Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
3 лістапада 2003 г. № Р-162/2003
Аб канстытуцыйнасці рашэння Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 56 “Аб зацвярджэнні палажэнняў аб парадку вылічэння і выплаты мясцовых збораў, уведзеных на 2002 год” у частцы мясцовага збору за права гандлю
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З. разгледзеў на падставе часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот па пытанню канстытуцыйнасці рашэння Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў аб мясцовым зборы за права гандлю.
 
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2003 г. № 17 “Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці”, законаў Рэспублікі Беларусь “Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь”, “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год”, іншых актаў падатковага заканадаўства, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
Згодна з артыкулам 121 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў адносіцца ўстанаўленне ў адпаведнасці з законам мясцовых падаткаў і збораў.
 
Пералік мясцовых падаткаў і збораў, якія ў 2002 годзе абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў, Саветы дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню ўводзяць на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, змяшчаецца ў артыкуле 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год”. У ліку збораў з карыстальніка названы збор за права гандлю (падпункт 1.1 пункта 1 артыкула 10).
 
Такім чынам, Наваполацкі гарадскі Савет дэпутатаў пры зацвярджэнні Палажэння аб парадку вылічэння і выплаты мясцовага збору за права гандлю рашэннем ад 27 снежня 2001 г. № 56 “Аб зацвярджэнні палажэнняў аб парадку вылічэння і выплаты мясцовых збораў, уведзеных на 2002 год”, а таксама пры далейшым унясенні змяненняў і дапаўненняў у дадзенае Палажэнне (рашэнні ад 28 сакавіка 2002 г. № 68 і ад 28 чэрвеня 2002 г. № 82) рэалізаваў прадастаўленыя яму Законам “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год” паўнамоцтвы. У адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 10 гэтага Закона абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў, Саветы дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню самастойна вызначаюць базу і аб’екты падаткаабкладання, канкрэтныя размеры ставак, плацельшчыкаў, ільготы, парадак вылічэння і тэрміны выплаты мясцовых падаткаў і збораў, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, Наваполацкім гарадскім Саветам дэпутатаў устаноўлены неабходныя элементы, якія дазваляюць лічыць абавязацельства па выплаце дадзенага мясцовага збору вызначаным.
 
У адпаведнасці з артыкулам 56 Канстытуцыі грамадзяне Рэспублікі Беларусь абавязаны прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што дадзены канстытуцыйны абавязак мае асобы, публічна-прававы характар, што абумоўлена публічна-прававой прыродай дзяржавы і дзяржаўнай улады. Падаткі, пошліны і зборы з’яўляюцца неабходнай умовай існавання любой дзяржавы, таму абавязак плаціць іх распаўсюджваецца на ўсіх падаткаплацельшчыкаў у якасці безумоўнага патрабавання дзяржавы.
 
У той жа час Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што згодна з пунктам 44 пераліку відаў дзейнасці, на ажыццяўленне якіх патрабуюцца спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі), і ўпаўнаважаных на іх выдачу дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый, зацверджанага Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2003 г. № 17, рознічны гандаль і грамадскае харчаванне адносяцца да відаў дзейнасці, на ажыццяўленне якіх патрабуецца спецыяльны дазвол (ліцэнзія). Права ажыццяўляць дзейнасць, на заняцце якой неабходна атрыманне ліцэнзіі, у сілу пункта 2 артыкула 22 і часткі другой пункта 3 артыкула 45 Грамадзянскага кодэкса ўзнікае з моманту атрымання такой ліцэнзіі або ва ўказаны ў ёй тэрмін і спыняецца пасля заканчэння тэрміну яе дзеяння, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам. Згодна з артыкулам 7 Закона “Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь” прадпрымальнік абавязаны атрымліваць ва ўстаноўленым парадку спецыяльны дазвол (ліцэнзію) на дзейнасць у сферах, якія падлягаюць ліцэнзаванню ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
 
У пункце 4 Палажэння аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці, зацверджанага Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2003 г. № 17, вызначана, што ліцэнзія выдаецца на канкрэтны від дзейнасці (з указаннем работ і паслуг, якія складаюць гэты від дзейнасці) і дзейнічае на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або яе частцы ў адпаведнасці з заканадаўствам. За разгляд ліцэнзуючым органам заявы з прыкладаннем неабходных дакументаў для атрымання ліцэнзіі, падаўжэння тэрміну яе дзеяння бярэцца ліцэнзійны збор у суме, эквівалентнай 10 еўра; за выдачу ліцэнзіі бярэцца ліцэнзійны збор у суме, эквівалентнай 90 еўра (пункт 37 Палажэння). Ліцэнзійны збор уносіцца суіскальнікам ліцэнзіі або ліцэнзіятам на спецыяльны рахунак падатковага органа па месцы знаходжання ліцэнзуючага органа і залічваецца ў адпаведны бюджэт (пункт 38 Палажэння).
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў выпадку, калі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь устаноўлены пошліны і зборы за права гандлю, у мэтах выключэння неабгрунтаванага завышэння ставак мясцовых збораў з карыстальніка права на ўвядзенне такога мясцовага збору мясцовымі Саветамі дэпутатаў павінна быць легальна вызначана заканадаўцам.
 
У сваім рашэнні ад 14 лютага 2003 г. “Аб канстытуцыйнасці рашэння Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 104 “Аб бюджэце г. Пінска на 2002 г.” у частцы ўвядзення мясцовага збору з карыстальнікаў інфраструктуры горада” Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на замацаваны ў частцы другой артыкула 132 Канстытуцыі прынцып адзінства бюджэтна-фінансавай, падатковай, грашова-крэдытнай, валютнай палітыкі, якая праводзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама на тое, што згодна з артыкулам 121 Канстытуцыі да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў адносіцца ўстанаўленне ў адпаведнасці з законам мясцовых падаткаў і збораў. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд указаў, што з мэтай забеспячэння абароны правоў і законных інтарэсаў падаткаплацельшчыкаў, забеспячэння прыняцця мясцовымі Саветамі дэпутатаў аптымальных рашэнняў у сферы мясцовага падаткаабкладання і выключэння выпадкаў дубліравання рашэнняў мясцовых Саветаў дэпутатаў рознага ўзроўню ў законе павінны быць устаноўлены ўсе важнейшыя элементы мясцовых падаткаў і збораў (плацельшчыкі, аб’екты абкладання, размер стаўкі, парадак і тэрміны выплаты), у рамках якіх мясцовыя Саветы дэпутатаў маглі б вызначаць канкрэтныя аб’екты падаткаабкладання, размеры ставак, плацельшчыкаў, ільготы, парадак вылічэння і тэрміны выплаты мясцовых падаткаў і збораў, як гэта прадугледжана ў пункце 2 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год”, і без вызначэння якіх мясцовыя падаткі і зборы не могуць лічыцца законна ўстаноўленымі.
 
Вывучэнне зваротаў грамадзян у Канстытуцыйны Суд па пытаннях устанаўлення мясцовых падаткаў і збораў паказвае, што ў сваёй большасці гэтыя звароты звязаны з устанаўленнем мясцовых збораў з карыстальніка, гэта значыць тых мясцовых збораў, параметры важнейшых элементаў якіх, у адрозненне ад устаноўленых у пункце 3 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2003 год”, так і не былі вызначаны.
 
Кіруючыся часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць, што рашэнне Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 56 “Аб зацвярджэнні палажэнняў аб парадку вылічэння і выплаты мясцовых збораў, уведзеных на 2002 год” са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі рашэннямі ад 28 сакавіка 2002 г. № 68 і ад 28 чэрвеня 2002 г. № 82, у частцы мясцовага збору за права гандлю прынята ў межах прадастаўленых Законам Рэспублікі Беларусь “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год” паўнамоцтваў.
 
2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь у мэтах выканання канстытуцыйнага палажэння аб адзінстве бюджэтна-фінансавай, падатковай, грашова-крэдытнай, валютнай палітыкі, якая праводзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (частка другая артыкула 132 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), і для забеспячэння абароны правоў і законных інтарэсаў падаткаплацельшчыкаў пры прыняцці закона аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2004 год звярнуць увагу на неабходнасць устанаўлення вычарпальнага пераліку мясцовых падаткаў і збораў, якія мясцовыя Саветы дэпутатаў могуць уводзіць на адпаведнай тэрыторыі, а таксама вызначыць параметры важнейшых элементаў мясцовых збораў з карыстальніка (плацельшчыкі, аб’екты абкладання, гранічны размер стаўкі).
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                        Р.А. Васілевіч