Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
30 студзеня 2004 г. № З-168/2004
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пункта 3 артыкула 760 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Вараб'я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В.,
Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.
 
з удзелам прадстаўнікоў:
 
Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – Архіпава А.М., старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўству і судова-прававых пытаннях; Марозава Ю.А., члена Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі; Чупракова А.У., саветніка-кансультанта аддзела грамадзянскага заканадаўства Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
 
Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – Бурага У.В., начальніка ўпраўлення грамадзянскага, сацыяльнага і гаспадарчага заканадаўства Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
 
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пункта 3 артыкула 760 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь”.
 
У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:
 
Вышкевіч В.М. – намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Камянкоў В.С. – Старшыня Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь; Iваноўскі А.У. – намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь; Міцкевіч В.В. – намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
 
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 16 снежня 2003 г. па прапанове Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5 і 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкула 43 Рэгламента Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.
 
Праверцы падлягаў пункт 3 артыкула 760 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 7–9, ст. 101), якім прадугледжана, што замежная валюта і валютныя каштоўнасці могуць быць прадметам дагавора пазыкі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з выкананнем правіл артыкулаў 141, 142 і 298 гэтага Кодэкса.
 
У прапанове аб праверцы канстытуцыйнасці пункта 3 артыкула 760 Грамадзянскага кодэкса (у далейшым – ГК) Палата прадстаўнікоў указала, што разуменне гэтай нормы ў правапрымяняльнай практыцы сведчыць аб няпэўнасці і няяснасці змешчаных у ёй прававых прадпісанняў і трактуецца як забарона выкарыстання замежнай валюты пры заключэнні дагавораў пазыкі паміж грамадзянамі пры адсутнасці спецыяльнага заканадаўчага рэгулявання выпадкаў, парадку і ўмоў такога выкарыстання. У прапанове таксама адзначана, што хаця да прыняцця і ўступлення ў сілу Закона “Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі” (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 85, 2/978) выкарыстанне замежнай валюты пры заключэнні фізічнымі асобамі дагавораў пазыкі ўрэгулявана не было, гэта не сведчыць аб забароне з боку дзяржавы на ажыццяўленне дзеянняў, якія дапускаюцца ГК. У сувязі з гэтым Палата прадстаўнікоў лічыць, што пункт 3 артыкула 760 ГК у сэнсе, які надаецца яму практыкай прымянення, супярэчыць патрабаванням Канстытуцыі.
 
Акрамя таго, Палата прадстаўнікоў указала, што значная колькасць спраў, звязаных з дагаворамі пазыкі, заключанымі да ўступлення ў сілу артыкула 11 Закона “Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі”, яшчэ не разгледжана. У сувязі з гэтым у прапанове адзначаецца, што паколькі частцы трэцяй артыкула 11 дадзенага Закона, якая дазваляе выкарыстанне замежнай валюты ў дагаворах пазыкі, заканадавец не надаў зваротнай сілы, то пры разглядзе ўказаных спраў будзе прымяняцца пункт 3 артыкула 760 ГК, нявызначанасць якога прывядзе да далейшага парушэння канстытуцыйных правоў грамадзян.
 
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Шукліна В.З., паведамленні прадстаўнікоў бакоў, спецыяліста, прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, Грамадзянскага і Банкаўскага кодэксаў, Закона “Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі” і іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, вывучыўшы матэрыялы справы і судовую практыку, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
У адпаведнасці з Канстытуцыяй забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы. Дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (артыкул 21). Дзяржава гарантуе ўсім роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці (артыкул 13), права ўласніка валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасцю як аднаасобна, так і сумесна з іншымі асобамі; уласнасць, набытая законным шляхам, абараняецца дзяржавай (артыкул 44); на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праводзіцца адзіная бюджэтна-фінансавая, падатковая, грашова-крэдытная, валютная палітыка (артыкул 132).
 
Замацаваны ў Асноўным Законе канстытуцыйны прынцып свабоды эканамічнай дзейнасці, не забароненай законам, знайшоў адлюстраванне ў грамадзянскім і валютным заканадаўстве. Згодна з артыкулам 2 ГК грамадзяне свабодны ў заключэнні дагавораў; умяшанне ў прыватныя справы не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў, калі такое ўмяшанне ажыццяўляецца на падставе прававых норм у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб; удзельнікі грамадзянскіх прававых адносін набываюць і ажыццяўляюць свае грамадзянскія правы сваёй воляй і ў сваіх інтарэсах, свабодны ва ўстанаўленні сваіх правоў і абавязкаў на аснове дагавору і ў вызначэнні любых умоў дагавору, якія не супярэчаць заканадаўству.
 
Канстытуцыйны Суд у той жа час прызнае, што выкарыстанне замежнай валюты і валютных каштоўнасцей з’яўляецца выключэннем з агульнага правіла грамадзянскага абароту, у якім выкарыстоўваецца законны плацежны сродак – беларускі рубель. Гэта выклікана тым, што валютныя праваадносіны, з’яўляючыся складанай часткай агульнаэканамічнай, у тым ліку грашова-крэдытнай, палітыкі дзяржавы, накіраваны на ўмацаванне фінансавага становішча Рэспублікі Беларусь, на забеспячэнне прагназуемай дынамікі абменнага курсу беларускага рубля, што стварае неабходныя арыенціры для развіцця ўсіх сектараў эканомікі. Валютнае рэгуляванне, у працэсе якога ўстанаўліваюцца выпадкі, парадак і ўмовы правядзення валютных аперацый, з’яўляецца адной з прадпасылак для макраэканамічнай і фінансавай стабілізацыі як фактара эканамічнага росту і павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва.
 
У артыкуле 760 ГК вызначаны парадак заключэння і ўмовы дагавору пазыкі. Па гэтаму дагавору адзін бок (пазыкадаўца) перадае ва ўласнасць другому боку (пазычальніку) грошы або іншыя рэчы, вызначаныя родавымі прыметамі, а пазычальнік абавязваецца вярнуць пазыкадаўцу такую ж суму грошай (суму пазыкі) або роўную колькасць іншых атрыманых ім рэчаў таго ж роду і якасці (пункт 1); дагавор пазыкі лічыцца заключаным з моманту перадачы грошай або іншых рэчаў (пункт 2); замежная валюта і валютныя каштоўнасці могуць быць прадметам дагавору пазыкі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з выкананнем правіл артыкулаў 141, 142 і 298 ГК (пункт 3).
 
Парадак і ўмовы выкарыстання грошай (валюты) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прадугледжаны ў артыкуле 141 ГК. У ім устаноўлена, што беларускі рубель з’яўляецца законным плацежным сродкам, абавязковым да прыёму па намінальнай вартасці на тэрыторыі краіны, і што выпадкі, парадак і ўмовы выкарыстання замежнай валюты на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вызначаюцца заканадаўствам.
 
Згодна з артыкулам 142 ГК віды маёмасці, якая прызнаецца валютнымі каштоўнасцямі, і парадак ўчынення здзелак з імі вызначаюцца заканадаўствам. Права ўласнасці на валютныя каштоўнасці абараняецца ў Рэспубліцы Беларусь на агульных падставах.
 
У артыкуле 298 ГК прадугледжана магчымасць аплаты грашовага абавязацельства ў беларускіх рублях у суме, эквівалентнай пэўнай суме ў замежнай валюце або ва ўмоўных грашовых адзінках; выкарыстанне замежнай валюты і плацежных дакументаў у замежнай валюце пры ажыццяўленні разлікаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь па абавязацельствах дапускаецца ў выпадках, парадку і на ўмовах, вызначаных заканадаўствам.
 
Палажэнні, аналагічныя ўказаным нормам грамадзянскага заканадаўства, змяшчаюцца ў артыкуле 11 Банкаўскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2000 г., № 106, 2/219).
 
У падпункце 2.1 пункта 2 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 лютага 1997 г. № 1 “Аб мерах па забеспячэнню парадку пры ажыццяўленні валютных аперацый” (Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь, 1997 г., № 4, ст. 132) са змяненнямі і дапаўненнямі ўстаноўлена забарона на ажыццяўленне валютных аперацый (скупка, продаж, абмен замежнай валюты, у тым ліку на беларускія рублі і іншую маёмасць) або іншае выкарыстанне замежнай валюты без адпаведнага дазволу (ліцэнзіі). Ва ўказаным Дэкрэце прадугледжаны адміністрацыйныя адказнасць асоб за ўчыненне валютных аперацый без адпаведных дазволаў (ліцэнзій), канфіскацыя і абарачэнне ў даход дзяржавы замежнай валюты і іншых грашовых сродкаў, якія знаходзіліся ў вінаватых асоб.
 
Згодна з падпунктам 2.2.2 пункта 2 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лютага 2000 г. № 87 “Аб удасканальванні сістэмы валютнага рэгулявання і валютнага кантролю ў Рэспубліцы Беларусь” (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2000 г., № 23, 1/1043) з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі (страціў сілу ў сувязі з прыняццем Закона “Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі”) на Нацыянальны банк былі ўскладзены абавязкі па вызначэнню правіл выдачы спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) на ажыццяўленне валютных аперацый і па выдачы такіх дазволаў (ліцэнзій).
 
У адпаведнасці з артыкулам 16 Закона “Аб Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь” (Ведамасці Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, 1990 г., № 2, ст. 16) да асноўнай функцыі Нацыянальнага банка было аднесена валютнае рэгуляванне (страціў сілу ў сувязі з прыняццем Банкаўскага кодэкса).
 
Пунктам 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лютага 2000 г. № 87 у якасці органаў валютнага рэгулявання і валютнага кантролю былі вызначаны Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны банк. Прадугледжвалася таксама, што Нацыянальны банк вызначае сферу і парадак абарачэння ў Рэспубліцы Беларусь замежнай валюты і плацежных дакументаў у замежнай валюце (пункт 2).
 
Нормы, якія ўскладаюць на Нацыянальны банк рэгуляванне абарачэння валютных каштоўнасцей на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у цяперашні час змяшчаюцца і ў артыкуле 33 Банкаўскага кодэкса.
 
Такім чынам, функцыя рэгулявання абарачэння замежнай валюты і валютных каштоўнасцей на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь заканадаўствам ускладзена на Нацыянальны банк.
 
У мэтах вызначэння выпадкаў, парадку і ўмоў правядзення валютных аперацый, у тым ліку дагавораў пазыкі замежнай валюты, якія заключаюцца фізічнымі асобамі – рэзідэнтамі, Нацыянальным банкам былі прыняты адпаведныя нарматыўныя прававыя акты. Пад рэзідэнтамі разумеюцца грамадзяне (фізічныя асобы) Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне (фізічныя асобы) і асобы без грамадзянства (фізічныя асобы), якія маюць від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь (ці дакумент, што яго замяняе), выдадзены кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь (пункт 1.5 Палажэння аб парадку правядзення валютных аперацый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ад 1 жніўня 1996 г. № 768, зацверджанага Праўленнем Нацыянальнага банка (Бюллетень нормативно-правовой информации. 1996. № 11), з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі (далей – Палажэнне ад 1 жніўня 1996 г. № 768).
 
Згодна з пунктам 9.1 раздзела 9 Палажэння ад 1 жніўня 1996 г. № 768 грамадзяне – рэзідэнты і нерэзідэнты могуць мець ва ўласнасці валютныя каштоўнасці, увезеныя, пераведзеныя або перасланыя ў Рэспубліку Беларусь з-за мяжы, атрыманыя або набытыя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, захоўваць іх на рахунках або ва ўкладах ва ўпаўнаважаных банках і выкарыстоўваць на мэты, не забароненыя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым у пункце 9.11 раздзела 9 указанага Палажэння забарона на прадастаўленне грамадзянамі – рэзідэнтамі пазык замежнай валюты ўстаноўлена толькі ў адносінах да юрыдычных асоб – рэзідэнтаў.
 
У такой сітуацыі зацікаўленыя ў заключэнні дагавораў пазыкі замежнай валюты фізічныя асобы – рэзідэнты рабілі вывад аб наяўнасці ў іх права на ўчыненне такіх здзелак. Дакладнага вызначэння выпадкаў, парадку і ўмоў выкарыстання замежнай валюты пры заключэнні дагавораў пазыкі паміж фізічнымі асобамі – рэзідэнтамі не было зроблена і ў іншых нарматыўных прававых актах Нацыянальнага банка.
 
У той жа час пазіцыя Нацыянальнага банка, як вынікае з адказу, які паступіў на запыт Канстытуцыйнага Суда, заключалася ў тым, што такія здзелкі не былі дазволены.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць пункт 3 артыкула 760 ГК, у якім заканадавец устанавіў, што замежная валюта і валютныя каштоўнасці могуць быць прадметам дагавору пазыкі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з выкананнем правіл артыкулаў 141, 142 і 298 указанага Кодэкса, адпавядаючым Канстытуцыі. Аднак, як вынікае з вышэйвыкладзенага, нормы іншых нарматыўных прававых актаў, што рэгулююць адносіны ў дадзенай галіне да ўступлення ў сілу Закона “Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі”, з’яўляліся недасканалымі, супярэчлівымі, няпэўнымі і давалі падставы для неадназначнага іх разумення і прымянення на практыцы.
 
Гэта прывяло да шматлікіх выпадкаў заключэння дагавораў пазыкі замежнай валюты паміж фізічнымі асобамі – рэзідэнтамі, якія меркавалі, што такія дагаворы дазволены заканадаўствам і таму ў выпадку невяртання замежнай валюты звярталіся ў суд за абаронай парушаных, на іх думку, правоў. Канстытуцыйны Суд адзначае, што і да моманту разгляду гэтай справы шэраг дзяржаўных органаў (Савет Міністраў, Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Міністэрства эканомікі, Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства ўнутраных спраў і інш.), а таксама некаторыя навуковыя арганізацыі і вышэйшыя навучальныя ўстановы прызнаюць правамернасць раней заключаных дагавораў пазыкі.
 
Да такіх вывадаў асобныя дзяржаўныя органы таксама прыходзілі, аналізуючы падыходы Нацыянальнага банка і ў іншых актах валютнага рэгулявання, якія датычацца праваадносін з удзелам іншых катэгорый фізічных асоб. Напрыклад, у адказе Міністэрства ўнутраных спраў, накіраваным у адрас Канстытуцыйнага Суда, звернута ўвага на тое, што ў Правілах правядзення валютных аперацый, звязаных з рухам капіталу, зацверджаных пастановай Праўлення Нацыянальнага банка ад 28 красавіка 2001 г. № 100, прадугледжана, што Нацыянальны банк дазваляе фізічным асобам пры ўмове выканання імі патрабаванняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь ажыццяўленне такіх валютных аперацый, звязаных з рухам капіталу, без афармлення ў Нацыянальным банку асобнага дазволу на правядзенне пэўнага віда валютнай аперацыі, звязанай з рухам капіталу, як атрыманне крэдытаў, пазык на тэрмін больш чым 180 дзён (пункт 22).
 
Грамадзянам тым больш было складана разабрацца ў правамернасці або неправамернасці сваіх дзеянняў пры заключэнні дагавораў пазыкі замежнай валюты.
 
Аналіз судовай практыкі па справах гэтай катэгорыі паказаў, што яна таксама з’яўлялася супярэчлівай. У адных выпадках суды спаганялі грашовыя сумы ў беларускіх рублях на карысць істца, хаця ў судовым пасяджэнні бакі не адмаўлялі факта заключэння пазыкі замежнай валюты, у іншых выпадках здзелкі прызнаваліся нікчэмнымі, а замежная валюта як прадмет здзелкі спаганялася ў даход дзяржавы. У шэрагу выпадкаў вядзенне па справе спынялася ў сувязі з адмовай істца ад сваіх патрабаванняў ці іск пакідаўся без разгляду з прычыны паўторнай няяўкі асобы, па іску якой ўзбуджана грамадзянскае судаводства.
 
Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь як орган, што накіроўваў судовую практыку, у 2001 годзе пры захаванні дзеяння тых жа норм заканадаўства, на падставе якіх раней выносіліся рашэнні на карысць пазыкадаўцаў, змяніў яе насуперак інтарэсам удзельнікаў дагавораў пазыкі замежнай валюты, якія разлічвалі на абарону іх правоў з боку дзяржавы, і стаў арыентаваць суды на спагнанне замежнай валюты ў даход дзяржавы, хаця з улікам неадназначнага прававога рэгулявання меліся ўсе падставы для вырашэння спрэчак на карысць грамадзян. У такой сітуацыі, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, яму неабходна было інфармаваць адпаведныя органы аб неабходнасці ўдасканальвання актаў заканадаўства ў мэтах дасягнення іх аднастайнага разумення, а таксама выканаць патрабаванні артыкула 112 Канстытуцыі па выкарастанню магчымасцей Канстытуцыйнага Суда для справядлівага вырашэння ўзнікаючых прававых спрэчак.
 
Канстытуцыя вызначае, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (артыкул 2).
 
У адпаведнасці з пунктам 14 Канцэпцыі ўдасканальвання заканадаўства Рэспублікі Беларусь, адобранай Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 красавіка 2002 г. № 205 (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 46, 1/3636), забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантый іх рэалізацыі з’яўляецца асноўным вектарам развіцця заканадаўства. Да напрамкаў яго развіцця адносіцца таксама забеспячэнне балансу індывідуальных, грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў.
 
У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу дзяржаўных органаў на неабходнасць прыняцця такіх нарматыўных прававых актаў, якія б базіраваліся на прынцыпах прававой дзяржавы, былі ўнутрана ўзгодненымі і лагічна пабудаванымі, а змешчаныя ў іх нормы, што датычацца правоў і свабод грамадзян, былі даступнымі для разумення іх усімі слаямі насельніцтва. Пры гэтым неабходна ўзмацніць работу па растлумачэнню дзеючага заканадаўства сярод грамадзян. На гэта Канстытуцыйны Суд неаднаразова звяртаў увагу дзяржаўных органаў і службовых асоб у сваіх рашэннях і штогадовых пасланнях аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што толькі ў Законе “Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі”, які ўступіў у сілу 5 лістапада 2003 г., прадугледжана забарона на выкарыстанне замежнай валюты, каштоўных папер у замежнай валюце і (або) плацежных дакументаў у замежнай валюце пры правядзенні валютных аперацый паміж рэзідэнтамі, за выключэннем выпадкаў, устаноўленых указаным Законам і іншымі актамі валютнага заканадаўства. У адносінах паміж фізічнымі асобамі — рэзідэнтамі, якія не выступаюць пры правядзенні валютных аперацый у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, Закон дазваляе выкарыстанне замежнай валюты, каштоўных папер у замежнай валюце і плацежных дакументаў у замежнай валюце ў выпадках: дарэння (у тым ліку ў выглядзе ахвяраванняў), а таксама адмены дарэння; прадастаўлення пазык, вяртання пазык і працэнтаў за карыстанне імі; перадачы на захоўванне і іх вяртання.
 
У частцы пастаўленага Палатай прадстаўнікоў пытання аб магчымасці надання зваротнай сілы Закону “Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі” ў прымяненні да праваадносін, якія ўзнікаюць з дагавораў пазыкі замежнай валюты паміж фізічнымі асобамі – рэзідэнтамі, Канстытуцыйны Суд адзначае наступнае.
 
Згодна з часткай шостай артыкула 104 Канстытуцыі закон не мае зваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян. Тым больш, у адпаведнасці з часткай першай артыкула 67 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2000 г.,№ 7, 2/136) нарматыўны прававы акт не мае зваротнай сілы, гэта значыць не распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі да ўступлення яго ў сілу, за выключэннем выпадкаў, калі ён не толькі змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян, але і іншым чынам паляпшае становішча гэтых асоб.
 
У сувязі з выкладзеным, а таксама з улікам супярэчлівасці, няпэўнасці норм, якія рэгулявалі праваадносіны па дагаворах пазыкі замежнай валюты паміж фізічнымі асобамі – рэзідэнтамі, Канстытуцыйны Суд лічыць, што да ўказаных дагавораў, заключаных у адпаведнасці з пунктам 3 артыкула 760 ГК да ўступлення ў сілу Закона “Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі”, павінны прымяняцца палажэнні артыкула 11 дадзенага Закона ў адносінах да спрэчак, якія знаходзяцца на разглядзе ў судах ці ўжо разгледжаны судамі, але рашэнні па якіх не выкананы ці выкананы часткова.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся часткамі першай, чацвёртай і сёмай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 9, 34, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць пункт 3 артыкула 760 Грамадзянскага кодэкса, у якім заканадавец устанавіў, што замежная валюта і валютныя каштоўнасці могуць быць прадметам дагавору пазыкі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з выкананнем правіл артыкулаў 141, 142 і 298 указанага Кодэкса, адпавядаючым Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
 
2. Адзначыць, што да ўступлення ў сілу Закона ад 22 ліпеня 2003 г. “Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі” палажэнні іншых нарматыўных прававых актаў, якія рэгулявалі адносіны ў дадзенай галіне, вылучаліся недасканаласцю, супярэчлівасцю, няпэўнасцю, што давала падставы для іх неадназначнага разумення і прымянення на практыцы. Гэта праявілася не толькі ў шматлікіх выпадках заключэння дагавораў пазыкі замежнай валюты паміж фізічнымі асобамі – рэзідэнтамі і наступных іх зваротах у суд за абаронай, як яны меркавалі, парушаных правоў, але і ў прызнанні правамернасці такіх дагавораў на момант разгляду справы ў Канстытуцыйным Судзе шэрагам дзяржаўных органаў (Саветам Міністраў, Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Міністэрствам эканомікі, Міністэрствам па падатках і зборах, Міністэрствам унутраных спраў і інш.), а таксама некаторымі навуковымі арганізацыямі і вышэйшымі навучальнымі установамі.
 
3. Адзначыць супярэчлівасць і непаслядоўнасць судовай практыкі па спрэчках паміж фізічнымі асобамі – рэзідэнтамі, якія вынікаюць з дагавораў пазыкі замежнай валюты.
 
У сувязі з гэтым звярнуць увагу Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь як органа, які накіроўваў судовую практыку і змяніў яе ў 2001 годзе пры захаванні дзеяння тых жа норм заканадаўства, на тое, што яе паварот быў ажыццёўлены насуперак інтарэсам удзельнікаў дагавору пазыкі замежнай валюты, якія разлічвалі на абарону іх інтарэсаў з боку дзяржавы, і ў сілу няпэўнасці зместу прававых норм, што мелі падставу на прыняцце з боку дзяржаўных органаў мер па справядліваму вырашэнню спрэчак. У такой сітуацыі для вынясення законных рашэнняў неабходна было выкарыстаць усе магчымасці, у тым ліку па ўдасканальванню актаў заканадаўства з мэтай забеспячэння іх дакладнага і аднастайнага разумення, ці выканаць патрабаванні часткі другой артыкула 112 Канстытуцыі для своечасовай праверкі Канстытуцыйным Судом норм прававых актаў, якія прымяняюцца пры вырашэнні ўказаных спрэчак, на адпаведнасць іх Асноўнаму Закону.
 
4. Прызнаць, што да праваадносін па дагаворах пазыкі замежнай валюты, заключаных фізічнымі асобамі – рэзідэнтамі ў адпаведнасці з пунктам 3 артыкула 760 Грамадзянскага кодэкса да ўвядзення ў дзеянне Закона ад 22 ліпеня 2003 г. “Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі”, спрэчкі аб якіх знаходзяцца на разглядзе ў судах ці разгледжаны судамі, але рашэнні па якіх не выкананы поўнасцю або часткова, павінны прымяняцца палажэнні артыкула 11 Закона “Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі”, што асноўваецца на частцы шостай артыкула 104 Канстытуцыі і частцы першай артыкула 67 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”, згодна з якімі нарматыўны прававы акт не мае зваротнай сілы, гэта значыць не распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі да яго ўступлення ў сілу, за выключэннем выпадкаў, калі ён не толькі змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян, але і іншым чынам паляпшае становішча гэтых асоб.
 
5. Нацыянальнаму банку Рэспублікі Беларусь прывесці свае акты ў адпаведнасць з Законам ад 22 ліпеня 2003 г. “Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі”, забяспечыўшы пры гэтым аднастайнае прававое рэгуляванне адносін і прымяненне дадзеных актаў, а таксама сумесна з іншымі дзяржаўнымі органамі прыняць меры па больш шырокаму растлумачэнню грамадзянам іх правоў і абавязкаў у дадзенай галіне праваадносін.
 
6. Апублікаваць гэта Заключэнне ў тэрмін, устаноўлены заканадаўствам, у газетах “Звязда” і “Народная газета”, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь і “Весніку Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.
 
7. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                         Р.А. Васілевіч