Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
16 снежня 2003 г. № Р-166/2003
Аб канстытуцыйнасці падпункта 2.1 пункта 2 Палажэння аб зборы за паслугі на тэрыторыі горада Магілёва на 2003 год, зацверджанага рашэннем Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 24 снежня 2002 г. № 23-2 “Аб бюджэце горада Магілёва на 2003 год”, у частцы абкладання мясцовым зборам паслуг па ахове кватэр і ўстаноўцы ахоўнай сігналізацыі
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Сарківавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот аб правамернасці абкладання мясцовым зборам за паслугі, уведзеным на 2003 год Магілёўскім гарадскім Саветам дэпутатаў, паслуг падраздзяленняў аб’яднання “Ахова” па ахове кватэр і ўстаноўцы ахоўнай сігналізацыі.
 
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законаў Рэспублікі Беларусь “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2003 год”, “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь”, “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” і іншых нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
У адпаведнасці з падпунктам 1.3 пункта 1 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2003 год” (далей – Закон) абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў, Саветы дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню ўводзяць на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак зборы за паслугі (збор за паслугі гасцініц, кемпінгаў, матэляў, рэстаранаў, бараў, кафэ і іншых аб’ектаў сэрвісу). Указаныя Саветы дэпутатаў на падставе пункта 2 дадзенага артыкула самастойна вызначаюць базу і аб’екты падаткаабкладання, канкрэтныя размеры ставак, плацельшчыкаў, ільготы, парадак вылічэння і тэрміны выплаты мясцовых падаткаў і збораў у адпаведнасці з Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
 
Рашэннем Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 24 снежня 2002 г. № 23-2 “Аб бюджэце горада Магілёва на 2003 год” з 1 студзеня 2003 г. на тэрыторыі горада Магілёва ўведзены мясцовы збор за паслугі (падпункт 7.2 пункта 7) і зацверджана Палажэнне аб зборы за паслугі на тэрыторыі горада Магілёва на 2003 год (далей – Палажэнне).
 
У пункце 2 Палажэння ўказана, што зборам за паслугі абкладаюцца паслугі, якія аказваюцца суб’ектамі гаспадарання па ахове кватэр і ўстаноўцы ахоўнай сігналізацыі. Аб’ектам абкладання зборам за паслугі з’яўляецца выручка ад рэалізацыі паслуг, пад якой разумеецца кошт рэалізуемай паслугі, вылічаны зыходзячы з дзеючых цэн (тарыфаў) з улікам збору за паслугі.
 
Прызнаючы права Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў на ўвядзенне мясцовага збору за паслугі як заснаванае на палажэннях артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2003 год”, Канстытуцыйны Суд разам з тым адзначае наступнае.
 
Прадаставіўшы абласным, Мінскаму гарадскому Саветам дэпутатаў, Саветам дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню права ўводзіць мясцовыя зборы за паслугі, заканадавец адначасова ўстанавіў, што дадзеным зборам могуць абкладацца паслугі гасцініц, кемпінгаў, матэляў, рэстаранаў, бараў, кафэ і іншых аб’ектаў сэрвісу (падпункт 1.3 пункта 1 артыкула 10 Закона). Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што заканадаўцам не прадугледжаны вычарпальны пералік аб’ектаў сэрвісу і не вызначаны крытэрыі аднясення паслуг да паслуг аб’ектаў сэрвісу.
 
Ахоўная дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь рэгулюецца Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 снежня 1998 г. № 24 “Аб мерах па ўдасканальванню ахоўнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь” (далей – Дэкрэт) са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі дэкрэтамі ад 31 жніўня 1999 г. № 34 і ад 30 жніўня 2002 г. № 22.
 
Пад ахоўнай дзейнасцю ў Дэкрэце разумеецца ахова ад проціпраўных замахаў фізічных асоб, аб’ектаў (маёмасці) юрыдычных і фізічных асоб, у тым ліку грузаў, якія перамяшчаюцца транспартам, а таксама праектаванне, мантаж, наладка, тэхнічнае абслугоўванне сродкаў і сістэм аховы.
 
У адпаведнасці з пунктам 1 Дэкрэта ахоўная дзейнасць ажыццяўляецца толькі пералічанымі ў ім арганізацыямі. Да іх адносяцца: аб’яднанне “Ахова” пры Міністэрстве ўнутраных спраў (далей – аб’яднанне “Ахова”), Служба бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства абароны, Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Дзяржаўны камітэт пагранічных войск, якія маюць права ажыццяўляць ахову фізічных асоб, аб’ектаў (маёмасці) юрыдычных і фізічных асоб ад проціпраўных замахаў; іншыя дзяржаўныя органы, прадпрыемствы, установы, арганізацыі незалежна ад формы ўласнасці, якія ажыццяўляюць ахову сваіх штатных работнікаў і аб’ектаў (маёмасці), што належаць гэтым органам, прадпрыемствам, установам, арганізацыям, на падставе спецыяльных дазволаў (ліцэнзій).
 
Паўнамоцтвы аб’яднання “Ахова”, звязаныя з ажыццяўленнем ахоўнай дзейнасці, вызначаны ў пункце 3 Дэкрэта, згодна з якім аб’яднанне “Ахова”: распрацоўвае і ажыццяўляе меры, накіраваныя на рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў галіне ахоўнай дзейнасці; ажыццяўляе ахову грамадскага парадку і прымае меры па барацьбе са злачыннасцю на ахоўваемых аб’ектах, у зонах пастоў і маршрутаў патрулявання; забяспечвае выкананне тэхнічных патрабаванняў у галіне праектавання і вытворчасці сродкаў і сістэм ахоўнай сігналізацыі, ажыццяўляе кантроль за іх укараненнем і эксплуатацыяй; ажыццяўляе кантроль за забеспячэннем аховы аб’ектаў органаў, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый (за выключэннем аб’ектаў, якія знаходзяцца пад аховай Службы бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства абароны, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, і іншых аб’ектаў, для якіх устаноўлены спецыяльны рэжым аховы); ажыццяўляе на дагаворнай аснове (а ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, і за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў) ахоўную дзейнасць і ахову грамадскага парадку; праводзіць сертыфікацыю сродкаў і сістэм аховы; выдае спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі) органам, прадпрыемствам, установам, арганізацыям на ахову сваіх штатных работнікаў і аб’ектаў (маёмасці), якія належаць гэтым органам, прадпрыемствам, установам, арганізацыям, а таксама на праектаванне, мантаж, наладку і тэхнічнае абслугоўванне сродкаў і сістэм аховы (за выключэннем сродкаў індывідуальнага карыстання); заключае з органамі, прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі, якім выдадзены спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі), дагаворы аб умовах і правілах ажыццяўлення адпаведнай ахоўнай дзейнасці; ажыццяўляе кантроль за ахоўнай дзейнасцю, якая праводзіцца на падставе спецыяльных дазволаў (ліцэнзій); прымае ў межах сваёй кампетэнцыі рашэнні, абавязковыя для выканання органамі, прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што з аналізу зместу паўнамоцтваў аб’яднання “Ахова” не вынікае адназначны вывад аб тым, што дадзеныя віды дзейнасці адносяцца да паслуг, якія ажыццяўляюцца іншымі, як указана ў Законе, “аб’ектамі сэрвісу”, разам з паслугамі гасцініц, кемпінгаў, матэляў, рэстаранаў, бараў, кафэ, пералічаных у падпункце 1.3 пункта 1 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2003 год”.
 
З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што канкрэтны пералік аб’ектаў сэрвісу (паслуг сэрвісу), якія могуць абкладацца мясцовым зборам за паслугі, павінен быць вызначаны на заканадаўчым узроўні. Такі падыход да рэгулявання пытанняў мясцовага падаткаабкладання ў поўнай меры будзе адпавядаць палажэнням артыкула 121 Канстытуцыі, згодна з якім да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў адносіцца ўстанаўленне мясцовых падаткаў і збораў у адпаведнасці з законам.
 
Кіруючыся часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць, што Магілёўскі гарадскі Савет дэпутатаў у адпаведнасці з падпунктам 1.3 пункта 1 артыкула 10 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2003 год” мае права ўводзіць мясцовы збор за паслугі. Аднак аб’яднанне “Ахова” пры Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь было аднесена Магілёўскім гарадскім Саветам дэпутатаў да “аб’ектаў сэрвісу” без дастатковых прававых падстаў і без уліку характару дзейнасці дадзенага аб’яднання.
 
2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь у мэтах правядзення адзінай падатковай палітыкі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і ўстаранення неабгрунтаванай практыкі ўвядзення мясцовымі Саветамі дэпутатаў збораў за паслугі вызначыць у законе крытэрыі аднясення арганізацый (відаў дзейнасці) па аказанню паслуг да аб’ектаў сэрвісу.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                         Р.А. Васілевіч