Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
21 лістапада 2003 г. № Р-164/2003
Аб прававым рэгуляванні пытанняў збірання платы за тэхнічнае абслугоўванне дамоў жыллёва-будаўнічых кааператываў з улікам зямельнага падатку
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў — Бойка Т.С., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь калектыўныя і асабістыя звароты грамадзян аб розных умовах выплаты зямельнага падатку грамадзянамі – уласнікамі кватэр у дамах жыллёва-будаўнічых кааператываў і грамадзянамі, якім на праве ўласнасці належаць кватэры ў шматкватэрных дамах дзяржаўнага жыллёвага фонду.
 
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі, Закона Рэспублікі Беларусь “Аб плацяжах за зямлю” і іншых нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
Згодна з Законам “Аб плацяжах за зямлю” (далей – Закон) плацельшчыкамі зямельнага падатку з’яўляюцца юрыдычныя і фізічныя асобы, якім зямельныя ўчасткі прадастаўлены ў валоданне, карыстанне або ва ўласнасць (артыкул 5), аб’ектам падаткаабкладання з’яўляецца зямельны ўчастак, які знаходзіцца ў валоданні, карыстанні або ўласнасці (артыкул 4).
 
З аналізу палажэнняў артыкулаў 30, 31 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі (далей – Кодэкс) вынікае, што права пастаяннага карыстання, права пажыццёвага атрымліваемага ў спадчыну валодання зямельным участкам і права прыватнай уласнасці на зямельны ўчастак сведчыцца дзяржаўным актам, з моманту атрымання якога ўзнікае гэта права. У асобных выпадках па хадайніцтву землеўладальніка, землекарыстальніка адпаведны выканаўчы і распарадчы орган можа дазволіць выкарыстанне гэтых зямельных участкаў да выдачы ўказанага дакумента пры ўмове вызначэння межаў зямельнага ўчастка ў натуры (на мясцовасці).
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 18 лютага 1991 г. “Аб правядзенні зямельнай рэформы ў рэспубліцы” прадпрыемствы, установы і арганізацыі, якія маюць у карыстанні зямельныя ўчасткі, прадастаўленыя ім да ўвядзення ў дзеянне Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі ад 11 снежня 1990 г. (дзейнічаў да 1 студзеня 1999 г.), былі абавязаны да 1 студзеня 1994 года аформіць дакументы, якія сведчаць аб праве на валоданне або аб праве на пастаяннае карыстанне зямлёй. Пасля заканчэння ўказанага тэрміну раней прадастаўленае ім права карыстання зямельнымі ўчасткамі прызнавалася страціўшым сілу (пункт 8). Савету Міністраў было даручана забяспечыць выдзяленне адпаведных грашовых сродкаў і матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў, неабходных для правядзення зямельнай рэформы (пункт 9).
 
У адпаведнасці з артыкулам 143-1 дзеючага Кодэкса зямельныя ўчасткі, размешчаныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, незалежна ад форм уласнасці і мэтавага прызначэння падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму кадастраваму ўліку, а правы на іх і здзелкі з імі – абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі.
 
У той жа час вывучэнне правапрымяняльнай практыкі паказвае, што, калі права карыстання зямельнымі ўчасткамі, забудаванымі дамамі жыллёва-будаўнічых кааператываў, аформлена ў адпаведнасці з палажэннямі Кодэкса, то акты землекарыстання на зямельныя ўчасткі, занятыя жыллёвым фондам, які знаходзіцца на балансе жыллёвых рамонтна-эксплуатацыйных арганізацый, у большасці гэтых арганізацый адсутнічаюць.
 
Зямельны падатак з зямельных участкаў, на якіх размешчаны жылыя дамы дзяржаўнага жыллёвага фонду і якія знаходзяцца ў фактычным карыстанні жыллёвых рамонтна-эксплуатацыйных аб’яднанняў (далей – ЖРЭА), вылічваецца і выплачваецца суразмерна плошчы забудовы. Плацельшчыкамі зямельнага падатку ў адпаведнасці з артыкулам 5 Закона з’яўляюцца юрыдычныя асобы – ЖРЭА. Пры гэтым на падставе пункта 57 Iнструкцыі аб парадку вылічэння і выплаты плацяжоў за зямлю юрыдычнымі асобамі, зацверджанай пастановай Дзяржаўнага падатковага камітэта Рэспублікі Беларусь ад 18 красавіка 2000 г. № 33 (са змяненнямі і дапаўненнямі), плацяжы за зямлю адносяцца на затраты па вытворчасці і рэалізацыі тавараў (работ, паслуг).
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што Законам “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2003 год” вызначаны шэраг мер сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі: згодна з артыкулам 9 дадзенага Закона ў 2003 годзе з мясцовых бюджэтаў фінансуецца да 35 працэнтаў затрат па аказанню жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву ў абласцях і да 28 працэнтаў у г. Мінску. Сродкі мэтавага збору на фінансаванне расходаў, звязаных з утрыманнем і рамонтам жыллёвага фонду, у адпаведнасці з артыкулам 11 накіроўваюцца на расходы па ўтрыманню і рамонту жыллёвага фонду, уключаючы жыллёва-будаўнічыя кааператывы, таварыствы ўласнікаў, а таксама на субсідыі юрыдычным асобам па пакрыццю часткі затрат, звязаных з аказаннем жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву.
 
Палажэннем аб парадку выкарыстання сродкаў мэтавага збору на фінансаванне расходаў, звязаных з утрыманнем і рамонтам жыллёвага фонду, уключаючы жыллёва-будаўнічыя кааператывы, таварыствы ўласнікаў, і на субсідыі юрыдычным асобам па пакрыццю часткі затрат, звязаных з аказаннем камунальных паслуг насельніцтву, зацверджаным пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 25 сакавіка 2002 г. № 3, устаноўлена, што пакрыццё расходаў юрыдычных асоб (акрамя тых, расходы па ўтрыманню жылля якіх фінансуюцца з бюджэту) па ўтрыманню і бягучаму рамонту жыллёвага фонду, уключаючы жыллёва-будаўнічыя кааператывы, маладзёжныя жыллёвыя комплексы, таварыствы ўласнікаў, праводзіцца за вылікам налічаных сум платы грамадзян за тэхнічнае абслугоўванне жылых дамоў і іншых даходных крыніц (арэндная плата і інш.).
 
Такім чынам, заканадаўства рэгулюе пытанні сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі з улікам канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам і права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22 Канстытуцыі) і прадугледжвае роўную сацыяльную падтрымку грамадзян, незалежна ад таго, пражываюць яны ў дамах дзяржаўнага жыллёвага фонду ці дамах жыллёва-будаўнічых кааператываў.
 
Разам з тым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што ЖРЭА выплачваюць зямельны падатак з сум платы, якая ўносіцца жыльцамі за тэхнічнае абслугоўванне дома, у кошт якога ўключана сума гэтага падатку. Крыніцай выплаты зямельнага падатку жыллёва-будаўнічым кааператывам, які з’яўляецца плацельшчыкам падатку, служаць грашовыя сродкі членаў кааператыва. У той жа час у выпадку, калі паслугі па тэхнічнаму абслугоўванню дамоў жыллёва-будаўнічых кааператываў аказваюцца ЖРЭА, пры разліку платы за тэхнічнае абслугоўванне імі не ўлічваецца тое, што жыллёва-будаўнічыя кааператывы самастойна, у сілу Закона, вылічваюць і выплачваюць зямельны падатак. Такім чынам, сумы зямельнага падатку, які выплачваецца ЖРЭА, не падлягаюць уключэнню ў кошт паслуг па тэхнічнаму абслугоўваню дамоў жыллёва-будаўнічых кааператываў.
 
У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць, што з мэтай забеспячэння абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пражываюць у дамах жыллёва-будаўнічых кааператываў, пытанні аплаты паслуг ЖРЭА за тэхнічнае абслугоўванне дамоў жыллёва-будаўнічых кааператываў падлягаюць нарматыўнаму ўрэгуляванню з улікам канстытуцыйнага прынцыпу сацыяльнай справядлівасці і палажэнняў Закона “Аб плацяжах за зямлю”.
 
Кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь з мэтай абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пражываюць у дамах жыллёва-будаўнічых кааператываў, забяспечыць нарматыўнае ўрэгуляванне пытанняў аплаты паслуг жыллёвых рамонтна-эксплуатацыйных аб’яднанняў па тэхнічнаму абслугоўванню дамоў жыллёва-будаўнічых кааператываў з улікам канстытуцыйнага прынцыпу сацыяльнай справядлівасці і палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб плацяжах за зямлю”, выключыўшы неабгрунтаванае адрозненне грамадзян адносна выплаты зямельнага падатку і не дапускаючы пры гэтым павышэння платы за тэхнічнае абслугоўванне.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                        Р.А. Васілевіч