротнай сіле больш мяккага крымінальнага закона павінна распаўсюджвацца на ўсе выпадкі змякчэння новым законам адказнасці асобы, якая ўчыніла злачынства, у тым ліку і на выпадкі, калі зніжаецца мінімальная мяжа пакарання, назначанага па раней дзеючаму закону, ці іншым чынам змяняецца санкцыя адпаведнага артыкула КК у бок змякчэння каральнасці дзеяння.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫPАШЫЎ:
 
1. Прызнаць, што ў адпаведнасці з правілам аб зваротнай сіле крымінальнага закона ў тых выпадках, калі новым законам зніжана ніжняя мяжа пакарання, якое было раней назначана асобе, ці калі іншым чынам у бок змякчэння каральнасці дзеяння зменена санкцыя артыкула Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, па якім асоба была асуджана, ёсць падставы для перагляду прыгавораў у адносінах да асуджаных, якія не адбылі пакаранне.
 
У сувязі з гэтым у мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам і рэальнага надання зваротнай сілы закону, які змякчае адказнасць грамадзян, прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь даць афіцыйнае тлумачэнне часткі другой артыкула 9 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, часткі першай артыкула 5, артыкула 16 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2000 г. “Аб увядзенні ў дзеянне Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь” і пункта 2 артыкула 4 Закона Рэспублікі Беларусь ад 22 ліпеня 2003 г. “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь”.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                        Р.А. Васілевіч