Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
1 снежня 2003 г. № Р-165/2003
Аб забеспячэнні права на падачу скаргі ў парадку нагляду асобамі, асуджанымі да пазбаўлення волі
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь неаднаразовыя звароты асоб, асуджаных да пазбаўлення волі, у сувязі з немагчымасцю ажыццяўлення імі права на абскарджанне прыгавораў у наглядным парадку з-за адсутнасці сродкаў на выплату дзяржаўнай пошліны, устанавіў наступнае.
 
Артыкулам 2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 1992 г. “Аб дзяржаўнай пошліне” (з далейшымі змяненнямі і дапаўненнямі) устаноўлены аб’екты абкладання пошлінай, у ліку якіх названы касацыйныя і наглядныя скаргі на судовыя пастановы.
 
Стаўкі дзяржаўнай пошліны ўстанаўліваюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Згодна з падпунктам 1.12 пункта 1 Дадатку да пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 2003 г. № 402 “Аб стаўках дзяржаўнай пошліны і прадастаўленні дадатковых ільгот па яе выплаце” (са змяненнямі і дапаўненнямі) стаўка дзяржаўнай пошліны з наглядных скарг (першых і паўторных) на прыгаворы судоў, на пастановы судоў першай інстанцыі, касацыйныя пастановы і наглядныя пастановы вышэйстаячых судоў па крымінальных справах складае адну базавую велічыню.
 
У адпаведнасці з абзацам пятым пункта 2 указанай пастановы Савета Міністраў ад 26 сакавіка 2003 г. № 402 ад выплаты дзяржаўнай пошліны вызваляюцца адвакаты за падачу ў суды і органы пракуратуры наглядных скарг (першых і паўторных) на прыгаворы судоў у частцы асуджэння або апраўдання. На асуджаных да пазбаўлення волі такое правіла не распаўсюджваецца.
 
У сваіх зваротах у Канстытуцыйны Суд асуджаныя, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, скардзяцца на тое, што з прычыны адсутнасці грашовых сродкаў яны не могуць скарыстаць сваё права на абарону, у тым ліку і на падачу скаргі ў парадку нагляду на вынесеныя ў адносінах да іх прыгаворы. Пры гэтым адной з прычын матэрыяльнай неплацежаздольнасці яны называюць немагчымасць забеспячэння іх аплачваемай работай ва ўмовах папраўчых устаноў.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўказаныя асобы маюць права на вызваленне іх ад выплаты дзяржаўнай пошліны пры падачы імі скарг у парадку нагляду, зыходзячы з наступнага.
 
Пунктам 5 артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах прадугледжана, што кожны, хто асуджаны за якое-небудзь злачынства, мае права на тое, каб яго асуджэнне і прыгавор былі перагледжаны вышэйстаячай судовай інстанцыяй згодна з законам.
 
Артыкулам 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.
 
У адпаведнасці з артыкулам 404 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у далейшым – КПК) прыгавор, пастанова суда, якія ўступілі ў законную сілу, могуць быць перагледжаны ў парадку нагляду. Артыкулам 408 КПК асуджанаму прадастаўлена права звароту ў парадку нагляду са скаргай па падставах, прадугледжаных артыкулам 388 КПК (аднабаковасць або непаўната судовага следства; неадпаведнасць вывадаў суда, выкладзеных у прыгаворы, фактычным акалічнасцям справы; істотнае парушэнне крымінальна-працэсуальнага закона; няправільнае прымяненне крымінальнага закона; неадпаведнасць назначанага судом пакарання цяжкасці злачынства і асобе абвінавачванага).
 
Пры гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае важнае значэнне скаргі, якая падаецца ў наглядным парадку, як гарантыі абароны правоў і інтарэсаў асуджаных і як сродку выпраўлення судовых памылак.
 
Вывучыўшы прававыя нормы ў частцы ўстанаўлення дзяржаўнай пошліны пры падачы скарг у парадку нагляду і вызвалення ад яе ва ўстаноўленых выпадках, Канстытуцыйны Суд лічыць, што заканадаўства ў гэтай частцы не супярэчыць Канстытуцыі і не перашкаджае рэалізацыі права асуджаных на судовую абарону.
 
Згодна з артыкулам 5 Закона “Аб дзяржаўнай пошліне” права ўстанаўліваць дадатковыя льготы па выплаце дзяржаўнай пошліны прадастаўлена Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго,такое права прадастаўлена абласным і Мінскаму гарадскому Саветам дэпутатаў або па іх даручэнню выканаўчым і распарадчым органам (па выплаце дзяржаўнай пошліны, якая залічваецца ў мясцовы бюджэт) для асобных плацельшчыкаў або груп плацельшчыкаў, а раённым і гарадскім Саветам дэпутатаў або па іх даручэнню выканаўчым і распарадчым органам – для асобных плацельшчыкаў. У адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 5 указанага Закона правам на ўстанаўленне дадатковых ільгот у частцы выплаты дзяржаўнай пошліны па судовых справах для асобных грамадзян, зыходзячы з іх маёмаснага становішча, валодаюць і суды (суддзі).
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, узнятыя ў зваротах асуджаных пытанні ў большай меры адносяцца да праблемы іх практычнага вырашэння.
 
Як паказала вывучэнне практыкі, асуджаныя, якія не маюць сродкаў для аплаты дзяржаўнай пошліны пры прынясенні імі скарг у парадку нагляду, звяртаюцца ў адпаведныя органы па месцы адбывання пакарання з просьбамі аб вызваленні іх ад выплаты такой пошліны. Па звестках, якія ёсць у Канстытуцыйным Судзе, большасць пададзеных заяў задавальняюцца. Акрамя таго, у папраўчых установах функцыяніруе сістэма аказання матэрыяльнай дапамогі праз існуючыя ў іх грамадскія фонды, якія пры наяўнасці адпаведных падстаў і грашовых сродкаў таксама аказваюць дапамогу асуджаным, у тым ліку і для выплаты імі дзяржаўнай пошліны. Таму асобы, якім па аб’ектыўных прычынах не прадастаўлена аплачваемая работа, ці асобы пенсіённага ўзросту, якія маюць інваліднасць або пакутуюць ад рознага роду хвароб, маюць права звяртацца ў органы, упаўнаважаныя на вырашэнне пытанняў аб вызваленні іх ад выплаты дзяржаўнай пошліны за падачу скаргі.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд 
 
ВЫPАШЫЎ:
 
1. Адзначыць, што Закон Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 1992 г. “Аб дзяржаўнай пошліне” і пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 2003 г. № 402 “Аб стаўках дзяржаўнай пошліны і прадастаўленні дадатковых ільгот па яе выплаце” ў частцы ўстанаўлення дзяржаўнай пошліны за падачу скаргі ў парадку нагляду і замацавання права асуджаных на зварот у адпаведныя органы па пытанню аб вызваленні ад яе выплаты не супярэчаць Канстытуцыі і не перашкаджаюць рэалізацыі права асуджаных прыносіць скаргі аб пераглядзе ўступіўшых у законную сілу прыгавораў.
 
2. Лічыць, што справядлівае вырашэнне і ў далейшым кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі заяў асуджаных аб вызваленні іх ад выплаты дзяржаўнай пошліны за падачу першых і паўторных скарг у парадку нагляду, з улікам аб’ектыўных прычын іх матэрыяльнай неплацежаздольнасці (непрыцягненне іх да аплачваемай работы, пенсіённы ўзрост, інваліднасць і хваробы), будзе садзейнічаць больш поўнаму забеспячэнню права асуджаных на зварот са скаргамі аб пераглядзе вынесеных у адносінах да іх прыгавораў.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                      Р.А. Васілевіч