Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
12 лістапада 2003 г. № Р-163/2003
Аб прававым рэгуляванні выплаты дзяржаўнай пошліны за падачу касацыйных і наглядных скарг на судовыя пастановы па ісках аб спагнанні аліментаў
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот аб праверцы канстытуцыйнасці палажэнняў аб выплаце дзяржаўнай пошліны за падачу касацыйных і наглядных скарг на судовыя пастановы па ісках аб спагнанні аліментаў.
 
Вывучыўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай пошліне” і іншых нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
Законам “Аб дзяржаўнай пошліне” (далей – Закон) прадугледжана збіранне дзяржаўнай пошліны, у прыватнасці, з іскавых заяў і скарг, якія падаюцца ў суды, з касацыйных і наглядных скарг на судовыя пастановы; з наглядных скарг на судовыя пастановы, якія падаюцца ў органы пракуратуры (артыкул 2). Стаўкі дзяржаўнай пошліны ўстанаўліваюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь (артыкул 3).
 
Згодна з артыкулам 4 Закона, які ўстанаўлівае льготы па выплаце дзяржаўнай пошліны, ад выплаты дзяржаўнай пошліны вызваляюцца ў судовых установах істцы – па ісках аб спагнанні аліментаў. У адпаведнасці з часткай першай артыкула 142 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса (далей – ГПК) пошліна бярэцца з адказчыка прапарцыянальна задаволенай частцы іскавых патрабаванняў.
 
На практыцы істцы па ісках аб спагнанні аліментаў вызваляюцца ад выплаты дзяржаўнай пошліны таксама пры падачы касацыйных і наглядных скарг на судовыя пастановы па дадзеных ісках у вышэйстаячыя судовыя інстанцыі.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў адносінах да наглядных скарг на судовыя пастановы па ісках аб спагнанні аліментаў, якія падаюцца ў органы пракуратуры, указаная вышэй ільгота Законам не прадугледжана.
 
Стаўкі дзяржаўнай пошліны з заяў і скарг, якія падаюцца ў суд і ў органы пракуратуры, устаноўлены пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 2003 г. № 402 “Аб стаўках дзяржаўнай пошліны і прадастаўленні дадатковых ільгот па яе выплаце” (далей – пастанова Савета Міністраў № 402). Пастанова Савета Міністраў № 402 не змяшчае ставак дзяржаўнай пошліны, якая бярэцца з адказчыка па рашэнню суда па іску аб спагнанні аліментаў і за падачу касацыйных і наглядных скарг на дадзеныя рашэнні судоў.
 
У сувязі з гэтым Пленум Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь у пунктах 16, 18, 19 пастановы ад 15 верасня 1994 г. № 8 “Аб практыцы спагнання судовых расходаў па грамадзянскіх справах і працэсуальных выдаткаў па крымінальных справах” (са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі пастановамі ад 29 сакавіка 2001 г. № 4 і ад 26 верасня 2002 г. № 8) (далей – пастанова Пленума) растлумачыў, што ў адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 120 ГПК пошліна па ўсіх ісках аб спагнанні аліментаў незалежна ад іх прызначэння (на ўтрыманне дзяцей, бацькоў, мужа і жонкі і інш.) вылічваецца з сукупнай сумы плацяжоў аліментаў, а калі тэрмін, на які спагнаны аліменты, перавышае 12 месяцаў, то з сумы плацяжоў за 12 месяцаў. Пры прыняцці адмовы істца ад іску аб спагнанні аліментаў і спыненні вядзення па справе пошліна ў даход дзяржавы з адказчыка не бярэцца. Па ісках аб вызваленні ад выплаты запазычанасці па аліментах, іх змяншэнні або павелічэнні размер дзяржаўнай пошліны вызначаецца зыходзячы з сумы, на якую змяншаюцца, павялічваюцца або спыняюцца плацяжы, але не больш чым за адзін год.
 
Аналагічныя нормы змяшчаюцца ў пунктах 10, 12 главы 3 “Парадак збірання пошліны з заяў і скарг, якія падаюцца ў суд, і за выдачу судом копій дакументаў” Iнструкцыі аб парадку вылічэння, збірання і залічэння ў бюджэт дзяржаўнай пошліны, зацверджанай пастановай Дзяржаўнага падатковага камітэта Рэспублікі Беларусь ад 26 мая 2000 г. № 47 (са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі пастановай ад 28 мая 2001 г. № 75).
 
Такім чынам, у практыцы дзейнасці судоў вылічэнне дзяржаўнай пошліны за падачу адказчыкамі касацыйных і наглядных скарг на судовыя пастановы па ісках аб спагнанні аліментаў праводзіцца на падставе падпунктаў 1.10, 1.11 пункта 1 дадатку да пастановы Савета Міністраў № 402 зыходзячы са стаўкі, устаноўленай для іскавых патрабаванняў маёмаснага характару.
 
Падпунктам 2.1 пункта 2 дадатку да пастановы Савета Міністраў № 402 прадугледжана, што з наглядных скарг (першых і паўторных) на рашэнні і пастановы судоў аб зацвярджэнні міравых пагадненняў, а таксама са скарг на касацыйныя пастановы і наглядныя пастановы вышэйстаячых судоў, якія падаюцца ў органы пракуратуры, дзяржаўная пошліна бярэцца па стаўках, устаноўленых для наглядных скарг, якія падаюцца ў суды агульнай юрысдыкцыі. Разам з тым, як вынікае з адказу Пракуратуры Рэспублікі Беларусь ад 30 мая 2003 г. № 8/118-2003 на запыт заяўніка, органы пракуратуры пры прыёме наглядных скарг на судовыя пастановы па ісках аб спагнанні аліментаў патрабуюць выплаты дзяржаўнай пошліны зыходзячы з 50 працэнтаў стаўкі, устаноўленай у размеры 5 базавых велічынь, прадугледжанай падпунктам 1.7 пункта 1 дадатку да пастановы Савета Міністраў № 402. У дадзеным падпункце ўстаноўлена стаўка дзяржаўнай пошліны, якая бярэцца з іскавых заяў немаёмаснага характару.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае розніцу ў практыцы прымянення заканадаўства аб дзяржаўнай пошліне судамі і органамі пракуратуры. Так, суды агульнай юрысдыкцыі прад’яўляюць патрабаванні аб выплаце дзяржаўнай пошліны за падачу касацыйных і наглядных скарг на судовыя пастановы па ісках аб спагнанні аліментаў толькі да адказчыкаў па дадзеных ісках; істцы вызваляюцца ад выплаты ўказанай дзяржаўнай пошліны. Органамі пракуратуры прымаюцца да разгляду наглядныя скаргі як адказчыкаў, так і істцоў на судовыя пастановы па названай катэгорыі спраў пры ўмове выплаты імі дзяржаўнай пошліны. Суды агульнай юрысдыкцыі зыходзяць з неабходнасці вылічэння дзяржаўнай пошліны па ісках аб спагнанні аліментаў на аснове стаўкі, устаноўленай для заяў маёмаснага характару, а органы пракуратуры пры прыняцці наглядных скарг на ўказаныя судовыя пастановы – зыходзячы са стаўкі, устаноўленай для заяў немаёмаснага характару.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўказаныя адрозненні не абумоўлены заканадаўствам.
 
Кіруючыся артыкуламі 40, 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд 
 
ВЫPАШЫЎ:
 
1. Прызнаць, што ў практыцы прымянення заканадаўства аб дзяржаўнай пошліне судамі і органамі пракуратуры маюцца адрозненні, не абумоўленыя заканадаўствам.
 
2. Прапанаваць Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь разгледзець пытанне аб унясенні ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай пошліне” змяненняў і дапаўненняў, якія ўстанаўліваюць роўныя ўмовы выплаты (або вызвалення ад выплаты) дзяржаўнай пошліны пры абскарджанні судовых пастаноў па ісках аб спагнанні аліментаў як у вышэйстаячыя судовыя інстанцыі, так і ў органы пракуратуры.
 
3. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:
 
устанавіць стаўкі дзяржаўнай пошліны, якая бярэцца судамі з адказчыкаў па выніках разгляду іскаў аб спагнанні аліментаў і выплачваецца за падачу касацыйных і наглядных скарг на судовыя пастановы па дадзеных ісках у вышэйстаячыя судовыя інстанцыі і наглядных скарг – у органы пракуратуры;
 
да разгляду Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь пытання аб унясенні ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай пошліне” ўказаных вышэй змяненняў і дапаўненняў на падставе артыкула 5 гэтага Закона разгледзець пытанне аб вызваленні істцоў па ісках аб спагнанні аліментаў ад выплаты дзяржаўнай пошліны за падачу касацыйных і наглядных скарг на судовыя пастановы па дадзеных ісках у вышэйстаячыя судовыя інстанцыі і падачу ў органы пракуратуры наглядных скарг на судовыя пастановы па ўказаных ісках.
 
4. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
5. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                          Р.А. Васілевіч