Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
3 лістапада 2003 г. № Р-161/2003
Аб гарантыях абвінавачванаму пры спыненні папярэдняга расследавання ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў даўнасці
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., разгледзеўшы на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот па пытанню аб абмежаванні права на абскарджанне ў суд спынення папярэдняга расследавання па крымінальнай справе ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў даўнасці, устанавіў наступнае.
 
Згодна з артыкулам 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.
 
У адпаведнасці з артыкулам 8 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, прадастаўленых яму канстытуцыяй або законам. Згодна з артыкулам 10 дадзенай Дэкларацыі кожны чалавек, для вызначэння яго правоў і абавязкаў і для ўстанаўлення абгрунтаванасці прад’яўленага яму крымінальнага абвінавачання, мае права, на аснове поўнай роўнасці, на тое, каб яго справа была разгледжана галосна і з выкананнем усіх патрабаванняў справядлівасці незалежным і непрадузятым судом.
 
Артыкулам 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах устаноўлена, што кожны мае права пры разглядзе любога крымінальнага абвінавачання, якое яму прад’яўляецца, або пры вызначэнні яго правоў і абавязкаў у якім-небудзь грамадзянскім працэсе на справядлівы і публічны разбор справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом, створаным на падставе закона.
 
Канстытуцыйны Суд у сваіх рашэннях неаднаразова адзначаў, што права на судовую абарону адносіцца да агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, прыярытэт якіх Рэспубліка Беларусь згодна з артыкулам 8 Канстытуцыі прызнае і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства, а артыкул 60 Канстытуцыі, які гарантуе права кожнаму на судовую абарону, мае непасрэдны характар дзеяння.
 
У адпаведнасці з прынцыпам прэзумпцыі невінаватасці, замацаваным у артыкуле 26 Канстытуцыі, ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна не будзе ў прадугледжаным законам парадку даказана і ўстаноўлена ўступіўшым у законную сілу прыгаворам суда.
 
Згодна з часткай першай артыкула 140 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у далейшым – КПК), у рэдакцыі Закона ад 4 студзеня 2003 г., скаргі на рашэнні аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, аб спыненні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе ці крымінальнага праследавання падаюцца ў межах тэрмінаў даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці.
 
У частцы першай артыкула 29 КПК разам з іншымі падставамі спынення вядзення па крымінальнай справе прадугледжана заканчэнне тэрмінаў даўнасці. Згодна з часткай трэцяй артыкула 29 КПК спыненне вядзення па крымінальнай справе па ўказанай падставе не дапускаецца, калі абвінавачваны супраць гэтага пярэчыць. У такім выпадку вядзенне па справе працягваецца ў звычайным парадку.
 
У адпаведнасці з часткай другой артыкула 254 КПК аднаўленне спыненага папярэдняга расследавання дапускаецца толькі да заканчэння тэрміну даўнасці прыцягнення асобы да крымінальнай адказнасці.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што агульны падыход заканадаўца да ўстанаўлення тэрмінаў у крымінальным працэсе, у тым ліку і на судовае абскарджанне дзеянняў і рашэнняў органаў папярэдняга расследавання, абумоўлены мэтамі забеспячэння ўпарадкаванасці крымінальнага судаводства, адпавядае артыкулу 60 Канстытуцыі, які гарантуе права кожнаму на судовую абарону ў вызначаныя законам тэрміны. Такі падыход замацаваны ў цэлым шэрагу артыкулаў КПК (артыкулы 374, 406, 419, 427, 467 і інш.). Артыкул 161 КПК прадугледжвае таксама магчымасць аднаўлення прапушчанага тэрміну.
 
Дапускаючы спыненне вядзення па крымінальнай справе на стадыі папярэдняга расследавання па нерэабілітуючых падставах, у прыватнасці ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці, КПК, хаця і адступае ў пэўнай меры ад прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці, але гарантуе разгляд справы ў судзе ў выпадках, калі абвінавачваны пярэчыць супраць спынення вядзення па крымінальнай справе па ўказанай падставе (частка трэцяя артыкула 29). Пры гэтым мяркуецца, што абвінавачваны, даючы згоду ў такім выпадку, фактычна згаджаецца з абвінавачаннем і выбірае для сябе больш прымальны шлях, які ў той жа час спрашчае і працэс крымінальнага судаводства. Такая згода ў адпаведнасці з патрабаваннямі КПК (частка трэцяя артыкула 251) павінна быць адлюстравана ў пастанове аб спыненні папярэдняга расследавання або крымінальнага праследавання.
 
Разам з тым, як сведчаць звароты ў Канстытуцыйны Суд, на практыцы маюць месца выпадкі, калі абвінавачваныя даюць згоду на спыненне папярэдняга расследавання або крымінальнага праследавання па ўказанай падставе, лічачы, што прыняцце дадзенага рашэння поўнасцю вычэрпвае іх адказнасць. Такое становішча ўзнікае ў выніку таго, што ў КПК не прадугледжаны абавязак службовых асоб органаў крымінальнага праследавання, якія прымаюць рашэнне аб спыненні вядзення па крымінальнай справе ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў даўнасці, растлумачваць абвінавачванаму прававы характар пастановы аб спыненні вядзення па крымінальнай справе і прававыя вынікі вынясення такой пастановы. Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ў КПК неабходна замацаваць гэты абавязак, з тым каб абвінавачваныя разумелі, што сам факт прыняцця такога рашэння не азначае прызнанне іх невінаватымі і што ў канчатковым выніку яны могуць панесці ў сувязі з учыненым злачынствам іншую адказнасць (напрыклад, грамадзянска-прававую, дысцыплінарную).
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ва ўказаных выпадках права абвінавачванага на судовую абарону абмяжоўваецца палажэннем часткі першай артыкула 140 КПК, якая ўстанавіла межы абскарджання тэрмінамі даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Пасля спынення вядзення па крымінальнай справе ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў даўнасці асоба не мае магчымасці звярнуцца ў суд, паколькі такія тэрміны заканчваюцца, як правіла, да вынясення пастановы аб спыненні вядзення па справе, калі ў асобы ўжо не застаецца часу на падачу скаргі.
 
Канстытуцыйны Суд таксама лічыць, што сам факт дачы згоды абвінавачванага на спыненне вядзення па крымінальнай справе не можа служыць перашкодай для рэалізацыі яго права на судовую абарону, паколькі абскарджаны могуць быць іншыя пытанні, якія змяшчаюцца ў адпаведнай пастанове (напрыклад, лёс рэчавых доказаў, кваліфікацыя ўчыненага і да т.п.). Iстотнай гарантыяй правоў абвінавачваных ва ўказаных выпадках было б устанаўленне ў законе прымальнага тэрміну, на працягу якога яны мелі б магчымасць звяртацца са скаргамі ў суд.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫPАШЫЎ:
 
1. Лічыць неабходным замацаванне ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь абавязку службовых асоб органаў крымінальнага праследавання, якія прымалі рашэнне аб спыненні вядзення па крымінальнай справе ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці, растлумачваць абвінавачваным прававы характар і прававыя вынікі такога рашэння.
 
Больш поўнай абароне правоў указаных асоб садзейнічала б устанаўленне ў законе прымальнага тэрміну, на працягу якога абвінавачваны меў бы магчымасць звярнуцца ў суд са скаргай па пытаннях, звязаных са спыненнем вядзення па крымінальнай справе ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці.
 
2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь унесці ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь адпаведныя змяненні і дапаўненні.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                          Р.А. Васілевіч